У госці да Феі Фіялкі. Занятак па адукацыйнай галіне “Выяўленчае мастацтва” (маляванне) для дзяцей старшай групы (5–6 гадоў)

- 15:48Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Марына БАСАЙ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Гезгалаўскі яслі-сад”
Дзятлаўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Праграмныя задачы: фарміраваць уменне маляваць тэхнікай манатыпіі і ніткаграфіі; развіваць выяўленчыя і творчыя здольнасці, цікавасць да эксперыментавання з мастацкімі матэрыяламі, выяўленчымі тэхнікамі; выхоўваць эстэтычныя пачуцці, устойлівую цікавасць да стварэння выразных вобразаў у маляванні.

Матэрыял і абсталяванне: мультымедыйная ўстаноўка, прэзентацыя на тэму “Кветкі”; таніраваныя лісты паперы, гуаш, пэндзлік, шклянка для вады, сурвэткі, падстаўка, ніткі (па колькасці дзяцей), запіс музыкі Ф.Шапэна “Сад Эдэма (Пяшчота)”, кветкі для фізкультхвілінкі.

  

Ход занятку

Выхавальнік дашкольнай адукацыі (В.). Дзеці, сёння выдатны дзень! Давайце падзелімся добрым настроем і павітаем адно аднаго.

 

У мяне настрой цудоўны (разводзяць рукі ў бакі),
Дожджык скача цёплы, спорны (пальчыкамі паказваюць кроплі),
Клапатлівы і ласкавы (гладзяць рукі),
Мые дрэвы (паднімаюць рукі ўгору), поіць травы (прысядаюць),
Сонейка купаецца (рукі ўгору),  
дзеткам усміхаецца (дораць усмешкі адно аднаму).
                                                                       
Я. Крупенька

 

В. Сёння ў нас незвычайны занятак, паглядзіце, калі ласка, на экран (Слайд з выявай Феі Фіялкі). Ці здагадаліся вы, хто гэта? (Адказы дзяцей).

В. Гэта Фея Фіялка і сёння яна запрашае нас у сваю “Школу малявання”. А ці любіце, дзеці, вы маляваць? (Так).

В. Фея Фіялка вельмі любіць кветкі. Дзеці, а як вы думаеце, для чаго патрэбны кветкі? (Каб было прыгожа, каб можна было каму падарыць, каб было пахучае, свежае паветра, каб пчолы збіралі мёд…)

 

Гульня “Ты мая частка” (з мячыкам)

Гульнявыя дзеянні. Выхавальнік кідае мячык выхаванцу і пытаецца: “Я кветачка, а ты мая частка, ты што ў мяне?”. Выхаванец ловіць мяч, адказвае на пытанне і кідае выхавальніку. (Сцябло, лісцік, пялёсткі, карані, плод.)

 

В. Каб даведацца, якія кветкі самыя любімыя ў Феі Фіялкі, нам патрэбна адгадаць загадкі:

 

1. Ля дарогі шарык белы.
Вецер б’е, а шарык цэлы.
А як дзьмухнуць хлапчукі –
Пух ляціць ва ўсе бакі (дзьмухавец).

 

2. Жоўтае сонейка ў белых пялёстках –
Кожны з нас ведае кветачку простую.
П’ем з ёй гарбату (прастуда міне),
З ёю варожым (кахае ці не).
Дык пра якія тут кветкі гамонка?
Вы здагадаліся? Вядома ж… рамонкі!

 

3. У нас ні пальцаў няма, ні рук –
Толькі пялёсткі вакол.
Мы незвычайна называемся,
Але ў манікюры (не нуждаемся) не маем патрэбы! (наготкі).

        

4. Гэтыя далікатныя кветкі
Дораць шмат цеплыні.
Набяру я іх для мамы –
Ярка-жоўтыя… (цюльпаны).

        

5. Бываю жоўтым і карычневым,
Бэзавым і белым.
Кветка я рознага адцення,
І імя салодкае маю.
Цукеркі маім імем называю. (касачы – цукерка ірыска)

 

В. Вось мы і адгадалі ўсе загадкі Феі Фіялкі. А зараз Фея Фіялка прапануе нам намаляваць прыгожыя кветачкі. Але паглядзіце, які незвычайны матэрыял для малявання нам прапануе Фея Фіялка – ніткі. Зараз мы з вамі паспрабуем намаляваць кветкі – касачы, пры дапамозе простых нітак. Для гэтага ў вас ёсць гуаш рознага колеру. Неабходна пры дапамозе пэндзліка апусціць адзін канец ніткі ў фарбу, намачыць яе і выкласці “змейкай” нітку на паперы, затым ліст паперы складваем напалам, зверху рукою прыціскаем і памалу выцягваем нітку, так у нас атрымліваюцца дзве прыгожыя кветачкі, а затым дамалёўваем сцябло і лісце. (Тлумачэнні выхавальніка суправаджаецца паказам малявання на альбомным лісце).

 

В. Але перш чым пачаць працу, давайце падрыхтуем нашы ручкі:

 

Пальчыкавая гімнастыка “Памочнікі”

Вось мае памочнікі,
Іх як хочаш павярні.
Раз, два, тры, чатыры, пяць
Яны хочуць працаваць.
Пастукалі, павярцелі
І працаваць мы захацелі.

 

В. Прыступаем да працы.

 

Гучыць музыка Фрэдэрыка Шапэна “Сад Эдэма (Пяшчота)”. Дзеці малююць.

 

В. Дзеці, Фея Фіялка прапануе нам крыху адпачыць, пакуль падсохнуць вашы работы. Паглядзіце, якая прыгожая палянка!

 

Гульнявое практыкаванне “Кветачкі”

Гучыць мелодыя, дзеці выконваюць практыкаванні з кветкамі

 

Раз-два-тры-чатыры-пяць
Кветкі будуць вырастаць (дзеці падымаюцца),
Да сонца пацягнуліся высока: (устаюць на наскі, рукі ўгору),
Стала ім прыемна, цёпла! (дзеці кружацца вакол сябе)
Ветрык лёгкі пралятаў, кветачкі кружыць пачаў (дзеці бягуць па крузе).
Налева хіснуліся – нізка прагнуліся (нахілы налева)
Направа хіснуліся – нізка прагнуліся (нахілы направа)
Ветрык, ветрык, уцякай! (рукі з кветкамі ўперад)
кветачкі ты нам не ламай! (прысяданне)
Хай яны растуць, растуць (рукі ўгору, падымаюцца на наскі).
Дзецям радасць прынясуць! (махі кветкамі ўверсе)
                                               
(паўтараюць 2–3 разы)

 

В. (Звяртаю ўвагу на малюнкі дзяцей) З дапамогай чаго мы сёння малявалі? Ці спадабалася вам маляваць ніткамі? Што было цяжка?(Адказы дзяцей)

Вашы работы падсохлі, і мы можам аформіць выставу, каб мамы і таты таксама палюбаваліся вось такой прыгажосцю (дзеці размяшчаюць свае малюнкі на выставе).

 

Рэфлексія

В. Дзеці, у вас на сталах знаходзяцца кветачкі: сумныя і вясёлыя. Калі вам занятак спадабаўся, то вазьміце вясёлую кветачку, а калі не спадабаўся – сумную (дзеці выбіраюць кветкі).   

В. Занятак у “Школе малявання” заканчваецца. Давайце скажам Феі Фіялцы вялікі дзякуй і будзем чакаць новай сустрэчы.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий