Пясняр долі народнай. Да 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа  

- 12:29Аўтарская калонка Валянціны ЯТКОЎСКАЙ

Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА”Сярэдняя школа № 22 імя І.П.Бохана г. Гродна”


 

Давайце паспрабуем зазірнуць у сівую старажытнасць нашага народа, нашай Бацькаўшчыны, дзе праз тоўшчу гадоў свецяць імёны тых, хто паказаў невымерныя жыццёвыя пакуты, беспрасветную галечу і бяспраўе беларускага селяніна на працягу многіх стагоддзяў, хто ведаў, шанаваў і песціў роднае слова: Янка Купала, Змітрок Бядуля, Максім Танк, Максім Гарэцкі, Максім Багдановіч, Францішак Багушэвіч, Іван Мележ, Якуб Колас і іншыя знакамітыя пісьменнікі. Яны – неацэнны скарб, вечны гонар і сумленне айчыннай літаратуры.

Якуб Колас… Гэтыя словы як рэха гераічнай гісторыі нашай Радзімы, якое адгукаецца ў мільёнах сэрцаў. Дык хто ж ён? Патрыярх нацыянальнай літаратуры, народны паэт Беларусі, духоўны бацька, волат думкі і слова, найлепшы сын нашага краю. Сёлета яму споўнілася б 140 гадоў з дня нараджэння (1882–1956). Ён – адзін з кагорты самых бліскучых і самабытных празаікаў, выдатны крытык і публіцыст. Кожны яго твор – гэта дотык да самай даўняй даўніны. Як сапраўдны пясняр долі народнай і сваёй эпохі, Колас чула ўлоўліваў пульс жыцця, свой невычэрпны талент, бязмежную, самаадданую любоў прысвяціў абароне інтарэсаў працоўнага люду; дбаў, каб шырэў, каб усё буйней красаваў яго колас на ніве славянскай культуры. Юбілейная дата – асаблівая нагода, каб узняць на вяршыню чалавечай памяці Асобу, Імя, святое і недасягальнае. Яно залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю айчыннага пісьменства. Не, сапраўдныя людзі, а тым больш мастакі слова, не паміраюць! Яны заўсёды з намі, жывуць сярод нас. Хвала і слава геніяльнаму паэту на векі вечныя!

Творчасць Якуба Коласа – нібыта расчыненае акно ў свет усёй беларускай паэзіі першай паловы ХХ стагоддзя. Яго вершы, іх танальнасць, нібы чароўны ключ, якім можна адамкнуць скарбніцу – душу роднай зямлі. Кранаюць шчырыя радкі, цешаць такія простыя, цёплыя, жывыя словы. Часам зусім празрыстыя, зразумелыя, часам – загадкавыя і таямнічыя… Прыслухайцеся – і адбудзецца цуд:

Не ў адной толькі нашай душы
Зерне ёсць хараства –
Аб ім казку складае ў цішы
Колас нівы, трава.
Не ў адным толькі сэрцы людзей
Іскра праўды гарыць –
Аб ёй песню пяе салавей,
Аб ёй рэчка журчыць…

Пражыта і пройдзена песняром немалая, але складаная дарога. Што ж было на гэтай дарозе? Пацягнем нітачку памяці. Безумоўна, шчасце і каханне, але, на жаль, хапала і страт, і слёз, і трывог, і пакут. Не ўсе вузельчыкі завязаліся аднолькава моцна. Адны з іх большыя, другія меншыя, трэція зусім ледзь бачныя.

У Якуба Коласа (яго сапраўднае прозвішча Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч), як і ў кожнага чалавека на гэтым свеце, пачыналася ўсё з дня нараджэння… Наднямонне – сэрца Беларусі, яе сонечнае спляценне. Менавіта на гэтай зямлі 3 лістапада 1882 года ў вёсцы Акінчыцы ўбачыў свет парастак коласа, якога яшчэ не мела наша ніва: у сям’і палясоўшчыка Міхала Міцкевіча нарадзіўся трэці сын. Далі яму імя Кастусь. Праз некаторы час, будучы ўжо вядомым паэтам , ён параўнае сваю долю са змрочным асеннім днём, у які ён нарадзіўся, а свае жыццёвыя дарогі – з тымі вузкімі і крывымі сцежкамі, якія распаўзліся ва ўсе бакі ад лесніковай хаты. Напэўна, не кожны ведае, што пасля нараджэння Кастуся, у Міхала і Марыі Міцкевічаў памерлі аж чацвёра малых дзетак (дачка Ганна, хлопчык, якому не паспелі нават даць імя, дачка Вікця, яшчэ адна Вікця, але і яна таксама памерла немаўлём). Сцены акінчыцкай хаты ўсяго некалькі месяцаў чулі голас навароджанага дзіцяткі, бо бацька быў лесніком і часта мяняў месца жыхарства. Геній Якуба Коласа ўвабраў мудрасць і дабрыню сваёй матулі, непісьменнай сялянкі Марыі Дзмітрыеўны. Варта адзначыць, што якраз яна была для малога Кастуся захавальніцай сямейнай утульнасці і дабрабыту, першаадкрывальніцай багатай народнай культуры, а дзядзька, якога лёс пакінуў адзінцом і прыбіў да сям’і старэйшага брата, пракладаў сцежку сялянскаму хлапчуку да Яе Вялікасці Кнігі, да мастацка-літаратурнага свету.

Дзяцінства Кастуся прайшло ў лесніковых сялібах Ласток і Альбуць на ўлонні чароўнай беларускай прыроды, якую з тых часоў палюбіў на ўсё жыццё. Дзеці прывучаліся да працы. І першым працоўным абавязкам было пастушкоўства. Непаўторная краса наднёманскіх лугоў, дзе пасвіў кароў, нарыхтоўваў сена; лясных палян, дзе любіў збіраць ягады і грыбы, таемны і ўрачысты шум лесу зачароўвалі ўражлівага хлапчука. Малому Кастусю ўяўлялася, што ён разумее, аб чым шуміць лес, пяюць жаваранкі, булькоча жвавы ручаёк, галосіць зімовы вецер.

Будучы студэнтам, сціплы вясковы падлетак захапляўся творчасцю рускага пісьменніка Якубовіча-Мельшына. Асабліва яму падабаўся верш пра колас. Так, гартаючы кнігу Якубовіча-Мельшына, малады Канстанцін і назваў сябе Якуб(овіч) Колас. Адзін з першых вершаў “Вясна” напісаў у 12 гадоў. За гэты верш бацька даў малому Кастусю сярэбраны рубель – на той час вялікія грошы.

Жыццё не песціла паэта-грамадзяніна, патрыёта. З вялікімі цяжкасцямі пракладваў ён шлях да навукі і літаратуры. Звальненне з працы за ўдзел у нелегальным з’ездзе настаўнікаў, несправядлівы суд: за актыўную грамадска-палітычную і літаратурную дзейнасць у абарону правоў прыгнечаных працоўных мас, паэт быў асуджаны царскім урадам да трох год турэмнага зняволення і гэту кару адбываў у Мінскім астрозе, стан палітычна нядобранадзейнага, мабілізацыя ў войска, Румынскі фронт, хвароба.

Якуб Колас выйшаў з глыбінь беларускага народа і стаў выразнікам яго дум і спадзяванняў. Ён стварыў шматлікую галерэю літаратурных тыпаў, раскрыў таямніцы душы чалавека працы, паказаў яго веліч і прастату, магутнасць і хараство. Кожны мастацкі вобраз пісьменніка стаў непаўторна індывідуальным, самабытным нацыянальным характарам, які ўзяты з самога жыцця. Яго героі лёгка запамінаюцца і з’яўляюцца нашымі спадарожнікамі, даюць магчымасць лепш пазнаць сябе, больш правільна вызначыць нашы імкненні і мэты. Паэт праклаў новыя каляіны, напісаў высокамастацкія творы, якія служаць своеасаблівымі ўзорамі для пісьменнікаў наступных пакаленняў. У іх беларускі дух, Беларуссю дыхае кожная старонка. Давайце пагартаем тыя радкі, дзе з намі гаворыць далёкае, але не забытае.

Асноўныя дамінанты “пакутлівых” твораў дарэвалюцыйнай лірыкі – краса роднага краю, які стаў калыскай таленту самабытнага паэта, сялянскае гаротнае жыццё, праўда і справядлівасць, мара аб светлай долі, зямля і воля, шчырая, непадробная любоў да людзей працы. Турэмныя краты, за якімі Якуб Колас правёў тры гады, не зламалі духу паэта. Якімі б змрочнымі ні былі настроі ў той перыяд, якія б горкія думы ні ўзнікалі ў яго, ён верыў у надыход светлага дня, у перамогу праўды, дабра і шчасця.

Аптымістычная вера ў сілы народа, у высокія ідэалы чалавецтва: свабоду, роўнасць выразна выявілася ў першым зборніку вершаў “Песні жальбы”. Гэта – выдатная з’ява ў гісторыі беларускай паэзіі. Тут знайшло адлюстраванне ўсё “мужычае жыццё” – доля, праца, будні, побыт, прырода. Яго песні “Маці”, “Наш родны край”, “Доля батрачкі”, “Мужык”, “З турмы”, “Песня над калыскай”, “Пісьмо з астрога”, “Не бядуй”, “Вёска” і іншыя гучаць як плач, скарга. Пясняр зычыць лепшай долі сваёй радзіме, імкнецца выклікаць спачуванне да простага чалавека, даць яму асвету. Сваіх герояў ён знаходзіць у вёсцы, у горадзе, нават у астрозе. Вось шчымлівы боль сэрца і глыбокія душэўныя пакуты, якімі прасякнуты ўрывак з верша “Вёска”:

Хлеўчык, пограб і гуменцы
Пад адзін зліліся плех,
Трэскі ўсаджаны ў акенцы,
Замест шкла – радняны мех.

На мой погляд, няма такога чалавека, які не ведае несмяротны верш “Мужык”. Мімаволі калоціцца сэрца, а ў вачах слёзы, калі чытаеш яго. Верш-споведзь, верш-маналог. Перад чытачамі велічна ўзвышаецца селянін-бядняк. Аўтар паказвае яго штодзённае жыццё ў мазольнай працы, бяспраўнае становішча, невыноснасць жыцця. Ён, гэты мужык, пакуль што яшчэ занядбаны і цёмны, але ўжо пачынае раскрываць свае мары аб зямлі і шчасці, аб той сапраўднай волі, якая зробіць яго паўнакроўным гаспадаром роднай краіны. Нарэшце, мужык загаварыў на ўвесь голас, загаварыў з самапавагай, гонарам і годнасцю:

Я – мужык, а гонар маю,
Гнуся, але да пары.
Я маўчу, маўчу, трываю.
Але скора загукаю:
“Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!”

Важнейшая асаблівасць паэзіі дакастрычніцкай пары – непадкупная праўдзівасць, пластычная рэльефнасць усіх карцін і вобразаў. Яго песні, поўныя сапраўднай любові да ўсіх, хто церпіць, каго прыгнятаюць і крыўдзяць. Яскрава гэта адлюстроўваецца ў вершы-закліку “Беларусам”. Аўтар звяртаецца да сваіх равеснікаў-юнакоў з заклікам да барацьбы, які вырашыць лёс народа. Ён перакананы, што разам яны – сіла, бо яна заключае ў сабе трываласць і моц:

Ўстаньце, хлопцы, ўстаньце, браткі!
Ўстань ты, наша старана!
Ўжо глядзіць к нам на палаткі
Жыцця новага вясна.

У Коласа ўсё рэальнае: “гразь, балота ды пясок”; хаты, якія “цесна збіліся”, хваёвыя крыжы пры дарогах як сімвалы адвечнай нядолі і пакуты, думкі і скаргі людзей. Мастацкія вобразы перадаюць глыбокі смутак аўтара, выкліканы цяжкай доляй народа. Роздум натхнёнага песняра над вытокамі патрыятызму, над лёсам свайго народа, над сваім месцам у жыцці прасочваецца ў вершы “Родныя вобразы”. Родныя краявіды не пакідалі паэта ў астрозе, дзе давялося адбываць тэрмін за рэвалюцыйную дзейнасць . О, якія цудоўныя, светлыя, прыемныя ўспаміны ў гэты час праляталі над яго галавой! Яны жылі ў яго ўяўленні, і рука клала на паперу радкі, поўныя сыноўняга захаплення і любасці сваім краем. У еднасці з народам чэрпае лірычны герой духоўныя сілы, мужнасць і нязломнасць у часы нягод і выпрабаванняў. Родныя вобразы мілыя яму, сыну гэтай зямлі, яны прасякнуты своеасаблівай красой, на якую адгукаецца яго душа. Адначасова выклікаюць у пісьменніка боль, жальбу. Лірычны герой так моцна злучаны з родным кутом, як толькі можна прымацаваць коўкай або надзець ланцуг:

Вобразы мілыя, вобразы смутныя,
Родныя вёскі і люд,
Песні цягучыя, песні пакутныя!..
Бачу і чую вас тут.

Са старонак твораў Якуб Колас выступае абаронцам мовы свайго народа. Найперш, сялян – забітых, абяздоленых і душэўна-чыстых. Такім чынам, мы ўсведамляем: тут – наша мінулае, тут – нашы карані, тут – часцінка нашай гісторыі, яе дыханне. І тут мы знаходзім тое, без чаго мы не зможам, не здолеем жыць, як без хлеба надзённага – гэта любоў да святой сілы роднага слова, да роднай зямлі, да чалавека працы.

Манументальныя, высокія паэмы “Новая зямля” і “Сымон-музыка” – тыя ступенькі, якія вялі Коласа да вяршынь паэтычнай славы, адкрывалі перад ім новыя далягляды. Гэтыя творы бяруць нас у палон, чытаць іх – вялікая раскоша і асалода. Паэмы ўзгадаваны на глебе расстання аўтара з родным куточкам. Родны кут падсілкоўвае кожнага творцу, і ў кожнага ён адметны. Для беларускага песняра “сонцам свяціла Наднямонне”:

“Мой родны кут, як ты мне мілы!..
Забыць цябе не маю сілы…!

Гэтымі словамі захаплення і замілавання, што ідуць з глыбінь сэрца, пачынаецца ліра-эпічная паэма Якуба Коласа “Новая зямля” – жамчужына беларускай літаратуры. Вось, здаецца, ты пераступаеш па мастку “крынічкі вузенькае ложа”, бачыш дружную чародку дубоў, маладых буслікаў, якіх пачынаюць вабіць далі. Паэту пашанцавала на дзівосныя, слаўныя мясціны. Панямонню “пашанцавала” не менш. Якую любоў да зямлі-маці трэба мець яе сыну, якім талентам валодаць, каб стварыць такі велічны помнік мастацтва –“Новую зямлю” – сапраўдную энцыклапедыю паўсядзённага побыту, летапіс імкненняў і мар, трывог і надзей, велічны гімн чалавеку працы, багаццям яго духоўнага свету. Тэма зямлі складае асноўную ідэйную аснову твора. У ім свеціцца кожная маленькая жыццёвая драбніца працоўнага беларускага сялянства, усё дарагое і блізкае, з дзяцінства ўведанае-пераўведанае. Пісаў, як усё роўна дыхаў свежым, гаючым паветрам, седзячы ў мінскім астрозе, у бетоннай камеры.

Побач з “Новай зямлёй” па ідэйнай вартасці і мастацкай прыгажосці стаіць паэма “Сымон-музыка.” У гэтым творы паказваецца выключная таленавітасць працоўных мас, іх настойлівае імкненне да шчасця і свабоды. Галоўны герой паэмы – вясковы хлопчык Сымон, здольны музыка. Сваімі песнямі ён абуджаў у слухачоў любоў да ўсяго прыгожага, жаданне стаць вольнымі людзьмі. Юнак марыў перайначыць жыццё бедных і стаць свабодным чалавекам. Цярністымі былі яго жыццёвыя дарогі: увесь час прыходзілася змагацца за кавалак хлеба, за незалежнасць, за права іграць так, як патрабавала сумленне. Усе перашкоды дапамагло адолець чыстае, незаплямленае пачуццё адказнасці за свой талент, вера ў свае сілы, сувязь з жыватворнымі крыніцамі жыцця, з народам. У паэме “Сымон-музыка” аўтар паэтызуе Мастацтва і Каханне. Яны – не проста словы, а сімвалы неўміручасці чалавецтва, якое кіруецца імі ў зямным жыцці. Вучні пераконваюцца ў важнай, неаспрэчнай ісціне: мастак – сын народа і таму павінен сваім талентам яму служыць, жыць яго думкамі і марамі, гараваць і радавацца разам з ім, ставіць яго інтарэсы вышэй асабістых. Сапраўднае Мастацтва павінна быць свабодным, непадкупным.

Эпахальная трылогія “На ростанях” – унікальная з’ява ў гісторыі айчыннага прыгожага пісьменства. Гэта своеасаблівы летапіс маладога жыцця пісьменніка. Цікава ведаць, што пісаў яе Колас звыш трыццаці гадоў са значнымі перапынкамі, выкліканымі грамадскімі падзеямі і працай над новымі творамі: “Я люблю гэтыя прасторы, люблю неаглядныя, ружова-сінія далі, іх поўныя жыцця, малюнкавасці, разнастайнасці тонаў зямлі і неба, дзе так многа разгону для тваіх вачэй, дзе маўклівая далечыня, атуліўшыся танюсенькаю наміткаю сінечы, думае нейкую адвечную сваю думку і так моцна парывае душу зазірнуць на заслону гэтай мудрасці, каб пазнаць яе таямніцы… На прастор, на шырокі прастор!”

Андрэй Лабановіч – галоўны герой трылогіі. Пісьменнік малюе яго з выключнай цеплынёй і сімпатыяй. Ён паказаны ў развіцці. На першых старонках перад намі малады настаўнік з прыгожымі, але крыху наіўнымі летуценнямі і марамі, вельмі сардэчны чалавек, які яшчэ глядзіць на свет праз ружовыя акуляры. У змаганні за лепшую будучыню Лабановіч усё больш і больш загартоўваецца і мала-памалу ператвараецца ў чалавака-змагара і грамадзяніна.

Ідэя трылогіі заключаецца ў сцвярджэнні адвечнага імкнення чалавека да ўсведамлення свайго грамадзянскага абавязку перад народам і радзімай, да пошукаў новых прастораў і форм жыцця, да сцвярджэння сваёй чалавечай годнасці. Дзеці ўсведамляюць, што чалавек вялікі ў сваім змаганні тады, калі яго дзейнасць падпарадкавана мэце ўзвышэння народа, чалавецтва. Яго кніга вучыць падлеткаў любіць жыццё, цаніць яго радасці, сеяць зерне праўды, любові, нацыянальнай годнасці.

Таму веліч і надзённасць трылогіі абумоўлівае жывую да яе зацікаўленасць сучаснікаў і нашчадкаў. Гэта любімы твор не толькі ў нас, але і далёка па-за межамі нашай рэспублікі.

Народны паэт Беларусі заўсёды выступаў палымяным песняром дружбы народаў, непрымірымым ворагам хлусні і пропаведзі вайны. У суровы ваенны час, калі наш народ узняўся на барацьбу супраць фашысцкіх захопнікаў, Якуб Колас услаўляў мужнасць і гераізм савецкіх воінаў і народных мсціўцаў, мудра вучыў, што кожны павінен не шкадаваць сіл, каб хутчэй наблізіць перамогу.

Многа страціў ён за гэты час: вайна сваімі крыважэрнымі рукамі забрала ў сваё бяздонне яго сына Юрку разам з мільёнамі землякоў-беларусаў, якім ён спяваў свае песні, па дарозе ў вызваленую Беларусь цяжка захварэла і неўзабаве памерла жонка Марыя Дзмітрыеўна, нічога не засталося ад дома, у якім былі пакінуты бібліятэка і надзвычай каштоўны архіў. Беззваротна прапалі рукапісы неапублікаваных твораў пісьменніка. Але паэт не падаў духам, а старанна і дбала збіраў новыя скарбы, упэўнена ішоў наперад.

Творы Якуба Коласа той пары, у якіх набатным звонам гучалі словы прарока-змагара прасякнуты глыбокім роздумам аб роднай беларускай зямлі, знявечанай і зруйнаванай чужынцамі. Яны выклікалі ў душы паэта сум і горыч, моцна ранілі сэрца. Аўтар разам з усім народам перажываў гэтыя пакуты. З прачулымі словамі звяртаецца аўтар да беларускага народа і любімага краю, суцяшае іх тым, што нядоўгі будзе гэты пастылы палон:

О, каб меў такія рукі,
Зямля, абняў бы я цябе,
Каб сцішыць гора тваё, мукі,
І сілу даць у барацьбе!

Паэт выказвае непахісную веру ў перамогу над ворагам, бо ведае, што ўвесь народ узняўся на барацьбу. “Шумяць гняўлівыя твае пушчы, трасуцца помстаю бары”, – радасна і ўпэўнена заяўляе ён.

Канстанцін Міцкевіч не стаў бы Якубам Коласам, класікам беларускай літаратуры, калі побач з ім не было б разумнай, чулай, далікатнай, клапатлівай жанчыны – спадарожніцы яго жыцця Марыі Дзмітрыеўны Каменскай. Іх каханне было сапраўдным, яно сагравала ім сэрцы доўгія дзясяткі гадоў. Раслі дзеці, мяняліся часы, з’яўляліся і адыходзілі сябры, а высакароднае пачуццё заставалася ранейшым, не гаснучы, а разгараючыся ўсё ярчэй. Дзякуючы яму лягчэй удавалася перанесці розны нягоды і выпрабаванні лёсу, не вельмі ласкавага да сям’і Міцкевічаў. Але міналася благое, надыходзілі радасныя падзеі, забывалася непрыемнае і горкае. З гадамі саюз рабіўся мацнейшым; яго вынікамі сталі не толькі трывалая дружная сям’я, у якой кожны чалавек быў асобай і талентам, але і – самае галоўнае – мноства геніяльных твораў, напісаных Якубам Коласам менавіта дзеля яе, у імя яе, яго каханай музы Марыі Дзмітрыеўны.

Трэба сказаць, што сям’я Коласа жыла сціпла: у ёй лічылася непрыстойным хваліцца дарагімі моднымі рэчамі, вопраткай. Неяк Колас падарыў сваёй жонцы футравую гаржэтку, але, надзеўшы адзін раз, Марыя Дзмітрыеўна схавала яе, саромеючыся паказвацца на людзях у такім шыкоўным убранні. Ды і сам Колас апранаўся проста, звычайна – як сельскі настаўнік. Госці ў іх доме збіраліся дзеля таго, каб пагаварыць, абмяняцца навінамі. На стол падаваліся нацыянальныя стравы беларускай кухні: дранікі, бабка, калдуны, булён. Але ў святы гасцей Міцкевічаў уражлівалі раскоша і разнастайнасць далікатэсаў – сям’я мела славутую кнігу “Падарунак маладым гаспадыням” рускай кулінарнай “багіні” Алены Малахавец. Па ёй гаспадыня нават рабіла торт “Баўмкухен”.

Дзе б ні даводзілася быць паэту, ён заўсёды ў думках быў з любай жонкай, дзяліўся з ёй радасцямі і нягодамі. Яна была яго паплечніцай, памочніцай і дарадчыцай. Дамо слова яму самому: “Мілая, родненькая, слаўная Маруська. Ці ўсё ў цябе добра, ці здарова ты сама? Каб ты ведала, Маруська, як мне без цябе цяжка. Дня таго няма, няма таго часу ў дні, каб я не ўспомніў аб табе”.

Якуб Колас перажыў жонку на адзінаццаць гадоў, вельмі сумаваў па ёй, часта прыходзіў да яе на магілу, напісаў шмат роспачных вершаў, у якіх выказваў свае гора і боль… На жаль, яна не дачакалася ні аднаго ўнука – першы з іх нарадзіўся ўжо пасля яе смерці. Назаўсёды запомніліся пяшчота і абаяльнасць, знешняя прывабнасць і ўнутраная прыцягальнасць Марыі Дзмітрыеўны, Марусі, як ласкава называлі яе ўсе, хто быў з ёй знаёмы. Падарункам нябёсаў была сустрэча дваіх закаханых, падарункам і для іх, і для нас усіх. Яны спаткаліся, каб не расстацца.

13 жніўня 1956 года перастала біцца сэрца палымянага патрыёта, славутай постаці, грамадзяніна і сына… Цяпло гэтае – той агонь даўніны, да якога пашчасціла далучыцца яму, Якубу Коласу.

Вестка аб смерці паэта хутка абляцела краіну. Уся Беларусь была ў глыбокай жалобе. Цяжка і балюча расставацца з чалавекам, перад талентам якога заўсёды схіляем галаву. Суцяшае адно: памёр чалавек, а паэт Якуб Колас жыве і будзе жыць вечна ў памяці тых, для каго ён пісаў. Ён будзе жыць сярод свайго народа, сярод магутнай, вялікай Айчыны. Ён і сёння з намі. Забыць яго нельга, як нельга забыць Радзіму і родных, блізкіх сэрцу людзей. За тое, што здолеў зрабіць, заслугоўвае паэт вялікай павагі і ўдзячнасці ад нашчадкаў, іх памяці і любові. Іван Мележ гаварыў, што саграшыць перад гісторыяй – гэта злачынства. У гэтым і ўвесь сакрэт поспехаў і “жывучасці” кніг і герояў самай яркай фігуры ў еўрапейскай літаратуры ХХ стагоддзя.

Дык дзякуй жа вам, Якуб Колас, за тое, што вашы творы з глыбіні стагоддзяў наскрозь прасякнуты шчырай і незгасальнай любоўю да свайго беларускага друкаванага слова, радзімы, што выпраменьваюць душэўную цеплыню, дабрыню, чалавечую мудрасць, глыбока адчувалі дух народа, яго думы, пачуцці. Вы пакінулі нам вялікую спадчыну, пакрытую пылам часу, уславілі скарбамі нацыянальнай культуры. На вашых літаратурных помніках будуць выхоўвацца новыя і новыя пакаленні маладых. Яны стануць праграмнымі і ў нашым жыцці, і ў літаратуры:

Кнігі Коласа нам і калыскай, і школай былі,
І па новай зямлі нас у сённяшні дзень прывялі.
Песні Коласа нас навучылі Радзіму любіць,
Родны край бараніць…
                                                   Пімен Панчанка.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий