Класная гадзіна для 5-га класа да Дня маці “Самы любімы чалавек на свеце…”

- 17:37Внеклассная работа, Методичка

Марына БЕЛАГАЛОВАЯ,
настаўнік біялогіі
ДУА “Сярэдняя школа № 23 г. Гродна

 

 

 

 

Мэты:

– садзейнічаць фарміраванню здольнасці параўноўваць сябе з іншымі людзьмі, усведамляць падабенства і адрозненне сваёй асобы;
– развіваць сяброўскія сувязі паміж дзіцячай і бацькоўскай супольнасцямі;
– спрыяць выхаванню ў вучняў пачуцця любові і павагі да родных і блізкіх людзей.

 

Ход мерапрыемства

Класны кіраўнік: Добры дзень, паважаныя матулі, дарагія вучні! Рада вітаць вас! Сёння я запрашаю вас на сумеснае свята, прысвечанае самым любімым і дарагім для нас людзям на свеце – нашым матулям. Вельмі прыемна, што ў Беларусі дзень 14 кастрычніка ўшаноўвае мудрых, клапатлівых, ласкавых жанчын – маці. Думаю, вы згадзіцеся з наступнымі маімі словамі: “Мама – гэта самае лепшае, што ёсць на свеце. Мама – гэта сонечны прамень на світанні. Мама – гэта радасць усіх сыноў і ўсіх дачок. Мама – гэта шчасце і мудрасць назаўсёды”.

Паважаныя мамы і вучні, звяртаюся да вас. Слова “мама” асацыіруецца са словам “сонейка”, бо яно такое ж цёплае і ласкавае, як нашы мамы. На дошцы размешчаны круг – цэнтр сонца, але няма праменьчыкаў. Я папрашу вас, дзеці, узяць са скрынкі раздатачны матэрыял і фламастары і запісаць на лісточках тыя якасці характару, якія вам больш за ўсё падабаюцца ў вашых матулях. А затым размясціце лісточкі ў выглядзе праменьчыкаў на дошцы.

Вучні выконваюць прапанаванае заданне. У выніку на дошцы атрымліваецца прыгожае, яркае, цёплае сонейка.

Класны кіраўнік: Паважаныя матулі, рыхтуючыся да нашай сустрэчы, навучэнцы-пяцікласнікі стварылі слайды “Хачу расказаць пра сваю маму”. Давайце паглядзім, што ў іх атрымалася.

Вучні на працягу адной хвіліны расказваюць пра сваіх мам на фоне слайдаў.

Класны кіраўнік: Шмат слоў напісана пра маміну ласку, пра добрыя і пяшчотныя маміны рукі. І зараз мы праверым, як жа вы, хлопчыкі і дзяўчынкі, памятаеце цёплыя рукі. Вызначым, ці зможаце распазнаць іх з завязанымі вачыма.

Дзеці з завязанымі вачыма па руках пазнаюць сваю маму, а затым мамы спрабуюць пазнаць свайго дзіця па носе. 

Класны кіраўнік: У нашым класе … (называем лічбу) сем’яў маюць толькі адно дзіця, дваіх дзяцей маюць … (называем лічбу) сем’яў, і … (называем лічбу) сем’і маюць траіх дзяцей. (Звяртаемся да мнагадзетнай маці) … Раскажыце, калі ласка, ці цяжка выхоўваць траіх дзяцей? Што Вы робіце для таго, каб дзеці раслі паслухмянымі і працавітымі? 

Выступленні матуль.

Класны кіраўнік: Паважаныя мамы, сёння ў нашым класе арганізавана выстава “Шчаслівая сям’я”. Я папрашу вас, дарагія мамы, паспрабаваць знайсці вобраз шчаслівай сям’і вачыма вашых дзяцей. 

Гучыць лёгкая ціхая музыка, вучні і мамы падыходзяць да малюнкаў. Мамы спрабуюць знайсці малюнак свайго дзіцяці.

Класны кіраўнік: А цяпер, хлопчыкі і дзяўчынкі, давайце падорым святочны букет з ласкавых слоў вашым мамам.

Дзеці бяруць раздатачны матэрыял, фламастары, пішуць ласкавыя словы і афармляюць на дошцы святочны букет пад тэмай класнай гадзіны Самы дарагі чалавек на свеце, затым усе разам спяваюць песню на мелодыю Лісце жоўтае.

Мама – гэта лепшае слова,
Мама – гэта лепшае імя,
Мама – паўтараю я зноў.
Мама – гэта сонца зямное,
Мама – гэта святло сярод ночы,
Мама – гэта шчасце вялікае.

Прыпеў:
І што б ні здарылася са мною,
Будзеш, мама, ты маім лёсам.
Верай я жыву тваёю вечна,
Бо мудрасць твая ўсё ж бясконцая.

Класны кіраўнік: Любіце, паважайце, беражыце маці, не рабіце ёй дрэнна сваімі словамі і ўчынкамі. Будзьце ўдзячны за працу і клопат пра вас, будзьце добрымі, чулымі, спагадлівымі. Пастаяннага клопату, увагі, сардэчнасці, спагады, добрага слова чакае ад вас мама. Не верце маме, што ёй не патрэбна ваша дапамога. Па меры сіл палягчайце ёй жыццё. Яна будзе шчаслівая.

Выказваючы сваю любоў да матуль хлопчыкі і дзяўчынкі стварылі віншавальныя паштоўкі, якія маюць магчымасць сёння ўручыць матулям.
    

Класны кіраўнік: Кожная матуля мае магчымасць пазнаць сябе на калажы, які мы стварылі ў сумеснай працы.

А цяпер, хлопчыкі і дзяўчынкі, перадаючы вось гэты прыгожы рамонак і адрываючы пялёсткі, давайце зачытаем запаведзі, якія вы павінны пранесці праз усё сваё жыццё да сваіх матуль.

Вось гэта сэрца – сімвал вялікага сэрца маці. Давайце запалім свечкі. Няхай яно гарыць так ярка, як гарыць любоўю, клопатам і трывогай за сваіх дзяцей кожнае матчына сэрца.

Давайце ўстанем і падыдзем бліжэй. Працягніце рукі, грэючы іх цяплом агню і адначасова закрываючы сэрца маці ад непатрэбных трывог і зла.

Мы кланяемся ўсім жанчынам-мацi за самаадданую любоў, дабрыню, за вашыя рукі, якія робяць на зямлі дабро і справядлівасць, упрыгожваюць жыццё, напаўняюць яго сэнсам, робяць шчаслівымі.

Кланяемся вам, мамы, за ваш вялікі мацярынскі подзвіг.

Кланяемся вам, мамы, за ваша разуменне, сардэчнасць, цярпенне, клопат.

Кланяемся вам, мамы, за тое, што вы несяце святло і цяпло не толькі дзецям, але і другім людзям.

Кланяемся вам, мамы, за Вашу вялікую самаадданую працу.

Кланяемся вам, мамы, душам сям’і, ахоўніцам сямейнага ачагу.

Класны кіраўнік: Сёння мы шмат новага даведаліся пра нашых мам, падарылі ім цэлы букет добрых і ласкавых слоў. А цяпер падыдзіце да дошкі і з дапамогай папяровых лісточкаў, на якіх намаляваны вусны, выкажыце свае адносіны да нашай сустрэчы: спадабалася вам ці не, скажыце словы ўдзячнасці сваім матулям.

Вось і падышла наша сустрэча да канца. Няхай гэтае свята – Дзень маці – стане для ўсіх дарагім і жаданым. Жадаю міру ў вашым доме, у вашай сям’і, дарагія мамы. Нізка кланяемся вам, жанчыны, чыё імя Маці!

Дзякуй усім за сумесную працу!

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий