Першакласная падрыхтоўка

- 15:18Персона

1 верасня настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 Паставаў Карына Куранова правядзе свой першы ўрок. А пакуль яна крыху хвалюецца, чакаючы гэтай падзеі, і рыхтуецца да новага навучальнага года.  

Неперадавальныя эмоцыі 

Некалькі мінут размовы з маладым спецыялістам — і становіцца відавочна: яна з лёгкасцю возьме ў палон сваёй абаяльнасці сэрцы маленькіх вучняў. Чароўная ўсмешка, энергічны голас, вочы, якія выпраменьваюць натхненне і запал, — з такім правадніком першакласнікаў-непасед чакае захапляючае падарожжа ў краіну ведаў.   

— Мне заўсёды падабалася мець зносіны з дзецьмі, прычым розных узростаў, — расказвае Карына Куранова. — Але канчаткова вызначылася з выбарам прафесіі, калі ў нашай школе праводзілі дзень самакіравання. Мне даручылі весці ўрок англійскай мовы. Калі ўбачыла, што нядрэнна атрымліваецца і настаўніцкая справа мне падабаецца, я адразу зразумела, кім хачу быць. 

Пасля 9 класаў дзяўчына паступіла ў Полацкі каледж ВДУ імя П.М.Машэрава. І вось яна ўжо малады спецыя­ліст, у жніўні яе чакаюць на першым працоўным месцы — у школе № 3 роднага горада Паставы.

Безумоўна, яна хвалюецца, бо ўжо паспытала настаўніцкага хлеба падчас практыкі і добра ўсведамляе: уяўленне аб прафесіі — гэта адно, у рэальнасці ж даводзіцца сутыкацца з тым, чаго часам нельга прадбачыць. 

— Калі ты першы раз пераступаеш парог класа, гэта вельмі сур’ёзнае выпрабаванне, — адзначае маладая настаўніца. — Эмоцыі неперадавальныя. З аднаго боку, ты разумееш, што трэба знайсці падыход да кожнага вучня. А з другога — 40 мінут неабходна ўтрымліваць іх увагу. Задача з няпростых. Першакласнікам цяжка сканцэнтравацца, таму праз 10—15 мінут ім варта прапаноўваць новыя формы работы. Нават гульнявыя метады ім хутка надакучваюць, і дзеці губляюць цікаўнасць. Такім чынам, на працягу ўрока трэба заўсёды знаходзіцца ў тонусе і мець у запасе шмат варыянтаў заданняў, а іншы раз нават і пабыць аніматарам: гэта ж зусім маленькія вучні — іх важна заахвочваць, натхняць прызамі і добрымі словамі. 

— Таксама нельга спісваць з рахункаў і тое, што дзеці — вялікія гарэзы і могуць у любы момант паднесці сюрпрыз.

— Менавіта так. Недарэчных выпадкаў хапае. І галоўнае ў такой сітуацыі не разгубіцца, — падкрэслівае Карына Уладзіміраўна. — Аднойчы на ўроку хлопчык залез пад парту і пачаў енчыць. Што рабіць? Як рэага­ваць? Быць строгай ці кідацца супакойваць? Думкі змянялі адна адну. І тут я ўспомніла, што на занятках у каледжы казала наша выкладчыца метадыст Алена Іванаўна Дрозд: “Задзірлівыя паводзіны дзяцей — гэта спроба звярнуць на сябе ўвагу: калі вы дадзіце слабіну, пакажаце, што вамі можна маніпуляваць — яны будуць заўсёды карыстацца такой магчымасцю. Лепш зрабіць выгляд, нібыта нічога над­звычайнага не адбываецца, і паступова ўцягнуць дзіця ў дыялог”. І што вы сабе думаеце: такі хітры метад на самай справе дзейнічае. Праз некаторы час хлопчык далучыўся да астатніх вучняў і нават пачаў руку паднімаць. 

Карына дадае, што шмат пытанняў узнікае і на фізкультуры — многія пачаткоўцы ўспрымаюць гэты ўрок як вялікі перапынак. Задача настаўніка — прывучыць іх да дысцыпліны і пака­заць: нягледзячы на тое, што клас гуляе з мячом ці бегае, гэта такі ж урок, як матэматыка. 

Пошукі і надзеі

Зараз у маладога спецыяліста невялікі тайм-аўт: з каледжам яна развіталася, а свае настаўніцкія абавязкі пачне выконваць толькі ў жніўні. Але дзяўчына не марнуе вольны час, а старанна рыхтуецца да першых урокаў: распрацоўвае метады, як з вучнямі лепш асвойваць алфавіт, як хутчэй навучыць іх пісаць і лічыць. 

Лічу, што ў маім жыцці пачынаецца перыяд, калі я павінна ўвесь час пакараць новыя вяршыні. З задавальненнем прыму ўдзел і ў творчых, і ў спартыўных спаборніцтвах. Мару прынесці перамогу школе ў якім-небудзь конкурсе як настаўнік.

— У сувязі з гэтым хочацца ска­заць вялікі дзякуй выкладчыкам нашага каледжа. Яны нас забяспечылі вельмі грунтоўнай базай, — заўважае педагог. — На развітанне падрыхтавалі для выпускнікоў вялікі пакет метадычных напрацовак і нагляднага матэрыялу і дазволілі звяртацца да іх па любых пытаннях — для гэтага нават стварылі групу ў Viber.

Асобная тэма — навучанне ляўшэй. 

— Я вельмі ёй зацікавілася. Ведаю, што зараз шмат дзяцей, якія пішуць левай рукой. Таму чытаю спецыяль­ную літаратуру, хачу падрыхтаваць для іх максімальна эфектыўную методыку, — тлумачыць настаўніца. — Каб выявіць такіх вучняў у класе, у першы ж дзень раздам усім па аркушы паперы і пагляджу, у якую руку яны возь­муць ручкі і алоўкі. Магчыма, буду з імі зай­мацца асобна, калі спатрэбіцца, то і пасля ўрокаў. 

У адказе за вучняў

Дзяўчына не хавае, што ёй крыху боязна браць на сябе адказнасць за маленькіх дзяцей. І тут няма нічога дзіўнага. Настаўнік пачатковых класаў — гэта першы чалавек, які сустракае вучняў у школе, і ад яго шмат у чым залежыць, якім будзе далейшы вучнёўскі лёс дзіцяці. 

— Настаўнікі побач са школьнікамі знаходзяцца даволі працяглы час. Назіраюць, як іх выхаванцы развіваюцца, сталеюць, як у іх фарміруецца характар. Нават самыя нязначныя дэталі могуць шмат аб чым свед­чыць, — дзеліцца сваімі меркаваннямі Карына Уладзіміраўна. — Да таго ж у гэтым узросце ўзнікаюць першыя сімпатыі паміж дзяўчынкамі і хлопчыкамі. Іх пачуцці вельмі шчырыя, не завуа­ліраваныя, і гэта падкупляе. Важна заўважыць гэтую прыхільнасць, тактоўна падказаць дзіцяці, як сябе лепш паводзіць, як звярнуць на сябе ўвагу. Аднойчы назірала такую сітуацыю: вучань пачатковых класаў цягнуў два партфелі — свой і сяброўкі. Сам маленькі-маленькі, было бачна, што яму цяжкавата, але ўсё роўна паводзіў сябе па-джэнтльменску. Гэта выклікае і добрую ўсмешку, і гордасць за тое, што расце сапраўдны мужчына. 

Творчыя планы

Малады педагог не выключае, што, калі лепш пазнаёміцца са сваімі вучнямі, завядзе акаўнт класа ў Instagram, каб там размяшчаць справаздачы з розных мерапрыемстваў і свят. Сучасным дзецям падабаецца такая форма ўзаемадзеяння. Яны самі не горш за дарослых ужо могуць здымаць ролікі для пастоў.

— Яшчэ адна задума, якую я спа­дзяюся здзейсніць, — арганізаваць для сваіх навучэнцаў тэатральны гурток, — расказвае Карына. — Я ўпэўнена, што зацікавіць такой дзейнасцю можна амаль кожнае дзіця. Прычым не абавязкова ўсім выходзіць на сцэну. Хтосьці з задавальненнем будзе маляваць, ствараць касцюмы, дэкарацыі. 

Малады педагог будзе працаваць у адной школе разам са сваёй маці.

А агульная справа — гэта якраз тое, што аб’ядноўвае вучняў, дазваляе ім хутчэй пасябраваць, стаць згуртаваным калектывам, што асабліва актуальна ў пачатковай школе. З іншых пераваг — тэатральнае мастацтва дапамагае раскрыць здольнасці вучняў, разняволіць іх. Дзіця часам саромеецца праявіць сябе, а падчас спектаклю яно выконвае ролю і нібыта становіцца іншым чалавекам. Яно можа дазволіць сабе не зусім характэрныя паводзіны, эмоцыі, якія не адважваецца дэманстраваць у звычайным жыцці, напрыклад гучна пасмяяцца ці заплакаць. Лічу, што такі від творчасці дае добры псіхалагічны эфект.

Дарэчы, маладая настаўніца іграе на гітары і сачыняе песні. Яна абяцае, што абавязкова падрыхтуе для сваіх выхаванцаў музычны сюрпрыз. Калі не на 1 верасня, то крыху пазней прысвеціць ім сваю новую кампазіцыю. Упэўнена, першакласнікі будуць у захапленні ад такога незвычайнага падарунка. 

 

Святлана ЛОЦМАНАВА
Фота прадастаўлена сярэдняй школай № 3 Паставаў

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий