Сапраўднае прызванне

- 16:34Первое рабочее место

Уладальніца звання “Лепшы малады спецыяліст” Магілёўскага раёна настаўніца пачатковых класаў Сухараўскага ясляў­сада — сярэдняй школы імя Ю.М.Двужыльнага Яна Валер’еўна Кінішэнка з нецярпеннем чакае новага навучальнага года, каб хутчэй сустрэцца са сваімі другакласнікамі.

— Шчыра кажучы, у мяне страх сцэны, ніколі не любіла выступаць на вялікую аўдыторыю. Мне падабаецца працаваць у ціхай і спакойнай абстаноўцы. Калі сярод калег пачаліся размовы пра конкурс, я спадзявалася, што гэта пройдзе міма мяне. Але ў выніку прапанавалі паўдзельнічаць менавіта мне. Мы пачалі пад­рыхтоўку. Актыўна дапамагала настаўніца пачатковых класаў Таццяна Аляксандраўна Султанава. Лічу, што толькі дзякуючы каласальнай падтрымцы калектыву я атрымала дыплом I ступені, — расказвае малады спецыяліст. 

Сярод старэйшых прадстаўнікоў сям’і Яны Кінішэнка не было настаўнікаў. Яе сястра першая пайшла ў педагогі і пачала выкладаць замежную мову. А Яна Валер’еўна разумела, што яе прыцягвае работа з маленькімі дзецьмі, і выбрала прафесію настаўніка малодшых класаў. 

— Ужо ў пачатку адзінаццатага класа я загарэлася гэтай ідэяй. Падчас вучобы ў школе прахо­дзілі дні самакіравання. Цэлы дзень настаўніцкі пакой быў у нашым распараджэнні. Мне дасталася роля настаўніцы беларускай мовы і літаратуры. З таго моманту і ўзнікла мара стаць педагогам. Мой выбар выпаў на факультэт пачатковай і музычнай адукацыі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова. Падчас вучобы асабліва падабаліся практыкі. Нас размяркоўвалі па школах і першапачаткова дазвалялі толькі назіраць урокі, але з другога курса нас ужо дапускалі весці заняткі. Захапляла пад­рыхтоўка да адкрытых урокаў. Дарэчы, заўсёды атрымлівала высокі бал за іх. Настаўнікі, якія курыравалі нас падчас практык, казалі, што не абавязкова ўсё атрымаецца з першага разу, але галоўнае — жаданне і добрыя ўзаемаадносіны з дзецьмі. Так і выйшла. Бывалі моманты сумненняў, але яны хутка прахо­дзілі. Выпускаючыся з універсітэта, я ўсвядоміла, што быць педагогам — маё сапраўднае прызван­не, — адзначае малады педагог. 

У Яны Валер’еўны мэтавае накіраванне ад універсітэта. Такім чынам яна апынулася ў аграгарадку  Сухары Магілёўскага раёна. Адміністрацыя школы і калегі цёпла прынялі дзяўчыну ў свой калектыў. 

— Чакаю новага навучальнага года, каб хутчэй сустрэцца са сваімі другакласнікамі. З малымі мне камфортна. Я разумею, што мне лягчэй чамусьці навучыць іх, бо яны больш паслухмяныя, чым старшакласнікі. Вядома, ад бацькоў выхаванцаў таксама многае залежыць. Але мне і тут пашанцавала: яны вельмі падтрымліваюць, — зазначае педагог.  

Пакуль што Яна Валер’еўна не практыкуе якія-небудзь уласныя метады навучання, бо яна толькі напрацоўвае вопыт. 

— Я актыўна карыстаюся папулярнымі прыёмамі і парадамі старэйшых калег. Напрыклад, з універсітэцкай практыкі мне запомніўся адзін прыём — размяшчаць магніты на дошцы, каб вучні выкарыстоўвалі іх для цікавых заданняў падчас перапынку. З дапамогай такіх лайфхакаў дзеткі паляпшаюць маторыку, вучацца лічыць і вызначаць колеры. Пастаянна знаходжу шмат займальных гульняў у адкрытых крыніцах інфармацыі. Раблю ўхіл на інтэрактывы, каб заўсёды была сувязь з класам, — адзначае педагог. 

Яна Валер’еўна закранула праблему, актуальную для маладых спецыялістаў: чаму яны надоўга не затрымліваюцца ў прафесіі:

— Лічу, што тут пакуль няма наладжанай сістэмы. Маладых спецыялістаў размяркоўваюць па аграгарадках і вёсках, але для іх не забяспечана магчымасць хуткага праезду да месца працы, узнікаюць некаторыя нязруч­насці з жыллём паблізу. Асабіста ў мяне дарога з горада і назад зай­мае шмат часу. Аўтобус ез­дзіць два разы на дзень — зранку і пасля абеду. Такім чынам, калі не паспяваю на аўтобус, трэба прасіць кагосьці падвезці. Кошт праезду на аўтобусе на парадак вышэйшы, чым у горадзе, у выніку атрымліваецца вялікая сума. Для мяне гэтыя нюансы не важныя, таму што я люблю сваю работу і гатова ахвяраваць камфортам. Але што тычыцца маіх аднакурснікаў і калег, то не кожны згодны на такія ўмовы.

Настасся ЧАРКАНАВА
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий