Святлана РАЙБЕ,
музычны кіраўнік
ДУА “Яслі-сад № 4 г. Смаргоні,”
Гродзенская вобласць
Мэта: фармiраванне ўстойлiвай цiкавасці i станоўчых адносiн да беларускай мовы, жаданне авалодаць ёй; станаўленне рэпрадуктыўнага маўлення дзяцей на беларускай мове.
Праграмныя задачы: развіваць элементарныя навыкi зносiн на беларускай мове; фарміраваць уменне адрозніваць беларускае і рускае маўленне; навыкі ўзнаўлення кароткiх лiтаратурных твораў на беларускай мове; выхоўваць асновы нацыянальнага светапогляду.
Абсталяванне: бутафорскі лес, хатка для Восені, муляжы грыбоў, плоскасныя грыбы для правядзення гульні, два кошыкі, шапачка вожыка для інсцэніравання песні, шапачкі мядзведзіцы і медзведзяняці, бочачка мёду для драматызацыі казкі, касцюм Восені для дарослага, музычнае афармленне.
Ход забавы
Музычны кіраўнік: У гэтым годзе, як ніколі, восень парадавала нас цёплымі, сонечнымі дзянькамі. Давайце мы сёння крыху затрымаем іх і ўспомнім лепшыя восеньскія дзянькі.
1. Восень, восень залатая
Сее радасць на зямлі.
Хмарка ў сінім небе тае,
Мкнуць у вырай жураўлі.
2. Ніткай срэбнай павуцінне
У косах сонейка блішчыць.
Што за цуднае зіхценне!
Што за ціш вакол стаіць!
3. Я іду лясною сцежкай,
Як па мяккім дыване.
Восень з ветлівай усмешкай
На спатканне выйшла мне.
4. Ярка, хораша прыбрала
Ўсюды дрэвы і кусты
І зямлю памалявала
Ў колер жоўта-залаты.
(С. Новік-Пяюн)
5. Жаласна-прыгожа
Льюцца ў небе гукі,
Слухаюць лясы іх,
Луг, балота, лукі.
У бязмежным небе
Роўненькім шнурочкам
Жураўлі на вырай
Мкнуцца над лясочкам.
(Я. Колас)
Песня “Осень постучалась к нам”, сл. Т.Прапісновай
Музычны кіраўнік: Амаль з усіх дрэў абляцелі ўсе лісточкі. У лесе зараз ціха, спакойна. Давайце возьмемся за рукі і асцярожнымі крокамі, каб не парушаць пакой і не напалохаць лясных жыхароў, адправімся ў лес, да гаспадыні Восені. А па дарозе будзем назіраць, хто і як гатуецца да зімы.
Ідуць пад павольную музыку па выбары музычнага кіраўніка.
Вядучая: Вось мы і ў лесе. Тут і сыраежкі, рыжыкі, апенькі (гаворыць і паказвае муляжы). А ў зялёным моху – жоўтыя лісічкі. Пад бярозкай важна і гардліва стаіць на сваёй тонкай ножцы падбярозавік, а пад асінкай – прыгожы падасінавік. А паглядзіце – вось пад елкай – цар грыбоў – баравік. Як вы, дзеці, лічыце, гэта грыбы ядомыя ці неядомыя?
Дзеці: Ядомыя.
Вядучая: А вось прыгожы такі грыб (указвае на мухамор), ён ядомы?
Дзеці: Неядомы. Але таптаць нельга, ім лечацца і харчуюцца лясныя жывёлы, птушкі.
Вядучая: Зараз мы з вамі будзем збіраць ядомыя грыбы.
Гульня “Хто хутчэй назбірае ядомых грыбоў”
Вядучая: Гляньце, што я бачу? Хатку. І мне здаецца, нехта плача? Што здарылася, мы можам нечым памагчы?
Восень: Гэта я плачу, слёзы лью. На тое я і Восень.
Вядучая: І чаго так засумавала Восень-несмяяна?
Восень: Ну як мне не плакаць, як слёз не ліць, калі птушкі ў вырай збіраюцца, насякомыя пад пянёчкі хаваюцца. Вожыкі да майго прыходу засыпаюць. Хутка і лясныя жыхары пахаваюцца (Плача).
Музычны кіраўнік: Супакойцеся, не трэба так сумаваць. Мы з дзецьмі зараз вам заспяваем песню “А ў вас, як у нас” (спяваюць).
Восень: Сапраўды, вясёлая песня, аж вожыкі паказаліся.
Інсцэніраванне песні “Вожык”, муз. Чыркуна
Восень:
Вожыкі прыгожыя,
Толькі вось калючыя.
Зноў буду ліць я
Слязінкі гаручыя.
Дзяўчынка:
Дожджык сее беспрастанку;
Вецер свішча так, як звер…
Колькі лужын каля ганку!
А гразі, гразі, цяпер!
(Я. Колас)
Музычны кіраўнік:
Парасоны ўсім я дам,
І не страшны дожджык нам.
Танец з парасонамі “За окошком снова непогодица”, муз. І.Бейня
Вядучая: Я лічу, што хопіць, Восень, табе так капрызіць. Мы з дзецьмі ведаем казку, у якой капрызулька таксама быў.
Восень: А які ў казкі канец? Добры ці не?
Вядучая: Вось зараз ты аб гэтым даведаешся.
Драматызацыя казкі “Про маленького мишку – упрямого сынишку” У.Арлова
Восень: Няўжо я была такой капрызнай, як гэта медзведзеня? Не, больш так не буду, мне пасля гэтай казкі вельмі сорамна плакаць. Навокал шмат усяго прыгожага, цікавага, а капрызіць, шкодзіць – гэта дрэнна. Дзякуй вам, дзеткі, што вы да мяне завіталі, забаўлялі.
Вядучая: І нам пара збірацца дадому. Да пабачэння.
Усе выходзяць з лесу, Восень махае ўсім услед.