Фарміраванне бегласці і правільнасці чытання ў пачатковых класах шляхам выкарыстання сістэмы практыкаванняў

- 12:52Методичка, Начальная школа. Идеи

Навучанне чытанню дзяцей было заўсёды і застанецца адной з найважнейшых задач працы настаўніка пачатковых класаў, таму што ад узроўню авалодання чытаннем залежыць будучая паспяховасць навучання дзіцяці ў школе.

Таццяна ШЭЛЯСТОВІЧ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Азёркаўская сярэдняя школа”
Мастоўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

 

Чытанне адыгрывае вялікую ролю не толькі ў адукацыі, але і ў выхаванні і развіцці чалавека. Гэта не толькі тое, чаму і з дапамогай чаго дзеці вывучаюць большасць прадметаў, але і разуменне зместу прачытанага, аналіз учынкаў герояў, высновы.

Сёння, калі ў кожным доме стала даступнай найбольш лёгкая крыніца атрымання інфармацыі – тэлебачанне, камп’ютары, інтэрнэт, гаджэты асабліва востра паўстала пытанне пра спосабы развіцця паўнавартаснага навыку чытання, у тым ліку і бегласць чытання. Разумеючы значнасць навучання чытанню ў адукацыі, выхаванні і развіцці дзяцей, вывучыўшы погляды навукоўцаў на гэтую праблему, я прыйшла да разумення неабходнасці выкарыстання аптымальных метадаў і форм работы з малодшымі школьнікамі.

Практыка маёй працы паказала, што ўзровень бегласці чытання дзяцей нізкі, вучні чытаюць мала, павольна і пры чытанні дапускаюць шмат памылак. Таму вельмі важна праводзіць працу па ўдасканаленні тэхнікі чытання і трымаць на кантролі ўзровень развіцця бегласці і правільнасці чытання ў вучняў, выкарыстоўваючы сістэму практыкаванняў, накіраваную на выключэнне памылак.

Гэтыя практыкаванні я рэалізоўваю паслядоўна і паэтапна, пачынаючы з 1-га класа. Пералічу найбольш удалыя, на мой погляд, якія я прымяняла ў класе. На кожным уроку наладжваю мэтанакіраваную псіхалагічную падрыхтоўку вучняў: “Калі ты будзеш выконваць усе рэкамендацыі, то пачнеш вельмі хутка чытаць”, “Скажы сабе так: я змагу, у мяне ўсё атрымаецца і я буду так чытаць, што мяне пахваляць” і іншыя.

Пачынаючы з урокаў навучання грамаце, шырока прымяняю практыкаванні на пастаноўку дыхання і фарміраванне правільнай паставы. Гэта такія практыкаванні як “Насос”, “Здуем шар”, “Задуй свячу”, “Пёрка, ляці”, “Мыльныя пузыры”. Гімнастыка для правільнай паставы дапамагае расслабіць мышцы спіны, “настроіць” цела на актыўную дыхальную і галасавую работу. Гэта такія практыкаванні, як “Дрывасек”, “Вызваленне ад стамляльнасці”, “Насос”. (Дадатак 1)

Выкананне такіх практыкаванняў дапамагае дзецям навучыцца расходаваць паветра пры вымаўленні слова ці фразы, нячутна “дабіраць” яго ў час паўзы, дыхаць пры чытанні лёгка і натуральна. Праводжу іх у гульнявой форме – у выглядзе маўленчых размінак перад чытаннем.

У 1–2-м класах праводжу гэтую работу франтальна, а ў наступных класах – індывідуальна з адстаючымі вучнямі. Гульнявыя практыкаванні вельмі падабаюцца навучэнцам і прыносяць ім вялікую карысць і задаволенасць.

Праводжу таксама практыкаванні для правільнай артыкуляцыі. Яны звязаны з развіццём маўленчага апарата і асабліва карысная для вучняў. Маўленчая зарадка ўключае наступныя практыкаванні: “Цокат капыт”, “Забі гол”, “Арэлі”, “Язык змяі”, “Лом-лапата”, “У каго язык даўжэй”, “Чаргаванне артыкуляцыі”. (Дадатак 2) Лічу, што адно ці два практыкаванні можна адпрацоўваць і паўтараць на працягу тыдня, а потым замяняць іншымі.

Уменне выразна вымаўляць гукі і іх спалучэнні дасягаецца падчас работы са скорагаворкамі. Методыка работы з імі вядомая: ад асобнага, выразнага прагаворвання – да максімальна выразнага, хуткага. [1, с. 50] Лічу карысным пачаць работу з аднаго радка скорагаворкі і на кожным занятку дадаваць новы. Тут важная не колькасць скорагаворак, а якасць іх вымаўлення (я выкарыстоўваю 1–2 і не больш).

Вялікую ўвагу ўдзяляю развіццю зрокавай памяці і ўвагі вучняў. Гэта выпрацоўвае беглае чытанне і павялічвае яго хуткасць. Такую работу будую па-рознаму. Так, спачатку правожу гульню “Фотавока”. Гэты прыём выкарыстоўваю з пачатку навучання грамаце і паступова ўскладняю яго. На дошцы запісваюцца слупкі слоў з 4-, 5-, 6-літарных слоў, якія паказваюцца па чарзе. На кожнае слова выдзяляецца пэўны час. Вучні чытаюць пра сябе словы як бы “фатаграфуючы” іх. Пасля паказу некалькіх слоў пытаюся ў дзяцей: “Ці было сярод паказаных слоў тое ці іншае слова?”

Часта праводжу гульні “Знайдзі лішняе слова” або “Што змянілася?”. Таксама падбіраю практыкаванні, абапіраючыся на методыкі І.Г.Пальчанка і І.Т.Федарэнкі. Звяртаюся да тэстаў зрокавых дыктовак і трэніровачных практыкаванняў для развіцця аператыўнай памяці. Акрамя таго, выкарыстоўваю лікавыя табліцы Шультэ – яны ўяўляюць сабой выпадкова размешчаныя лічбы, якія трэба знайсці па парадку. (Дадатак 3) 

На другім этапе работы па фарміраванні правільнага і беглага чытання вельмі дапамагае праграма па хуткачытанні, створаная настаўнікам інфарматыкі А.М.Касабуцкім. Так, сказы запісваюцца не на дошцы ці аркушы паперы (як прадугледжвае методыка І.Т.Федарэнкі і І.Г.Пальчанкі), а паказваюцца на экране камп’ютара строга вызначаны час. Пасля заканчэння часу сказ рассыпаецца на часткі, да іх дадаюцца лішнія. Дзеці збіраюць сказ з неабходных частак. Пасля заканчэння часу сказ знікае, і яго трэба ўпісаць у поле формы.

Пры выпрацоўцы правільнасці чытання выкарыстоўваюцца наступныя метадычныя прыёмы:

1) работа над пастаноўкай дыхання;
2) адпрацоўка артыкуляцыі: чытанне хорам галосных а, о, у, ы, і; чытанне па дзве галосныя, па тры, па чатыры (развіццё рухомасці моўнага апарату; такім чынам можна чытаць і зычныя); чытанне спалучэнняў зычных; чытанне спалучэнняў галосных; чытанне слоў з адным коранем (снег, снегавік…); чытанне слоў з розным коранем, але з адным канчаткам (рука, зорка…); праца са скорагаворкамі і чыстагаворкамі;
3) раскрыццё лексічнага значэння слова;
4) папярэдняе паскладовае чытанне слоў;
5) чытанне тэксту сам сабе з мэтай усведамлення зместу тэксту і падрыхтоўкі да чытання ўслых;
6) складанне цяжкіх для чытання слоў з разразной азбукі;
7) чытанне асобных цяжкіх слоў, надрукаваных на лісце паперы ці напісаных на дошцы;
8) харавое паўторнае чытанне цяжкіх слоў, словазлучэнняў, сказаў;
9) сістэматычны кантроль настаўніка і вучняў за чытаннем;
10) своечасовае выпраўленне памылкі з улікам характару.

Рэалізацыя гэтых прыёмаў адбываецца праз адпаведныя практыкаванні. Напрыклад: чыстагаворкі, скорагаворкі.

 

Чыстагаворкі, паўтарэнне слоў. Дзецям вельмі падабаецца праца з разнастайнымі вершамі. Праца з такімі чыстагаворкамі дапамагае вучням правільна вымаўляць гукі. А яшчэ прапаную, каб дзеці самі прыдумалі працяг чыстагаворкі.

Кі-кі-кі – быў каля ракі.
Ка-ка-ка – хочам малака.
Цэ-цэ-цэ – трымаю ў руцэ.
Ці-ці-ці – дамоў пара ісці.
Шы-шы-шы – брата калышы.

 

Скорагаворкі. У рабоце са скорагаворкамі трэба прытрымлівацца наступнага алгарытму: “Выявіць сэнс, затым пераадолець усе цяжкія гукаспалучэнні. Важна вымаўляць цяжкае слова па складах, хоць і ў павольным тэмпе, але без якіх-небудзь цяжкасцей. Прагаворваць трэба кожную скорагаворку спачатку бязгучна, затым пераходзіць на шэпт, а потым услых, спачатку ў павольным тэмпе, потым у хуткім. Неабходна памятаць пра выразнасць вымаўлення” [2, с. 57]. Спачатку можна браць кароткія, а затым больш складаныя скорагаворкі.

Цімох нацягнуў цеціву лука.
Шырокі, шырэйшы, самы шырокі.
Алень увесь дзень хаваўся ў цень.

 

У сваёй дзейнасці я заўважыла, што многія школьнікі пры чытанні сутыкаюцца з рознымі праблемамі.

Праблемы Практыкаванні
для выпраўлення праблем
Прыродны тэмп чытання
(вельмі марудны)
1) Шматразовае чытанне
2) “Маланка”
3) “Буксір”
Рэгрэсія – адваротны рух вачэй з мэтай паўторнага чытання 1) Чытанне з дапамогай палоскі
2) “Чытанне з акенцам”
Адсутнасць навыку антыцыпацыі – сэнсавай здагадкі 1) “Прапушчаная літара”
2) “Закончы сказ” (Дзеці елі ка…)
3) “Рашотка”
Дрэннае развіццё артыкуляцыйнага апарата 1) Чытанне радоў літар
2) Чытанне скорагаворак, чыстагаворак
Нізкі ўзровень увагі і памяці 1) “Фотавока”
2) “Зрокавыя дыктанты”
3) “Што змянілася?”
4) Табліцы  Шультэ
5) “Лаві памылку”

Самае галоўнае, каб не праходзіла ніводнага дня без чытання. Для гэтага на кожным уроку арганізоўваю “Птушыны базар”, дзе дзеці на працягу пяці хвілін чытаюць кнігі. Па сканчэнні часу ставяць кропку алоўкам на тым месцы, дзе спыніліся. На наступным уроку яны працягнуць чытанне. Пры навучанні грамаце, пачынаючы з ІІІ чвэрці дзяцей запісваю ў школьную бібліятэку, дзе яны бяруць кніжкі-малышкі і будуюць кожны свой замак, які складаецца з цэглы (адна цагліна – адна кніжка).

Такім чынам, настаўніку пачатковых класаў неабходна ўдзяляць шмат увагі выпрацоўцы правільнасці і бегласці чытання. Пры гэтым памятаць пра астатнія якасці і выпрацоўваць іх узаемазвязана. Таму што, калі вучань не валодае правільнасцю, то ён не зможа прачытаць ні выразна, ні бегла і, пры гэтым, проста не зразумее тэкст. Сістэматычнае выкарыстанне падобных заданняў, безумоўна, прыносіць станоўчыя вынікі.

 

Дадатак 1

Дыхальныя практыкаванні

“Насос”
Дзеці робяць удых носам, выдых праз рот; удых, затрымка дыхання, выдых; удых, выдых па порцыях.

“Здуем шар”
Мэта: развіццё плаўнага выдыху і актывізацыя губных мышцаў.
Уявіце сабе, што ў вас у руках паветраны шар, які здуваецца. Пачнём ціснуць яго рукамі пры гэтым паступова будзем вымаўляць гук [ш] або [с].

“Задуйце свячу”
Мэта: развіццё моцнага і плаўнага накіраванага выдыху; актывізацыя губных мышцаў.
Зрабіце глыбокі ўдых і адным штуршком выдыхніце паветра. Гэта вы задуеце адну свечку.
Уявіце, што перад вамі на стале стаіць тры свечкі. Зрабіце глыбокі ўдых і выдыхніце трыма порцыямі, задуваючы кожную свечку.
А зараз уявіце, што перад вамі вялікі пірог са свечкамі. Зрабіце глыбокі ўдых і выдыхаючы паветра імкніцеся задуць як мага больш свечак.

“Пёрка, ляці”
Мэта: развіццё моцнага плаўнага скіраванага выдыху; актывізацыя губных мышцаў.
Абсталяванне: птушынае пяро.
Падкіньце пяро ўверх і дуйце на яго так, каб яно не ўпала ўніз. Звярніце ўвагу дзяцей, што дуць патрэбна моцна.

“Мыльныя пузыры”
Мэта: развіццё моцнага плаўнага выдыху, актывізацыя губных мышцаў.
Абсталяванне: мыльны раствор для выдування пузыроў.
Вучням патрэбна выдуваць праз рамку пузыры. Выдых праз рамку для пузыроў павінен быць не вельмі моцным, плаўным і доўгім.

“Нажніцы”
Уявіце, што вашыя ўказальны і сярэдні пальцы рук ператварыліся ў нажніцы, а вам патрэбна разрэзаць доўгую-доўгую палоску паперы. Кожны рух нажніц мы будзем суправаджаць гукамі “чык-чык”. Спачатку можна павольна, затым паскараючы тэмп, а можна чаргаваць.

“Лічэнне”
Палічыце ад 1 да 10 з паступовым павелічэннем тэмпу.
Палічыце ад 1 да 10 з паступовым памяншэннем тэмпу.

 

Дадатак 2

Практыкаванні для маўленчай зарадкі

“Забі гол”
Рот закрыты, вусны без руху, язык кончыкам кранае шчокі.

“Пачысці зубкі”
Кончыкам языка пры закрытым роце чысцім зубкі.

“Арэлі”
Водзім ніжнюю сківіцу з боку ўбок, потым – уперад-назад.

“Цокат капыт”
Для выканання практыкавання вам патрэбна падняць кончык языка ўверх да паднябення, а потым апусціць. Паскакалі! Спачатку павольна, а затым хутчэй.

“Язык змяі”
Уявіце сабе, што вы – змяя, якая высунула змяіны язык. Пакажыце сваю зброю ворагу, каб ён разумеў, з кім мае справу. Спачатку высуньце язык і зрабіце ўверх і ніз два-тры рухі яго кончыкам. Потым паўтарыце практыкаванне, імкніцеся хутка высоўваць язык і хутка яго хаваць.

“Чаргаванне артыкуляцыі”
Зрабі “а” і адразу “ы” некалькі разоў, потым “о” і адразу шырокую ўсмешку “і”.

 

Практыкаванні для правільнай паставы

“Дрывасек”
Ногі паставіць на шырыні плеч. Уявіце, што у вас у руках сякера, якую вы паднялі высока над галавою. Зрабіце глыбокі ўдых, хутка нахіліцеся ўперад, апускаючы пры гэтым сякеру і выгаварыце пры гэтым “Ух!”, “Ха!” або “Раз!”, “Бах!” і г.д.

“Вызваленне ад стомленасці”
Станьце прама, рукі апусціце. Падыміцеся на наскі пры гэтым, падымаючы рукі, робім глыбокі ўдых. Затым расслабляем цела і “кідаем” яго як бы ўніз, вымаўляючы “ха”. Пасля гэтага не выпростваемся, а робім яшчэ 2–3 дадатковых спружыністых нахілы і выдыхаем апошняе паветра адначасова вымаўляючы “ха-ха-ха”.

“Насос”
Нахіліцеся наперад і ўявіце, што вы пампуеце ў шыну аўтамабіля паветра. Робім кароткі ўдых, далоні прыціснуты да грудзей. Выдыхаем паветра разам з гукам “ф-ф-фу” і апускаем рукі.

 

Дадатак 3

Табліца Шультэ

 

 

Дадатак 4

Практыкаванні на выпрацоўку бегласці

Чытанне “пірамідак складоў і слоў”
Для развіцця аператыўнага поля чытання карысна выкарыстоўваць на ўроках чытанне “пірамідак складоў і слоў”:

            Р О                                         КА 1 МАР

         Н    2   У                                   ПАР  2      ТА

      С       3      Е                             КАР      3         ТА

   М         4         І                      БАЛ           4           КОН

К             5            У                ДОШ                       КА

 

Чытанне з павелічэннем складоў у слове

СНЕГ
СНЕЖНЫ
СНЕГАВІК

“Выраслі на градцы”. Знайдзіце ў квадраце назвы гародніны, прачытаць якія можна, рухаючыся ўверх, уніз, управа, улева. Па дыяганалі рухацца нельга (капуста, бурак, морква, цыбуля, агурок, гарох, гарбуз, пятрушка).

“Буксір”
Настаўнік чытае тэкст, а дзеці імкнуцца паспяваць за настаўнікам, чытаючы тэкст пра сябе. Праверку здзяйсняю шляхам спынення на якім-небудзь слове і паўтараю яго. Дзеці павінны спыніцца на гэтым жа месцы і паказаць гэта слова. Рухаюся па радзе і правяраю правільнасць спынення.

“Хто хутчэй”
На стале раскідваю артыкулы (іх павінна быць больш, чым дзяцей). Патрэбна знайсці ў артыкулах дадзены сказ. Па камандзе “Чытай!” кожны вучань пачынае хутка прабягаць вачыма артыкул, каб знайсці патрэбны сказ.

 

 

Спіс выкарыстаных крыніц

1 Борисенко, И.В. Методические уроки К.Д.Ушинского / И.В.Борисенко // Начальная школа. – 1994. – № 3, – С. 12–19.
2 Боразнова, Г.Д. Техника обучения чтению / Г.Д.Боразнова // Пачатковая школа. – 2004. – № 10. – С. 156–158.
3 Горецкий, В.Г. О проверке навыка чтения / В.Г.Горецкий // Начальная школа. – 2001. – № 8. – С. 50–55.
4 Зайцев, В.Н. Резервы обучения чтению / В.Н.Зайцев – М. : Просвещение, 1991. – 210 с.
5 Косабуцкий, А.Н. Онлайн-программа «Тренировка скорости чтения» [Электронный ресурс] / А.Н.Косабуцкий. – Режим доступа: http://chtenie.net/. – Дата доступа: 14.03.2022.
6 Оморокова, М.И. Преодоление трудностей из опыта обучения чтению / М.И.Оморокова. – М. : Просвещение, 1990. – 125 с.
7 Федоренко, И.Т. Подготовка учащихся к усвоению знаний / И.Т.Федоренко. – Киев, 1980. – 119 с.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий