“Я сэрцам пісаў сваю кожную песню…” Да 110-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка

- 12:16Авторские проекты, Аўтарскі праект Валянціны ЯТКОЎСКАЙ "Слаўныя імёны", Методичка

Максім Танк – Яўген Іванавіч Скурко (сапраўднае прозвішча). Народны паэт Беларусі. Велічная постаць на небасхіле беларускай паэзіі ХХ стагоддзя. Чалавек-легенда. Віртуозны пясняр-паэт, які спяваў міласцю Божай, які ўвасабляў тугу-роздум аб лёсе нашай Бацькаўшчыны. Яго самабытны творчы дар – асобная старонка ў гісторыі беларускай нацыянальнай літаратуры. Нават не старонка – цэлы этап, эпоха. Палымяна-прачулае слова Танка закадзіравала ў сабе ўсю сівую мінуўшчыну народа. Гэта як дотык вечнасці. Прыйшоў, аддаў, адышоў… І аддадзенае, застаецца назаўсёды…

Сёлета наша краіна адзначае слаўны юбілей – 110 гадоў з дня нараджэння волата паэтычнага духу. Максіма Танка няма з намі. Мінула шмат часу (1912–1995), як апусцеў Беларускі Парнас, як незвычайна душэўны і абаяльны чалавек “пастукаў у дзверы раю”. Мы схіляем галаву перад Сапраўдным Маэстра, які “сэрцам пісаў сваю кожную песню…”, кіруючыся зоркамі Дабра і Праўды, Гармоніі і Хараства.

Думкі няспешна сягаюць па дзесяцігоддзях, пераплятаюцца між сабой. Давайце задумаемся над чалавечай доляй, жыццёвымі пуцявінамі і творчым лёсам непаўторнай, ні з кім не параўнальнай, глыбока самабытнай, неардынарнай Асобы, які горача і кранальна працаваў на ніве роднага верша.

Будучы паэт нарадзіўся 17 верасня 1912 года ў вёсцы Пількаўшчына. Лёс не быў літасцівы да паэта. Няпроста склаліся жыццёвыя абставіны. Жылі вельмі сціпла: бацька і маці працавалі з раніцы да вечара – увесь час у клопатах. Сала і мяса ставіліся на стол толькі тады, калі прыязджалі госці. А так звычайная сялянская страва: прыносілася міска бацвіння з буракоў, забеленага кіслым малаком і вялікі кошык зваранай у мундзірах бульбы.

З ранняга ўзросту Яўген-падлетак любіў вясковую раніцу, сялянскую ніву: касіў і гроб сена, вучыўся плесці кошыкі, лавіў на Нарачы рыбу. “Рана растрасаў гной, – чытаем у адной дзённікавай занатоўцы, – потым абіваў жыта на насевак, а вечарамі пілавалі з бацькам на дровы вывернутую апошняй навальніцай старую з дзятлавымі гнёздамі ёлку, што ляжала, перагарадзіўшы дарогу ў Барсукі…”

Закінуты нарачанскі куток, і яму на гэтым лапіку зямлі было ўтульна, душэўна, камфортна, цёпла, які заваражыў яго сваёй самавітасцю, спаконнай вечніной, багаццем адценняў роднага слова – нарадзіў паэта, надзяліў Божым дарам, выправіў з высокасным абавязкам у вялікі свет будучага мастака-самародка.

Не кожны ведае, што Максім Танк, як мала хто з іншых літаратараў, пакінуў запавет пахаваць сябе побач з бацькамі на роднай зямлі.

На пачатку сваёй самастойнай жыццёвай дарогі вясковы хлопец усвядоміў сябе беларусам, не мог прыняць паланізатарскай палітыкі буржуазнай Польшчы. Ён выбраў суровы і цяжкі лёс падпольшчыка, прайшоў этапнымі шляхамі, каб адстойваць спрадвечныя правы беларусаў, пазбавіць іх ад несправядлівага ўціску. За сувязь з падпольнай камсамольскай работай і камуністычным друкам двойчы сядзеў у Лукішках-турме ў Вільні. Таму і не атрымаў належнай адукацыі. Затое быў выхаваны патрыётам і змагаром за родны край, заступнікам за свой народ, Беларусь. І ніколі не гнулася яго шабля-пяро ў бітвах за праўду, за светлую будучыню.

Шчыра і праўдзіва паэт адлюстроўваў заходнебеларускую рэчаіснасць. Ужо ў ранніх вершах празябіліся парасткі ўнікальнасці мастакоўскага мыслення. Бунтарскі дух яго паэтычнага слова выявіўся ў вершах “Калі няма на свеце маёй мовы”, “Спатканне”, “Песня кулікоў”, “Паслухайце, вясна ідзе”, “На пероне”. Яго паэзія будзіць душы юнакоў і дзяўчат, абуджае пачуццё любові да роднага краю, да матчынай мовы:

Хто пачуў тваю песню жалезную,
Хто астрожную скаргу пачуў?
Беларусь, твае далі бязмежныя
Ўскалыхнуць сваёй песняй хачу!

Божа, якая чысціня і ахвярнасць, якая моц і сіла! Колькі тут праўды і драматызму! Колькі шчымлівай самоты!

Тэматычна-вобразны дыяпазон Чалавека эпохі як рознакаляровы дыван: бацькоўская старонка, гісторыя нашай Айчыны, матчына песня, пейзажная лірыка, экалогія, каханне, шчасце людское… Усё, што напісана ім – пранікліва хвалюе думку, растурбоўвае, узрушвае пачуцці. Яго пяру належыць 21 непаўторная паэтычная кніга: “След бліскавіцы”, “Перапіска з зямлёй”, “Вастрыце зброю”, “Праз вогненны небасхіл”, “Прайсці праз вернасць”, “Глыток зямлі”, “Дарога, закалыханая жытам, “Мой хлеб надзённы”, “Хай будзе святло” і іншыя. Асэнсоўваючы гэтыя творы, яшчэ раз усведамляем: шлях, на які стаў у той далёкі час Максім, быў шляхам па бальшаку, малады творца не памыліў дарогі. Чытаем радкі і смялей робіцца на сэрцы, таму што бачым, што мітуслівае наша жыццё асвятляецца такім яркім пражэктарам, які можа прабіць любую імглу. Напэўна, у гэтым – таямніцы ўздзеяння на чытацкія душы чарадзейнай магіі і сапраўднай паэзіі паэта.

Перад намі прыродны шматгранны талент. За кожнай фразай адчуваецца каларытная асоба самародка, кожнае слова вызначаецца глыбокім зместавым начыннем, заключае ў сабе сэнсавую вагу і ёмістасць:

Калі – ж, вячэрняю парой
За вёску выйдзеш на прыволле,
Цябе сустрэнуць чарадой
Шляхоў знаёмыя таполі…

Кранаюць дзяцей патрыятычныя вершы, напісаныя Максімам Танкам у час Вялікай Айчыннай вайны: “Родная мова”, “Хмары з захаду”, ”Беларусь”, “Ластаўкі”, паэма “Янук Сяліба”, ”Ты сёння далёка”, “Гастэла”, “Маці”, “На брацкай зямлі” і іншыя. Ключавыя дамінанты – паланёная Беларусь-змагарка, заклік да барацьбы з фашызмам, вялікая бяда і пакуты народа, непераможнасць яго духу, высокі патрыятызм і антываенны пафас.

Балюча і трывожна ўспрымаюцца радкі верша “Нашто цябе наведаў, поле…”. Курганнае поле, арэна нядаўніх крывавых баёў з фашысцкімі захопнікамі нагадвае ўсім нам пра перажытае, падштурхоўвае да роздуму над праблемамі жыцця і часу. Штосьці шчымлівае міжволі крадзецца ў сэрца, не чытаецца без даўкага камяка ў горле і смугі на вачах:

Нашто цябе наведаў, поле,
Перааранае вайною,
Дзе свечкамі гараць таполі
Пад узлятаючай зарою.

Такім чынам, падлеткі ўсведамляюць, што вайна – гэта забойства невінаватых людзей, спаленыя вёскі і гарады, знішчаная Радзіма, гэта боль страты родных і блізкіх людзей, гэта матчыны слёзы, крык дзяцей.

Хвалююча гучаць і западаюць у душу цуда-песні, якія прысвечаны знітаванасці Максіма Танка з малой радзімай. Прырода роднага краю назаўсёды зачаравала і прыгарнула да сябе паэтава сэрца, а таму і ў жыцці, і ў думках-згадках, і ў вершаваных радках дарога нязменна прыводзіла да Нарачы. Ён гаварыў: “Гэты пейзаж мне знаёмы, як матчын настольнік …” Чытаючы творы, адчуваем, як перуніцца разгоністае рэха над борам, бачым зіхотлівы бляск нарачанскіх хваляў, кудзелістыя хмары над возерам… Дзякуючы мастаку слова, усё набывае чароўную дзівоснасць і прывабнасць. Пры кожным эмацыянальна-пачуццёвым дотыку ў вучняў гоіцца душа, дужэе вера, прыбываюць сілы:

Люблю твае, Нарач, затокі і тоні,
Як вецер густыя туманы развесіць,
ці пена срабрыста на хвалях зазвоніць,
цалуючы зоры, калышучы месяц.

Сваімі творамі выдатны паэт працягвае жыць у нас, прымушае трывожыцца, хвалявацца, змагацца за тое, што дорага, ад чаго нельга адрачыся.“Рукі маці”, “Матулечцы прысвячаецца”, “Любіце маму”, “Просьба да маці”, “Маці”, “Ёсць матчына любоў”, “Дарагое імя”, “Я слаўлю маму”. Калі знаёмімся з гэтымі вершамі, то здаецца, што яна вось тут стаіць каля нас і ўважліва слухае. Так хочацца падысці да яе, прыціснуць да грудзей, пацалаваць і сказаць найлепшыя словы ўдзячнасці і любові:

Любіце сваю маму,
Цаніце сваю маму,
Бо заўтра матулі не стане…
Даруйце сваёй маме,
Званіце сваёй маме,
Бо заўтра матулі не стане….

У радках – нясцерпны боль і трывога, пакута і цяжкі роздум, мудрая перасцярога і просьба-наказ.

Важная рыса творчай спадчыны – экалогія прыроды. Вершы “Просьба аб дараванні”, “Дрэвы паміраюць”, “Экалогія”, “На пахаванне ракі” наскрозь прасякнуты пачуццём трывогі і віны, бо ідуць з самых глыбіняў чалавечай душы. Руйнаванне роднага пейзажу, вобразы памерлых рэк, траў, дуброў – успрымаецца як вялікая катастрофа, трагедыя. Аўтар заклікае сваіх нашчадкаў берагчы навакольнае хараство, не парушаць гармонію свету, б’е ў звон трывогі, звяртаецца да чалавечай свядомасці, сумлення.

Паэт узвышаў і шанаваў зямныя жыццёвыя каштоўнасці. Ён ніколі не рабіў зла. Пражыць жыццё і нікому не наступіць на нагу – гэта незвычайны подзвіг і вялікі талент. Міжволі ўражваюць высокія маральныя ўрокі, духоўная культура і выпраўка выдатнага Чалавека.

Ён быў адзін з самых сямейна-хатніх беларускіх паэтаў. Сапраўдны сем’янін, цудоўны бацька – для яго самым галоўным была сям’я, жонка, дзеці (дзве дачкі-двойні і сын). Не дай бог, каб штосьці здарылася ў сям’і. Дзе б ён ні быў, куды б ні заносіла паводка часу і абставін, яго заўжды цягнула дахаты, у родныя пенаты, пад апек жонкі і вернага сябра Любові Андрэеўны. Калі адна бяда прыходзіла за другой: хранічная арытмія сэрца, цяжкі грып – яна здымала ягоныя боль і недамаганні, гаіла раны, цешыла надзеямі і спадзяваннямі на дабро і лад. Старонкі яго дзённікаў гавораць: “Быў у кардыялагічным цэнтры. – Думаў там легчы на рамонт, бо з кожным днём чуюся ўсё горш. Амаль нічога не засталося з былога майго аптымізму. Ледзь хаджу, трымаючыся за дзве спадніцы – жонкі і паэзіі”. Перанімае дыханне, душаць слёзы, калі чытаеш такое шчырае прызнанне. Адпушчаны Усявышнім час яны правялі ў павазе, узаемаразуменні, любові і згодзе. Хочацца падкрэсліць, што ў публіцыстычных пісьмах паэт заўсёды называў жонку Дарагой Любашай, не інакш. Гэтыя лісты поўняцца ціхай радасцю, пяшчотна-трапяткой увагай, клопатам народнага паэта аб сваіх родных і блізкіх. Што можа суняць боль, улагодзіць душу пасля адыходу жонкі, смерці дачкі, сястры, блізкіх сяброў? Палыновая гаркота страт і няшчасцяў, нягод і расчараванняў моцна падбілі яго здароўе, па-жывому раскроілі душу і сэрца – у вечны вырай паляцела і яго душа…

Так, Максім Танк пражыў вялікае жыццё. Яго нельга не паважаць, ім немагчыма не захапляцца. Чалавечы і творчы талент яго ад Бога, ён усеабдымны, чысты і светлы. Адстойваючы прынцыпы дабра і людскасці, яго паэзія ўтварыла шырокае камунікатыўнае поле; яна горда слугавала і будзе слугаваць многім пакаленням беларусаў. Яго паэтычны голас, уся творчасць-сведчанне высокага дару, якім надзяліла яго прырода і бацькі, гэта голас самога народа ў яго лепшых памкненнях і парываннях. Яго творы, пазначаны пячаткай высокага таленту, увайшлі ў скарбніцу беларускай культуры, сталі нашай класікай, на якой будзе расці і вучыцца моладзь:

Вы – любоў і мая і ўсіх,
Каго зваць на зямлі беларусамі…
                                        Алег Лойка

Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА”Сярэдняя школа № 22 імя І.П.Бохана г. Гродна”

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий