Выхаванцы Уселюбскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Навагрудскага раёна на пачатак лета цалкам пагрузіліся ў свет тэатра, кожны знайшоў для сябе нешта новае, цікавае. Пад кіраўніцтвам выхавальніка дашкольнай адукацыі яны паказалі для дзяцей аздараўленчага прышкольнага лагера тэатралізаванае прадстаўленне па матывах казкі “Церамок”.
Тэатралізаваная дзейнасць уносіць яркую незабыўную разнастайнасць у паўсядзённае жыццё выхаванцаў, узбагачае ўнутраны свет дзіцяці. Усе дзеці любяць слухаць казкі, але, калі казка ажывае, калі героі пачынаюць рухацца і размаўляць – для дзяцей гэты сапраўдны цуд! Дзеці з цікавасцю і вялікім задавальненнем інсцэніруюць невялікія сцэнкі, прыдумваюць свае ўласныя казкі, цікавыя гісторыі на тэмы: “Аднойчы ў лесе”, “Жылі-былі…” і іншыя.
Да прадстаўлення перад выхаванцамі лагера нашы юныя акцёры старанна рыхтаваліся: актыўна адпрацоўвалі тэатралізаваныя дыялогі і музычныя рухі, падбіралі атрыбуты. З дапамогай масак яны ператварыліся ў сапраўдных акцёраў і змаглі прадэманстраваць не толькі веданне казкі, але і артыстычныя здольнасці. Імітавалі характэрныя дзеянні персанажаў у казцы, перадавалі эмацыйны стан герояў, выкарыстоўваючы сродкі выразнасці – міміку, жэсты, рухі.
Прыгожыя дэкарацыі, вясёлая музыка і цікавая інтэрпрэтацыя казкі зачаравалі гледачоў. Дзеці з цікавасцю і захапленнем назіралі за сюжэтам казкі, якая нагадала, што ўменне рабіць добрыя ўчынкі – адна з найважнейшых чалавечых якасцей. Галоўныя героі казкі заклікалі ўсіх быць дабрэйшымі!
Гледачы ацанілі намаганні юных артыстаў апладысментамі, што дало магчымасць акцёрам адчуць сябе сапраўднымі героямі казкі.
Тэатралізаванае прадстаўленне спрыяла развіццю ў дзяцей фантазіі, уяўлення, памяці, цікавасці да драматызацыі, фарміравала паняцці дабра і зла, дастаўляла дзецям радасць.
Алена ЯБЛОНСКАЯ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
Уселюбскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Навагрудскага раёна