У рытме танца

- 17:45В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Нават кароткай сустрэчы з педагогам дадатковай адукацыі Чашніцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Наталляй АРМЯНЦАВАЙ дастаткова, каб зразумець: перад вамі шчаслівы чалавек.

Асноўным складнікам свайго шчасця чашнічанка лічыць прафесію. 25 гадоў Наталля Анатольеўна вучыць дзяцей мове танца. З выхаванцамі дзіцячага харэаграфічнага калектыву “Рытм” заваявала шмат вяршынь. Занесена на раённую Дошку гонару, мае званне “Чалавек года Чашніччыны”, граматы і падзякі райвыканкама, аблвыканкама, Міністэрства адукацыі, у асабістай скарбонцы кіраўніка — узнагароды са спаборніцтваў абласнога, рэс­публіканскага і міжнароднага ўзроўняў. Некалькі месяцаў назад спраўдзілася запаветная мара майстра. Рашэннем калегіі Міністэрства культуры “Рытму” было прысвоена званне “ўзорны”. Такі шчаслівы прафесійны лёс выпадае па-сапраўднаму моцным лю­дзям. Наталля Армянцава з іх ліку.

У дзяцінстве чашнічанка размаўляла на дзвюх мовах: рускай і ўзбекскай. Яна нарадзілася і вырасла ў Ташкенце. Бацькі аднаўлялі горад пасля страшнага землетрасення. Тут дзяўчынка з задавальненнем пазнавала і трэцюю мову — танец. Хутка прамільг­нулі гады вучнёўства ў школе з эстэтычным ухілам, беларуска стала студэнткай Інстытута рускай мовы. Але дыплом атрымаць не давялося. З-за вайны сям’я вярнулася на ра­дзіму бацькі ў Чашніцкі раён Віцебскай вобласці.

Таленавітая і працавітая дзяўчына хутка асвоілася на новым месцы. Па душы прыйшліся беларускія традыцыі. Вучобу прадоўжыла на філалагічным факультэце Віцебскага педінстытута. Пасля заканчэння пяць гадоў выкладала ў школе. Але жаданне прысвяціць сябе дзіцячай харэаграфіі не слабела. Такая магчымасць узбекскай беларусцы прадаставілася ў 1997 годзе.

Як успамінаюць былыя выхаванцы, з першых дзён “Рытм” стаў для іх не проста аб’яднаннем па інтарэсах, а калектывам аднадумцаў, дзе вучыліся жыць у творчасці. Сёння яны давяраюць любімаму харэографу сваіх дзяцей. У “Рытме” 96 школьнікаў ва ўзросце ад 6 да 16 гадоў, зай­маюцца і дашкольнікі. Яны спасцігаюць мову эстраднага, народнага і сучаснага танца, з’яўляюцца пастаяннымі ўдзель­нікамі фестываляў “Брава, дзеці!”, “Вясёлка над Віцебскам”, “Прывітанне, свет!”, “Творчасць без меж” і іншых вядомых праектаў.

А дэбют калектыву адбыўся ў канцы 90-х на сцэне мясцовага Дома культуры і меў вялікі поспех. Вельмі хутка пастаноўкі юных выканаўцаў сталі фішкай усіх раённых мерапрыемстваў, пра “Рытм” даведаліся ў вобласці. Спатрэбілася дзесяцігоддзе, каб чашнічане заявілі аб сабе на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Гэта атрымалася. За чвэрць стагоддзя змаглі заваяваць больш за 100 прэстыжных дыпломаў. “Лёгкіх перамог не было, — сцвярджае Наталля Анатольеўна. — За кожнай — месяцы, часам гады ўпартай працы…”. Здараліся і сапраўдныя ўзлёты.

У 2015 годзе на рэс­публіканскі агляд-конкурс “Прывітанне, свет!”, пры­свечаным 70-годдзю Вялі­кай Перамогі, “Рытм” прадставіў кампазіцыю на песню “Бабін Яр”. Нумар меў ашаламляльны поспех. На абласным этапе і Міжнародным фестывалі-конкурсе “Вясёлка над Віцебскам” чашнічане атрымалі дыпломы лаўрэата І ступені, на рэспуб­ліканскім этапе — дыплом ІІ ступені. Мовай танца праўнукі герояў Вялікай ­Айчыннай пераканаўча даказалі: памяць пра подзвіг народа жывая ў сэрцах маладога пакалення. З гэтай кампазіцыяй калектыву давялося ­выступаць яшчэ не на адной фестывальнай сцэне, і кожны раз пастаноўка заваёўвала ўзнагароды.

У міжнародным тэлепраекце ­“Кубак дружбы” (2020) малодшая група “Рытму” ўдзельнічала з кампазіцыяй “Кветкавы бум”. Пранікнёна апетыя ў танцы веліч і прыга­жосць флоры прынеслі юным артыстам дып­лом ІІ ступені. На Talented Kids нумар быў удастоены гран-пры. Усяго “Кветкавы бум” сабраў больш за 20 узнагарод, сярод якіх дыпломы лаўрэатаў на “АРТ-парадзе ў Віцебску”, “Стыхіі полымя”, “Смурфіках”.

Майстэрства харэагра­фічнага калектыву з Чашніччыны неаднойчы пацвярджала журы міжнародных дыстанцыйных конкурсаў і фестываляў: 9 дыпломаў І ступені, 12 — ІІ, 5 — ІІІ. Спаборніцтвы прахо­дзілі ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Казані, Краснадары. Узнагароды прынеслі такія прэстыжныя праекты, як “Твой час”, “Аідэр”, “Арт-спадчына”, “Пунсовыя ветразі”, “Танцаманія”, “Шчаўкунчык” і інш.

На ўсіх конкурсах адзначаўся высокі прафесіяналізм педагога, які падрыхтаваў дыпламантаў. Асабліва ўдаецца майстру ваенная тэматыка. На “Брава, дзеці!” за пастаноўку “Доўгая дарога ў лета”, прысвечаную грозным 40-м, Наталля Армянцава атрымала кубак і сертыфікат “Лепшы харэограф”.

“Ні дня без танца, не спыняцца на дасягнутым!” — дэвіз майстра. Наперадзе — новыя вяршыні, і няма сумненняў, што з такім педагогам чашнічане пако­раць і іх. Сёлета паспелі стаць дыпламантамі Міжнароднага фестывалю-конкурсу “Жар-птушка—2022”, поўным ходам ідзе падрыхтоўка да “Ле­мары” і “Шчаўкунчыка”-2022, штомесяц калектыў радуе сваімі выступленнямі жыхароў раёна…

Танец “Рытма” аб’ядноўвае. Майстар-педагог ганарыцца прадаўжальні­камі сваёй справы. Вучаніцы Наталлі Армянцавай — Наталля Ізобава і Ганна Папова — скончылі харэаграфічнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў і паспяхова працуюць на прафесійнай ніве. Часам былыя выхаванцы прыхо­дзяць, каб выступіць ра­зам на фес­тывалі. Так, студэнтка Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўні­версітэта Хрысціна Філімоненка была ўдзельніцай “Вясёлкі над Віцебскам” і стала лаўрэатам ІІ ступені ў намінацыі “Эстрадны танец. Сола”. Хто падтрымае юных артыстаў на пляцоўках года гэтага? Хутка даведаемся.

Ірына ТОРБІНА,
Фота Сяргея ЛЕБЕДЗЕВА

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий