Быць на зямлі чалавекам. Урок-разважанне на прыкладзе твораў “Першая настаўніца” В.Жуковіча, “Фанабэрысты мухамор” У.Правасуда, “Калыханка маме” Н.Мяцяш. Беларуская літаратура, 4-ы клас

- 9:50Методичка, Начальная школа. Сценарии

Урок-разважанне на прыкладзе твораў “Першая настаўніца” В.Жуковіча, “Фанабэрысты мухамор” У.Правасуда, “Калыханка маме” Н.Мяцяш. Беларуская літаратура, 4-ы клас

Таццяна ПЧЭЛЬНІК,
настаўнік пачатковых класаў,
ДУА “Азёркаўская сярэдняя школа”
Мастоўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

 

Мэты:

– стварыць умовы для актуалізацыі ведаў па раздзеле “Быць на зямлі чалавекам”, узнавіць назвы твораў, якія вывучаліся ў раздзеле, і герояў, іх рысы характару, асаблівасці жанру байкі;
– актывізаваць чытацкі інтарэс да самастойнага пошуку кніг па тэме раздзела;
– развіваць маўленне, творчае мысленне, увагу і памяць;
– прывіваць цікавасць да чытання, беражлівае стаўленне да прыроды.

Абсталяванне: падручнік, карткі з тэлеграмамі, карткі з прыказкамі, карткі са словамі, песні “Калі рана ўстанеш”, “Калыханка”, сігнальныя карткі, фішкі.

 

Ход урока

I Арганізацыйны момант

– Для таго каб наш урок быў карысным і цікавым я прапаную вам скласці формулу поспеху. З прапанаваных слоў выберыце тры, якія вы лічыце самымі важнымі для сённяшняга ўрока.

Словы для формулы: уважлівасць, ветлівасць, актыўнасць, творчасць, беражлівасць, пачуццё гумару.

 

II Паведамленне тэмы і мэты

– Паспрабуйце прачытаць сказ, які схаваўся за сцяной.

БЫЦЬ НА ЗЯМЛІ ЧАЛАВЕКАМ.

– Дзе вы сустракаліся з такім выказваннем? Гэта назва нашага раздзела, які мы скончылі. Што значыць выказванне “Быць на зямлі чалавекам”?

Закончыце выказванне Змітрака Марозава: “Сэрца дадзена чалавеку, каб ён не забываў аб сваім прызначэнні – … тварыць дабро на зямлі”. Што значыць тварыць дабро? Як можна гэта рабіць?

Пра што расказалі беларускія пісьменнікі ў творах гэтага раздзела? Чаму навучылі нас? Падумайце, чаму так важна гаварыць пра дабрыню, спагаду, працавітасць, мудрасць людзей, асабліва ў дзяцінстве?

Сёння мы ўспомнім творы, якія прачыталі, герояў, з якімі пазнаёміліся.

 

III Падагульненне па раздзеле

– Я прапаную вам успомніць творы і іх аўтараў, якія мы вывучылі. Для гэтага вам даецца 5 мінут. Зараз я прапаную вам паўдзельнічаць у віктарыне. За правільны адказ вы атрымаеце фішкі.

1 Пазнай жанр
– Мы з вамі пазнаёміліся з казкамі, вершамі, байкай у гэтым раздзеле. Давайце ўспомнім, да якога з гэтых жанраў адносяцца творы “Фанабэрысты Мухамор”, “Стары бацька”, “Калыханка маме”, “Верныя сябры”, “Хітрун”, “Першая настаўніца”.

2 Тэлеграмы
– Вам прыслалі тэлеграмы героі, пра якіх мы чыталі ў творах нашага раздзела. Паспрабуйце здагадацца, хто яны.

– Сёння мы з мамай пойдзем на возера (Вожык).
– Я думаю, вам запомняцца мае ўрокі дабрыні (Настаўніца).
– Жыву добра, дапамагаю сыну, гуляю з унукамі (Стары бацька).
– Я зразумеў, што хваліцца вельмі дрэнна. Зараз лячу звяроў ад розных хвароб (Мухамор).
– Я пасябравала з Зайцам і Вожыкам. Нам разам не страшны Воўк-разбойнік (Вавёрка).

3 Пазнай твор
(Падручнік, с. 28, заданне 3)

а) “Першая настаўніца”, Васіль Жуковіч.
б) “Фанабэрысты Мухамор”, Уладзімір Правасуд.
в) “Калыханка маме”, Ніна Мацяш.

– Давайце ўспомнім асаблівасці байкі (Найчасцей мае вершаваную форму, ёсць мараль, вывад, урок з чаго-небудзь).
Чытанне байкі па ролях. Ацаніце чытанне кожнага.
Мараль. Сам не хвалі сябе – хай іншыя пахваляць.

 

Фізхвілінка

Уявіце сябе зярняткам. Вас кінулі ў зямлю (прыселі). Сонейка грэла вас сваімі промнямі (паціраем рукі). Дожджык паліваў (умываемся). І вось наша зярнятка пачало расці (паціху падымаемся). Маленькі расточак рос і рос, сонейка яго сагравала, дожджык паліваў. Наш расток вырас і ператварыўся ў прыгожую кветачку. Яна радавалася цёпламу сонейку, лёгкаму ветрыку і дарыла сваю прыгажосць акружаючым.

 

4 Угадай мелодыю
– У нас з вамі было некалькі вершаў у гэтым раздзеле, а некаторыя з іх, дзякуючы кампазітарам, ператварыліся ў цудоўныя музычныя творы. Давайце ўспомнім іх (Верш Ніла Гілевіча “Калі рана ўстанеш”, музыка Валерыі Яскевіч; верш Ніны Мацяш “Калыханка маме”, кампазітар Іна Вінаградава). 

5 Прыказкі
Злучыце пачатак і канец прыказкі.

З кім павядзешся
Новых сяброў набывай,
Чалавек без сяброў,

а старых не забывай
што дрэва без каранёў
ад таго і набярэшся

– Пра што прыказкі? Патрэбны чалавеку сябры ці не? У вас яны ёсць? Каго называем сапраўдным сябрам?

6 Віктарына

1. В.Вітка расказаў пра добры звычай, што існуе ў некаторых сем’ях, для таго каб запомніць якую-небудзь падзею. Што за звычай? (Садзіць дрэва)
2. Якую песню спявае дачка маці ў адным з вершаў Н.Мацяш? (Калыханку)
3. Каму выражае сваю павагу і любоў В.Жуковіч у сваім вершы? (Першай настаўніцы)
4. Хто сказаў такія словы свайму сыну: “Не свавольнічай, сынок”? (Маці Вожыка)
5. Хто дапамог сыну выжыць у цяжкія моманты жыцця? (Бацька)
6. Як называецца цяжкі, змрочны час для каго-небудзь? (Чорны дзень)
7. Які герой надзелены такой рысай, як ганарыстасць? (Мухамор)
8. У якім вершы паказана добразычлівасць, бязмежная любоў да маці? (Калыханка маме)
9. Героі якой казкі ратавалі адзін аднаго ад Ваўка? (Заяц і Вожык)
10. Дзе схаваў сын старога бацьку? (У цёмнай каморцы)
11. Хто з’яўляецца аўтарам байкі “Фанабэрысты мухамор” (У.Правасуд)
12. Якая з казак, вывучаных у гэтым раздзеле, з’яўляецца народнай? (Стары бацька)
13. Які вядомы беларускі пісьменнік пазнаёміў нас з правіламі этыкету дня нараджэння? (В.Вітка)
14. Да якога твора падыходзіць прыказка “Сябар пазнаецца ў бядзе”? (Верныя сябры)
15. З якога твора радкі: “Старыя людзі большы розум маюць, чым маладыя”. (Стары бацька)

7 Гульня “Адшукай галосныя”
– Пры вывучэнні твораў мы з вамі пазнаёміліся з вялікай колькасцю незнаёмых слоў. Зараз давайце іх успомнім. Але з іх збеглі галосныя. Паспрабуйце аднавіць іх па іх лексічным значэнні. Вельмі добра будзе, калі вы назавяце твор, у якім былі выкарыстаны гэтыя словы.

1. Калі знаходзіцца ў стане лёгкага руху, хістання. (Зыбкі. “Калі рана ўстанеш”)
2. Маленькая часцінка чаго-небудзь, пылінка. (Парушынка. “Калыханка маме”)
3. Пярэдняя частка галавы жывёліны. (Пыса. “Хітрун”)
4. Шырокая дошка на ножках для сядзення. (Лава. “Стары бацька”)
5. Самы высокі тытул кіраўніка дзяржавы, як цар ці кароль. (Імператар. “Фанабэрысты Мухамор”)

З..БК..      П..Р..Ш..НК..      П..С..      Л..В..      ..МП..Р..Т..Р

8 Аднаві план
Размясціце пункты плана ў правільным парадку.

1. Даўні звычай.
2. Размова бацькі з сынам па дарозе ў пушчу.
3. Сын вяртае бацьку дадому.
4. Стары бацька дае параду, як жыта пасеяць.
5. Зноў бацька дапамог: выратаваў ад голаду.
6. Сын раскрывае свой сакрэт аднавяскоўцам.
7. Адносіны да старых бацькоў мяняюцца.

 

Тэст па тэме “Быць на зямлі чалавекам”

 

IV Падвядзенне вынікаў

– Над якой тэмай мы сёння працавалі?

– Які твор гэтага раздзела вам спадабаўся і запомніўся найбольш?

– Што значыць “быць на зямлі чалавекам”? Якія якасці вам патрэбна развіваць, каб быць сапраўдным чалавекам?

– Давайце палічым вашы фішкі.

– Як вы ацэньваеце сваю працу на ўроку? (сігнальныя карткі)

– Дома я прапаную вам намаляваць малюнак да твора, які вам больш за ўсё спадабаўся.

 

V Рэфлексія

А цяпер пахваліце сябе. Прадоўжыце сказ:

Сёння я магу пахваліць сябе за …

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий