Урокі для жыцця

- 15:14В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Ролю адукацыі ў прасоўванні Мэт устойлівага развіцця цяжка пераацаніць, бо літаральна кожная з іх залежыць ад адукаванасці чалавека і ад кампетэнтнасці яго настаўнікаў. У гэтым яшчэ раз пераканаліся ўдзельнікі Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Адукацыя ў інтарэсах будучыні”.

Глядзець па-новаму

Канферэнцыя прайшла днямі ў БДПУ імя Максіма Танка, сабраўшы разам педагогаў Беларусі з устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, вышэйшай, дадатковай адукацыі дарослых, маладзёжных паслоў МУР, супрацоўнікаў НАН Беларусі, а таксама іх калег з Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Казахстан і Кітайскай Народнай Рэспублікі.

Аляксандр Жук, рэктар БДПУ, падкрэсліў: “Разуменне ўстойлівага развіцця як прынцыпова новага этапу жыцця чалавечай цывілізацыі прымушае па-новаму зірнуць на ролю адукацыі, якая выступае ключавым механізмам фарміравання чалавечага патэнцыялу. Адукацыя дазваляе зразумець характар і маштаб праблем у галіне ўстойлівага развіцця, дае магчымасць сфарміраваць крытычны і творчы падыход да пошуку эфектыўных рашэнняў агульнасусветных праблем. Менавіта адукацыя можа дапамагчы лю­дзям выпрацаваць тыя навыкі і кампетэнцыі, якія дазво­ляць ім прымаць абгрунтаваныя рашэнні і дзейнічаць паасобку і ра­зам у інтарэсах устойлівай будучыні”.

Роля настаўніка ў прасоўванні прагрэсіўных ідэй заўсёды была значнай. Але сёння, у эпоху ўстойлівага развіцця, адукацыя набывае яшчэ большую ролю, бо размова ідзе пра глабальныя праблемы, з якімі сутыкаецца свет, уключаючы змяненне клімату, маштабную страту біяразнастайнасці, беднасць, несправядлівасць і іншыя перашкоды на шляху да ўстойлівага развіцця. Як у гэтым кірунку працуюць нашы педагогі? Чым прывабліваюць і аб’ядноўваюць дзяцей? 

У чым фішка іх работы? У рамках канферэнцыі быў прадстаўлены багаты спектр настаўніцкіх практык. 

Формула шчасця

І.В.Адамовіч, педагог сярэдняй школы № 20 Барысава, прадставіла свае міждысцыплінарныя праекты ў інтарэсах устойлівага развіцця. Сярод іх быў праект “Адказнае спажыванне і вытворчасць”, рэалізаваны ў яе школе ў 2022 годзе. Ён пагрузіў дзяцей 11—15 гадоў не толькі ў вывучэнне матэматыкі, фізікі, інфарматыкі, але і ў праблематыку Мэты ўстойлівага развіцця № 12. Так, вылічваючы колькасць дрэў, якія былі захаваны навучэнцамі іх школы дзякуючы збору макулатуры, і колькасць маек, якія можна пашыць, перапрацаваўшы зададзеную колькасць пластыку, вызначаючы ўплыў колеру пакрыцця на награванне паверхні і г.д., школьнікі знаёміліся з прынцыпамі разумнага спажывання. Кожны з 5 праектных тыдняў падводзіліся іх вынікі з прэзентацыямі, эксперыментамі, а кульмінацыяй быў яркі фінал.

Алена Луцэвіч, дацэнт БДЭУ, у сваім міжшкольным праекце “Укараненне ўстойлівай праф­арыентацыйнай экасістэмы будучыні” аб’яднала 5 школ з Мінска, Мінскай вобласці і Брэста. Адна з яго фішак — нестандартныя “ўрокі шчасця” ў межах заняткаў у аб’яднаннях па інтарэсах для падлеткаў. А малодшыя хлопчыкі і дзяўчынкі разам з настаўнікамі стваралі “атмасферу шчасця”, дзе і жыць, і сябраваць, і вучыцца лягчэй і цікавей, дзе аўтарытарны стыль педагога заменены дыялогам і сумеснай творчасцю, дзе нормай з’яўляецца гаварыць кампліменты адно аднаму, бацькам, сябрам, настаўніку.

Разбурыць гендарныя стэрэатыпы паспрабавалі ў сваім праекце “Яна ў мастацтве і жыцці” студэнткі і маладзёжныя паслы МУР. Уладзіслава Сталярова, студэнтка БДПУ, расказала, што яе праект складаецца з 2 частак. Першая — выстава работ сучасных беларускіх мастачак, другая — інтэрактыўныя лекцыі, дыскусіі, майстар-класы, прысвечаныя жаночай творчасці, яе гісторыі ад старажытнасці да нашых дзён. Восенню галоўныя актыўнасці праекта прыпалі на 11—15 кастрычніка — дні святкавання міжнародных дзён дзяўчынак, маці і сельскіх жанчын. У іх межах прайшлі і міжнародныя анлайн- і афлайн-сустрэчы, круглыя сталы, прысвечаныя гендарнай роўнасці і ролі жанчын у дасягненні МУР і г.д. Гэты праект дзяўчат атрымаў высокую ацэнку міністра адукацыі і стаў адным з лепшых праектаў 2021 года ў гэтым кірунку.

Без бар’ераў

Вельмі багаты вопыт быў прадстаўлены і ў кірунку інклюзіі, у імкненні даць асаблівым дзецям усе магчымасці вучыцца, сціраючы любыя перашкоды для гэтага. Шмат хто з педагогаў узяў у дапамогу мультымедыйныя тэхналогіі. Напрыклад, Н.Ю.Каратчук, К.П.Ляшэнка, выкладчыкі Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа, стварылі інклюзіўныя вучэбныя дапаможнікі “Гісторыі кветкавага горада” па вывучэнні Мэт устойлівага развіцця навучэнцамі пачатковай школы для розных катэгорый навучэнцаў, якія ўлічваюць іх інтэлектуальныя, псіхалагічныя і фізічныя асаблівасці. У аснову дапаможнікаў ляглі STEM-тэхналогіі, усе кнігі аснашчаны гукавым і зарадным модулямі (можна зара­джаць ад сонечнай батарэі і стандартнымі зараднымі прыладамі для мабільных гаджэтаў), QR-кодамі для прагляду анімацыйных фільмаў, што прадстаўлены на рускай і беларускай мовах з субцітрамі і сурдаперакладам. Гэта першы ў сваім родзе шматзадачны мультымедыйны дыдактычны сродак навучання, які дазваляе атрымліваць інфармацыю розных відаў (візуальную, гукавую, тактыльную), арыентаваны на прасоўванне і папулярызацыю канцэпцыі ўстойлівага развіцця. Дапаможнікі былі паспяхова апрабаваны на базе шэрага навучальных устаноў Віцебска і раёна, эфектыўна прымяняліся пры засваенні трэцякласнікамі зместу вучэбных праграм такіх прадметаў, як “Чалавек і свет”, “Асновы бяспекі жыццядзейнасці” і “Сацыяльна-бытавое арыентаванне”.

Устойлівае развіццё заслужана стала ўжо не асобнай сферай, а лагічнай часткай многіх сфер — ад школьных заняткаў да творчасці.

Педагогі сярэдняй школы № 16 Гродна трэці год рэалізу­юць інклюзіўны адукацыйны праект “Спадчына”, дзе  культурную і гістарычную спадчыну, народныя традыцыі і рамёствы спазнаюць навучэнцы з асаблівымі патрэбамі ( іх тут 30, а ўсяго ва ўстанове 600 навучэнцаў). І не толькі спазнаюць, але і далучаюцца да творчасці, сваімі рукамі ствараючы ўласныя шэдэўры.

Лізавета Анішчанка, студэнтка МДЛУ, маладзёжны пасол мэты № 4 “Якасная адукацыя”, прадставіла створанае разам з іншымі студэнтамі валанцёрскае таварыства “Душка”. Яго мэта — падружыць дзяцей з добрым слыхам і тых, што маюць яго парушэнні, бо ім, як пераканаліся студэнты, вельмі цяжка знайсці агульную мову. У гэтым дапамагаюць заняткі арт-тэрапіяй і дзіцячая творчасць, выступленні запрошаных гасцей з парушэннямі слыху, якія навучыліся кантактаваць з іншымі людзьмі і дасягнулі прафесійных вышынь, і інш. Цяпер студэнты хочуць ства­рыць ва ўніверсітэце валанцёрскае таварыства “Мар і стварай”, якое аб’яднае людзей з парушэннямі слыху, у тым ліку і акцёраў тэатра і кіно, і студэнтаў, паспрыяе больш устойлівым зносінам.

Ісці да мэты

Яшчэ адзін цікавы і маштабны адукацыйны праект “Урокі ўстойлівага развіцця” анансавала Інеса Зубрыліна, начальнік Каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” БДПУ. Плануецца, што ён будзе рэалізаваны ў наступным навучальным годзе і аб’яднае школьнікаў Беларусі і Расіі, а таксама экспертаў, спецыялістаў, у тым ліку і вучоных. Сут­насць праекта ў правядзенні 20 анлайн-сесій, кожная з якіх будзе прысвечана пэўнай Мэце ўстойлівага развіцця і будзе складацца з некалькіх блокаў, уключаючы і тэарэтычныя заняткі, і інтэрактыўныя. Пасля кожнай такой сесіі яе ўдзельнікі атрымаюць на электронную пошту лічбавы ўрок, матэрыялы якога яны будуць выкарыстоўваць падчас правядзення ўжо сваіх заняткаў для навучэнцаў сваёй школы. У выніку гэтага праекта арганізатары спадзяюцца знайсці тых школьнікаў, якія зацікаўлены і гатовы прасоўваць Мэты ўстойлівага развіцця сярод моладзі. Плануецца, што наступным летам будзе арганізаваны лагер, у якім і збяруцца самыя актыўныя ўдзельнікі названага праекта, каб бліжэй пазнаёміцца паміж сабой ужо афлайн і, магчыма, намеціць сумесныя ініцыятывы.

Навучыцца самому і навучыць іншых — гэтая ідэя стане асновай новага праекта “Урокі ўстойлівага развіцця”.

Падводзячы вынікі канферэнцыі, Інеса Уладзіміраўна выказала ўпэўненасць, што агучаныя на ёй ідэі, праекты стануць для педагогаў тымі зярняткамі, якія ў наступным годзе прарастуць у розных установах нашай краіны ў выглядзе цэлых букетаў сацыяльна-значных ініцыятыў, акцый, праектаў, якія яшчэ больш наблізяць нас да дасягнення Мэт устойлівага развіцця. 

Святлана НІКІФАРАВА

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий