Хойніцкія гімназісты наведалі памятныя месцы  

- 15:00ГОМЕЛЬЩИНА, Регионы

Дзеці, якія жывуць на тэрыторыі, забруджанай радыёнуклідамі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, маюць права аздараўлення на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Групы вучняў гімназіі г. Хойнікі гэтым летам аздараўляліся ў ДРАЦ “Ждановічы”.

Педагогі спланавалі адукацыйны маршрут аздараўлення. Першым урокам “аздараўлення памяці” стаў мемарыяльны комплекс “Ала”, які размешчаны на месцы спаленай 14 студзеня 1944 года вёскі. Навакольная цішыня, абрысы знішчаных дамоў, цені спаленых людзей і бясконцыя імёны загінулых закранулі сэрцы юнакоў і дзяўчат.

Наведванне музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску было наступным крокам далучэння юнакоў да вялікага подзвігу продкаў. У час экскурсіі па тэматычных залах музея дзеці ўбачылі жахі вайны на палотнах мастака Міхаіла Савіцкага, вязня канцэнтрацыйных лагераў смерці. Серыя работ “Лічбы на сэрцы” кранае кожнага, раскрывае антычалавечую сутнасць фашызму. Пасля наведвання музея вучні адчулі гонар за званне нашчадкаў Перамогі.

Трэці ўрок прайшоў у гісторыка-культурным комплексе “Лінія Сталіна”. Моц дотаў, ваенная тэхніка, разнастайныя абарончыя збудаванні пакінулі глыбокі след у душах падлеткаў. Дзеці ўсвядомілі, якім коштам здабывалася Перамога, зразумелі каштоўнасці міру, свабоды і незалежнасці роднай краіны.

У Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа вучні гімназіі Хойнік далучыліся да ўсебеларускай хвіліны маўчання “Мы памятаем”, ушанаваўшы памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны каля памятнага каменя ў бярозавым гаі ДРАЦ “Ждановічы”.

Дэманстрацыяй засвоеных ведаў, унутраных пачуццяў і перажыванняў стала літаратурна-музычная кампазіцыя “Мы памятаем і ганарымся”, якую правялі ў здраўніцы вучні і педагогі нашай гімназіі. Са сцэны гучалі вершы, проза, песні, прысвечаныя людзям, подзвігу, любові да Радзімы.

У Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь мы наведалі мемарыял “Аперацыя Баграціён”. У выніку такой работы па “аздараўленні памяці” вучні лепш усведамляюць сябе грамадзянамі краіны і месца, дзе яны жывуць, любяць Радзіму, сям’ю, сяброў, хочуць зрабіць жыццё лепшым і прыгажэйшым.

 

Аляксандра БЯЛЯЎСКАЯ, Наталля ХОДАС,
настаўнiкi гiмназiі г. Хойнiкi

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий