Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага па тэме “Бяззлучнікавыя складаныя сказы: будова, значэнне, ужыванне”. 9-ы клас

- 16:58Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага па тэме “Бяззлучнікавыя складаныя сказы: будова, значэнне, ужыванне”. 9-ы клас

Святлана ЛАБАЧЭЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры,
кіраўнік МА настаўнікаў-філолагаў
ДУА “Сярэдняя школа № 3 г. Ашмяны”,
Гродзенская вобласць

 

 

 

 

Мэта: падагульніць і сістэматызаваць веды пра бяззлучнікавыя складаныя сказы, іх пунктуацыйнае афармленне.

Задачы:

– удасканальваць уменне знаходзіць, будаваць бяззлучнікавыя складаныя сказы, расстаўляць і абгрунтоўваць знакі прыпынку, будаваць схемы сказаў, праводзіць сінанімічныя замены;
– развіваць камунікатыўныя навыкі навучэнцаў, удасканальваць уменне адказваць вусна на пытанні, граматычна правільна афармляць сказы і тэкст на пісьме;
– садзейнічаць духоўнаму развіццю вучняў, выхоўваць любоў і пашану да роднай мовы, прывіваць любоў да працы, садзейнічаць правільнаму прафесійнаму выбару.

Тып: падагульненне і сістэматызацыя ведаў.

Лексічная тэма: “Мая прафесія – мой выбар”.

Абсталяванне: вучэбны дапаможнік па беларускай мове для 9-га кл. (2019), камп’ютары, тлумачальны слоўнік беларускай мовы для школ, руска-беларускі слоўнік для школ.

Эпіграф: “Калі вы паспяхова выберыце прафесію і будзеце ўкладваць у яе сваю душу, тады шчасце само вас знойдзе” (К.Ушынскі).

 

Ход урока

I Арганізацыйны этап

Мэта этапу: садзейнічаць спрыяльнаму эмацыйнаму настрою для работы на ўроку.

Вітанне настаўніка і вучняў. Праверка падрыхтаванасці навучэнцаў да ўрока, арыентацыя на прадуктыўную работу.

 

ІІ Арыентацыйна-матывацыйны этап

Мэта этапу: забяспечыць матывацыю да навучання школьнікаў, уключыць іх у сумесную вучэбную дзейнасць, пабудзіць да дзеяння.

 

1 Зварот да эпіграфа

Настаўнік. Які сэнс закладзены ў словы рускага педагога К.Ушынскага?

Дадатковая інфармацыя пра Канстанціна Дзмітрыевіча Ушынскага (1823–1871) – адукацыйны дзеяч Расійскай імперыі, педагог, кандыдат юрыспрудэнцыі і прававед, адзін з заснавальнікаў педагагічнай навукі і народнай школы ў Расійскай імперыі, аўтар прац па тэорыі і гісторыі педагогікі, падручнікаў для навучання і артыкулаў па педагогіцы. У педагагічнай сістэме Ушынскага важнае месца займае вучэнне пра мэты выхавання, якія вызначаліся ім як падрыхтоўка чалавека да жыцця і працы. У выхаванні дзяцей ён надаваў значнае месца сям’і і лічыў вельмі неабходным сямейнае выхаванне.

– Вызначыце від сказа, якім напісаны эпіграф. (Складаназалежны сказ са злучнікам “калі”.)

– Ці магчыма перабудаваць гэты сказ у складаны сказ іншага віду? (Так. Вы паспяхова выберыце прафесію і будзеце ўкладваць у яе сваю душу – шчасце само вас знойдзе.)

Вучні запісваюць перабудаваны сказ на дошцы і ў сшытках, тлумачаць пастаноўку знака прыпынку, будуюць схему сказа.

– З якой мэтай мы выканалі такую работу? (Адказы вучняў.)

 

2 Вызначэнне лексічнай тэмы ўрока

Настаўнік прапануе вызначыць паняцце па лексічным значэнні.

Асноўны род заняткаў, працоўнай дзейнасці, што служыць крыніцай існавання (Прафесія.)

Настаўнік. Лексічная тэма сённяшняга ўрока – “Мая прафесія – мой выбар”. Выбар прафесіі – адно з самых актуальных пытанняў сёння ў вашым жыцці. Многія навучэнцы ўжо ў 9-м класе задумваюцца над гэтым важным жыццёвым пытаннем. Будзем спадзявацца, што інфармацыя, атрыманая на ўроку, дапаможа вам зрабіць правільны выбар.

 

ІІІ Паведамленне тэмы. Мэтавызначэнне

Настаўнік. Сённяшні ўрок – гэта ўрок падагульнення і сістэматызацыі вывучанага па тэме “Бяззлучнікавыя складаныя сказы”.

Запіс тэм урока на дошцы і ў сшытках. Вучні запісваюць тэму ўрока і з дапамогай настаўніка вызначаюць для сябе задачы ўрока.

– Я аднаўлю веды пра … (бяззлучнікавы складаны сказ);

– Я буду ўмець … (афармляць бяззлучнікавыя складаныя сказы на пісьме, правільна расстаўляць у іх знакі прыпынку);

– Я даведаюся пра … (запатрабаваныя ў Беларусі прафесіі).

 

ІV Замацаванне ведаў

1 Тэарэтычны этап (на аснове дамашняга задання – паўтарэнне § 25–29).

Мэта этапу: праверыць узровень ведаў па тэарэтычным матэрыяле, выявіць прабелы і ўзровень засваення навучэнцамі вывучанага матэрыялу, развіць камунікатыўныя навыкі.

Лічбавы дыктант (правільнае сцвярджэнне – 1, няправільнае – 0) (Дадатак).Ключ для самаправеркі: 101001101.

Паўтарэнне правапісу лічэбнікаў: вучні запісваюць адказ, атрыманы ў лічбавым дыктанце, лічэбнікам (сто адзін мільён тысяча сто адзін). Настаўнік прапануе праскланяць гэты лічэбнік. Аналіз адказаў. Выяўленне прабелаў у тэме.

 

2 Практычны этап

Заданне “Будаўнік”.

Перабудуйце прапанаваныя сказы ў бяззлучнікавыя складаныя сказы і прааналізуйце іх (пастаўце знакі прыпынку, зрабіце схемы).

Прыкладны ўзор выканання

1) Чалавек верыць у свае сілы – дабіваецца чагосьці ў жыцці.
2) Няма прафесій з вялікім будучым – ёсць прафесіяналы з вялікім будучым.
3) Усе прафесіі – ад людзей, толькі тры – ад бога: педагог, суддзя і ўрач. 
4) Не прафесія выбірае чалавека – чалавек выбірае прафесію.

 

Дыхальная гімнастыка. Практыкаванні для вачэй: “Далёка – блізка”, “Уверх – уніз”, “Масаж”.

 

Заданне на развіццё маўлення для высокаматываваных вучняў. Складзіце пісьмовае выказванне “Роля прафесіі ў жыцці чалавека” (5–6 сказаў), выкарыстоўваючы бяззлучнікавыя складаныя сказы.

Рэцэнзію выказвання робіць адзін з навучэнцаў па схеме:

1) раскрыццё тэмы;
2) паўната адказу;
3) логіка мыслення;
4) культура маўлення;
5) памылкі і недахопы.

Выстаўленне адзнакі за выказванне.

 

3 Праца з камп’ютарам

I варыянт. Знайдзіце ў інтэрнэце і выпішыце тры загадкі на тэму “Прафесія”. Складзіце з выпісанымі назвамі прафесій тры бяззлучнікавыя складаныя сказы.

II варыянт. Самастойна складзіце “хіт-парад” пяць самых запатрабаваных прафесій у Рэспубліцы Беларусь. Са словамі з гэтага спіса пабудуйце два бяззлучнікавыя складаныя сказы.

III варыянт. Заданне “Лексікограф”. Знайдзіце азначэнні прафесій дыпламат, адвакат у электронным тлумачальным слоўніку, параўнайце з азначэннямі з друкаванага тлумачальнага слоўніка. Складзіце з прапанаванымі назвамі бяззлучнікавыя складаныя сказы.

 

Арфаграфічная хвілінка. Правапіс вялікай і малой літар у найменнях пасад, у назвах дакументаў.

Вучні працуюць з тэкстамі аб прафесіях “Дыпламатыя”, “Адвакат” (Дадатак).

Дыпламаты Рэспублікі Беларусь, паслы, пасланнікі, саветнікі, сакратары, аташэ, генеральныя консульствы, Аpгaнiзaцыi Аб’яднaныx Нaцый, Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, закон “Аб правах дзіцяці”.

 

4 Праца ў парах

Карыстаючыся слоўнікам, зрабіце пераклад тэксту з рускай мовы на беларускую “Мая прафесія – мой выбар” (Дадатак).

Узор перакладу

Мая прафесія – мой выбар
Заканчэнне школы – адзін з самых адказных этапаў у жыцці. Гэта час выбіраць будучую прафесію. Іх шмат, галоўнае не памыліцца і аддаць перавагу той, якой вы з радасцю будзеце аддаваць сілы і час. Памятайце, што ў любой прафесіі нельга спыняцца ў развіцці, вучыцца патрэбна ўсё жыццё. Жадаеце дасягнуць кар’ерных вяршынь – працуйце над сабой, няспынна павышайце ўзровень ведаў.

Праверка перакладу, выстаўленне адзнак.

 

V Рэфлексія

Мэта этапу: усведамленне навучэнцамі выніковасці сваёй дзейнасці на ўроку.

Зварот да эпіграфа. Працягніце эпіграф сваёй версіяй: “Вы паспяхова выбераце прафесію і будзеце ўкладваць у яе сваю душу – …”.

Настаўнік. Наш урок набліжаецца да завяршэння. Хацелася б, каб вы зразумелі: нягледзячы на тое, якую прафесію вы выбераце ў будучым, галоўнае, каб у любой сітуацыі вы заставаліся людзьмі. Нездарма гавораць, што самая цяжкая прафесія – быць чалавекам.

 

VІ Ацэнка і падвядзенне вынікаў

Мэта этапу: вызначэнне ўзроўню засваення вучэбнага матэрыялу, фармуляванне вывадаў, ацэньванне вучняў.

– Чым каштоўны быў для вас урок?

Вучні робяць самаацэнку сваёй працы, настаўнік выстаўляе паўрочны бал.

 

VII Інфармаванне пра дамашняе заданне (дыферэнцыраванае).

Паўтарыць § 25–29.

1-3-і узроўні – практ. 197 (запоўніць табліцу);

4-ы узровень – выпісаць з мастацкага твора, які вывучаецца на ўроках беларускай літаратуры, пяць бяззлучнікавых складаных сказаў з рознымі сэнсава-граматычнымі адносінамі паміж часткамі, пабудаваць схемы сказаў;

5-ы узровень – напісаць мініяцюру “Канец другога месяца зімы” (7–10 сказаў, тэму можна абраць самастойна), выкарыстоўваючы бяззлучнікавыя складаныя сказы.

 

Дадатак

Раздатачны матэрыял

Лічбавы дыктант

1) Асноўныя сродкі сувязі частак у бяззлучнікавым складаным сказе – інтанацыя, парадак слоў, трывальна-часавыя суадносіны выказнікаў.

2) Паміж часткамі бяззлучнікавага складанага сказа ставяцца коска, двукроп’е і працяжнік.

3) У залежнасці ад значэння, структуры і інтанацыі бяззлучнікавыя складаныя сказы падзяляюцца на аднатыпныя і разнатыпныя.

4) Працяжнік паміж часткамі бяззлучнікавага складанага сказа ставіцца, калі другая частка раскрывае прычыну першай.

5) Паміж аднатыпнымі часткамі лёгка ўстаўляецца злучальнае слова.

6) Двукроп’е паміж часткамі бяззлучнікавага складанага сказа ставіцца, калі другая дапаўняе першую, развіваючы дзеяслоў-выказнік.

7) Працяжнік паміж часткамі бяззлучнікавага складанага сказа ставіцца тады, калі другая частка мае параўнальнае значэнне.

8) Паміж разнатыпнымі часткамі бяззлучнікавага складанага сказа выражаюцца прычынныя і дапаўняльныя адносіны.

9) Коска паміж часткамі бяззлучнікавага складанага сказа ставіцца, калі ў іх пералічваюцца падзеі, з’явы.

 

Заданне “Будаўнік”

1) Калі чалавек верыць у свае сілы, тады дабіваецца чагосьці ў жыцці.

2) Няма прафесій з вялікім будучым, але ёсць прафесіяналы з вялікім будучым.

3) Усе прафесіі – ад людзей, а толькі тры – ад бога: педагог, суддзя і ўрач.

4) Не прафесія выбірае чалавека, а чалавек выбірае прафесію.

 

Тэкст для перакладу на беларускую мову

Моя профессия – мой выбор

Окончание школы – один из самых ответственных этапов в жизни. Это время выбрать будущую профессию. Их много, главное не ошибиться и отдать предпочтение той, которой вы с радостью будете отдавать силы и время. Помните, что в любой профессии нельзя останавливаться в развитии, учиться нужно всю жизнь. Хотите добиться карьерных высот – трудитесь над собой, постоянно повышайте уровень знаний.

 

Дыдактычны матэрыял

Тэксты са “Зборніка матэрыялаў для выпускнога экзамену па вучэбным прадмеце “Беларуская мова” (2019 год).

Дыпламатыя

Дыпламатаў рыхтуюць на спецыяльных факультэтах універсітэтаў. Нашы дыпламаты ёсць у розных генеральных консульствах, місіях, нават пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Дыпламаты Рэспублікі Беларусь падпісваюць дзяржаўныя дакументы. Усю складаную міжнародную справу арганізоўвае Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Яго рашэнні праводзяць у жыццё нашы пасольствы ў замежных краінах. Там працуюць паслы, пасланнікі, саветнікі, сакраты, аташэ. Так называюцца пасады дыпламатаў.

 

Адвакат

Цябе пакрыўдзілі? Што рабіць? Трэба шукаць абаронцаў. Дзяржаўны, прафесійны абаронца – гэта адвакат. Адвакат – гэта чалавек, які мае вышэйшую юрыдычную адукацыю. Ён ведае ўсе законы, якія дзейнічаюць у Беларусі і ў іншых краінах свету. Можа даць патрэбнае тлумачэнне, дапамагае скласці заяву, скаргу, умее падказаць, што рабіць, як сябе паводзіць у складаных жыццёвых сітуацыях. Ён абараняе абвінавачанага ў судзе, вядзе чыю-небудзь справу ў працэсе следства.

У законе “Аб правах дзіцяці” сказана, што дзіця з чатырнаццаці гадоў можа самастойна звяртацца па дапамогу да адваката і іншых законных прадстаўнікоў улады. Юрыдычная дапамога дзецям аказваецца бясплатна.  

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий