Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт на працягу 2021/2022 навучальнага года правёў амаль 90 прафарыентацыйных сустрэч завочнага і вочнага фармату з навучэнцамі 9—11 класаў з усёй краіны.
Праблема выбару будучай прафесіі з году ў год хвалюе сэрцы выпускнікоў, бо гэта, без сумнення, адно з самых галоўных рашэнняў у жыцці кожнага. Ад гэтага лёсавызначальнага выбару залежыць, дзе ў будучыні рэалізуе сябе чалавек і які адказ на пытанне “Хто я?” ён зможа даць сам сабе.
На працягу 2021/2022 навучальнага года МДЛУ актыўна займаўся прафарыентацыяй вучняў выпускных класаў агульнаадукацыйных школ, гімназій, ліцэяў і каледжаў усёй краіны. Усе шэсць факультэтаў універсітэта зрабілі ўклад ва ўдасканаленне і аптымізацыю форм прафарыентацыйнай работы з абітурыентамі. Нам вельмі важна зацікавіць лепшых выпускнікоў агульнаадукацыйных устаноў, прызёраў і пераможцаў алімпіяд паступаць менавіта да нас, у МДЛУ.
Асноўныя напрамкі прафарыентацыйнай работы са школьнікамі і моладдзю знайшлі сваё адлюстраванне ў Zoom-сустрэчах з Мінскім, Віцебскім, Брэсцкім, Гродзенскім, Гомельскім і Магілёўскім абласнымі інстытутамі развіцця адукацыі.
Прадстаўнікі факультэтаў і члены прыёмнай камісіі правялі 87 прафарыентацыйных сустрэч завочнага і вочнага фармату з навучэнцамі 9—11 класаў ліцэяў з лінгвістычным ухілам, сярэдніх школ, гімназій і профільных каледжаў Мінска, а таксама іншых рэгіёнаў краіны. Госці з МДЛУ прадставілі старшакласнікам усе факультэты і кафедры ўніверсітэта. Падчас выступленняў былі паказаны прэзентацыі і відэаролікі, дзякуючы якім можна было наглядна ўбачыць перавагі навучання ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, матэрыяльна-тэхнічную базу, сучаснае абсталяванне аўдыторый і лінгафонных кабінетаў, навуковую базу для будучых даследаванняў і магчымасці далейшага навучання ў магістратуры і аспірантуры, а таксама азнаёміцца з перспектывамі прапанаваных прафесій.
Да таго ж быў арганізаваны круглы стол факультэта англійскай мовы, факультэта міжкультурных камунікацый і перакладчыцкага факультэта з удзельнікамі абласной алімпіяды Магілёўскай вобласці. Ён прайшоў на англійскай мове ў фармаце Zoom-сустрэчы. Прадстаўнікі ўніверсітэта падрабязна расказалі пра дзейнасць сваіх факультэтаў, каб акунуць абітурыентаў у вучэбны працэс і грамадскае жыццё ўстановы, даць максімальна разгорнутыя адказы на хвалюючыя пытанні старшакласнікаў і, што немалаважна, пагутарыць з імі на англійскай мове, дапамагаючы ім тым самым адчуць сябе значна бліжэй да лінгвістычнай навучальнай установы.
Акрамя таго, ва ўстановах адукацыі Мінска ў час праходжання студэнтамі факультэта англійскай мовы педагагічнай практыкі былі размешчаны інфармацыйныя ралапы пра МДЛУ. Шмат у чым эксперыментальны, але на практыцы паспяховы фармат прафарыентацыйнай работы ўпершыню быў інтэграваным. На працягу 4 тыдняў удалося наведаць 15 школ Ленінскага, Партызанскага, Першамайскага, Савецкага, Цэнтральнага, Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў.
Амаль завершаны чарговы навучальны год. Плануюцца і арганізоўваюцца апошнія сустрэчы са старшакласнікамі перад пачаткам прыёмнай кампаніі. Надыходзіць няпростая пара для абітурыентаў. Аднак мы перакананы, што сваёй насычанай прафарыентацыйнай дзейнасцю своечасова аказалі дзецям дапамогу ў вызначэнні свайго выбару. Жадаем абітурыентам поспехаў на гэтым шляху і новых здзяйсненняў. Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт чакае вас!
Вікторыя СІНЯК,
адказны сакратар прыёмнай камісіі МДЛУ,
Фота з архіва ўстановы