Наведалі Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей

- 16:44ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У рамках Года гістарычнай памяці выхаванцы старшай групы № 2 ясляў-сада № 12 Навагрудка з выхавальнікам групы К.А.Давідовіч наведалі Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей.

Дзяцей ветліва сустрэлі супрацоўнікі музея і расказалі пра тое, што наш горад заўсёды займаў значнае месца сярод іншых гарадоў і быў цэнтрам дзяржавы Вялікае Княства Літоўскае. Дзяцей пазнаёмілі з першымі гербамі горада, расказалі, што сёння на гербе Навагрудка выява архангела Міхаіла – заступніка ўсіх простых і бедных людзей. У даступнай форме экскурсавод расказаў пра гісторыю і культуру Навагрудчыны. Дзеці з задавальненнем слухалі, з вялікай цікавасцю разглядалі розныя музейныя экспанаты.

Шмат новага яны пачулі пра гісторыю ўзнікнення горада Навагрудка, убачылі матэрыялы археалагічных раскопак на Замкавай гары, даведаліся пра развіццё і ўмацаванне пасялення на ёй. Дзеці пачулі пра тое, як будаваліся каменныя вежы Навагрудскага замка.

Выхаванцам у музеі расказалі пра шматлікія этнаграфічныя матэрыялы Навагрудчыны, якія дазваляюць прадставіць інтэр’ер вясковых дамоў і шляхецкіх сядзіб, жаночыя і мужчынскія традыцыйныя ўборы, тканыя посцілкі, дзяругі, сурвэткі, габелены, вышытыя ручнікі, гліняны і драўляны посуд, вырабы з саломы, лазы, ільну.

У апошніх залах музея выхаванцам было асабліва цікава. Яны даведаліся пра трагічныя старонкі Вялікай Айчыннай вайны: удзел жыхароў у ваенных дзеяннях, рэжым акупацыі, трагедыю яўрэйскай суполкі горада, рух супраціўлення, у якім удзельнічалі савецкія партызанскія атрады.

Такія экскурсіі па тэрыторыі славутых мясцін і наведванне музеяў –выдатны спосаб даведацца шмат цікавага пра сваю малую радзіму, бліжэй пазнаёміцца з яе гісторыяй і славутымі землякамі. Экскурсія ў краязнаўчы музей выхоўвае ў дзяцей пачуццё любові і прыхільнасці да прыродных і культурных каштоўнасцей роднага краю, бо менавіта на гэтай аснове выхоўваецца патрыятызм. У дзяцей засталося шмат уражанняў ад наведвання музея.

 

Наталля ЖУЛІНСКАЯ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі ясляў-сада № 12 Навагрудка

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий