Эрудыт-круіз “У загадкавай краіне Коласа” (да 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа)

- 11:35Беларуская мова і літаратура. Пазакласная работа, Методичка

Эрудыт-круіз “У загадкавай краіне Коласа” (да 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа)

Анастасія РАГОЙЖА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 35 імя М.А.Волкава г. Гродна”

 

 

Мэта: сістэматызацыя ведаў аб жыцці і творчасці Якуба Коласа.

Задачы:
– садзейнічаць усведамленню вучнямі ролі класіка ў станаўленні беларускай літаратуры і фарміраванні нацыянальнай свядомасці беларусаў;

– стварыць умовы для выхавання пачуцця патрыятызму і гонару за знакамітых людзей сваёй Радзімы. 

Абсталяванне: мультымедыйны праектар для дэманстрацыі прэзентацыі, выстава фотаздымкаў Якуба Коласа, выстава кніг Якуба Коласа, QR-коды.

Афармленне: выказванні Якуба Коласа, вядомых пісьменнікаў – пра Якуба Коласа і яго творчасць, папяровыя жытнёвыя каласы, стэнд з намаляваным жытнёвым снопам. 

Эпіграф:

Яго Пан Бог у вусны цалаваў,
Каб слова змог людзям данесці.
Ён Коласам сябе назваў
Праз праўду беларусаў у кнізе весці.
У спевах маці Нёман ажываў,
Разлучнікам стаяў і лёсаў, і кахання,
На ростанях край родны заміраў,
І разглядаў ён Кастусёвыя жаданні…
                                         В.Рагойша

 

Ход мерапрыемства

І Арганізацыйны момант

Гучыць песня “Мой родны кут” у суправаджэнні відэароліка (верш Якуба Коласа, музыка Ігара Лучанка).

Настаўнік: Добры дзень, паважаныя сябры! Я вітаю вас на сустрэчы, прысвечанай нашаму знакамітаму земляку. Ёсць людзі, якія прыходзяць на Зямлю як пасланцы нябёсаў і пакідаюць зорны след у вечнасці. Свой зорны след пакінуў і выдатны чалавек, пра якога мы з вамі будзем сёння размаўляць. Паслухайце акраверш і падумайце: пра каго ідзе размова ў гэтым лірычным творы? 

Я чую голас мужны і знаёмы!
Кранае сэрца ён ва ўсе часы.
Увішны класік працаваў без стомы,
Будзіў у сэрцах пачуццё красы.
Красу пейзажаў родных усхваляў у творах.
О, наш пясняр! Заўсёды будзеш першым!
Лячыў людскія сэрцы і ў радасць, і ў гора.
Адданасць, цеплыня ў кожным вершы.
Спавіты творы шчасцем і журбою, і мы схіляемся перад табою!

Дэманструецца слайд з акравершам.

Настаўнік: Наш эрудыт-круіз прысвечаны беларускаму песняру Я.Коласу. Давайце разам пройдзем жыццёвымі сцяжынкамі, прыгадаем цудоўныя радкі з яго твораў, зазірнём у таямніцы шчырай беларускай душы, адданай свайму народу, сваёй зямлі. Нялёгкім было жыццё Якуба Коласа. Ён зведаў шмат пуцявін, таму што быў сынам лесніка, і па волі князя Радзівіла прыходзілася перабірацца з месца на месца.

Гады жыцця Якуба Коласа – 3 лістапада 1882 года – 13 жніўня 1956 года. Малая радзіма класіка айчыннай літаратуры – засценак Акінчыцы Мінскага павета (цяпер у межах г. Стоўбцы Мінскай вобласці). Дзіцячыя гады будучага пісьменніка прайшлі ў лесніковых сядзібах Ласток (Сухошчына), Альбуць, што непадалёк ад вёскі Мікалаеўшчына, адкуль бацькі былі родам.

Дэманструюцца фотаздымкі бацькоў паэта і мясцін, звязаных з біяграфіяй паэта.

Пры шляху шырокім,
Дзе стаіць камора,
Я на свет радзіўся
Пад глухі шум бору.

У 2022 годзе Беларусь шырока адзначае 140-годдзе з дня нараджэння Якуба Коласа. Усенароднае святкаванне юбілею народнага паэта Беларусі дае нам магчымасць не толькі ўспомніць творы, словы і думкі, але і садзейнічаць абуджэнню грамадскай цікавасці да нацыянальнай літаратуры і культуры.
Якуб Колас – гэта сапраўдны пачатак усіх пачаткаў у беларускай культуры, літаратуры і мастацтве.

Прапаную правесці наша сённяшняе мерапрыемства ў форме гульні-падарожжа. Для правядзення эрудыт-падарожжа неабходна падзяліцца на каманды.

Умовы гульні:

1) удзельнічае 2–3 каманды;
2) гульня разлічана на адну гадзіну;
3) каманды па чарзе выбіраюць сектар і пытанне;
4) за правільны адказ атрымліваюць папяровы жытнёвы каласок і тую колькасць балаў, якой ацэньваецца пытанне; пры няправільным адказе другая каманда можа зарабіць гэтыя балы; атрыманыя каласкі ў канцы гульні збіраюць у жытнёвы сноп;
5) перамагае каманда, якая набрала больш балаў.

Назва сектара

Балы

“Запытанка”

10

20

30

40

50

60

“Інтэлект-лато”

10

20

30

40

50

60

“Пазнай героя”

10

20

30

40

50

60

“Вядомае-невядомае”

10

20

30

40

50

60

“Чароўны куфэрак”

10

20

30

40

50

60

 

ІІ Асноўная частка

1 Сектар “Запытанка”

10 балаў: Якое сапраўднае імя Якуба Коласа? (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч).
20 балаў: Кім быў бацька Якуба Коласа? (Лесніком).

30 балаў: Назавіце малую радзіму Якуба Коласа? (Засценак Акінчыцы).
40 балаў: Як называлі раней хатняга настаўніка? (Дарэктар).
50 балаў: Які вядомы твор Якуба Коласа называюць “Энцыклапедыяй сялянскага жыцця”? (Паэму “Новая зямля”).
60 балаў: Якім вершам дэбютаваў Якуб Колас у газеце “Наша ніва” ў 1906 годзе? (“Наш родны край”).

 

2 Сектар “Інтэлект-лато”
Вучням прапануецца разгадаць рэбус.

10 балаў (Адказ – Колас)

20 балаў (Адказ – Міцкевіч)

30 балаў (Адказ – Акінчыцы)

40 балаў (Адказ – “Новая зямля”)

50 балаў (Адказ – “Сымон-музыка”)

60 балаў (Адказ – дзед Талаш)

 

3 Сектар “Пазнай героя”
Вучням неабходна па апісанні назваць героя (для падказкі можна выкарыстаць малюнкі).

10 балаў: Гэты герой з паэмы “Новая зямля” варыў клёцкі ў бярозавым соку (Дзядзька Антось).

20 балаў:

Бывала, толькі чуць разднее,
Чуць трошкі ў лесе пасвятлее,
Глядзіш – на рэчку ён шыбуе
I лёд сякеркаю мацуе.
То падбяжыць і скаўзанецца,
I сам сабе ён засмяецца.
(Костусь. ТворНа рэчцы)

30 балаў:

А сам… [ён], з вузел ростам,
У сваім уборы бедным, простым,
У зрэбных портках і кашулі,
Стаяў, як бы яго прыгнулі…
(Яська. ТворДарэктар”)

40 балаў:

Бедны хлопчык быў загнаны,
У бацькоў нялюбы сын,
Бо відочныя заганы
І меў толькі ён адзін.
(Сымон з паэмы “Сымон-музыка”)

50 балаў: Гэтага героя з трылогіі “На ростанях”мы заўсёды бачым у яго настаўніцкіх клопатах: вось далёка за поўнач рыхтуецца ён да ўрокаў, вось ён едзе ў суседнюю вёску, каб павучыцца ў больш вопытнага калегі (і пераконваецца, што ў таго вучыцца няма чаму), вось стрыжэ вашывых дзетак, вось купляе беднай сіраціне кашульку, вось збірае на лекцыю і дарослых…(Лабановіч).

60 балаў: Гэты герой любіў насіць сякеру за поясам (Дзед Талаш).

 

4 Сектар “Вядомае-невядомае”
10 балаў: Назавіце беларускія мястэчкі, дзе знаходзяцца філіялы літаратурных музеяў пісьменніка (Смольня, Акінчыцы, Альбуць, Ласток).

20 балаў: У сталіцы помнік Якубу Коласу знаходзіцца на плошчы Якуба Коласа. Назавіце скульптара гэтага помніка (3. Азгур).
30 балаў: Хто з беларускіх кампазітараў напісаў песню “Мой родны кут” на словы Я.Коласа? (Ігар Лучанок).
40 балаў: Як называецца мастацкі фільм, створаны па матывах трылогіі “На ростанях” Я.Коласа? (“Першыя выпрабаванні”).
50 балаў: Назавіце тэатр нашай краіны, які носіць імя Якуба Коласа? (Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр у Віцебску).
60 балаў: Нацыянальны банк Беларусі выпусціў памятныя манеты Якуба Коласа. Калі гэта адбылося? (у 2002 г., да 120-годдзя пісьменніка).

5 Сектар “Чароўны куфэрак”
Прапаную вам, шаноўныя сябры, здзейсніць падарожжа ў хату пісьменніка. У сваёй паэме “Новая зямля” пясняр расказваў пра розныя смачныя стравы, знаёмыя яму з дзяцінства, а таксама пра выявы роднага кута. Вам неабходна правільна вызначыць выяву, якая адпавядае вылучанаму слову.

10 балаў:

Як дзядзька, цеста замяшаўшы, 
Качаў галушкі, міску ўзяўшы…

1.     2.

20 балаў:

Раскошна нівы красавалі,
А ў іх мільёны красак ззялі… 

 

1.    2.

30 балаў:

Жучкі і конікі трашчалі 
І ў стройны звон свой зык злівалі. 

1.   2.

40 балаў:

Вось так гуртом яго абсядуць
І час работы яго крадуць; 
Насі “катла”, кажы ім казкі,
Ідзі на поплаў з імі ў краскі…

1.   2.

50 балаў:

Дастаў сякерку і свярдзёлак, 
Пад паху сунуў ён аполак… 

1.   2.

60 балаў:

Былі там пасекі.
Штогод тут сотні блізшага народу
Дзялянкі лесу карчавалі…

1.   2.

 

III Заключная частка

Настаўнік: Вось і заканчваецца наш эрудыт-круіз. Спадзяюся, што імя Якуба Коласа застанецца ў вашай памяці назаўсёды. Пісьменнік шмат зрабіў для развіцця нацыянальнай мовы, культуры, літаратуры. Яго яркая зорка будзе ззяць вечна.

Два каласы – дзве праўдзівыя песні!
Поплеч, як сёстры ідуць у свет…
Колькі вы радасці людзям прынеслі,
Колас жытнёвы і Колас – паэт!

Падвядзенне вынікаў гульні, узнагароджванне пераможцаў

Рэфлексія
Настаўнік: А зараз мне хацелася б, каб вы падзяліліся сваімі пачуццямі, уражаннямі ад нашай сустрэчы.

Вучні выказваюць свае пачуцці і прымацоўваюць атрыманыя каласкі на папярэдне падрыхтаваным аркушы паперы, збіраючы “адзіны сноп”.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий