Занятак па беларусскай мове з выкарыстаннем інтэрактыўных заданняў
Ірына КАЗАЧЭНКА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры, настаўнік-метадыст
ДУА “Лельчыцкая раённая гімназія імя І.А.Коласа”,
Гомельская вобласць
Асновай фарміравання чытацкай пісьменнасці з’яўляецца развіццё ў вучняў чытацкай цікавасці. На сваіх уроках рэалізую гэта пры дапамозе лічбавых рэсурсаў і тэхналагічна прадуманых вучэбных заданняў. Найбольш простымі лічу заданні, якія дазваляюць вучням знайсці інфармацыю, пададзеную ў яўным выглядзе.
Чытанне біяграфічных звестак знакамітых асоб, пісьменнікаў для дзяцей можа падацца складаным, сумным заняткам. Такія публіцыстычныя тэксты насычаны вялікай колькасцю дат, імёнаў, фактаў. Але, калі я прапаную вучням віктарыну, створаную ў адным са шматлікіх інтэрнэт-сэрвісаў, у іх узнікае цікавасць да прачытання падобнай інфармацыі.
Фарміраваць уменні вылучаць асноўную і другасную інфармацыю дапамагаюць інтэрактыўныя практыкаванні ў выглядзе віктарыны з выбарам адказу. У 9-м класе пры вывучэнні жыццёвага і творчага шляху Міколы Гусоўскага ў межах інтэрактыўнай віктарыны прапаную вучням пытанне: “Лічыцца, што ён нарадзіўся паміж 1470 і 1480 гадамі. Назавіце занятак бацькі будучага паэта”. Калі вучні выбіраюць правільны адказ, адбываецца пераход да наступнага пытання. У адваротным выпадку вучням прапануецца яшчэ раз выканаць заданне. Гэта дазваляе ствараць сітуацыю поспеху і прыцягнуць вучня да неабходнасці чытаць, каб быць паспяховым.
https://view.genial.ly/6171b325e691b90dd666296e/interactive-content-mgusoskikviz |
![]() |
Мною распрацаваны шэраг інтэрактыўных заданняў, якія спрыяюць развіццю ў вучняў уменняў знаходзіць інфармацыю, пададзеную ў тэксце ў яўным выглядзе, рабіць вывады, абапіраючыся на тэкст. Разгледзім такія заданні.
Інтэрактыўнае заданне “Пазнай персанажа”. Перад вучнямі загадкавая выява і шэсць пытальнікаў. Націскаючы на іх, вучні знаёмяцца з падказкамі, якія дапамагаюць пазнаць персанажа твора. У якасці падказкі выкарыстоўваю пэўныя факты ці цытаты з твора. Правільны адказ знаходзіцца на адваротным баку інтэрактыўнай флэш-карткі. Такі прыём дазваляе вучыць дзяцей звяртаць увагу на дэталі тэксту.
https://view.genial.ly/5f22ff16a07dc10d6f802742/game-paznaj-persanazha |
![]() |
На пошук і здабыванне інфармацыі з тэксту накіравана інтэрактыўнае заданне “Так ці не”. Яго можна выкарыстаць для фарміравання ўмення ўзнаўляць як тэкст мастацкага твора, так і тэарэтычны матэрыял вучэбнага дапаможніка.
Такое заданне прапаную выконваць самастойна ці ў парах, бо яно дазваляе выкарыстоўваць сама- і ўзаемаправерку.
https://view.genial.ly/618573675f4f790e05f39fd5/interactive-content-taknezarecki |
![]() |
Гэты прыём дае магчымасць уключыць дзяцей у разумовую дзейнасць, спрыяе фарміраванню ўмення ацэньваць сітуацыю ці факты, аналізаваць інфармацыю. Час выканання задання не абмежаваны.
Такое ж заданне можна стварыць у іншым сэрвісе, wordwаll. Перад вучнем з’яўляюцца выказванні, адны з якіх правільныя, другія – няправільныя. Націскаючы на адну з кнопак “так” ці “не” вучань выказвае свае адносіны да сцверджання. Час выканання задання абмежаваны сэрвісам.
Эфектыўным інтэрактыўным заданнем, якое спрыяе фарміраванню ўмення згортвання інфармацыі, супастаўлення тэксту задання і вывучаемага тэксту лічу “Лагічны ланцужок”. Гэта заданне можна выкарыстоўваць для складання плана тэксту, аднаўлення інфармацыі ў храналагічнай паслядоўнасці. Гэта могуць быць даты з жыццяпісу пісьменніка, цытаты з твора, можна пабудаваць сюжэтную лінію твора.
Складанне лагічнага ланцужка такім чынам дапамагае зэканоміць час на ўроку. Звычайна такое заданне прапаную вучням для работы ў мікрагрупах.
![]() |
Прыём рэканструкцыі тэксту таксама можна прапанаваць вучням у якасці інтэрактыўнага практыкавання. Напрыклад, пры аналізе вобраза героя мастацкага твора, пры вывучэнні тэорыі літаратуры. Першапачаткова прапушчаныя словы пададзены ў той форме, у якой яны ўжываюцца ў сказе, пазней – у пачатковай форме.
![]() |
Заданне на фармуліроўку паняцця па зададзеных словах ці наборы слоў таксама можна падаваць з дапамогай інтэрнэт-сэрвісу. Вучні расстаўляюць словы ў правільным парадку, самастойна, індывідуальна даюць фармуліроўку паняцця. (У дадзеным заданні гэта рамантызм).
![]() |
Эфектыўнымі пры фарміраванні чытацкай пісьменнасці лічу прыёмы, якія звязаны з супастаўленнем тэксту задання і тэксту мастацкага твора. Такое заданне для работы ў групах падрыхтавала на ўрок літаратуры ў 9-м класе пры вывучэнні апавядання Яна Баршчэўскага “Белая Сарока”.
![]() |
У сэрвісе Canva ёсць магчымасць ствараць цікавыя шаблоны для работы. У якасці дамашняга прапанавала вучням пры вывучэнні рамана “Людзі на балоце “Івана Мележа запоўніць рэдагуемы шаблон. Атрымалася характарыстыка галоўных герояў рамана. Выконваючы заданне, вучні працуюць з інфармацыяй, якая не пададзена ў яўным выглядзе, яны вучацца чытаць між радкоў, складаючы ўласнае меркаванне пра героя. А гэта ўжо ўменне інтэграваць і інтэрпрэтаваць інфармацыю з тэксту.
![]() |
Для фарміравання чытацкай пісьменнасці арганізую вэб-квесты, якія змяшчаюць рознага віду заданні на праверку разумення і ведання тэксту мастацкага твора.
На ўроку беларускай літаратуры ў 9-м класе пры вывучэнні аповесці У.Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха” прапаную вучням вэб-квест “Гатычныя таямніцы палаца Балотныя Яліны”. Ён размешчаны па спасылцы, прадстаўленай на слайдзе:
https://view.genial.ly/60b518a0f02f070dd7f6097d/presentation-gatychnyya-tayamnicy-palaca |
![]() |
Вэб-квест мае на мэце самастойную пошукавую работу вучняў у сетцы інтэрнэт з наступнай апрацоўкай адабранай інфармацыі (крытычны аналіз, адбор, класіфікацыя, сістэматызацыя інфармацыі і інш.) і прадстаўленнем вынікаў у спецыяльна выбранай форме; у дадзеным выпадку гэта знаходжанне кодавага слова як пацверджанне выканання ўсіх заданняў. Заданні для прадстаўленага вэб-квеста зроблены ў розных сэрвісах. У зваротнай сувязі вучні атрымліваюць лічбы для кода, каб адчыніць замок на выхадзе з гатычнага палаца. Набраць код можна, толькі правільна выканаўшы ўсе заданні.
З дапамогай інтэрактыўных заданняў ствараю на ўроку сітуацыю поспеху, якая спрыяе фарміраванню чытацкай цікавасці і на яе аснове жадання працаваць з рознымі тэкстамі. Прапаную вучням віктарыны, зробленыя пры дапамозе сэрвісаў Kahhot і Quizizz, на пытанні якіх яны адказваюць пры дапамозе сваіх смартфонаў. Па-першае, пры запуску віктарыны ў класе вучні адказваюць на пытанні, рухаючыся ў сваім тэмпе і не залежаць ад хуткасці адказаў іншых удзельнікаў. Па-другое, выкананне тэста ў рэсурсе Quizizz можна запланаваць, прапанаваць у якасці дамашняй работы. Пры рэжыме “Жывая гульня” ці “Каманда” маніторынг здзяйсняецца адразу па ходу гульні. Настаўнік бачыць поспехі кожнага вучня.
Уменне разважаць над зместам тэксту, ацаніць і асэнсаваць інфармацыю дапамагае інтэрактыўнае заданне “Чытанне з прыпынкамі”. Важна, каб тэкст быў незнаёмым для вучняў, меў дынамічны сюжэт, невялікі аб’ём. Гэта дазваляе будаваць гіпотэзы, звязаныя з развіццём сюжэтнай лініі ў тэксце, важнае значэнне мае прыём прагназавання. Сутнасць прыёму – у мадэляванні фіналу зададзенага тэксту ці ўрыўка з яго. Такое заданне я пабудавала ў выглядзе відэаквіза. У класе прачыталі з вучнямі пачатак апавядання Міхася Зарэцкага “Дзіўная”, размешчанага ў інтэрнэце, працяг якога і трэба было спрагназаваць.
![]() |
Толькі пасля самастойнага мадэлявання вучні знаёмяцца з тэкстам апавядання.
Для ўзнаўлення і пераказу эпізодаў мастацкага твора прапаную старшакласнікам коміксы. Напрыклад, пры вывучэнні рамана У.Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” (11-ы клас) падрыхтавала для вучняў комікс. Задача вучняў – растлумачыць значэнне вобраза белага жарабяці ў творы. Наступным этапам будзе навучыць вучняў ствараць падобныя коміксы самастойна пры дапамозе любога графічнага рэдактара. Такім чынам вучань уступае ў дыялог з тэкстам мастацкага твора: пераасэнсоўвае яго, стараецца зразумець тэкст твора і, агучваючы комікс, стварае свой уласны тэкст.
Пры выкарыстанні на ўроках літаратуры названых формаў і метадаў у выглядзе інтэрактыўных заданняў у вучняў фарміруюцца навыкі мыслення, якія з’яўляюцца складнікамі паняцця “чытацкая пісьменнасць”. Зварот да розных платформ і сэрвісаў інтэрнэту блізкі па духу дзецям, пабуджае іх чытаць з цікавасцю, што таксама спрыяе развіццю іх чытацкай пісьменнасці.