Не з ведамі да вучняў, а з вучнямі да ведаў  

- 11:40Первое рабочее место

Шлях любога настаўніка пачынаецца са статусу “малады спецыяліст”, – калі ён упершыню пачынае працаваць па спецыяльнасці, атрымлівае першы вопыт. Быць маладым спецыялістам – гэта добрая магчымасць праявіць сябе, паказаць свае таленты, пракласці дарогу ў будучыню. Такі педагог мае пастаянную падтрымку з боку адміністрацыі і калег. Чаго можа дасягнуць малады настаўнік і якія перспектывы для яго адкрыты?

Караліна Генрыхаўна Маркевіч – настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 41 Гродна. У 2019 годзе пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы па спецыяльнасці “Беларуская філалогія (літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць)” яна прыйшла ў новую школу і пачала свой шлях настаўніка. Першымі вучнямі былі пяцікласнікі. Караліна Генрыхаўна адразу стала класным кіраўніком.

Першы год прынёс і радасці, і цяжкасці. Караліна Генрыхаўна кожны дзень вучылася быць часткаю педагагічнай сям’і. Сваім педагагічным крэда яна ўзяла словы – навучаючы іншых, мы вучымся самі. Абавязковымі для кожнага ўрока сталі пошук і творчасць. У рабоце прытрымліваецца важных педагагічных прынцыпаў: аснова ўсяго – душа чалавека; душа абавязана працаваць; мэта творчасці – самааддача; не з ведамі да вучняў, а з вучнямі да ведаў; дапамагаць вучню стаць асобай. З першых дзён паказала сябе ўдумлівым, граматным педагогам, які мае метадычную і тэарэтычную падрыхтоўку. Яе ўрокі цікавыя, творчыя, карысныя для кожнага вучня.

У рабоце многіх маладых спецыялістаў ёсць яшчэ адна важная місія – быць класным кіраўніком. Якой бы ні была цяжкай дзейнасць класнага кіраўніка, яна неабходна дзецям, паколькі клас – гэта асноўнае структурнае звяно ў школе.

Не сакрэт, што візітнай карткай Беларусі з’яўляецца лён. Каб яго атрымаць у ідэальным відзе, патрэбен час і вялікая праца. Тое ж самае і з дзецьмі ў класным калектыве: згуртаваць, навучыць міласэрнасці, дабрыні, сяброўству, зрабіць дзіцячыя душы чыстымі – задача, якая патрабуе цярпення, сіл, часу і жадання. У многім менавіта ад класнага кіраўніка залежыць, якімі будуць вучні ў будучым, кім яны стануць, як навучацца пераадольваць праблемы і цяжкасці, ці будуць з павагай адносіцца да слоў “Радзіма”, “дружба”, “мама”, “любоў”, ці вырастуць сапраўднымі людзьмі, якімі можна будзе ганарыцца.

Школьнае жыццё класа Караліны Маркевіч заўсёды насычанае і разнастайнае. Вучні чакаюць сумесных мерапрыемстваў і класных гадзін. Для іх гэта час адпачынку і магчымасць пабыць проста дзецьмі. Класныя гадзіны – гэта не толькі гутаркі на прапанаваную або выбраную тэму, часта гэта творчыя мерапрыемствы (вусны часопіс, віртуальная экскурсія па малой радзіме, інсцэніроўкі, віктарыны, падарожжы). З задавальненнем вучні класа прымаюць удзел у школьных акцыях (“Кармушка”, “Цуды на Каляды”, “Нашы дзеці”, “Флікер”, гірлянда добрых спраў, “Крышачкі”), выставах вырабаў з непатрэбных рэчаў, навагодніх кампазіцый, выставах газет (да Дня настаўніка, да Дня маці), конкурсах (матэматычных газет, “Міс Восень”, творчых кампазіцый). Арганізаваныя экскурсіі таксама спрыяюць збліжэнню членаў класнага калектыву, дораць магчымасць пабыць разам па-за межамі школьных сцен. Разам з Каралінай Генрыхаўнай вучні наведалі музеі, віртуальную пляцоўку, батутны цэнтр, цэнтр бяспекі дарожнага руху, кінатэатры.

А зараз прыгледзьцеся да шыпшыны. З першага погляду, прыгожая, радуе вока, але паспрабуйце сабраць кветкі ў букет. Не атрымаецца адразу, бо яна пакажа свой характар праз шыпы. Трэба вытрымка і цярпенне, каб дабіцца свайго – патрымаць у руках шыпшыну. Так адбываецца і з любым конкурсам, канферэнцыяй, фестывалем. Прыняць удзел можа кожны, а вось перамагчы – больш складана. Які цяжкі шлях да таго, каб трымаць у руках шыпшыну, такі і цяжкі шлях да перамогі ў конкурсах. Але гэта патрэбна настаўніку, у тым ліку і маладому спецыялісту, так ён самаўдасканальваецца, развіваецца і дабіваецца прафесійнага поспеху.

К.Г.Маркевіч стараецца праяўляць актыўнасць у прапанаваных ёй конкурсах. У рамках дзейнасці Школы ўдасканалення педагагічнага майстэрства штогод у сярэдняй школе № 41 Гродна праходзіць конкурс метадычных распрацовак “Мой лепшы ўрок”, мэта якога спрыяць развіццю навукова-метадычнага патэнцыялу педагагічных работнікаў школы. Асаблівасцю конкурсу з’яўляецца тое, што ў ім могуць прымаць удзел усе настаўнікі незалежна ад педагагічнага стажу і кваліфікацыйнай катэгорыі. Караліна Генрыхаўна паспрабавала свае сілы ў конкурсе і была ўзнагароджана дыпломам I ступені ў намінацыі “Лепшая метадычная распрацоўка ўрока II і III ступені агульнай сярэдняй адукацыі” (2021 г.). Яе распрацоўка “Васіль Быкаў. “Незагойная рана”. Вобраз галоўнай гераіні” была ацэнена журы дыпломам I ступені ў намінацыі “Рэалізацыя выхаваўчага патэнцыялу” (2022 г.). Яшчэ адной магчымасцю праявіць сябе сталі абласныя адкрытыя Каложскія навукова-адукацыйныя чытанні, у якіх Караліна Генрыхаўна прымала ўдзел індывідуальна (дыплом I ступені) і разам са сваімі вучнямі (дыплом удзельніка). Малады педагог два разы ўдзельнічала ў міжнародным фестывалі педагагічных ідэй “Прызванне – педагог”, арганізаваным Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі. Мэта фестывалю – рост прафесійнага майстэрства маладых педагогаў. Хутка, цікава, насычана і вельмі пазнавальна праходзяць фестывальныя дні. Дзякуючы ўдзелу ў фестывалі Караліна Генрыхаўна зразумела, што можа напаўняць свае ўрокі новымі формамі і метадамі, цікавымі для вучняў, хоча быць педагогам з вялікай літары і прыкладаць для гэтага ўсе намаганні, будзе імкнуцца толькі наперад, смела пераадольваючы ўсе цяжкасці і выпрабаванні. У 2021 годзе маладая настаўніца далучылася да абласнога конкурсу “Паспяховы старт” і прадставіла журы сваё партфоліа.

Караліна Маркевіч лічыць валошку сваёй кветкай: валошка сімвалізуе нашу краіну, а малады педагог нясе ў свет родную мову і культуру. Будучы настаўнікам беларускай мовы і літаратуры і з’яўляючыся ўдзельнікам розных творчых аб’яднаннях, яна імкнецца паказаць іншым людзям прыгажосць, мілагучнасць, спеўнасць, непаўторнасць беларускага слова, перадаць яго прывабнасць і асаблівасць, з гонарам нясе назву “беларусачка”. Караліна Генрыхаўна з’яўляецца членам школьнага метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, у рамках якога праходзяць паседжанні, нарады, сустрэчы, майстар-класы. Яна прымае актыўны ўдзел у кожным паседжанні, выступала з тэмамі “Развіццё культуралагічнай і культуратворчай кампетэнцый вучняў на вучэбных занятках па беларускай літаратуры”, “Кампетэнтнасна-арыентаваныя заданні пры вывучэнні беларускай мовы”. У час правядзення раённага метадычнага аб’яднання для настаўнікаў беларускай і рускай мовы і літаратуры на тэму “Інфармацыйныя камунікацыйныя тэхналогіі настаўнікаў рускай мовы і літаратуры і беларускай мовы і літаратуры ў адукацыйным працэсе” малады спецыяліст выступіла з дакладам “Развіццё інфармацыйна-камп’ютарных кампетэнцый маладога спецыяліста праз удзел у дыстанцыйных конкурсах”.

Караліна Генрыхаўна таксама з’яўляецца членам Школы маладога настаўніка, дзе ствараюцца ўмовы для фарміравання прафесійнай кампетэнтнасці маладога спецыяліста, імкнення да самаадукацыі і развіцця творчага патэнцыялу асобы педагога. Кожную чвэрць ШМН запрашае на паседжанні, круглыя сталы, дыскусіі. Штогод у рамках Школы праходзіць месячнік адкрытых урокаў маладых спецыялістаў. Караліна Генрыхаўна праводзіла адкрытыя ўрокі па беларускай мове (“Антонімы”) і па беларускай літаратуры (“Янка Маўр “Багіра”. Сюжэт літаратурнага твора”). Яна з задавальненнем наведвае заняткі Школы камп’ютарнай граматнасці і Школы ўдасканалення педагагічнага майстэрства. У рамках дэкады педагагічнага майстэрства “Пошук. Творчасць. Знаходкі” ўдзельнічала ў майстар-класах, творчых лабараторыях, студыях педагагічнага майстэрства настаўнікаў першай і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорый.

Сёння для маладога педагога адкрыты ўсе дзверы для праяўлення свайго “Я”. Галоўнае, знайсці свой шлях і не згубіцца. Калі паглядзець на званочак, то здзіўляе, колькі ж кветачак змяшчаецца на адной сцяблінцы. У такім відзе званочак нагадвае настаўніка. Здаецца, што чалавек адзін, але роляў у яго многа. І гэта вельмі добра! Настаўнік павінен быць актыўным, дзейсным, бо такім чынам ён падае прыклад сваім вучням – будучаму пакаленню краіны. Караліна Генрыхаўна з’яўляецца членам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Беларусі, уключана ў перспектыўны спіс кандыдатаў на пасаду кіраўнікоў і адміністрацыйных супрацоўнікаў навучальных устаноў, у летні аздараўленчы перыяд працавала педагогам-арганізатарам і выхавальнікам у прышкольным лагеры, адказвае за журнал здароўя сярод настаўнікаў старшай школы, прымала ўдзел у Летняй школе маладога педагога пры Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Яна пастаянна самаразвіваецца, таму з радасцю пазнаёмілася з інфармацыйнымі платформамі (Zoom, menti.com, Google-прэзентацыі, Google-формы, LearningApps, Plickers) і актыўна прымяняе новыя тэхналогіі на сваіх уроках.

Дзякуючы граматнаму суправаджэнню і ўласнаму развіццю сёння Караліна Маркевіч – настаўнік другой кваліфікацыйнай катэгорыі. Безумоўна, за плячыма маладога спецыяліста ёсць падзеі, якімі можна ганарыцца, а наперадзе – цікавыя старонкі педагагічнага жыцця. Няхай творчы патэнцыял разгараецца з кожным годам, каб падняцца да высокай ступені прафесіяналізму.

 

Таццяна ЛОЙША,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 41 Гродна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий