Інтэлектуальны марафон “Загадкі роднай мовы”

- 14:56Беларуская мова і літаратура. Пазакласная работа, Методичка

Сцэнарый інтэрактыўнай гульні распрацаваны для вучняў ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі; прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы. Такая форма мерапрыемства садзейнічае фарміраванню шэрагу кампетэнцый: навучальна-пазнавальнай, інфармацыйнай, лінгвістычнай, інтэлектуальнай, камунікатыўнай.

Святлана ШЫБАЙЛА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 5 г. Ваўкавыска”,
Гродзенская вобласць

 

 

Мэта гульні:

– паглыбленне ведаў вучняў па культуры роднага краю, развіццё пазнавальнай цікавасці школьнікаў, крэатыўнага мыслення, камунікатыўных навыкаў;
– павышэнне імкнення да самаадукацыі, асобаснага росту;
– фарміраванне ўмення працаваць у камандзе, дасягаць кампрамісу;
– выхаванне культуры зносін;
– прывіццё любові і павагі да сваёй Радзімы, папулярызацыя беларускай мовы.

 

Задачы гульні:

– спрыяць стварэнню беларускамоўнага асяроддзя, якое садзейнічае далучэнню моладзі да роднай мовы, культуры, традыцый праз знаёмства з народнай культурай, музычным, выяўленчым, літаратурным мастацтвам, лексічным складам беларускай мовы;
– ствараць умовы для развіцця маўленчых і камунікатыўных якасцей вучняў;
– садзейнічаць выхаванню пазнавальнага інтарэсу да традыцый беларускага народа, паважлівага стаўлення да культурна-гістарычнай спадчыны, пачуцця павагі да мовы, адказнасці за яе лёс.

 

Кампетэнцыі, якія фарміруюцца падчас правядзення гульні:

– арганізацыя асабістай дзейнасці, выбар тыповых метадаў і спосабаў выканання прадстаўленых задач, ацэньванне іх эфектыўнасці і якасці;
– уменне прымаць рашэнні ў стандартных і нестандартных сітуацыях і несці за іх адказнасць;
– ажыццяўленне пошуку і выкарыстання інфармацыі, неабходнай для эфектыўнага выканання пастаўленых задач;
– валоданне інфармацыйнай культурай, аналізам і ацэнкай інфармацыі з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій;
– праца ў калектыве і камандзе, эфектыўныя зносіны з удзельнікамі каманды, настаўнікамі, арганізатарамі гульні;
– уменне браць на сябе адказнасць за работу членаў каманды, вынікі выканання заданняў.

 

Час правядзення гульні: у рамках Міжнароднага дня роднай мовы.

Удзельнікі інтэлектуальнага марафону: вучні ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры.

Афармленне кабінета: прэзентацыя “Інтэлектуальны марафон “Загадкі роднай мовы”, выказванні дзеячаў культуры, пісьменнікаў пра родную мову.

Абсталяванне: мультыборд, фоназапісы “Слуцкія ткачыхі” (словы М.Багдановіча, музыка Ул.Мулявіна ў выкананні “Песняроў”), “Каляда” (словы і музыка народныя ў выкананні “Песняроў”), “Краю мой родны” (словы Л.Геніюш, музыка А.Кацікава ў выкананні “Песняроў”), шаблоны для рэфлексіі, каляровыя алоўкі.

С.Шыбайла. Інтэлектуальны марафон “Загадкі роднай мовы”. Прэзентацыя

У гульні ўдзельнічаюць 3–4 каманды вучняў.

Эпіграфы:

“Толькі праз родную мову чалавек можа стаць беларусам, бо ў ёй хімія і фізіка, гісторыя і батаніка, эканоміка і культура таго, што называецца нацыяй, народам” (Я.Сіпакоў).

“Хто адрокся мовы бацькоў сваіх, хто ўдзеў чужую апратку – той адышоў ад народу далёка-далёка. Ён чужы ў роднай вёсцы, у сваёй сям’і. І на яго браты глядзяць як на чужынца” (Цётка).

 

 Ход інтэлектуальнага марафону

І Арганізацыйна-матывацыйны момант

Мэта: псіхалагічная настроенасць на заняткі.

Задача: стварэнне добразычлівай рабочай атмасферы; наладжванне кантакту з аўдыторыяй.

 

Гучыць фоназапіс “Краю мой родны”.

Выразнае чытанне падрыхтаванага вучня на фоне сціхаючай музыкі

Пагавары са мной на мове,
На нашай роднай, не чужой.
Адчуеш ты – у кожным слове
Душа яднаецца з душой.
І сэрцу сэрца адкрывае
Свае духоўныя сады –
Там салаўіны хор спявае,
Там смак крынічнае вады.
Там рэха продкаў прамаўляе
Малітвы светлыя здалёк,
Нібыта нас благаслаўляе
На добры шлях, на лёгкі крок.
У словах тых – надзеі нашы
І нашы мары пра жыццё.
Калі мы з мовай –
Нас не страшыць
Ні гвалт, ні мор, ні забыццё.
Пагавары са мной на мове,
Забудзь на час пра “языкі”.
Няхай гучаць у кожным слове
І продкі нашы, і вякі!
                           (І.Пракаповіч)

 

ІІ Вызначэнне тэмы і задач гульні (вучнямі)

Мэта: псіхалагічная і пазнаваўчая гатоўнасць вучняў да паглыблення і атрымання новых ведаў, матывацыя на пазнавальную дзейнасць, вызначэнне і прыняцце мэты і задач гульні.

– Як вы думаеце, чаму менавіта гэтым музычным творам і вершам мы пачынаем сённяшнія заняткі? (Адказы вучняў).

– Чаму яны будуць прысвечаны? (Роднай мове).

 

Уступная гутарка

Настаўнік:

Мы – беларусы, і мову гэту да скону дзён нам берагчы.
У ёй знаходзім светач ведаў, праменняў мудрасці ключы!

– Такімі словамі я рада прывітаць усіх аматараў беларускай мовы, якія сабраліся сёння на нашым мерапрыемстве. У нашай школе мы адзначаем Міжнародны дзень роднай мовы кожны год. Вучні школы, настаўнікі, бацькі загадзя рыхтуюцца да гэтага свята. Не стаў выключэннем і гэты год.

– А чаму, як вы думаеце, у апошні час столькі ўвагі надаюць гэтаму дню? (Адказы вучняў).

1-ы вядучы:

Магчыма, гэта і не нова,
Што слова – зерне на сяўбе,
А хто не любіць роднай мовы,
Той любіць толькі сам сябе…
                             (С.Грахоўскі)

 

2-і вядучы: Cёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднаю. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе са сваякамі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забываць сваю мову, не шануе яе.

Вядучы 1: На працягу многіх гадоў кожны народ 21 лютага адзначае Дзень роднай мовы. Першапачаткова з такой ініцыятывай выступіў Бангладэш. Менавіта ў гэтай краіне 21 лютага 1957 года загінулі пяць студэнтаў, якія адстойвалі права навучацца на роднай мове.

Вядучы 2: Зараз у нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. Палова з іх – пад пагрозай знікнення. Дзеля захавання тых, якія апынуліся на парозе знікнення, міжнародны фонд UNESCO абвясціў Дзень роднай мовы.

Вядучы 1: Родная мова шмат не патрабуе. Але, калі ўжо назваў яе роднай, калі лічыш яе такой для сябе, павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак.

Вядучы 2: Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнана як роўная сярод іншых моў свету.

Вядучы 1: І наша задача – не даць загінуць ёй, жывой і непаўторнай, “з легендаў і казак” сатканай, “вобразнай, вольнай, пявучай”, цудоўнай роднай мове беларускай.

Настаўнік:

– Якія ж задачы мы павінны будзем вырашыць падчас інтэлектуальнага марафону? (Вучні акрэсліваюць задачы):

– узнавім і паглыбім веды…
– будзем вучыцца…
– зможам…

 

ІІІ Асноўны этап. Інтэрактыўны інтэлектуальны марафон “Загадкі роднай мовы”

Мэта: высвятленне дзецьмі сваёй кампетэнтнасці пры выкананні прапанаваных заданняў. Творчае прымяненне і здабыча ведаў у новай сітуацыі (праблемныя заданні).

Слайд 1

Каманды-ўдзельнікі па чарзе абіраюць катэгорыю, колькасць балаў і адказваюць на прапанаваныя пытанні.

Слайд 2

Калі каманда не можа адказаць на пытанне або выканаць заданне, ход перадаецца іншай камандзе. Вядучыя гульні падлічваюць балы і сочаць за правільнасцю адказаў.

 

1 Смак роднай мовы

Заданне 1. Складзіце з літар і складоў 17 назваў гародніны.

Слайд 3

Адказ: бульба, гарох, рэдзька, бурак, фасоля, агурок, морква, боб, гарбуз, цыбуля, кроп, капуста, пятрушка, памідор, салата, часнок, рэпа.

 

Заданне 2. Спалучыце зычныя i галосныя так, каб атрымаліся назвы прадуктаў харчавання.

Слайд 4

а е (л, й) у а (ц, к, р)
у е і (ц, к, р, к) е і і (п, р, н, к)
а а (к, в) ааа (г, р, б, т)
а э е (в, р, нн) а а (к, ш)
а о (к, м, п, т) у (с, п)
і е (к, с, ль) а а і (л, д, к)
е (х, л, б) яа (м, с)
аа (м, с, л) а а (с, л)
о (с, ль) у а (м, к)

Адказ: алей, цукар, цукеркі, пернікі, кава, гарбата, варэнне, каша, кампот, суп, кісель, аладкі, хлеб, мяса, масла, сала, соль, мука.

 

Заданне 3. Прачытайце прапанаваны рэцэпт і пазнайце назву беларускай стравы.

Слайды 5, 6

Адказ: верашчака

 

Заданне 4. Па назве ўзнавіце рэцэпт беларускай нацыянальнай стравы.

Слайд 7, 8

Адказ: клёцкі

 

Заданне 5. Праслухайце музычны твор, вызначыце, пра якую страву ідзе гаворка. Назавіце назву песні і выканаўцу.

Слайды 9, 10

Адказ: бліны – калядкі. Песня “Калядачкі”. Выканаўца ВІА “Песняры”.

 

2 Апранайся па-беларуску

Заданне 1. Расшыфруйце назвы абутку з дапамогай алфавіта.

Слайд 11, 12

26, 1, 18, 1, 3, 10, 12, 10
3, 1, 13, 7, 15, 12, 10
4, 1, 13, 17, 27, 28
13, 1, 17, 25, 10

Адказ: чаравікі, валёнкі, галёшы, лапці.

 

Заданне 2. Назва гэтага галаўнога ўбора…

Слайд 13

Адказ: намітка (Слайд 14).

 

Заданне 3. Музычная паўза. ВІА “Песняры” “Слуцкія ткачыхі”

Слайд 15

 

Заданне 4. Перакладзіце назвы адзення і абутку на беларускую мову.

Слайды 16, 17

Шуба – футра
Штаны – нагавіцы
Жилетка – камізэлька
Носки – шкарпэткі
Чулки – панчохі
Шапка –ушанка – аблавуха
Свитер – швэдар
Шлёпанцы – пантофлі

 

Заданне 5. З прапанаваных слоў выберыце назвы мужчынскага і жаночага адзення, акрамя назваў абутку, галаўных убораў, атрыбутаў адзення.

Слайды 18, 19

Чэхлік, аблавуха, охабень,
зімка, вушанка, футра, чуга,
жупіца, чуні, жупан, танічак,
хадакі, клумпы, ваўчура,
папруга, тулуп, сподкі, сарафан

Адказ: охабень, футра, тулуп, чуга, ваўчура, жупан, жупіца, чэхлік, танічак, сарафан.

 

3 З мухі – слана… (пераўтварэнне аднаго слова ў другое)

Заданне 1. Ператварыце ката ў мыш.

Слайды 20, 21

Адказ: кот – кош – кыш – мыш.

 

Заданне 2. Няхай замест аднаго ваўка з’явяцца некалькі коз.

Слайды 22, 23

Адказ: воўк – воск – восы – косы – козы.

 

Заданне 3. Ператварыце раку ў мора.

Слайды 24, 25

Адказ: рака – мама – рама – мара – мора.

 

Заданне 4. Ільва ператварыце ў вала.

Слайды 26, 27

Адказ: леў – лоў – лог – дог – дол – вол.

 

Заданне 5. Рыбку пасадзіце ў банку.

Слайды 28, 29

Адказ: рыбка – рыска – раска – ранка – банка.

 

4 Метаграмы

Гэта граматычная гульня-загадка, заснаваная на замене літар. Каб яе адгадаць, неабходна ўказаную літару замяніць таксама ўказанай (іншы раз другая можа не называцца).

Заданне 1. Слайды 30, 31

Я нагадваю палатку.
Ш на Т змяні ў пачатку –
І пабачыш: тут жа стану
Легендарным партызанам.

Адказ: Шалаш – Талаш

 

Заданне 2. Слайды 32, 33

Ты пра мяне чытаў, напэўна,
Я – казкі Пушкіна герой.
Калі заменіш Л на Н,
Сібірскай буду я ракой.

Адказ: Елісей – Енісей

 

Заданне 3. Слайды 34, 35

Я не яблык і не сліва,
А другі духмяны плод.
Хочаш ты, каб я залівам
На рацэ зрабіцца мог?
Трэба – толькі і ўсяго –
А паставіць замест О.

Адказ: Лімон – Ліман

 

Заданне 4. Слайды 36, 37

У моры з С мяне шукаюць,
Затым са смакам спажываюць.
Змяніце С на Г у мяне –
І я павісну на акне.

Адказ: Сардзіна – Гардзіна

 

Заданне 5. Слайды 38, 39

З глухім я вас вітаю ў полі,
Са звонкім чуцен на прыволлі

Адказ: Колас – Голас

 

5 Рэбусы

Разгадайце рэбусы, звязаныя са школьнай тэматыкай

Заданне 1. Слайды 40, 41

Адказ: ручка

 

Заданне 2. Слайды 42, 43

Адказ: буквар

 

Заданне 3. Слайд 44, 45

Адказ: фарбы

 

Заданне 4. Слайды 46, 47

Адказ: сшытак

 

Заданне 5. Слайды 48, 49

Адказ: крэйда

 

6 Беларускі каляндар

Заданні распрацаваны на аснове блога “Беларускі каляндар” (аўтар С.Ю.Шыбайла)

У кожнага народа спрадвеку вёўся свой каляндар, у якім з пакалення ў пакаленне перадаваліся мудрасць, веды, вопыт жыццёвых назіранняў. Мелі такі каляндар і беларусы. Багацейшы духоўны свет нашых продкаў, іх надзвычайны талент, яскравая фантазія, гумар адбіліся ў абрадах і звычаях, гульнях і песнях, прыкметах і павер’ях, якімі перасыпаны ледзь не кожны дзень гадавога кола. Абапіраючыся на бацькоўскія традыцыі і веру, беларускі працаўнік трымаў у памяці шматлікія парады і забароны, выказаныя вобразным трапным словам.

 

Заданне 1. Узнавіце прыкметы, звязаныя з назвамі месяцаў.

Адказ: Слайды 50, 51

 

Заданне 2. На скрыжаванні слоў. Разгадайце крыжаванку. Слайд 52

https://learningapps.org/display?v=pao8peot201

 

Заданне 3. Поры года ў музыцы. Суаднясіце назву месяца з музычнай кампазіцыяй. Музычная паўза. Слайд 53

https://learningapps.org/display?v=ptidumxtn01

 

Заданне 4. Злучыце пачатак і канец прыказкі. Назвы месяцаў года. Слайд 54

https://learningapps.org/display?v=pwqqz3c6a01

Снежань зіму пачынае, а год сканчае.
Cтудзень хаты студзіць, рана гаспадароў будзіць.
Прыйдзе люты, спытае, як абуты.
Сакавік часам снегам сее, а часам сонцам грэе.
Красавіцкі ручай зямлю будзіць.
Мокра ў маі – будуць пышныя караваі.
Чэрвень не гуляе – ураджай люляе.
Ліпень косіць і жне, доўга спаць не дае.
Што ў полі ўродзіць, жнівень знаходзіць.
У верасні на дрэве не трымаецца.
Кастрычнік ходзіць па краю ды гоніць птушак з гаю.
У лістападзе гола ў садзе.

 

Заданне 5.

Народныя прыкметы. Суаднясіце народныя прыкметы з назваю месяца. Слайд 55

https://learningapps.org/display?v=p04j6n81301

 

 

7 Шарады

Шарада – гульня, у якой загадкавае слова дзеліцца на часткі, і кожная з гэтых частак з’яўляецца самастойным словам у пачатковай форме. Каб скласці шараду, трэба спачатку адшукаць такое слова, якое дзеліцца на самастойныя сэнсавыя часткі, напрыклад, каса: к – аса (прыназоўнік і насякомае).

Заданне 1. Слайды 56, 57

Слова першае
Праколе
Слова іншае,
Што ў коле, –
І красуе
Ярка дужа
У трэцім слове
Дзікай ружай.

Адказ: шыпшына

 

Заданне 2. Слайды 58, 59

Услед за жыллём
Прыназоўнік пастаў,
І буду я месцам,
Дзе плавяць метал.

Адказ: домна

 

Заданне 3. Слайды 60, 61

Пачатак мой шукай у санках,
І ў сталяроў, і ў стрыгалёў.
Канец мой знойдзеш на стаянках
Марскіх вялізных караблёў.
А цэлае гатова
Зрабіць цябе здаровым.

Адказ: спорт

 

Заданне 4. Слайды 62, 63

Мяне ты ў моры пашукай
І хвалю да мяне дадай –
І апынуся я ў полі,
Там, дзе належыць жыць жывёле.

Адказ: буйвал

 

Заданне 5. Слайды 64, 65

Паміж займеннікамі конь
Стаяць у вас павінен –
І атрымаецца тады
Усходняя краіна.

Адказ: Японія

 

ІV Падвядзенне вынікаў гульні

Вядучыя падлічваюць балы і абвяшчаюць вынікі гульні.

Настаўнік: Давайце з вамі звернемся да эпіграфаў, якія запісаны на дошцы. Як вы разумееце гэтыя выказванні? (Адказы вучняў).

Вядучы 1: Ці можна адчуваць сябе сапраўдным беларусам, грамадзянінам сваёй дзяржавы, калі не ўжываеш родную мову? Напэўна, не. Некалі Францішак Багушэвіч казаў: «Мова – гэта «адзежа душы». Няхай жа душа беларускага чалавека, нарэшце, апранецца ў сваё адзенне, сатканае з такой прыгожай, звонкай беларускай мовы!

Вядучы 2: Пастарайцеся, калі ласка, запомніць 10 запаведзяў аб мове:

Віктар Швед

Мову родную беражы.
Мовай роднаю даражы.
Мову родную шануй.
Мовай роднай не гандлюй.
Мову родную любі.
Мовы роднай не кідай.
Мову дзецям перадай.
Мовы не аддай на здзек.
Толькі з ёю жыцця век.

 

V Рэфлексія

Ацэньванне ўласнай дзейнасці на занятку

Настаўнік: У вас на сталах ляжаць шаблоны мабільных тэлефонаў (Дадатак). Напішыце, калі ласка, СМС, у якім раскажыце пра сённяшню гульню сябру, родным, настаўнікам. У сваім пасланні пастарайцеся ўжыць самыя прыгожыя, на вашу думку, беларускія словы.

Вядучы 1: І закончыць сённяшні марафон хацелася б словамі Змітрака Бядулі: “Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму – на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае – гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб.

Вядучы 2: Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць – калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны – гэта родная мова”.

 

Спіс, выкарыстаных крыніц

1 Лепешаў, І.Я. Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы. – Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, – 1993. Т. 1., – 590 с., Т. 2. 607 с.
2 Паўлоўская, В.І. Мова: цікава і займальна / В.І.Паўлоўская. – Мінск : Народная асвета, 1989. – 221 с.
3 Шыбайла, С.Ю. Беларускі каляндар [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: https://shy0909.blogspot.com/. – Дата доступу: 15.10.2020.

Дадатак

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий