Да 210-годдзя з дня нараджэння Паўлюка Багрыма  

- 9:58Авторские проекты, Аўтарскі праект Валянціны ЯТКОЎСКАЙ "Слаўныя імёны"

Паўлюча! Ты – Паэт!
Багрыме! Ты – Каваль!
                 Н.Загорская

Майстэрства слова… Майстэрства рук… Рэдкія дарункі прыроды, кожнага з якіх хапіла б чалавеку. А яны абодва шчодра спалучыліся ў асобе аднаго – Паўлюка Багрыма, паэта-самародка і майстра-каваля. 14 лістапада яму споўнілася б 210 гадоў з дня нараджэння. Выплаканы душою, выліты з гора, адчаю і смутку яго магутны феномен узрушае дагэтуль; у ім выказала сябе з вялікай сілай непасрэднае пачуццё прыгнечанага чалавека. Ён быў першым сялянскім паэтам, імя якога разам з нешматлікімі творамі дайшло да нас. Яго постаць трагічная, як і гістарычны лёс беларускай нацыі. І, можа, якраз найярчэй у ёй і выявіўся гэты лёс.

Паўлюк Багрым – паэт выключнага даравання. Пісьменнікі прысвячаюць яму свае радкі, шчырыя, узнёслыя, якія сягаюць у вышыні чалавечага духу:

Паўлюча! Ты – Паэт!
Багрыме! Ты – Каваль!
Крашын
І Беларусь –
з Табой! – не жабракі!
          (Ніна Загорская)

Давайце, паважаныя чытачы, перанясёмся думкамі ў шматпакутнае і гераічнае ХІХ стагоддзе. Шматпакутнае, таму што невыносна жылося тады нашаму народу.

Са спадчыны паэта-дэмакрата амаль нічога не засталося. Дакладных біяграфічных звестак і звестак пра творчасць вельмі мала. Вакуум запаўняюць домыслы ці легенды…

Ён прайшоў цяжкі шлях выпрабаванняў: бясхлебнае дзяцінства, паншчына, рэкрутчына, адзінокая старасць. Паэт нарадзіўся, жыў і памёр у мястэчку Крошын (14 лістапада 1812 – памёр каля 1891 г.). Прырода, злітаваўшыся над гэтай зямлёй, падарыла ёй па-боску паэтычнае дзіця, але тут жа, нібы спалохаўшыся дзёрзкай шчодрасці свайго дару, мусіла наслаць на яго злую долю.

Вырас у звычайнай беднай сям’і рамесніка-каваля Восіпа Багрыма. З дзяцінства зведаў голад і пакуты. У раннім юнацтве яму крыху пашчасціла, і ён пры дапамозе вясковага ксяндза Магнушэўскага, у якога служыў, навучыўся чытаць і пісаць па-беларуску. Ён мог стаць гордасцю нашага народа. Мог, але не стаў. Калі яму было 14 год, успыхнуў сялянскі бунт. Прымаў удзел у выступленні супраць пана і бацька Паўлюка. Паследаваўшыя рэпрэсіі царскіх чыноўнікаў закранулі і маладога паэта. Пры вобысках у яго былі знойдзены свабодалюбівыя вершы, прызнаныя “крамолай”; аўтар быў арыштаваны і аддадзены на дваццаць пяць год у салдаты. Невыносна жыццё, калі на тваіх вачах забіваюць бацьку і ў хаце пануе гора і адчай. Але не толькі ў гэтым асабістым выпрабаванні жудаснае становішча паэта. Ён падзяляе лёс мільёнаў такіх жа нявольнікаў, для якіх будучыня рыхтавала ўсё новыя і новыя няшчасці. Вярнуўся Паўлюк Багрым на радзіму праз 25 гадоў пастарэлы і цяжка хворы і ўжо не наважваўся брацца за пяро. Рэштку свайго жыцця працаваў кавалём у Крошыне. Прычым ён быў не звычайны каваль, а каваль-майстар, мастак. Захавалася легенда, калі ён, убачыўшы ў пана сцізорык вельмі адмысловай работы, зрабіў за тыдзень такі падобны, што пан не мог адрозніць. А яшчэ нам у спадчыну застаўся шэдэўр кавальскага мастацтва – вялікая люстра, зробленая рукамі паэта. Яна і цяпер знаходзіцца ў Крошыне. Да апошняга часу лічылася, што гэта адзіная кавальская рэч, створаная Багрымам, якая захавалася да нашага часу:

У кузні крошынскай – гром, дым,
Вы чуеце? Куе Багрым!
                               (Максім Танк)

Паўлюк Багрым – вялікая загадка і, мабыць, з вечных. І хоць да нашчадкаў дайшло толькі некалькі бліскавак высокага чалавечага духу, іх святло здольнае саграваць людскія душы многіх пакаленняў.

Паэтычныя творы аўтара загінулі. Да нас дайшоў толькі адзін легендарны твор беларускай літаратуры мінулых стагоддзяў – верш “Зайграй, зайграй, хлопча малы…”. У ім усяго 29 радкоў. Чытаеш іх – і сэрца пачынае крывёю заходзіцца ад згадкі пра тыя здзекі, якія чыніліся над людзьмі. Гэты верш – яскравае сведчанне таго, якою была маладая беларуская літаратура каля сваіх вытокаў, інтарэсы каго выражала. Ён – маленькая кропля, але даволі паспытаць яе, каб пачуць усю гаркату беспрасветнага жыцця запрыгоненага беларуса. Сум па волі, крык юнацкага сэрца, песня жальбы, палітая слязамі нянавісці да прыгону, да паноў, – такі лейтматыў верша. Паэт скардзіцца, і на струнах душы сваёй грае прысуд над няволяй. Ён пратэстуе супраць прыгоннага ладу, адчуваючы абмежаванасць сваіх сацыяльных імкненняў, сваё адзіноцтва на гэтым свеце, дзе нядоля з касой сочыць вечна за табой:

Дзе ж я пайду? Мілы Божа!
Пайду ў свет, у бездарожжа…

Верш “Зайграй, зайграй, хлопча малы…” – гэта плач душы прыгоннага хлапчука на сваю горкую долю. Плач сцішаны, калі і слёзы не льюцца, толькі глытаюцца, але надзвычай шчымлівы. А цуд Багрымавых рук – несмяротная жырандоля, дзе ў метале навечна застылі палёт чалавечага духу, вышынная паэзія. Лірычная песня аб цяжкім жыцці пад прыгонам пачынаецца так:

Зайграй, зайграй, хлопча малы,
І ў скрыпачку, і ў цымбалы,
А я зайграю ў дуду,
Бо ў Крашыне жыць не буду.

Прыродная пяснярская здольнасць Багрыма відаць ужо з першага слупка: цёплыя радкі скачуць лёгка, нагадваючы ігранне на скрыпцы і цымбалах. Напісана яна з праўдзівым паэтычным натхненнем і шчырым пачуццём, ахоплена ж далікатнасцю глыбока засмучонага настрою. Ён быў сапраўдны паэт, гэты крошынскі “бунтаўшчык”, здадзены ў салдаты, калі змог у такіх радках, так чалавечна, тонка, з добрым умельствам расказаць аб тым, як балюча яму было расстацца з роднай хатай, з маткаю і сястрой:

Бо ў Крошыне пан сярдзіты,
Бацька кіямі біты,
Маці тужыць, сястра плача:
“Дзе ж ты пойдзеш, небарача?..”

Загінуў, так і не расквітнеў вялікі талент. Але імя таленавітага змагара, які горача любіў свабоду, свой народ, сеяў на роднай ніве “разумнае, добрае, вечнае”, заўсёды застанецца ў беларускай літаратуры. Перад Вечнасцю роўныя ўсе! Усе, хто хоча не толькі людзьмі звацца, а людзьмі быць, – зробяць усё для таго, каб Беларусь не была, не станавілася мачахай для сваіх лепшых сыноў! Зорцы генія-самародка з беларускай вёскі Крошын, пад Баранавічамі, яснець у стагоддзях, разгарацца з Божае ласкі, з любові людзей!

Пяюць і сёння жаўрукі ў Крашыне,
расою краскі мыюцца ў траве…
Напісанае ў вогнішчы не гіне,
напісанае ў памяці жыве.
                        (Васіль Сахарчук)

Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 22 імя І.П.Бохана Гродна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий