Усё паспяваць

- 12:03Первое рабочее место

Кірыл Шымановіч са студэнцкіх гадоў пачаў сумяшчаць вучобу ва ўніверсітэце і работу ў школе, дзякуючы чаму загадзя вырашыў пытанне першага працоўнага месца. 

Фізіка ўсяму віной

Вызначальным у жыцці падлетка з Паставаў, што ў Віцебскай вобласці, стаў момант, калі пасля сямі класаў ён перайшоў вучыцца ў гімназію. Мела яна матэматычны ўхіл, і менавіта тут Кірыл Шымановіч пасябраваў з дакладнымі навукамі, асабліва з фізікай. 

— Мне пашанцавала з настаўнікам. Юрый Мікалаевіч Варанько так цікава выкладаў прадмет, што я і не заўважыў, як урокі фізікі сталі маімі любімымі. Падкупіла стаўленне педагога да вучняў — вельмі адкрыты, ён шчодра аздабляў тэорыю практыкай, мог адысці ад тэмы, каб паразмаў­ляць з намі. Ён стаў для мяне прыкладам, — дзеліцца малады спецыяліст.

Настаўніку настолькі ўдалося захапіць Кірыла фізікай, што гімназіст далучыўся да навукова-даследчай дзейнасці. Кожны год з Юрыем Мікалаевічам яны працавалі над рознымі тэмамі, прымалі ўдзел у навуковых канферэнцыях. 

Усё гэта і натхніла Кірыла Шымановіча пайсці па слядах свайго педагога, стаць першым у сваёй сям’і прадстаўніком высакароднай прафесіі. Ён без цяжкасцей паступіў на фізіка-матэматычны факультэт БДПУ імя Максіма Танка, маючы саліднае партфоліа. А вось сама вучоба патрабавала шмат сіл, асабліва на першых курсах.

“У яго ёсць важная якасць — жаданне працаваць!” Так гавораць пра Кірыла Шымановіча яго калегі-настаўнікі мінскай сярэдняй школы № 52.

— Колькасць лабараторных работ зашкальвала. Пісалі і абаранялі іх пастаянна. Не хаваю, што былі і пераздачы. Да таго ж працягнуў займацца навукова-даследчай дзейнасцю, прымаў удзел у міжнароднай навукова-практычнай інтэрнэт-канферэнцыі “Інавацыйныя падыходы да навучання фізіцы, матэматыцы, інфарматыцы”, — адзначае Кірыл Ягоравіч.

Бясцэнны вопыт 

Аднак куды больш насычаным стала яго жыццё на трэцім курсе, калі пачалася практыка.

— Мяне накіравалі весці ўрокі фізікі ў дзявятых класах мінскай сярэдняй школы № 167. А мая аднагрупніца праходзіла практыку ў школе № 52, якая лічыцца адной з самых вялікіх навучальных устаноў у нашай краіне па колькасці вучняў. Так сталася, што я далучыўся да педагагічнага калектыву гэтай школы — яны шукалі настаўніка, які будзе займацца матэматыкай з дзецьмі-надомнікамі. Аднак пасля размовы з намеснікам дырэктара мне даверылі 5-я класы, — успамінае малады спецыяліст.  

На аснове свайго дыплома  “Рэалізацыя прынцыпу гістарызму ў фізіцы ва ўмовах лічбавізацыі сістэмы адукацыі” малады спецыяліст распрацаваў адукацыйны сайт, які з верасня будзе ў агульным доступе.

Так, з сакавіка 2021 года ён як практыкант вучыў дзевяцікласнікаў фізіцы, потым далучаўся да пяцікласнікаў, якім выкладаў матэматыку.

— Шчыра кажучы, з такімі малымі дзецьмі было складана працаваць. Яны шумныя, актыўныя, арганізаваць іх і зацікавіць аказалася няпроста. Мне здавалася, што я ўжо на грані эмацыянальнага выгарання. Але гэта быў бясцэнны вопыт, — з усмешкай падкрэслівае мой сураз­моўнік. 

Сумяшчаць вучобу і работу ў школе Кірыл Ягоравіч працягнуў і ў наступным годзе. Гэтым разам яму даверылі паралель 8-х класаў. Неабходна было рыхтавацца да дзяржаўных экзаменаў, пісаць дыплом і знаходзіць час, каб весці ўрокі, правяраць школьныя сшыткі. 

— Часам даводзілася браць іх з сабой на лекцыі, бо часу катастрафічна не хапала. Пры гэтым мне прапанавалі падрыхтаваць адну з вучаніц да ўдзелу ў навукова-даследчай канферэнцыі. З васьмікласніцай Марыяй Мацкевіч мы працавалі над тэмай бесправадной электрычнасці, якой я сам захапіўся яшчэ ў школьныя гады. Мы занялі 1-е месца ў Фрунзенскім раёне, выйшлі на гарадскі ўзровень, але па волі лёсу ў той дзень, калі была абарона работы, я трапіў у бальніцу. Да атрымання дыплома нам не хапіла некалькіх балаў. Спадзяюся, у гэтым годзе мы дасягнем большага поспеху, — гаворыць Кірыл Ягоравіч. 

Упэўнены, мяне чакае цікавы навучальны год! Адных толькі 8-х класаў, дзе буду выкладаць фізіку, дзесяць. А яшчэ інфарматыка ў 9-х і астраномія ў 11-х класах. І абавязкова працягну навукова-даследчую работу са школьнікамі.

Адметна, што на аснове свайго дыплома  “Рэалізацыя прынцыпу гістарызму ў фізіцы ва ўмовах лічбавізацыі сістэмы адукацыі” малады спецыяліст распрацаваў адукацыйны сайт, які з верасня будзе ў агульным доступе.

— Калі пачаў выкладаць, заўважыў, што дзецям цікава слухаць гісторыі пра вучоных, як і калі яны зрабілі свае адкрыцці. Я даследаваў біяграфіі больш як 30 навукоўцаў і ў даступнай форме адлюстраваў іх дзейнасць на сайце. Ведаеце, зараз я паціху ўсведамляю, што вучоба скончылася і ў мяне будзе куды больш часу і магчымасцей займацца вучэбным працэсам. Шчыра кажучы, я ў прадчуванні плённай працы. Хвалююся? Ужо не — лічу, што баявое хрышчэнне я вытрымаў дастойна! 

Марына ЖДАНАВА 
Фота Алега ІГНАТОВІЧА

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий