Экалагічны клуб “Абуджэнне”: пабудзі сваё сэрца для адказнасці за будучыню краіны

- 12:23Стиль работы

Тамара БУЯК,
настаўнік біялогіі
ДУА “Казлоўшчынская сярэдняя школа”
Дзятлаўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Фарміраваць гуманнае стаўленне да жывых арганізмаў, выхоўваць у навучэнцаў міласэрнасць, спачуванне і суперажыванне, якія павышаюць маральную культуру, дапамагае экалагічны клуб “Абуджэнне”, які ўжо больш за дзесяць гадоў працуе на базе Казлоўшчынскай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна. Праца клуба ажыццяўляецца асноўнымі структурнымі падраздзяленнямі: атрадам “Крылаты дазор”, навуковым таварыствам навучэнцаў (НТН) “Эйкас”, экалагічнымі атрадамі класаў, супрацоўнікамі экалагічнай сцежкі. Працуючы ў клубе, навучэнцы займаюцца прыродаахоўнай і творчай дзейнасцю; умацоўваюць кантакты паміж навучэнцамі ўстаноў адукацыі раёна; развіваюць супрацоўніцтва з грамадскімі арганізацыямі БРПА, БРСМ і АПБ. На пасяджэннях клуба вырашаюцца пытанні прыродаахоўнай дзейнасці, разглядаюцца ініцыятывы навучэнцаў па правядзенні акцый, распрацоўваюцца сацыяльна значныя праекты.

Члены клуба з’яўляюцца арганізатарамі ў школе экалагічных дэбатаў, квестаў і хакатонаў.

Фальклорна-экалагічнае свята Саракі, у якім каманда школы – пастаянны пераможца раённага этапу і прызёр абласнога, дае магчымасць паказаць прыгажосць і значнасць прыроды праз музыку, паэзію і танец. 

Навучэнцы ўстановы адукацыі падтрымалі членаў клуба ў правядзенні новай і цікавай акцыі “Зялёная хваля”: на працягу года праходзіла эстафета добрых спраў: ачыстка вадаёмаў, збор другаснай сыравіны, ахова першацветаў у школьным парку, агароджа мурашнікаў. Кожны зялёны шар сімвалізаваў добрыя справы, учыненыя падчас акцыі.

Важным сродкам фарміравання ў навучэнцаў сацыяльна-маральнага стаўлення да навакольнага свету з’яўляецца актыўнае ўключэнне іх у працу навуковага таварыства “Эйкас”. Асаблівую ўвагу юнакі і дзяўчаты надаюць вывучэнню відавой разнастайнасці птушак, флоры школьнага парку і наваколля школы, вывучэнню мікрапластыку ў вадаёмах гарадскога пасёлка Казлоўшчына, праводзяць энтамалагічныя даследаванні. Члены НТН “Эйкас” – пастаянныя ўдзельнікі і прызёры раённай, абласной і рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі эколага-біялагічных работ. Даследаванне чысціні паветра ў нашым пасёлку па асіметрыі лісця бярозы павіслай прынесла перамогу вучню X класа Артуру Мазалю на раённым этапе і дало магчымасць выступлення на абласной канферэнцыі.

Даследчая работа Ягора Радкевіча па тэме “Уплыў антрапагенных фактараў на ўтрыманне мікрапластыку ў вадаёмах гарадскога пасёлка Казлоўшчына” была адзначана дыпломамі II ступені на абласной канферэнцыі эколага-біялагічных работ і на абласным водным конкурсе, а таксама прадстаўлена на рэспубліканскай канферэнцыі.

Вялікую ролю па фарміраванні ў навучэнцаў маральна-этычных нормаў і правіл мае школьная кампанія па вывучэнні і назіранні за птушкамі.

Падрыхтоўка да Дня птушак пачынаецца на ўроках біялогіі ў VIII класе, мае працяг у школьным клубе “Крылаты дазор”. Навучэнцы прыцягваюцца да вырабу і развешвання птушыных домікаў, арганізацыі зімовай падкормкі птушак, правядзення вясновых і летніх назіранняў за пасяленцамі шпакоўняў, сінічнікаў, дуплянак. Дзень птушак, вясновае школьнае свята, звычайна праходзіць у перыяд вясновых канікул. У гэты час у Беларусі пачынаецца прылёт птушак. Пасля правядзення Дня птушак, юннаты развешваюць штучныя гнездзішчы ў садзе і парку, праводзяць пасадку жывой загарадзі і падрэзку кустоў для ўтварэння кальчакоў, на якія ахвотна садзяцца, адкрыта гняздуюцца птушкі. Затым вучні вядуць летнія назіранні за птушкамі.

Па ініцыятыве членаў клуба ўстанова адукацыі прыняла актыўны ўдзел у міжнароднай акцыі “Не забівайце пералётных птушак”, якая ўключала ў сябе збор подпісаў і лістоў-зваротаў у абарону шэрых жураўлёў, якіх масава знішчаюць у краінах Блізкага Усходу. Каб спыніць варварскае знішчэнне гэтых высакародных птушак, усе лісты і подпісы былі перададзеныя консулу Лівана ў Мінску з наступнай перадачай прэзідэнту Лівана.

Вялікае значэнне ў маральным станаўленні навучэнцаў мае праца на экалагічнай сцежцы. Збіраючы біялагічны матэрыял, назіраючы за жывёламі, навучэнцы атрымліваюць практычныя навыкі. Арганізацыя работы на экалагічнай сцежцы таксама спрыяе правядзенню вучэбнай і прапагандысцкай работы па пытаннях аховы прыроды; стварэнню ўмоў для выхавання культуры паводзін у навакольным асяроддзі; падрыхтоўцы да самастойнага жыцця; вывучэнню і назіранню навучэнцамі аб’ектаў і з’яў прыроды і далейшаму знаходжанню тэм для будучай навукова-даследчай працы.

Сучасныя формы працы, прапанаваныя клубам, даюць магчымасць усталяваць сувязь паміж вывучаемым тэарэтычным матэрыялам і мясцовымі праблемамі аховы прыроды, развіваюць у навучэнцаў ініцыятыву, творчы палёт, фантазію, фарміруюць характар, выхоўваюць волю, працавітасць, міласэрнасць, спачуванне, пачуццё адказнасці за будучыню краіны.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий