Вопыт выкарыстання творчых заданняў у працэсе стварэння сродкаў візуалізацыі, накіраваных на фарміраванне ў вучняў 10–11-х класаў інфармацыйнай кампетэнцыі на ўроках беларускай літаратуры

- 10:58Беларуская мова і літаратура. Майстар-клас, Методичка

Аксана ПАЛЯШЧУК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры, настаўнік-метадыст
ДУА “Сярэдняя школа № 9 г. Мазыра”,
Гомельская вобласць

 

 

 

 

 

 

Тэма: Мастацтва стаць унікальным: з вопыту выкарыстання творчых заданняў у працэсе стварэння сродкаў візуалізацыі, накіраваных на фарміраванне ў вучняў 10–11-х класаў інфармацыйнай кампетэнцыі на ўроках беларускай літаратуры.

Удзельнікі: настаўнікі беларускай мовы і літаратуры.

Мэта: мяркуецца, што напрыканцы майстар-класа яго ўдзельнікі будуць мець уяўленне аб сістэме работы па фарміраванні інфармацыйнай кампетэнцыі вучняў, ведаць і прымяняць варыянты сродкаў візуалізацыі, праектаваць творчыя вучэбныя модулі па тэме, аналізаваць сваю дзейнасць.

Задачы:

1) стварыць умовы для фарміравання матывацыйнай гатоўнасці ўдзельнікаў майстар-класа да азнаямлення з сістэмай работы па выкарыстанні творчых заданняў у працэсе стварэння сродкаў візуалізацыі на ўроках беларускай літаратуры;

2) пазнаёміць слухачоў з варыянтамі выкарыстоўвання творчых заданняў у працэсе стварэння сродкаў візуалізацыі ў адукацыйных мэтах на ўроках літаратуры;

3) арганізаваць дзейнасць груп у адпаведнасці з сістэмай работы настаўніка па развіцці інфармацыйнай кампетэнцыі вучняў;

4) садзейнічаць развіццю навыкаў аналізу педагагічнай дзейнасці;

5) спрыяць павышэнню прафесійнага ўзроўню ўдзельнікаў майстар-класа, усведамлення імі практычнай значнасці атрыманага вопыту.

Абсталяванне: дыдактычны матэрыял, ноўтбук з выхадам у інтэрнэт, прэзентацыя (па спасылцы: https://drive.google.com/file/d/1uQ2iZbx8C_pTsIBs41JctWBRrf2kH6zz/view?usp=sharing).

 

Ход майстар-класа

1 Арыенціровачна-матывацыйны этап

Задача: абудзіць жаданне размаўляць на беларускай мове, псіхалагічна настроіць удзельнікаў да сумеснай працы.

Прывітанне майстра, накіраванае на матывацыю ўдзельнікаў да размовы на беларускай мове і на сумесную дзейнасць. Майстар запрашае ўдзельнікаў у беларускамоўнае асяроддзе да сумеснай працы. Прапануе разгадаць рэбус у ілюстрацыях. Удзельнікі слухаюць, наладжваюцца на беларускамоўнае асяроддзе і сумесную працу, знаёмяцца, адно аднаму гавораць пажаданні. (Слайд 1–3).

 

2 Этап мэтавызначэння

Задача: стварыць умовы для вызначэння пажаданняў ад удзелу ў майстар-класе і самастойнага мэтавызначэння.

– Кожная сустрэча ў нашым жыцці незвычайная. Прапаную пазнаёміцца бліжэй. Вядома, што любая інфармацыя ўспрымаецца лепш зрокам, астатнія органы пачуцця іграюць толькі дадатковую ролю. Прапаную знаёмства пачаць менавіта з нагляднай візіткі. Перад вамі каляровыя алоўкі і чыстыя формы для выканання сваёй візіткі. Давайце разам запоўнім гэтыя формы інфармацыяй пра сябе: імя і невялікі лагатып-смайл, які сімвалізуе ваш настрой на нашай сустрэчы. Са зваротнага боку адным словазлучэннем прапаную абазначыць свае чаканні на вынік работы.

Кожны з удзельнікаў запісвае на візітцы сваё імя адным з колераў, на зваротным баку – свае чаканні і надзеі на вынік сустрэчы.

Удзельнікі дапісваюць выразы, выбарачна агучваюць іх, такім чынам вызначаюць асабістую мэту майстар-класа: Напрыканцы майстар-класа я даведаюся… Я змагу паведаміць… Я выберу…

Праз дзве хвіліны майстар прапануе ўдзельнікам аб’яднацца ў групы на аснове выбранага колеру, якім напісалі імя ў візітцы.

 

3 Этап актуалізацыі суб’ектнага вопыту ўдзельнікаў

Задача: правесці дыягностыку першаснага педагагічнага вопыту ўдзельнікаў майстар-класа, вызначыць праблемнае поле майстар-класа праз асабістыя погляды на арганізацыю адукацыйнага працэсу.

 

Майстар агучвае праблему. Прапануе настаўнікам прыём “Дыскусія”.

– Дэвіз нашай сустрэчы: “Кожнага вучня можна навучыць быць унікальным, калі ён будзе ўмець абгрунтавана аналізаваць патокі тэкставай і ілюстратыўнай інфармацыі, візуальна іх прадстаўляць і прадстаўляць праз творчыя прадукты”.

Паскарэнне тэмпаў сучаснага жыцця і звязанае з ім павелічэнне аб’ёму інфармацыйнага патоку спарадзіла праблему адбору і скарачэння інфармацыі, вылучэння галоўнага і фільтрацыі лішняга, аналізу і крытычнага асэнсавання інфармацыі. Выпрацоўка гэтых уменняў і навыкаў прадугледжвае развіццё вучнямі інфармацыйнай кампетэнцыі. (Слайд 4)

 

Майстар арганізуе дыскусію, задаючы пытанні:

– Якія асноўныя спосабы апрацоўкі інфармацыі вам вядомы?

– Якія з іх вы часцей за ўсё выкарыстоўваеце на ўроках? (Слайд 5)

Удзельнікі называюць асноўныя спосабы апрацоўкі інфармацыі на ўроках (канспект, тэзісны план, складанне схем, табліц. кластараў і г.д.)

 

– Інфармацыя ў СМІ, інтэрнэце падаецца маленькімі дозамі, фрагментамі. Так, сёння сфарміравалася новае пакаленне з так званым кліпавым мысленнем, г.зн. здольнасцю ўспрымаць свет праз кароткія і яркія вобразы. Гэтыя змены патрабуюць новых шляхоў арганізацыі адукацыйнага працэсу, якія б садзейнічалі развіццю ўмення вучняў работы з інфармацыяй. (Слайды 6–7)

Адзін са шляхоў, які знайшла я, – візуалізацыя.

Ці знаёмы вы з прыёмамі візуалізацыі, якія дапамагаюць эфектыўна апрацоўваць інфармацыю з розных крыніц і прадстаўляць яе ў структураваным выглядзе?

 

4 Інфармацыйна-дзейнасны этап

Задача: стварыць умовы для разумення ўдзельнікамі майстар-класа паняцця візуалізацыі інфармацыі, знаёмства з разнастайнымі творчымі заданнямі па стварэнні сродкаў візуалізацыі на ўроках беларускай літаратуры.

 

4.1 Знаёмства з паняццем візуалізацыя

– Чытаючы мастацкія творы, мы перажываем розныя пачуцці. Слова ўздзейнічае на чалавека, напаўняе яго радасцю ці смуткам, натхняе, прымушае хвалявацца, плакаць і смяяцца. А ці можна ўбачыць слова? (Паказ слайдаў – скрыншоты з кінастужак – экранізацый беларускіх твораў і побач з імі – воблакі слоў) (Слайды 8–12).

– Словы пераплятаюцца ў сказы і апавядаюць нам самыя цікавыя гісторыі. Акунуць дзяцей у свет слова праз факты, асацыяцыі, творчыя заданні, убачыць яго прыгажосць, моц, прыблізіць вобразы літаратурнага слова як мага бліжэй да кожнага вучня – у гэтым сутнасць візуалізацыі. І сёння мы пагрузімся з вамі ў гэты свет, разгледзім магчымасці пазнання літаратуры праз асабістыя зрок і пачуцці.

Інфармацыйная кампетэнцыя адносіцца да групы ключавых кампетэнцый школьнікаў, з’яўляецца адным з прыярытэтаў сярэдняй адукацыі і ўключае ў сябе навыкі дзейнасці ў адносінах да інфармацыі ў вучэбных прадметах і адукацыйных абласцях, а таксама ў акаляючым асяроддзі. (Слайд 13).

Развіццё асобы вучня пры вывучэнні літаратуры адбываецца ў двух асноўных напрамках: развіваюцца здольнасці агульныя і ўласна мастацкія.

Гэты працэс можа быць паспяховым пры ўмове творчай скіраванасці навучання і рэалізацыі спецыяльнай сістэмы аналітычных і творчых заданняў, якія рэальна выканаць менавіта з дапамогай інфармацыйных тэхналогій. Па даных псіхолагаў, больш за 80 % інфармацыі чалавек успрымае візуальна, а новая інфармацыя запамінаецца і засвойваецца ім лепш тады, калі і веды, і ўменні захоўваюцца ў візуальна-прасторавай памяці. (Слайд 14).

Такім чынам, прадстаўленне навучальнага матэрыялу ў структураваным выглядзе дазваляе вучням хутчэй і больш якасна засвойваць новыя сістэмы паняццяў, спосабы дзеянняў. А.А.Вярбіцкі разумее працэс візуалізацыі як “згортванне разумовых працэсаў у наглядны вобраз; будучы ўспрынятым, вобраз можа быць разгорнуты і служыць апорай адэкватных разумовых і практычных дзеянняў”. Гэта вызначэнне дазваляе развесці паняцці “візуальны”, “візуальныя сродкі” ад паняццяў “наглядны”, “наглядныя сродкі”. У педагагічным значэнні паняцце “наглядны” заўсёды заснавана на дэманстрацыі гатовага вобразу, а не таго, што нараджаецца і выносіцца з унутранага плана дзейнасці чалавека. Таму пад актыўнымі сродкамі візуалізацыі я разумею не проста наглядны ілюстрацыйны матэрыял, а сістэму перадачы візуальнай інфармацыі, якая дазваляе любому суб’екту ўзаемадзеяння здзяйсняць кіраванне інфармацыяй. (Слайд 15–16).

 

4.2 Дэманстрацыя творчых заданняў

Візуальныя сродкі пры вывучэнні аглядавых тэм

Пры вывучэнні аглядавых тэм, якія прысвячаюцца характарыстыцы літаратурнага перыяду і вылучаюцца вялікім аб’ёмам і складанасцю матэрыялу, я прапаную вучням стварыць візуальныя сродкі.

Зборнікі на розныя тэмы

Напрыклад, “Зборнік вершаў на ваенную тэму” – пры вывучэнні аглядавай тэмы “Развіццё беларускай літаратуры перыяду ВАВ”. У гэты зборнік вучні самастойна выбіраюць вершы ваеннага перыяду, дапаўняюць зборнік кароткімі фактамі пра падзеі ВАВ, фотаздымкамі, архіўнымі ўспамінамі, ілюстрацыямі. “Зборнік афарызмаў сучасных паэтаў”, “Зборнік сучаснай паэзіі на тэму кахання” – пры вывучэнні тэмы “Разнастайнасць тэматыкі сучаснай беларускай паэзіі”, “Зборнік вершаў філасофскай лірыкі П.Панчанкі “Парады маладому пакаленню”. Дапаўняюць зборнік кароткімі звесткамі пра пісьменнікаў, цікавымі фактамі з іх біяграфіі, фотаздымкамі. (Слайд 17)

Пачынаю прапаноўваць вучням аформіць зборнікі ўжо ў 5-м класе па тэме “Вусная народная творчасць”, куды ўваходзяць пацешкі, лічылкі, скорагаворкі, калыханкі, загадкі і г.д. Ужо ў 8-м класе вучні афармляюць зборнікі лірыкі, зборнікі вершаў пэўнага аўтара, на пэўную тэму. У старшых класах заданне ўскладняецца. Напрыклад, пры вывучэнні лірыкі Максіма Танка ў 10-м класе вучням неабходна скласці зборнік яго вершаў на тэму “У чым сэнс чалавечага жыцця, на думку паэта”. У зборнік могуць увайсці такія радкі: “Хочацца вучыцца мове сваёй роднай”, “Быць чалавекам я рад, быць ім хацеў бы заўсёды”. Пры вывучэнні лірыкі Пімена Панчанкі ў 11-м класе прапаную вучням скласці зборнік вершаў па тэме “Парады маладому пакаленню”. “Сябры, давайце хвалявацца за ўсіх і ўсё: за зерне і дзіця”, “Хворага наведайце ў палаце”, “Не хлусіце ні народу, ні сабе”, “На нягоды жыцця не жальцеся” і падобныя.

Прагляд відэа: https://drive.google.com/file/d/18KmHHuNZgijy5B9CtVa_5jH6oGaqbGhQ/view?usp=sharing

 

Прэзентацыі Power Point

Асабліва цікавымі маім вучням здаюцца прэзентацыі ў фармаце Pecha Kucha (печа-куча). Ва ўсім свеце гэты фармат набыў апошні час вялікую папулярнасць. Печа-куча – гэта прадстаўленне кароткіх дакладаў, спецыяльна абмежаваных па форме і працягласці. Яна была прыдумана ў Токіа і праводзіцца амаль у 700 гарадах свету. Адзінае абмежаванне фармату – 20 слайдаў па 20 секунд кожны. Такі фармат цікавы тым, што за кароткі прамежак часу дакладчык павінен паспець расказаць толькі самае галоўнае і цікавае, падмацаваўшы свой аповед самастойна падабранымі карцінкамі, і не згубіць увагу слухачоў. На ўроках літаратуры вучням прадставіць у падобным фармаце прэзентацыю я прапаную па наступных аглядавых тэмах: “Беларуская літаратура першай трэці ХХ стагоддзя на фоне гістарычных падзей”, “Знаёмства з літаратурнымі часопісамі і публікацыямі ў іх твораў сучасных аўтараў”, “Новая хваля ў беларускай сучаснай драматургіі”, “Гэту кнігу майго сучасніка я раю прачытаць кожнаму”, “20 самых яркіх падзей у літаратурным і культурным жыцці 20-х гадоў ХХ стагоддзя” і г.д. Падобныя прэзентацыі развіваюць вербальныя камунікатыўныя навыкі навучэнцаў, фарміруюць навыкі работы з інфармацыяй. (Слайд 18).

 

Відэаролікі

Перад вывучэннем твораў на пэўную тэму я прапаную вучням падабраць інфармацыю ў інтэрнэце, кіно і СМІ і зманціраваць самыя цікавыя факты ў відэа. (Слайд 20). “Экранізацыя твораў Васіля Быкава”, “Беларуская літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны”, “Чарнобыльская трагедыя” – пры вывучэнні ў 11-м класе на ўроку беларускай літаратуры сучаснай прозы, “Хатынь” – пры вывучэнні аповесці Алеся Адамовіча “Хатынская аповесць” і дакументальнай аповесці “Мы з вогненнай вёскі” і г. д.

Прагляд відэа “Хатынь”: https://drive.google.com/file/d/1gxI6ZvBpzW_EHGIbWXT-lMIrD-A27A0_/view?usp=sharing

Візуальныя сродкі пры вывучэнні біяграфіі пісьменнікаў

Відэарэфераты пра жыццё і творчасць пісьменніка

(Слайд 20). (Прагляд відэа “Іван Навуменка”: https://drive.google.com/file/d/1uKJvbjgTiCsa-qPf8p28h6byvsfCNli5/view?usp=sharing)

Усе відэаролікі змешчаны на маім уласным сайце “Крыніца” https://spaklik.wixsite.com/mysite/video, а таксама на сайце настаўнікаў-метадыстаў Гомельскай вобласці “Белы ветразь” https://clck.ru/iENqD

 

Візуалізаваны вобраз жыцця і творчасці пісьменнікаў

“На думку фізіёлагаў, знікненне цікавасці да чытання звязана і з цяжкасцямі або немагчымасцю візуалізаваць створаны аўтарам вобраз, што падсвядома дае адчуванне бессэнсоўнасці самога працэсу чытання. Акрамя таго, вучань і настаўнік могуць мець зусім рознае ўяўленне аб тых ці іншых вобразах, і ў гэтай розніцы, магчыма, будуць цалкам канкрэтныя фізіялагічныя прычыны”.[3]

На прыдуманым вобразе вучні адзначаюць месцы, звязаныя з жыццём і творчай дзейнасцю пісьменніка. Пазначаюцца гады, падзеі, цікавыя факты, фотаздымкі, ілюстрацыі. Падобнае заданне можна прапанаваць выканаць у выглядзе карты, кола, дрэва, кнігі, ростані жыцця пісьменніка, скрыні з загадкамі. Напрыклад, пры вывучэнні творчасці У.Караткевіча я задаю дамашняе заданне прынесці на наступны ўрок рэч, звязаную з пісьменнікам, і змяшчаю яе у імправізаванай скрыні. Вучні павінны адказаць, з якім жыццёвым ці творчым перыядам пісьменніка гэтыя рэчы звязаны. Гэта можа быць класны журнал – працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў сельскай школе ў 1954–1956  гадах; тэлевізар – у другой палове 1970-х гадоў пачаў працаваць на беларускім тэлебачанні, дзе вёў праграму “Спадчына”, прысвечаную гісторыі і культуры беларускай зямлі; партрэт Тараса Шаўчэнкі – у 1949–1954 гадах вучыўся на філалагічным факультэце Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Шаўчэнкі.

Вобразы-персанажы твораў таксама можна прадставіць візуалізавана. Напрыклад, пры вывучэнні рамана Івана Мележа “Людзі на балоце” адносіны Васіля і Ганны і прычыны іх расстання можна праілюстраваць у выглядзе багны, якая паступова засмактала іх каханне. Пры вывучэнні аповесці Васіля Быкава “Сотнікаў” прычыны падзення Рыбака і ўзыходжання Сотнікава можна паказаць праз лесвіцу з прыступкамі і г.д. Або прапаную заданне “Візуалізаваная загадка”. З экранізацыі мастацкага твора, напрыклад, “Восхождение”, паказваю стоп-кадры. Трэба суаднесці іх з тэкстам аповесці “Сотнікаў”, паразважаць над тым, якія эмоцыі герояў Быкава ўдалося перадаць акцёрам на экране. Выкарыстанне візуалізаваных вобразаў на ўроках беларускай літаратуры спрыяе павышэнню матывацыі да вывучэння прадмета, развівае наглядна-вобразнае мысленне вучняў. (Слайды 2427).

 

Кросэнс

Кросэнс уяўляе сабой асацыятыўны ланцуг, замкнёны ў поле з дзевяці квадратаў, у якіх змешчаны выявы. Кожны малюнак звязаны з папярэднім і наступным па сэнсе. Задача – растлумачыць кросэнс, склаўшы аповед па ўзаемазвязаных малюнках.

Алгарытм стварэння кросэнса:

1. Вызначыць тэматыку, агульную ідэю.
2. Вылучыць 8–9 элементаў, якія маюць дачыненне да тэмы.
3. Сканцэнтраваць сэнс у адным элеменце (цэнтр).
4. Вылучыць адметныя рысы кожнага элемента.
5. Падабраць малюнкі, якія ілюструюць элементы.
6. Замена прамых вобразаў сімвалічнымі.
7. Пабудаваць асацыятыўную сувязь паміж вобразамі.

Такі прыём дазваляе стварыць рознаўзроўневыя навучальныя задачы і дае магчымасць прасоўвацца ад аднаго ўзроўню да наступнага. Напрыклад, на першай прыступцы навучэнцы вызначаюць зададзеную тэму, на другой – вырашаюць кросэнс, знаходзячы асацыяцыі паміж суседнімі малюнкамі, на трэцяй ступені – знаходзяць не толькі суседнія асацыяцыі, але і крыжаваныя, на чацвёртай – вызначаюць асацыяцыю, якая аб’ядноўвае ўсе вобразы, на пятай – ствараюць свой кросэнс. Можна прыбраць элементы з кросэнса і прапанаваць навучэнцам самім вырашыць, што павінна быць у 5-м квадраце. Кросэнс можна выкарыстоўваць на любым этапе ўрока. (Слайды 2833).

 

Візуальныя сродкі пры вывучэнні лірычных твораў

Кліпы на вершаваныя творы

Вучні падбіраюць візуальны асацыятыўны рад да радкоў верша, што спрыяе лепшаму запамінанню паэтычных радкоў і павышэнню цікавасці да лірычных твораў. Гэта можа быць відэарад, які суправаджаецца аўдыязапісам верша, песняй (“Крэпасць над Бугам” https://drive.google.com/file/d/1xHX5jmzoS00i_5Zxb6hmqeCAjetb5sVO/view?usp=sharing). Можа быць відэаролік, дзе вучні самастойна чытаюць верш https://drive.google.com/file/d/18qOY9IfkyNLvu4RJJPsOfaA1Ribx8_U6/view?usp=sharing. Можа быць гатовы відэарад, які падыходзіць пад словы верша. (“Той дзень прапаў…” https://drive.google.com/file/d/175Khx2-vfaGVQYyDTNoYkeCVWx7NY1IA/view?usp=sharing; “Пахне чабор” Петруся Броўкі (мікс з песень на верш П.Броўкі) і г.д. (Слайды 3435).

 

Аформіць паштоўкі з прызнаннем у каханні (пры знаёмстве з інтымнай лірыкай)

Вучням неабходна адабраць з вершаў інтымнай лірыкі толькі радкі прызнання.

 

Аформіць адрыўны каляндар (пры знаёмстве з пейзажнай лірыкай)

Трэба падабраць да кожнага месяца верш пейзажнай лірыкі любога аўтара на свой густ.

 

Аформіць буклет на пэўную філасофскую тэму (пры знаёмстве з філасофскай лірыкай)

Тэмы: “У чым сэнс жыцця?”, “Прызначэнне чалавека на зямлі”, “Што такое шчасце?” і г.д.

 

Аформіць памятку ў выглядзе плаката ці калажа па тэме “Сучасныя праблемы грамадства” (пры знаёмстве з грамадзянскай лірыкай)

Для гэтага трэба падабраць радкі з вершаў грамадзянскай лірыкі розных аўтараў, якія б коратка раскрывалі гэтыя праблемы (праблемы экалогіі, ужывання роднай мовы ў сучасным грамадстве, праблема адыходу ад малой радзімы, наступстваў Чарнобыльскай трагедыі, нацыянальнай самасвядомасці і г.д.). Дапоўніць калаж карцінкамі, фотаздымкамі.

 

Візуальныя сродкі пры вывучэнні эпічных твораў

Калі размова ідзе пра эпічныя творы, важна выбраць шлях аналізу, характарыстыку персанажаў, асобныя эпізоды і акцэнтоўку ў іх інтэрпрэтацыі.

Стварэнне інтэлект-карт

Такі спосаб згортвання інфармацыі дазваляе найбольш наглядна адлюстраваць сэнсавыя, прычынна-следчыя, асацыятыўныя сувязі паміж паняццямі, падзеямі, ідэямі. Чалавечаму мозгу дастаткова цяжка засвойваць вялікую колькасць інфармацыі ў лінейным сімвальным выглядзе (тэксты, спісы, табліцы), а ўжо ўспрыняць увесь яе аб’ём адным поглядам у такім стане цалкам немагчыма. Таму інтэлект-карты тут апынуліся вельмі дарэчы. Іх асноўныя ўласцівасці: яны заснаваныя на асацыяцыях, задзейнічаюць іерархічнае мысленне, маюць прыцягальнае візуалізаванае аблічча: колер, малюнкі, значкі. Выкарыстанне карт памяці ў вывучэнні беларускай літаратуры дазваляе засвойваць новую інфармацыю інтэграваным, арганізаваным спосабам, таму ўспрыманне новых ведаў адбываецца лягчэй і ў большым аб’ёме. Вучань, працуючы з ментальнай картай, спасцігае рэальныя працэсы, ён пражывае канкрэтныя сітуацыі, пранікае ўглыб дадзенай інфармацыі і аналізуе яе. Такім чынам, пры працы над картамі ад навучэнцаў патрабуюцца навыкі пошуку, аналізу, а таксама ўмення параўноўваць і на аснове параўнання сінтэзаваць новыя дадзеныя.

Напрыклад, пры вывучэнні аповесці В.Быкава “Знак бяды” на інтэлектуальнай карце можна паказаць значэнне назвы твора, сувязь “сваіх” і “чужых” персанажаў, раскрыць тэму і асноўную думку аповесці. Пры вывучэнні тэмы “Сучасная беларуская проза” ў 11-м класе ў інтэлект-карце трэба паказаць, якія тэмы раскрыты аўтарамі і да кожнай з тэм прывесці адпаведныя прыклады мастацкіх твораў. (Тэма ВАВ, гістарычныя падзеі, чарнобыльская трагедыя, экалагічная праблема, жыццё і праблемы сучаснай вёскі і г.д.) Пры вывучэнні жыцця і творчасці Уладзіміра Караткевіча трэба паказаць на інтэлект-карце, што аўтар вядомы ўсяму свету і як празаік, і як публіцыст, паэт, драматург, сцэнарыст, перакладчык. (Слайды 3640).

 

Стварэнне воблака слоў

Воблака слоў або тэгаў – гэта візуальнае прадстаўленне спісу катэгорый або тэгаў, якія яшчэ называюць ярлыкамі, ключавымі словамі. На ўроках беларускай літаратуры воблакі слоў я выкарыстоўваю для стварэння яркіх прадуктаў (паштовак, інфармацыйна-рэкламных буклетаў, прэзентацый, віктарын, памятак); як візуалізацыю крытэрыяў ацэнкі падзей і ўчынкаў герояў у мастацкім творы; для акцэнтавання ўвагі на праблемах твора і г.д. Воблакі слоў я прапаную вучням складаць самастойна, карыстаючыся сэрвісамі Tagxedo.com, Tagul.com, Wordle.net. (Слайды 4142).

Гэта заданні тыпу “Адгадайце аўтара і назву твора” – у воблака ў гэтым выпадку могуць быць уключаны словы, якія называюць герояў твора, месца здарэння і любыя іншыя прыкметы, якія дазваляюць распазнаць тэкст; “Збярыце імёны герояў” – навучэнцам прапануецца самім скласці воблака, дзе будуць выкарыстаны імёны герояў некалькіх апошніх твораў. Або прапаную старшакласнікам па створаных мною воблаках слоў падрыхтаваць разгорнуты адказ на праблемнае пытанне, напісаць сачыненне-разважанне на пэўную тэму, даць характарыстыку героям мастацкага твора і г.д.

Апісанне гэтага вопыту можна знайсці ў часопісе “Беларуская мова і літаратура” № 9 за 2017 год. (Слайды 4344).

 

5 Практычны этап (работа ў групах)

Задача: стварыць умовы для прадуктыўнай дзейнасці груп у адпаведнасці з сістэмай работы настаўніка па развіцці інфармацыйнай кампетэнцыі; стварыць атмасферу калектыўнага ўзаемадзеяння па фарміраванні ўменняў…, забяспечыць практычную дзейнасць удзельнікаў па засваенні….

Настаўнік-майстар арганізоўвае дзейнасць удзельнікаў майстар-класа па групах, інфармуе пра змест заданняў і рэгламенце іх выканання.

 

На прыкладзе вывучэння біяграфіі і творчасці Пімена Панчанкі і Максіма Танка. (Слайд 45).

1 група (Пімен Панчанка)

1) Па ілюстрацыях, працуючы з тэкстам падручніка, узнавіць і суаднесці асноўныя факты, звязаныя з жыццём і творчай дзейнасцю Пімена Панчанкі і даць адказ, як яны звязаны. Шапка (верш “Шапка эстонца”), дзённік (зборнік вершаў “Іранскі дзённік”), касачы (верш “Сінія касачы”), шыльда (у Мінску імя Панчанкі носіць вуліца), арэхі (верш “Спарышы”), школьны журнал (працаваў настаўнікам на Магілёўшчыне), гэбель (працаваў на дрэваапрацоўчым заводзе), партрэт Янкі Купалы (двойчы быў адзначаны Літаратурнай прэміяй імя Янкі Купалы за паэму “Патрыятычная песня” (1959), Дзяржаўнай прэміяй імя Янкі Купалы за зборнік вершаў “Пры святле маланак” (1968)), партрэт Адама Міцкевіча (перакладаў творы Міцкевіча), піянерскі гальштук (у 13 гадоў упершыню трапіў у Мінск як дэлегат першага Усебеларускага злёту піянераў). (Слайды 46–47).

2) Настаўнік прапануе паглядзець відэаролік на песню Інэсы Леайданскай на словы Пімена Панчанкі “Той дзень прапаў і страчаны навекі”. Суаднесці радкі з верша з відэарадам, раскрыць асноўную думку верша. Удзельнікі абмяркоўваюць пытанне.

 

2 група (Пімен Панчанка)

Карыстаючыся матэрыяламі           сайта http://panchanka.ru/vspaklershy/chalavechnasts скласці зборнік афарызмаў Пімена Панчанкі на тэму “Парады маладому пакаленню”. У яго могуць увайсці наступныя радкі: “Глядзіце знізу ўверх на сосны, на воблакі. Не на людзей”; “Сябры, давайце будзем хвалявацца за ўсіх і ўсё: за зерне, і дзіця”; “Хворага наведайце ў палаце”; “Ты пра шчасце сто кніг пачытай”; “Зямля наша – самы святы запаведнік, – і трэба, як маці, яе берагчы”; “Так век жыві і век вучыся”; “Не хлусіце ні народу, ні сабе”; “Пакідайце і буслу, і чайцы больш вады і неба на душу”; “На нягоды жыцця не жальцеся”; “Вопыт рук памнож на розум і натхненне”; “Хай вас раўнадушша не саб’е” і г.д.

 

3 група (Максім Танк)

Разгадаць кросэнсы:

1) Назваць вершы А.С.Пушкіна, якія пераклаў Максім Танк. Знаёмства з гэтымі перакладамі. (“Анчар”, “Вязень”,“Няньцы”, “Я помнік збудаваў сабе нерукатворны”). Знаёмства з перакладамі М.Танка. Скласці з прапанаваных ілюстрацый кросэнс, вызначыць агульную тэму і растлумачыць прычынна-следчую сувязь паміж ілюстрацыямі.

2) Вызначыць, які твор М.Танка аб’ядноўвае ўсе паказаныя на ілюстрацыях творы. (“Люцыян Таполя” – усе творы аб’ядноўвае тэма мастака і мастацтва). (Слайды 48–49).

 

4 група (Максім Танк)

1) Суаднесці вершы Максіма Танка пейзажнай лірыкі з ілюстрацыямі на слайдах. Выразна прачытаць, пералічыць вобразы, якія паўстаюць перад вачыма, параўнаць з прапанаванымі карцінкамі. Адзначыць ролю вобразных сродкаў у апісанні пейзажу. (Слайд 50).

2) Скласці па апорных сказах інтэлект-карту. Неабходна размеркаваць факты пра М.Танка, выбраўшы пазіцыю “Сем’янін”, “Патрыёт”, “Грамадзянін” або проста “Чалавек”. (Слайды 51–53).

 

6 Этап дэманстрацыі работы груп

Групы прадстаўляюць выкананыя заданні.

 

7 Выніковы этап

Задача: забяспечыць умовы для аналізу зместу і вынікаў працы кожным удзельнікам на майстар-класе.

Удзельнікі па групах падбіраюць ключавыя словы для воблака слоў, запісваюць іх на сцікеры і прымацоўваюць на дошку ў выглядзе прыдуманага вобраза, які, на іх погляд, асацыіруецца з творчай дзейнасцю паэтаў.

Стварэнне воблака слоў: кожная група падбірае апорныя словы, запісвае іх на сцікеры і прымацоўвае на дошку.

1 група: 3 дзеясловы, якія характарызуюць дзейнасць П.Панчанкі.
2 група: 3 назоўнікі, якія асацыіруюцца з творчасцю паэта.
3 група: 3 прыметнікі, якія асацыіруюцца з паэзіяй М.Танка.
4 група: прыдумвае візуалізаваны вобраз для стварэння воблака слоў.

Удзельнікі прадстаўляюць гатовы прадукт, выказваючы свой пунк погляду.

 

8 Рэфлексійны этап

Задача: стварыць умовы для ацэнкі ўдзельнікамі майстар-класа эфектыўнасці ўзаемадзеяння педагога і ўдзельнікаў; для вызначэння значнасці атрыманых ведаў і ўменняў для выкарыстання ў сваёй педагагічнай дзейнасці.

Настаўнік-майстар праводзіць дыскусію па выніках сумеснай дзейнасці.

Кожны прадукт візуалізацыі, які вы атрымалі ў групах – унікальны. У яго ўкладзены вашы веды і ўяўленні пра аўтараў П.Панчанку, М.Танка, творы беларускай літаратуры.

Настаўнік прапануе звярнуцца да сваіх візітак з боку асабістых чаканняў і падкрэсліць, якія чаканні спраўдзіліся і закрэсліць чаканні, якія не апраўдалі сябе на сустрэчы.

Пасля знаёмства з вынікамі правядзення майстар-класа, настаўнік жадае ўсім добрага дня і паўсядзённага яркага жыцця. Удзельнікі робяць вынік аб эфектыўнасці ўзаемадзеяння ўдзельнікаў майстар-класа, актуальнасці атрыманых ведаў, выніковасці дасягнення мэты. Ацэньваюць атрыманы вопыт прымянення ў сваёй практыцы.

 

Спіс літаратуры

  1. Вербицкий, А.А. Контекстное обучение: понятие и содержание // Эксперимент и инновации в школе. – 2009. – №4. – С. 21.
  2. Гелясина, Е.В. Метапредметные компетенции – целевой ориентир профильного обучения // А і В. – 2017.  – № 4.  – С. 3.
  3. Нікалаева, Н. Што такое чытацкая кампетэнцыя, і чаму нашы дзеці ёй слаба валодаюць? [Электронный ресурс]. – Рэжым доступу: http://www.nastaunik.info/node/15332.  – Дата доступу: 30.12.2016.
  4. Паляшчук, А.А. Развіццё інфармацыйнай кампетэнцыі вучняў на ўроках беларускай літаратуры праз сродкі і прыёмы візуалізацыі // Беларуская мова і літаратура. – 2017. – № 9– С. 49.
  5. Сорока, О.Г, Васильева, И.Н. Визуализация учебной информации // Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа.– 2015.  – № 11. – С. 5.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий