Роднымі словамі, дзівоснымі фарбамі – пра Беларусь. Інтэлектуальна-пазнавальнае мерапрыемства для вучняў V–VII класаў

- 14:40Беларуская мова і літаратура. Пазакласная работа, Методичка

Інтэлектуальна-пазнавальны матэрыял можна выкарыстоўваць для пазакласнага мерапрыемства пра традыцыі і культурнае багацце беларусаў.

 

Таццяна ЯРЭМІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Субацкі НПК дзіцячы сад
 – сярэдняя школа”
Ваўкавыскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

Мэта: актуалізаваць веды вучняў пра Беларусь, яе прыроду, родную мову, славутых людзей, побыт беларусаў; выклікаць цікавасць да вывучэння беларускага фальклору; развіваць маўленне, эстэтычны густ, творчае мысленне; выхоўваць пачуццё нацыянальнай годнасці і гонару за сваю Радзіму.

 

Ход мерапрыемства

Зала афармляецца ў стылі традыцыйнай беларускай хаты: стол і лавы, пакрытыя саматканымі абрусамі і ручнікамі; арнаментаваны гліняны і драўляны посуд, вырабы з саломкі, куфар.

Вядучыя апрануты ў беларускія народныя строі.

Гучыць песня Родная хата” (муз. Л Захлеўнага, сл. А.Роўды)

 

Вядучы 1: Добры дзень, паважаныя сябры!

Вядучы 2:

Сёння ў нашай школе свята,
Песням, музыцы гучаць.
Запрашаем вас на свята,
Будзем усмешкамі вітаць.

Вядучы 1: Беларусь – наша Радзіма. Як вы думаеце, а з чаго пачынаецца Радзіма? З песні маці, з роднага слова. Сапраўды, духоўнай каштоўнасцю кожнага народа з’яўляецца яго родная мова.

Вядучы 2: 21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы. Сёння ў свеце шмат цудоўных моў. Яны вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова.

Чытальнік 1:

З легендаў i казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў i пшанiц,
З сузор’яў i сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлiвых крынiц.
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
I з гора, i з радасцi, i з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святынi народа, бяссмерця яго, –
Ты выткана, дзiўная родная мова.
                                                    (М.Танк)

Вядучы 2: Мы запрашаем вас паўдзельнічаць у незвычайным мерапрыемстве: дакрануцца душой і сэрцам да часцінкі таго, што спрадвеку дорага нашым продкам і сучасным беларусам.

Вядучы 1: Сёння мы з вамі па-іншаму паглядзім на такія звыклыя для ўсіх нас рэчы. За правільны адказ атрымаеце “васілёк”. Але нашым удзельнікам трэба шмат ведаць, таму што самыя актыўныя вучні (вызначаюцца па колькасці атрыманых “васількоў”) будуць узнагароджаны.

Вядучы 2: Пра якія рэчы ідзе размова ў загадцы: “Стаіць сасна, на сасне лён, на льне жыта” (Стол, абрус, хлеб). Так, гэтыя рэчы вельмі нам знаёмыя і дарагія. Цяпер звярніце ўвагу на чароўны старажытны куфар, які стаіць на самым відным месцы ля сцяны.

Чытальнік 2:

Яшчэ ён не пусты,
Наш куфар старажытны.
Цвіце ў ім лён густы
І каласіцца жыта.

У куфры тым ляжаць
З ільну і кветак скарбы.
Лясы і сенажаць
Далі свае ім фарбы.

Абрусы, ручнікі
І посцілкі – надзіва.
Любоў, жыццё, вякі
І ўся мая радзіма…

Не буду варажыць
Аб густах і жаданнях.
Я знаю: скарб ляжыць
У куфрах старадаўніх.
                      (П.Панчанка. Куфар.)

Вядучы 1: Раней куфар быў вельмі важным прадметам у беларускай хаце. У народным побыце беларусаў куфры зберагалі пасаг нявесты, а рабілі іх з дошак майстры-мужчыны. Па тым, што знаходзіцца ў куфрах, меркавалі пра ўмельства і працавітасць дзяўчыны. Калі дзяўчына ішла пад вянец, куфар перавозілі ў хату маладога.

Вядучы 2: Існавала традыцыя старанна і багата пакрываць куфры абярэгамі-ўзорамі, разнастайнымі дробнымі геаметрычнымі матывамі (зоркі, разеткі, лісточкі, крыжыкі) белага, жоўтага, чырвонага, колераў на сінім або вішнёвым фоне. Аздаблялася ўсім тым, што падкажа фантазія майстра і расліннае багацце мясцовасці.

Вядучы 1: Давайце заглянем у наш куфар, якія загадкі і таямніцы хаваюцца ў ім (заглядвае ў куфар). Ой, колькі тут цудоўных кветак, мноства яркіх і дзівосных колераў! І ўсе яны сабраныя на нашай роднай зямлі, на Беларусі!

На мультымедыйным экране дэманструюцца слайды з маляўнічымі пейзажамі краіны.

Вядучы 2: Дарагія сябры, ці заўважалі вы, на якой цудоўнай і прыгожай зямлі мы жывём? Колькі знакамітых людзей нарадзіла наша зямля! Якая яна багатая на звычаі і традыцыі!

Вядучы 1: Наша Беларусь, як рознакаляровая кветка, зіхаціць рознымі колерамі, здзіўляе жыхароў і гасцей сваёй прыгажосцю і ўтульнасцю.

Чытальнік 3:

Зямля Бeлapyci! Бapы i дyбpoвы,
Жытнёвae пoлe, шaўкoвы мypoг,
У пpoмняx paбiны зaxoд вeчapoвы,
Штo клёкaт бycлoў – pyчaёў пepaмoвы
І ў шyмныx пpыcaдax icтyжкi дapoг.
                                       (Пятрусь Броўка)

Вядучы 2: Усе колеры Бацькаўшчыны адчуваюцца ў гэтым урыўку. Давайце сёння збяром калектыўны букет з кветак і колераў, якія пераважаюць у нашай любімай краіне.

Вядучы 1 (дастае з куфра кветку):

Білі мяне, білі,
Білі-калацілі,
І ў расе мачылі,
І ў цяпле сушылі,
На кавалкі рвалі,
А пасля сушылі,
А тады круцілі,
Ды яшчэ маталі,
А затым бялілі,
Ды яшчэ качалі
А нарэшце сшылі
Ды на стол паклалі.
                        (Лён)

Вядучы 2: Першая кветка, якую мы возьмем у наш букет – лён. Лён для Беларусі – нацыянальнае багацце. Вы, мабыць, заўважылі, што загадка была вельмі доўгай. Каб вырасціць добры ўраджай ільну, трэба прыкласці шмат намаганняў і працы.

Вядучы 1: Таму не шмат раслін заслужылі такую пашану – упрыгожваць афіцыйную эмблему дзяржавы. Кветкі льну нездарма ўплецены ў вянок Дзяржаўнага герба Беларусі. Яны сімвалізуюць дабрабыт і мірную працу, з’яўляюцца ўвасабленнем духоўнай і маральнай культуры нашага народа.

Вядучы 2: Нашы продкі складалі пра лён прыказкі і прымаўкі, прысвяцілі яму песні і танцы.

Вядучы 1: Запрашаем усіх у карагод!

Гучыць беларуская народная песня “Ох, і сеяла Ульяніца лянок”. Вучні спяваюць і танцуюць, імітуючы ўсе дзеянні, якія згадваюцца ў песні.

Ох, і сеяла Ульяніца лянок,
Ох, і сеяла Ульяніца лянок.
Ох, сэрца лянок,
Мая радасць ты, лянок,
Усё бялюсенькі кужалёк!

Ох, палола Ульяніца лянок,
Ох, палола Ульяніца лянок.
Ох, сэрца лянок,
Мая радасць ты, лянок,
Усё бялюсенькі кужалёк!

Ох, ірвала Ульяніца лянок,
Ох, ірвала Ульяніца лянок.
Ох, сэрца лянок,
Мая радасць ты, лянок,
Усё бялюсенькі кужалёк!

А сарваўшы, у снапочкі ставіла,
А сарваўшы, у снапочкі ставіла,
Ох, сэрца лянок,
Мая радасць ты, лянок,
Усё бялюсенькі кужалёк!

Ох, і слалаУльяніца лянок,
Ох, і слала Ульяніца лянок.
Ох, сэрца лянок,
Мая радасць ты, лянок,
Усё бялюсенькі кужалёк!

Ох, і мяла Ульяніца лянок,
Ох, і мяла Ульяніца лянок.
Ох, сэрца лянок,
Мая радасць ты, лянок,
Усё бялюсенькі кужалёк!

Ох, і прала Ульяніца лянок,
Ох, і прала Ульяніца лянок.
Ох, сэрца лянок,
Мая радасць ты, лянок,
Усё бялюсенькі кужалёк!

Ох, і ткала Ульяніца лянок,
Ох, і ткала Ульяніца лянок.
Ох, сэрца лянок,
Мая радасць ты, лянок,
Усё бялюсенькі кужалёк!

А саткаўшы, ды сарочак нашыла.
А саткаўшы, ды бялёвых нашыла.
Ох, сэрца лянок,
Мая радасць ты, лянок,
Усё бялюсенькі кужалёк!

 

Вядучы 2: (заглядвае ў куфар):

Што гэта за кветка?
Стаіць у жыце і здалёк,
Пяшчотай вабіць … (Васілёк).

Вядучы 1: Васілёк або валошка – сціплая кветка, якая не прэтэндуе на тое, каб быць каралём сярод кветак. Так і беларусы – працавітыя і гасцінныя людзі, якія ніколі не выстаўляюць сябе.

Вядучы 2: Васількі ніхто не сеяў. Напэўна, прырода сама паклапацілася, каб гэтыя кветкі раслі ў суседстве з жытам. Земляробы іх не знішчалі, наадварот, любілі і бераглі. Дабавім і мы гэтую прыгожую кветку ў наш букет.

Чытальнік 4:

Васількі, валошкі – кветачкі старонкі…
Сінява пялёсткаў убрала ў сябе
Фарбы неба, возера і вачэй людзей…
У жытнёвым полі – прыгажосць і сінь,
Хлопцаў называюць у нас – Васі-Васількі…
Побач з васількамі – белыя рамонкі,
І яны таксама – кветачкі старонкі.
Кружыць бусел белы над кветкавай хваляй,
Дабра ён жадае радзімаму краю.
Васількі, валошкі – кветачкі Радзімы…
З вамі мае сінія – я душой адзіна.
                                         (Ірына Беларусава)

Вядучы 1: Лён, васілёк – сінявокія кветкі – сімвалы нашай Радзімы. Дзякуючы якім багаццям нашу краіну яшчэ называюць сінявокай?

Вядучы 2: Так, Беларусь – уладарка цудоўных рэк і азёр. Прапануем вам рэбусы.

     

 

       

(Адказы: Буг, Днепр, Сож, Нёман)

Вядучы 1: Уладзімір Караткевіч пісаў: “Усе рэкі Беларусі вельмі прыгожыя. Дняпро з высокім правым берагам і неагляднымі далячынямі зарэчных паплавоў. Прыпяць з яе празрыстай цёмнай вадой, астравамі, пратокамі і шапкамі буслянак на прырэчных дрэвах. Ласкавы Нёман, у воды якога глядзяцца старажытныя вежы. Нават невялічкая Шчара ў цяні серабрыстых таполяў…”

Вядучы 2: Давайце разам з вамі заглянем у “нацыянальную скарбонку” і адкажам на пытанні віктарыны:

1. Расліна, якая з’яўляецца сімвалам працы і дабрабыту. (Лён)
2. Якія кветкі размешчаны на беларускім гербе. (Канюшына, лён)
3. Мёд з гэтай кветкі лічыцца самым лепшым са светлых сартоў мёду. Валодаючы гаючымі ўласцівасцямі, ён выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне. (Канюшына)
4. З гэтай кветкі нашы продкі выпрацоўвалі фарбу – сінюю і блакітную, таксама рабілі з яе воцат. (Васілёк)
5. Кветка, з якой асацыіруецца блакітны колер вачэй беларусаў? (Лён)
6. Гэта кветка – сімвал шчасця, маладосці і прыгажосці. Нашы продкі збіралі яе лісцікі, сушылі і насілі разам з сабой. (Канюшына.)
7. Нашу краіну называюць Паазёр’е або Азёрны край. У нас каля 10 000 азёр. Якое з іх самае вялікае? (Нарач.)
8. Гэта кветка – адзіны раслінны хірургічны шыўны матэрыял, пры выкарыстанні якога не патрабуецца зняцце швоў. Яны поўнасцю перапрацоўваюцца ў арганізме чалавека. (Лён.)
9. Назавіце самыя вялікія рэкі Беларусі? (Дняпро, Дзвіна, Сож, Нёман, Бярэзіна.)
10. Сцябло гэтай расліны шырока выкарыстоўваецца ў народнай гаспадарцы. Гэта паліва ў выглядзе брыкетаў, аснова для будаўнічых пліт і цеплаізаляцыйных матэрыялаў. (Лён)

Вядучы 2 (заглядвае ў куфар): Яшчэ адна сціплая, але прыгожая кветка ў наш букет:

Жоўтае сонейка ў белых пялёстках –
Кожны з вас ведае кветачку простую.
П’ём з ёй гарбату (прастуда міне),
З ёй мы варожым (кахае ці не).
Дык пра якую тут кветку гамонка?
Вы здагадаліся?
                                   (Рамонак)

Вядучы 1:

Дай ласкавую руку…
Старана мая азёрная,
Хата светлая, прасторная,
Двор у белым вішняку…
                      (Яўгенія Янішчыц)

Вядучы 2: Белыя рамонкі, белыя бярозы і квітнеючыя белыя вішні, белы бусел, белыя льняныя ручнікі, белае арнаментаванае адзенне, людзі са светлымі, русымі валасамі…Белы колер – гэта яшчэ адзін адметны колер нашай краіны.

 

Гучыць песня Люблю цябе, Белая Русь” (муз. Ю.Семенякі, сл. У.Карызны). На мультымедыйным экране дэманструюцца слайды з маляўнічымі пейзажамі краіны.

 

Вядучы 1: Калі ўзнікла назва Белая Русь? Што яна абазначае? XIV ст. Белая – значыць незалежная, свабодная)

Вядучы 2: Наш народ славіцца сваёй гасціннасцю, ветлівасцю, хлебасольнасцю. Ільняны абрус і ручнік сімвалізуюць гэтыя рысы. Беларускія ручнікі адносяцца да прадметаў народнага мастацтва, якія належаць і мінуламу, і сучаснасці. Ткуць і вышываюць ручнікі і сёння, удасканальваючы прыгажосць, над якой працавала мноства пакаленняў беларусаў.

Вядучы 1: Папулярнасць у ручнікоў нязменная, патрэбнасць у іх адчуваецца і ў нашыя дні. Як і раней, ручнік суправаджае чалавека ў найбольш важныя моманты жыццёвага шляху. Пра гэта і прыказка ёсць: “У мамы стол любоўю і ласкаю засланы”. У шматлікіх песнях абрус, ручнік і стол сімвалізуюць нашу беларускую гасціннасць.

 

Выконваецца вучнямі песня “Бяседа” (сл. Л.Пранчака, муз. Л.Захлеўнага).

 

Вядучы 2 (заглядвае ў куфар):

Што гэта за расліна?
Адзін з братоў угору рос,
Хлеба дахаты не прынёс.
А другі гарбатым рос,
Каравай нам прынёс. (Колас)

Вядучы 1: Жоўтыя каласы – гэта збожжа, якое здаўна корміць наш руплівы народ. Нездарма каласы ўплецены ў вянок Дзяржаўнага герба Беларусі.

Вядучы 2: Калі мы разгадаем крыжаванку, то ў выдзеленых клетачках прачытаем слова, якое сімвалізуе жыццё для кожнага з нас, сувязь з нашымі працавітымі продкамі. (Калоссе.) 

1. Жаданы госць яна заўсёды
На палетках нашых.
Зацвіце –
Адорыць мёдам.
Адцвіце –
Блінамі, кашай. (Грэчка.)

2. Я на сонейка падобны,
Я для ўсіх ласунак добры.
Не тады, калі свячуся,
А як згасну і сагнуся. (Сланечнік.)

3. Сінявокі, слаўны, чысты,
Галавасты, залацісты.
Дасць абноў ён людзям шмат,
Будзе кожны вельмі рад. (Лён)

4. Было жоўтым, вырасла зялёным,
Сонца пацалавала – ізноў жоўтым стала. (Збожжа.)

5. Расцілі, збіралі, тапталі,
ткалі і на стол заслалі. (Абрус.)

6. Сто братоў адным поясам падпярэзаныя. (Сноп.)

7. Выспеў каля хаты – нізкі і вусаты,
Як сажнём, наробім круп,
То згатуем смачны суп. (Ячмень)

Вядучы 1: Па вертыкалі атрымалася слова калоссе. Дабавім каласкі ў наш беларускі букет. (Заглядвае ў куфар, дастае кляновы лісток.) Беларусь – зялёны кляновы лiсток на карце Еўропы: лясы, пералескi, лугi, пушчы, ураджайныя палеткi. Вакол нас – карагод краiн: Расiя, Украiна, Польшча, Лiтва. Беларусы здаўна жывуць мудрымi запаветамi продкаў: “Сонца – на ўсiх адно, Зямля – адна, трымайся сваёй хаты, беражы свой гонар, не бяры чужое”.

Чытальнік 5:

Над хатамі светла-зялёны
Клён – сонца паўдзённага брат…
Не ў лес наш спяшаюцца клёны,
Яны ўсе чамусьці ля хат.
Як ветразі, высяцца кроны,
Шумяць без журбы і тугі,
Іх кожны лісточак зялёны –
Маленечкі ветразь тугі!..
                              (Алег Лойка)

Вядучы 2: Зялёны колер – колер дабрыні і міру. Гэта сімвал беларускай прыроды, зялёнай расліннасці палёў, лугоў і лясоў. Зеляніна таксама азначае вясновае абуджэнне прыроды пасля зімовага сну. Прырода нашай Беларусі апета ў шматлікіх вершах і песнях.

Вядучы 1: Прапануем вам адказаць на пытанні “зялёнай” віктарыны:

1. Першы запаведнік, які быў створаны ў 1925 годзе, каб зберагчы баброў. (Бярэзінскі запаведнік.)
2. Самы буйны лясны масіў у Еўропе, мае статус нацыянальнага запаведніка і ўключаны ў Спіс сусветнай спадчыны чалавецтва. (Белавежская пушча.)
3. Сок гэтага дрэва з даўніх часоў лічыўся смачным лекавым напоем. (Кляновы сок.)
4. Самае распаўсюджанае дрэва на Беларусі. Бурштын часцей за ўсё ўяўляе акамянелую смалу менавіта гэтага дрэва. (Сасна.)
5. Дрэва, цвёрдая драўніна якога вылучалася раўнамернай шчыльнасцю і трываласцю і ўжывалася ў сталярстве, бондарстве: з яе рабілі лыжкі, бочкі для мёду, драўляныя духавыя інструменты. (Клён.)
6. Па беларускіх вераваннях гэтае дрэва з’явілася на зямлі з крывавых слёз Евы, выгнанай Богам з Раю. Яшчэ буйная квецень гэтага дрэва прадказвае добры ўраджай ільну. (Рабіна.)
7. Гэтае дрэва ў фальклорных творах беларусаў лічыцца святым: яго садзілі каля касцёлаў і цэркваў, галінкамі ўпрыгожвалі храмы, хаты знутры і звонку, каб перагарадзіць уваход ведзьмам і чарадзеям. На Сёмуху галінкі гэтага дрэва ставілі за абразы. (Клён.)
8. Чаму Беларусь называюць” лёгкімі Еўропы? (36% тэрыторыі нашай краіны займаюць лясы.)

Вядучы 2 (заглядвае ў куфар): Адгадайце, якую кветку яшчэ дабавім у наш букет?

Красавала, чырванела кветачка на градках.
Як пялёсткі абляцелі – засталася хатка.
Патрасеш – яна звініць. Нехта ў хаце той сядзіць (Мак.)

Вядучы 1: Галоўны скарб нашай краіны – людзі! Яны ўслаўляюць сваю зямлю, нясуць у свет добрае iмя беларусаў. Мы ганарымся нашымі продкамі і сучаснікамі, якія ўслаўлялі і ўслаўляюць родную краіну, культуру, мову.

Вядучы 2: Старажытны Полацк даў Беларусі і ўсяму свету шмат выдатных людзей. (Дэманструюцца слайды з партрэтамі славутых асветнікаў.) Наш народ заўсёды будзе памятаць імя легендарнага князя Усяслава Чарадзея, асветніцы Ефрасінні, славутага паэта Сімяона Полацкага… “Чырвонаю ніткаю” праз усю гісторыю нашай Радзімы прайшла дзейнасць першадрукара, вучонага, пісьменніка Францыска Скарыны. У гэтым годзе адзначаецца 505-годдзе з часу заснавання ім першай беларускай друкарні ў Вільні, дзе была надрукавана “Малая падарожная кніжыца“.

Вядучы 1:

Мова цёплая…Мова матчына…
У кожным слове – свая прыгажосць.
Мы павінны быць лёсу ўдзячнымі
І за тое,што мова ў нас ёсць,
І за тое, што роснаю раніцай
Запаліўшы святлом далягляд,
Промні сонейка нам усміхаюцца
І спявае навокал зямля…

Вядучы 2: Дабавім чырвоныя макі ў наш букет. Чырвоны колер нагадвае нам аб барацьбе нашага народа за свабоду і незалежнасць. Вядома, у старажытнасці нашы продкі чырвоным колерам размалёўвалі свае шчыты.

Вядучы 1: Нездарма на адным з сімвалаў дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь – Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь чырвоны колер займае большую частку, а каля дрэўка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі, які сведчыць аб старажытнай культуры беларускага народа, яго духоўным багацці і адзінстве.

Вядучы 2: Гэты арнамент вытканы 105 гадоў таму сялянкай Матронай Макарэвіч і мае назву “Узыходзячае сонца”. Калі разабраць арнамент на сімвалы, мы ўбачым вялікі ромб, які абазначае ўзыходзячае сонца. А па абодва бакі ад яго – сімвалы багацця і дабрабыту. Магчыма, гэты ўзор нябачна ахоўвае беларускую зямлю.

 

Дэманструюцца слайды з партрэтамі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.

 

Вядучы 1: Мы заўсёды павінны помніць пра тых пісьменнікаў, што ваявалі, пісалі пра вайну, заклікалі нас да чалавечнасці, міласэрнасці, добразычлівасці, бо кожны разумее, што страта гэтых якасцей страшнейшая за любую вайну.

Гэта Васіль Быкаў, Іван Мележ, Іван Шамякін, Іван Навуменка, Барыс Сачанка, Янка Брыль, Алесь Адамовіч, Пімен Панчанка, Анатоль Вярцінскі, Ніна Тарас, Анатоль Грачанікаў і многія іншыя.

Чытальнік 6:

Вы чулі, як у Хатыні
Звоняць каміны?
Кроў у жылах стыне,
Як слухаеш тыя званы.
Звіняць, як калісь, на ўсю сваю сінь
Сініцы і жаўрукі.
Але ніхто не чуе іх.
Ніхто не глядзіць з-пад рукі.
Узялі ў Хатыні слых,
Зрабілі глухімі ўсіх.
Узялі ў Хатыні зрок,
Далі Хатыні змрок…
Стаяць, як калісь, усцяж каміны,
Там, дзе былі двары.
Але не дымяць, а звіняць яны,
Звіняць ад зары да зары…
                              (Анатоль Вярцінскі)

 

Гучыць песня “Хатынь” (муз. І.Лучанка, сл. Г.Пятрэнкі)

 

Вядучы 2: Вельмі цяжка далася Перамога нашаму народу. Але вера ў непераможнасць Радзімы, вера ў мужнасць нашага народа дапамагла выстаяць у нялёгкай барацьбе. Як пацвярджэнне гэтаму жыццё і дзейнасць беларускага народнага мастака Міхаіла Савіцкага (дэманструецца фотаздымак мастака і рэпрадукцыі яго работ ваеннага цыкла), якому давялося зведаць, што такое франтавое жыццё, давялося перажыць фашысцкі канцэнтрацыйны лагер. 18 лютага 2022 года ўся беларуская грамадскасць адзначыла 100-годдзе з дня нараджэння славутага беларускага майстра.

Вядучы 1: Кожны ведае, што бусел – таксама сімвал роднай Беларусі. Над зялёнымі палямі, над векавымі пушчамі, над зялёнымі лугамі, над блакітнымі стужкамі рэк, над люстэркамі незлічоных азёр няхай заўсёды лунаюць белакрылыя буслы! Няхай заўсёды гучыць наша родная беларуская мова! Няхай заўсёды нашу краіну называюць зямлёй пад белымі крыламі!

Вядучы 2: 

Мова продкаў нашых і нашчадкаў–
Шэпт дубровы і пчаліны звон, –
Нам цябе ласкава і ашчадна
Спазнаваць ажно да скону дзён,
Па чужых краях не пабірацца,
Не аддаць цябе на забыццё,
Наша невычэрпнае багацце,
Наша несмяротнае жыццё.
                             (Генадзь Бураўкін)

Вядучы 1: Мы сёння прагледзелі толькі некалькі старонак з гісторыі і жыцця нашай любімай Беларусі. Вось які калектыўны букет кветак і колераў Беларусі мы сабралі.

Вядучы 2: Мы будзем і далей нястомна вывучаць мову, традыцыі і культуру сваёй краіны. Давайце ўсе разам скажам клятву вернасці сваёй Радзіме:

Паклон табе, мой беларускі край!
Ты – мой, я – твой: ад роду і навек.
Я зноў і зноў да сэрца прыкладаю
Твой ліст дубовы – як чароўны лек.
За хлеб, што ем, за песні, што спяваю,
За шчасце звацца іменем тваім –
Паклон табе, мой родны краю!
Ты – мой, я – твой: усюды і ва ўсім!

Гучыць песня “Няма другой такой” (муз. і сл. В. Мусвіды.)

Падводзяцца вынікі мерапрыемства, падлічваюцца “васількі” за правільныя адказы, узнагароджваюцца пераможцы.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий