Пачаткоўцы прымаюць удзел у праектнай дзейнасці краязнаўчай накіраванасці  

- 15:08ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Важным сродкам развіваючага асяроддзя з’яўляецца праектная дзейнасць. На працягу 16 гадоў вучні пачатковых класаў гімназіі Смаргоні, мае выхаванцы, – яе актыўныя ўдзельнікі.

Пачыналася ўсё з праекта “Кветкі для маці”, мэтай якога з’яўлялася вырошчванне гіяцынтаў да свята 8 Сакавіка. Першы вопыт быў удалым, з’явілася жаданне працягнуць удзел у праектнай дзейнасці. Чаму? Яна стымулюе наяўнасць ідэй, выклікае зацікаўленасць вучняў, актывізуе іх пошукі, стварае прастору для планавання дзеянняў, аб’ядноўвае бацькоў, настаўнікаў і вучняў у сумеснай творчай працы.

Праца над праектам “Таямніцы звычайнай гліны” перанесла вучняў у далёкае мінулае. Адбыліся цікавыя экскурсіі на месца былога цагельнага завода, на завод керамічных вырабаў, у майстэрню ганчара, у гісторыка-краязнаўчы музей нашай гімназіі. У выніку гэтых экскурсій вучні набылі багаты матэрыял для далейшай працы па рэалізацыі праекта.

Мая педагагічная практыка дае права сцвярджаць, што праекты краязнаўчай накіраванасці ў поўнай меры дапамагаюць стварыць умовы, якія забяспечваюць развіццё дзіцяці, авалодванне ім ключавымі кампетэнцыямі.

Пры арганізацыі работы па праекце сумесна з вучнямі вызначаем тэму будучага праекта і складаем план яго рэалізацыі, дзе заўсёды прысутнічаюць экскурсіі, сустрэчы з майстрамі-рамеснікамі, майстар-класы, выраб сувеніраў сваімі рукамі. Безумоўна, гэта выклікае вялікую зацікаўленасць і актыўнасць.

На раённай канферэнцыі праектных і даследчых работ “Юны даследчык” мае вучні выступілі з праектам “Лён – цуд прыроды”. У час працы над праектам маім выхаванцам прадставілася магчымасць сесці за кросны і паспрабаваць сябе ў ролі ткачоў. Безумоўна, гэта выклікала незабыўныя ўражанні!

Працуючы над праектам па валенні шэрсці “Шарсцяныя цуды” даведаліся, што ў нашым горадзе Смаргоні раней выраблялі валёнкі не толькі для патрэб сваёй сям’і, але і на продаж. Хацелася б сустрэцца з такім майстрам па валенні, але, на жаль, знайсці яго ў нашым горадзе і раёне не ўдалося. Што ж рабіць? Няўжо спыніць пошукі? Але не, размова з настаўнікам нашай гімназіі, краязнаўцам падказала нам дарогу ў суседні раён. Там у адной з вёсак адбылася сустрэча з жанчынай, якая паказала майстар-клас па вырабе валёнак з воўны. Вучням было цікава назіраць за спрытам і майстэрствам чалавека, у сям’і якога гэтым рамяством займаліся каля 40 гадоў.

Праца над праектам працягвалася. Вучні пабывалі ў фермерскай гаспадарцы па вырошчванні авечак, убачылі , як атрымліваюць воўну.

Потым з дапамогай бацькоў набылі ў інтэрнэт-магазіне каляровую шэрсць для валення. І тут пачалося такое! І вучні, і бацькі актыўна ўключыліся ў працу па вырабе шарсцяных рэчаў. Гэта і шалікі, і пацеркі, і сумачкі, і кашалёчкі, і сувенірныя валёнкі. Усе такія каляровыя, яркія, прыгожыя! Вучні так захапіліся валеннем, што працягвалі гэту творчасць нават на перапынках сярод урокаў. Дзіцячай радасці не было канца! А як жа інакш? Па тэхналогіі мокрага валення шэрсць патрэбна было акуратна раскласці на роўнай паверхні, потым змачыць мыльным растворам і валіць – круціць, мяць, біць. Вучні ўспрымалі гэту справу як сумесную, цікавую, дружную, вясёлую гульню.

Вось так па кроплях збіраем матэрыял па тэме праекта: шукаем, аналізуем, даследуем. Мы стараемся перадаваць у музей вырабы, якія стварылі падчас праектаў. Такім чынам адбываецца папаўненне нашага адукацыйнага асяроддзя прадуктамі праектнай дзейнасці, якія ў далейшым становяцца сродкамі навучання. Сёння ў музеі вы можаце ўбачыць і шарсцяныя рэчы, вырабленыя спосабам мокрага і сухога валення вучнямі нашага класа, і тканыя вырабы, і ільняныя сувеніры.

Праца над праектамі “Шарсцяныя цуды”, “Таямніцы звычайнай гліны”, “Лён – цуд прыроды”, “Спасцігаем асновы ткацтва”, ”Народная цацка: мінулае і сучаснае” знаёміць вучняў з творчасцю і жыццём беларусаў у мінулым, з традыцыямі нашых продкаў, садзейнічае выхаванню павагі да свайго працавітага народа, далучае да свету прыгожага, актывізуе пазнавальную дзейнасць вучняў.

 

Святлана ЯКОЎСКАЯ,
настаўнік пачатковых класаў гімназіі Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий