Выхаванне ў вучняў пачуцця грамадзянскасці і патрыятызму ў працэсе вывучэння беларускай мовы і літаратуры

- 14:29Беларуская мова і літаратура. Ідэі, Методичка

Выхаваўчыя задачы на ўроках беларускай мовы вырашаюцца не толькі праз фарміраванне цікавасці да прадмета. Урокі роднай мовы павінны рашаць задачы і праз адпаведны дыдактычны матэрыял. Вучні ў час працы з вучэбнымі тэкстамі, у якіх расказваецца пра Беларусь і беларусаў, далучаюцца да гісторыі, духоўнай культуры свайго народа, яго традыцый і здабыткаў.

Марына ПАЎЛЮЧЫК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры 
ДУА “Сярэдняя школа № 1 г. Дзятлава”,
Гродзенская вобласць

marina.lajlo@gmail.com

 

Сучасныя патрабаванні да выхавання маладога пакалення, свядомых грамадзян, вартых прадстаўнікоў сваёй нацыі, сваёй краіны ляжаць у аснове Канцэпцыі і Праграмы бесперапыннага выхавання дзяцей і моладзі ў Рэспубліцы Беларусь. Забеспячэнне духоўнага і фізічнага станаўлення асобы, падрыхтоўка маладога пакалення да жыцця ў грамадстве, выхаванне грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, фарміраванне ў яго маральных перакананняў, культуры паводзін, эстэтычнага густу патрабуе сістэмнага падыходу ў выхаванні вучняў.

У сваёй рабоце я імкнуся выкарыстоўваць існуючыя формы выхавання, актывізаваць і накіраваць дзейнасць вучняў на нацыянальна-культурнае адраджэнне, абапіраючыся на багаты шматвяковы вопыт пакаленняў, на спадчыну: на нацыянальную культуру, гісторыю, літаратуру і фальклор нашага народа, каб мы маглі выхаваць высокаадукаваную асобу. Нацыянальная самасвядомасць звязана з пачуццём любові да бацькоў, родных, аднакласнікаў, да зямлі, на якой нарадзіўся і вырас, да культуры, традыцый роднага краю.

На ўроках мовы выкарыстоўваю мясцовы краязнаўчы матэрыял, які таксама садзейнічае развіццю ўменняў і навыкаў граматна выказвацца, абапіраючыся на здабыткі культуры і гісторыі малой радзімы.

Выхаваўчыя задачы на ўроках беларускай мовы вырашаюцца не толькі праз фарміраванне цікавасці да прадмета. Урокі роднай мовы павінны рашаць названыя задачы і праз адпаведны дыдактычны матэрыял. Вучні ў час працы з вучэбнымі тэкстамі, у якіх расказваецца пра Беларусь і беларусаў, далучаюцца да гісторыі, духоўнай культуры свайго народа, яго традыцый і здабыткаў. Атаясамліваючы сябе з гэтай культурай, вучні фарміруюць свой светапогляд. У школьнікаў выхоўваецца нацыянальная самасвядомасць. Вучань павінен асэнсоўваць мову як нацыянальную і агульначалавечую каштоўнасць, таму вельмі важна ўзбагаціць асобу вучня маўленчымі сродкамі, уласцівымі беларускай мове, пазнаёміць з выслоўямі, прыказкамі, прымаўкамі, фразеалагізмамі, звесткамі пра самабытнасць нацыянальнай культуры і традыцый.

Я імкнуся ўкараніць у працэс навучання метады і прыёмы, якія садзейнічаюць фарміраванню камунікатыўнай кампетэнцыі праз выкарыстанне лінгвакультуралагічнага падыходу, далучэнню вучняў да культурных каштоўнасцей, спасціжэнню моўных сродкаў для выкарыстання ў маўленні. Нават асобнае слова нашай мовы нясе ў сабе пэўную інфармацыю: пра гісторыю народа, пра традыцыі і мудрасць.

Таму, пачынаючы з 5-га класа, звяртаю ўвагу на адпрацоўку навыку граматна карыстацца словам для перадачы думак. А лепш за ўсё выпрацоўваць гэта ў кантэксце нацыянальнай культуры. Для таго каб папоўніць слоўнікавы запас вучняў і сфарміраваць навык правільнага выкарыстання слова, прапаную вучням такія віды заданняў, як:

– вызначыць лексічнае значэнне слова,
– скласці словазлучэнне з пэўнымі словамі,
– падабраць сінонімы,
– абгрунтаваць ужыванне ў сказе таго ці іншага слова,
– вызначыць апорныя словы ў тэксце,
– супаставіць словы ў рускай і беларускай мовах і іншыя.

Пастаянна выкарыстоўваю на ўроках звесткі з беларускага народнага календара. Прапаную вучням знаёмства з культурнымі сімваламі беларускага народа, напрыклад, валошка – сімвал духоўнасці, вянок – сімвал кахання і шлюбу, парог – мяжа паміж хатай і навакольным светам і інш. Гэты матэрыял выкарыстоўваю пры вывучэнні слоў у прамым і пераносным значэнні, фразеалагізмаў, пры вывучэнні розных часцін мовы.

Я лічу сваёй задачай паказаць вучням, як у слове адбіліся асаблівасці нацыянальнай культуры і светапогляд народа. У сваёй рабоце карыстаюся наступнымі метадамі: тлумачальна-ілюстрацыйным, рэпрадуктыўным, праблемным, часткова-пошукавым, даследчым і інш. Пачынаючы з 5-га класа прапаную вучням праводзіць міні-даследаванні. Выкарыстоўваю словы тыпу “талака”, “бурнос”, “верашчака” і іншыя. Спачатку адбываецца прэзентацыя слова, затым высвятляецца яго значэнне, уяўленне пра прадмет, дзеянне, прымету, з’яву, пошук адпаведнікаў у рускай мове. У залежнасці ад значэння і выкарыстання слова падбіраюцца прыказкі, прымаўкі ці ўрыўкі з вершаў беларускіх пісьменнікаў з выкарыстаннем гэтага слова.

Прымяняю метад пабудовы сэнсавых палёў: запісваю слова ў цэнтры дошкі, даю тлумачэнне, па якой схеме і якія “палі сэнсаў” варта запоўніць. Напрыклад, уверсе – “словы-спадарожнікі” (асацыяцыі), унізе – “словы-сваякі” (аднакарэнныя словы), справа – “словы-сябры” (сінонімы), злева – “словы-ворагі” (антонімы). Колькасць “палёў-сэнсаў” залежыць ад узроўню ведаў, часу, ступені складанасці слова.

Пры вывучэнні марфалогіі выкарыстоўваю матэрыялы вуснай народнай творчасці: прыказкі, прымаўкі, прыметы, загадкі, дзе вучні тлумачаць значэнне, адгадваючы ўтоеную з’яву, запамінаюць яе прыметы. Выкарыстоўваю заданні тыпу выбраць лішняе слова з прапанаваных, згодна адпаведнаму значэнню або іншай асаблівасці, ад назоўніка “дарога” ўтварыць дзеяслоў са значэннем ‘стаміцца ў дарозе’ (здарожыцца) і растлумачыць яго значэнне на аснове ўрыўка з верша Ніла Гілевіча.

Патрыятычнае выхаванне – гэта сістэматычная і мэтанакіраваная дзейнасць па фарміраванні ў дзяцей пачуцця вернасці сваёй Айчыне, гатоўнасці да абароны інтарэсаў Радзімы. Патрыятычнае выхаванне накіравана на фарміраванне і развіццё асобы, якая валодае якасцямі грамадзяніна-патрыёта, а таксама здольная паспяхова выконваць грамадзянскія абавязкі ў мірны і ваенны час. Беларуская літаратура адносіцца да прадметаў культуралагічнага цыклу, у яе рамках паслядоўна і сістэматычна адбываецца далучэнне вучняў да мастацтва. Родная літаратура каштоўная сваімі ідэямі і тым асобасным сэнсам, які маюць сюжэт літаратурнага твора, мастацкія вобразы, адносіны і стаўленне самога аўтара да герояў і падзей, да жыцця і свету.

З першых урокаў у 5-м класе стараюся зацікавіць сваіх вучняў багатай спадчынай, беларускага народа. Прапаную пры падрыхтоўцы да ўрокаў розныя віды работ. Так, напрыклад, калі было абагульненне па тэме “Вусная народная творчасць”, вучні выконвалі заданне па групах: скласці казку, знайсці апавяданні і вершы, прыказкі і прымаўкі, загадкі. Вывучэнне апавядання М.Лынькова “Васількі” дае вялікую магчымасць расказаць пяцікласнікам пра жудасныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны і жыццё дзяцей у час вайны, тым самым паглыбляць веды пра гэту навалу.

Уступныя заняткі па вершы А.Ставера “Жураўлі на Палессе ляцяць” пачынаю з праслухоўвання песні. Звяртаю ўвагу на тое, што ў кожнага чалавека ёсць свая Радзіма, Бацькаўшчына, краіна, дзе жылі іх родныя і блізкія. Наша Радзіма – край блакітных рэк і азёр, зялёных лясоў, сенажацяў, мужнага і працавітага народа. Важнае месца належыць нашай малой радзіме, якая мае свой адметны выгляд, сваю прыгажосць, якая адкрываецца кожнаму яшчэ ў дзяцінстве, у час памятных на ўсё жыццё ўражанняў дзіцячай душы. Каменціруецца запісанае на дошцы слова “патрыятызм”. Пасля аналізу верша вучні адказваюць на пытанне, чаму лірычнага героя верша можна назваць патрыётам.

Праграма па беларускай літаратуры 7-га класа дае багаты матэрыял для патрыятычнага выхавання вучняў. Напрыклад, пры вывучэнні верша “Ручэй” Я.Коласа і апавядання “Крынічка” Т.Хадкевіча абавязкова звяртаю ўвагу на апісанне мясцовасці ў апавяданні “Крынічка”. Тут жа даю дамашняе заданне падрыхтаваць выразнае чытанне вершаў, прысвечаных роднаму гораду. Ваенная тэма разглядаецца на прыкладзе твораў В.Быкава “Незагойная рана”, В.Зуёнка “З вайны сустрэлі мацяркі сыноў”, А.Вярцінскага “Рэквіем па кожным чацвёртым”.

Вучням задаюцца праблемныя пытанні:

– Чаму апавяданне называецца “Незагойная рана”?
– Пра якую рану ідзе размова ў творы?
– Якія радкі верша В.Зуёнка “З вайны сустрэлі мацяркі сыноў” раскрываюць пачуцці і перажыванні матуль?
– Якія радкі паўплывалі на вашы адносіны да маці, што не дачакаліся з вайны сваіх дзяцей?
– Якія пачуцці выклікае ў вас заключная частка твора “Эпілог”, пададзеная ў форме “ўрока спражэння”?
– Да чаго заклікаюць гэтыя творы?

Пасля аналізу твораў робіцца вывад пра гераізм і патрыятызм, страты і пакуты беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

– Які ён, мой край?
– Хто ён, беларус?
– Што за такі народ – беларусы?
– Якія рысы характару з’яўляюцца вызначальнымі ў нас, беларусаў?

На гэтыя пытанні шукаем адказ у вершы Р.Барадуліна “Мы – беларусы”.

У 9-м класе вучні выяўляюць карані патрыятызму ўжо на гістарычнай аснове. У іх ёсць магчымасць вывучаць літаратуру ў кантэксце сусветнай. Пры знаёмстве з постаццю Еўфрасінні Полацкай расказваю, што яе дзейнасць была вельмі важнай на шляху развіцця беларускай старажытнай літаратуры. Падкрэсліваю, што ўжо ў 12 гадоў яна разумела сэнс служэння народу. Пры вывучэнні “Песні пра зубра” М.Гусоўскага акцэнтуем увагу на гісторыі, велічы і славе Айчыны. Выкарыстоўваем групавую форму работы і раскрываем прыгажосць роднага краю, характар беларусаў. Вынік гэтай працы – пачуццё павагі і любові да сваёй Радзімы, разуменне духоўнага подзвігу, грамадзянскай адказнасці за будучыню свайго краю.

Пры вывучэнні творчасці Ф.Багушэвіча, Цёткі звяртаю ўвагу на тое, што пісьменнікі сваімі творамі імкнуліся абудзіць свядомасць сялян, заклікалі да актыўнага змагання за волю і родную мову: “…не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!” Прашу растлумачыць сэнс цытаты і выбраць радкі з твораў Цёткі і Багушэвіча, якія б вучні змясцілі ў інтэрнэце, каб зацікавіць іх творчасцю грамадскасць.

Разглядаючы жыццёвы і творчы шлях Максіма Багдановіча, разважаем, ці мала 25 гадоў жыцця. Расказваю вучням, наколькі няпростым быў лёс паэта: хвароба, адарванасць ад Радзімы, трагічнае каханне і смерць далёка ад роднага краю. Знаёмімся з біяграфіяй, робім выснову, колькі зрабіў паэт для развіцця беларускай літаратуры, для сваёй Бацькаўшчыны. Адсюль вынікае пытанне, што мы самі можам зрабіць для Айчыны. Пачынаем размову з выбару прафесіі і прыходзім да вываду, што ў кожнага чалавека незалежна ад прафесіі ёсць магчымасць паслужыць нацыянальнаму, сацыяльнаму і духоўнаму росту Бацькаўшчыны. Асобна трэба спыніцца на песенных творах: народных песнях і вершах беларускіх паэтаў, пакладзеных на музыку. Яны пастаянна гучаць на ўроку.

Песня – душа народа. У народных песнях таксама выражаюцца патрыятычныя памкненні беларусаў. Паслухаўшы песні беларускіх кампазітараў на словы А.Ставера “Жураўлі на Палессе ляцяць”, М.Багдановіча “Маёвая песня” і “Слуцкія ткачыхі”, А.Вярцінскага “Было ў салдата два полі”, Я.Купалы “Мая малітва”, Я.Коласа “Мой родны кут”, А.Куляшова “Алеся”, Н.Гілевіча “Вы шуміце бярозы”, Р.Барадуліна “Трэба дома бываць часцей” і іншыя, вучні маюць магчымасць упэўніцца ў тым, што і на беларускай мове створана вялікая колькасць цудоўных песень.

Як вядома, працэсы навучання і выхавання ў школе ўзаемазвязаны. Безумоўна, родная мова з’яўляецца не толькі прадметам навучання, але і сродкам пазнання, развіцця і выхавання. Таму задача настаўніка – абудзіць павагу да роднага слова, працэсу пазнання, імкнення вывучаць сваю культуру і культуру іншых народаў, захапляцца дзівосным светам прыроды і ахоўваць яго. Калі настаўнік здолее раскрыць перад дзецьмі мілагучнасць беларускай мовы, яе вобразныя і выразныя сродкі, пакажа багацце слоўніка, пазнаёміць вучняў са стройнай сістэмай часцін мовы і сінтаксічных канструкцый, то дзеці будуць з цікавасцю вывучаць родную мову, пранікнуцца глыбокай любоўю да яе, а значыць, і да свайго народа – творца і носьбіта гэтай мовы.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий