Складанне простых развітых сказаў з 3–4 слоў. Карэкцыйны занятак – развіццё пазнавальнай дзейнасці.

- 10:22Коррекционная педагогика. Сценарии коррекционных уроков, Методичка

Сцэнарый індывідуальнага занятку на фарміраванне ўменняў складаць простыя развітыя сказы з 3–4 слоў для вучняў 5–6 класаў з інтэлектуальнай недастатковасцю.

 

 

Наталля КАВАЛЕЎСКАЯ,
настаўнік-дэфектолаг
ДУА “Ханявіцкая сярэдняя школа Свіслацкага раёна”
Гродзенская вобласць

 

Клас: 5–6 клас (інтэлектуальная недастатковасць). 

Тэма: Складанне простых развітых сказаў з 3–4 слоў. 

Мэта: фарміраванне ўменняў складаць простыя развітыя сказы з 3–4 слоў. 

Задачы:

– фарміраваць уменні складаць простыя развітыя сказы з 3–4 слоў;
– фарміраваць уменне ўсталёўваць прычынна-следчыя сувязі паміж аб’ектамі і адносіны паслядоўнасці. 

Абсталяванне: карткі з заданнямі, камп’ютар, запісы на дошцы, раздатачны матэрыял, малюнкі зімы, елкі, Лесавіка, сняжынак.

 

Ход занятку

 

І Уводная частка

 

1 Арганізацыйны момант. Стварэнне станоўчага эмацыянальнага настрою “Падары ўсмешку”

Весела гучыць званок,
Яго голас нам знаёмы,
Запрашаем на занятак
Да яго мы ўсе гатовы!

 

Настаўнік-дэфектолаг: Добры дзень. Мы часта гаворым гэтыя словы, жадаючы тым самым, каб дзень і сапраўды стаў для нас добрым. Я жадаю табе дабра, здароўя, поспехаў, добрага настрою, усмешак і ўсяго таго, чаго кожны чалавек хоча ў сваім жыцці.

У нас сёння незвычайны занятак. Мы з табой атрымалі ліст ад аднаго Дзядка. Паглядзі ўважліва і скажы, хто гэты дзядок? (Дзядок-Лесавічок)

Вывешваецца малюнак Лесавічка.

А чаму яго так называюць? (Ён жыве ў лесе і ахоўвае яго)

Давай прачытаем ліст:

“Дарагая, Імя дзіцяці, увага! Хутка свята – Новы год. Ты ведаеш, што галоўнай гераіняй свята з’яўляецца ёлачка, але яна жыве далёка ў лесе, і ёй вельмі сумна і самотна. Я цябе вельмі прашу, дапамажы ёй прыбрацца і трапіць на навагодняе свята”.

Настаўнік-дэфектолаг: Скажы калі ласка, а ў якім горадзе нашай краіны можна ўбачыць самую галоўную, самую прыгожую ёлачку навагодняга свята? Так, гэта горад-герой Мінск – сталіца нашай краіны. Самая высокая, прыбраная ў чырвоныя, серабрыстыя, залатыя ўпрыгожванні ёлка ў гэтым годзе ўжо стаіць на Кастрычніцкай плошчы ў горадзе Мінску. Яе вышыня – больш чым 27 метраў.

Але каб ялінка своечасова трапіла на свята, прапаную табе здзейсніць падарожжа, у якое запрашае нас Дзядок-Лесавічок са сваімі памочніцамі сняжынкамі.

Абраны намі шлях цяжкі, але цікавы. Сняжынкі не простыя, а з заданнямі. Выканаўшы заданне, упрыгожваем ёлачку. Мы не проста будзем упрыгожваць ёлачку, а адзначаць свае ўласныя поспехі з дапамогай цацачных шароў рознага колеру: чырвоны – выдатна (выканана без дапамогі), жоўты – добра (невялікая дапамога настаўніка), блакітны – трэба лепш пастарацца (дапамога настаўніка).

Ты згодна дапамагчы ялінцы? Пачынаем наш шлях.

Вучань бярэ першую сняжынку і чытае заданне

 

2 Выкананне кінезіялагічных практыкаванняў

Настаўнік-дэфектолаг: Якая зараз пара года? Якое стаіць надвор’е? Каб не замёрзнуць, нам трэба крышку пагрэцца.

 

Практыкаванне “Грэем ручкі”

Імітуем рухі замёрзлых рук, дуем на іх.

 

Практыкаванне “Сцісканне, расцісканне далоняў”

Спачатку адначасова, потым па чарзе вучні выконваюць сцісканне і расцісканне далоняў.

 

Практыкаванне “Расціраем снежкай ручкі”

Імітуем расціранне ручак адну аб другую.

 

Калі практыкаванні выканалі правільна – вешаем шар на ёлку.

 

3 Моўная зарадка

Белыя нівы,
белыя далі,
белыя бабы
пад вокны пасталі.
Белыя стрэхі
на кожнай хаціне.
Белая ёлка
ў цёплай хусціне.

Настаўнік-дэфектолаг: А што гэта за белыя бабы пад вокны пасталі? Якой парой года іх можна ўбачыць, зляпіць? (Адказы вучня, калі правільна – вешаем шар на ёлку)

 

ІІ Асноўная частка

 

1 Падрыхтоўчы этап

Настаўнік-дэфектолаг: Працягваем наш шлях. Табе неабходна адгадаць зімовыя загадкі

Снег на полі, лёд на рэчцы,
Мяцеліца гуляе. Калі гэта бывае? (Зіма)

Вывешваецца малюнак зімы.

Усю зіму ціха ляжаў, а вясной пабег.
Абрус белы ўвесь свет накрыў. (Снег)

Без рук, без ног, а маляваць умее.
Без рук малюе, без зубоў кусае. (Мароз)

Ляцяць белыя птушкі без крылаў,
На дрэвы садзяцца без ног. (Сняжынкі)

Без голасу, а вые,
Без рук, а абрусы сцеле. (Мяцеліца)

Празрысты, як шкло,
А не ўставіш у акно. (Лёд)

Вешаем шар на ёлку.

Настаўнік-дэфектолаг: Зіма прыйшла да нас не адна, а са сваімі сынамі-месяцамі. Давай успомнім, як называюцца месяцы зімы. (Снежань, студзень, люты – назвы вывешваюцца на дошку).

 

Гульня “Снегавікі”

Неабходна скласці снегавікоў і прачытаць прыкметы кожнага месяца.

Снежань год канчае, а зіму пачынае.
Студзень году пачатак, а зіме палавіна.
Віхры і мяцелі ў лютым наляцелі.

Вешаем шар на ёлку.

 

Настаўнік-дэфектолаг: Чытаем наступнае заданне.

 

Практыкаванне “Зімовыя словы” (воблака слоў)

Настаўнік-дэфектолаг: Разгледзь уважліва малюнак і адшукай на ім зімовыя словы (зіма, мароз, снег, снегавік, завіруха, сняжынка, мяцеліца, лядзяш, завея, халодная, марозная, мяккі, белы, блакітнае, вясёлка, зялёныя, ручайкі, сонечны, яркае, кветкі, суніцы).

Маладзец! Упрыгожваем нашу ёлачку.

Вешаем шар на ёлку.

 

2 Фарміруючы этап

Настаўнік-дэфектолаг: На нашым шляху цябе чакае яшчэ адно заданне, якое ты выканаеш на камп’ютары.

https://learningapps.org/watch?v=pspicjxba22

 

 

 

Практыкаванне “Устаў зімовыя словы”

Настаўнік-дэфектолаг: У нас ёсць невялікі тэкст. Але я яго добра не разумею. У ім прапушчаны словы. Давай уставім зімовыя словы і прачытаем тэкст, які ў цябе атрымаецца.

Рады дзеці зіме. Любяць яны зімовыя забавы. Мароз іх не палохае. Хутка прыйдзе Новы год з ёлкай і карагодам. Пачнуцца зімовыя канікулы. А ў вольны час як хораша пабываць на лыжах у заснежаным лесе! У лесе цішыня. Кружыцца сняжок. І мякка падае на зямлю. Едзеш і любуешся казачным лесам. Дыхаеш крыштальным свежым паветрам. Колькі здароўя і сілы даюць лыжныя прагулкі!

Вешаем шар на ёлку.

 

Фізкультхвілінка

Настаўнік гаворыць, а вучань паказвае рухі.

На вуліцы зіма. Выпаў снег. Бяром лыжы. Зашпільваем мацаванне. Бяром у рукі палкі. Ездзім коўзкім крокам. Бачым – гара! Ай, якая вялікая! Ай, як страшна! Адпіхваемся палкамі і ляцім з гары! У канцы бачым маленькі трамплінчык. Прыселі і падскочылі. Ніхто не паваліўся? Узбіраемся на верх гары лесвічкай. Змарыліся.

Настаўнік-дэфектолаг: Які настрой? Цудоўны! Дзякуй! Працуем далей.

Вешаем шар на ёлку.

Настаўнік-дэфектолаг: А вось і наступнае заданне, якое падрыхтаваў нам Лесавічок.

 

Практыкаванне “Са слоў складзі сказы”

– моцны, возера, мароз, закаваў;
– пакрылася, возера, ільдом, тоўстым;
– зрабілі, на, каток, возеры, вучні;
– на, іскрыцца, сонцы, лёд;
– катацца, на, весела, у, дзень, каньках, сонечны, зімні.

Настаўнік-дэфектолаг: Маладзец, правільна справіўся з заданнем.

Вешаем шар на ёлку.

 

3 Этап самастойнай работы

Настаўнік-дэфектолаг: А зараз мы з табой крышку пагуляем.

 

Гульня “Разразныя малюнкі”

Трэба скласці пазл, у якім атрымаецца малюнак вавёркі.

Настаўнік-дэфектолаг: Вавёрка таксама прынесла нам заданне.

 

Практыкаванне “Складзі тэкст”

Настаўнік-дэфектолаг: Табе неабходна прачытаць сказы і размясціць іх так, каб атрымаўся прыгожы тэкст.

Вавёрка

Аднойчы я пайшла ў лес. Раптам лясную сцяжынку мне перабегла шустрая вавёрка. Яна ўзабралася на маладую сасонку. Скінула на мяне вялікую шапку снегу. А потым знікла.

 

Настаўнік-дэфектолаг: Лесавічок і сняжынкі запрашаюць нас пагуляць яшчэ ў адну гульню. Ты згодна?

 

Гульня “Зімовая гісторыя”

Трэба раскласці малюнкі па парадку і скласці невялікую зімовую гіторыю.

 

ІІІ Заключная частка

 

1 Вынік

Гульня “Зімовыя забавы”

Малюнак вывешваецца на дошку. Настаўнік чытае верш С. Бестава “Дзьме і свішча злосны вецер”

Дзьме і свішча злосны вецер,
Ды на вуліцы ўсе дзеці…
Шумна, весела на горцы,
Там і Пеця, і Рыгорка,
Там і Света, і Іванка,
Хто на лыжах, хто на санках,
Твары чырванню гараць.
Радасці ім не стрымаць

Настаўнік-дэфектолаг: Ці з’яўляецца мароз і снег перашкодай для дзіцячых гульняў? Які настрой у дзяцей? У якія гульні гуляюць дзеці? А ты любіш гуляць у снежкі, ляпіць снегавую бабу, катацца на санках, на лыжах, на каньках?

 

2 Рэфлексія

Настаўнік-дэфектолаг: Цудоўны дзень! Наш занятак падышоў да канца.

Давай скажам пра сябе: “Які я маладзец!”.

Заплюшчы свае вочкі і ўспомні прыемныя моманты нашага занятку.

Чым займаліся на занятку?

Ці спадабалася табе ўпрыгожваць ёлачку?

Якое заданне табе найбольш спадабалася?

Якое было самае лёгкае?

А пры выкананні якога задання адчуваў цяжкасці?

Я вельмі рада, што на працягу ўсяго занятку твае вочкі ўсё ўбачылі, а вушкі усё пачулі. І я хачу каб ты выбрала сабе шарык, які адпавядае твайму настрою і тваёй працы на занятку. Павесь, калі ласка, яго на нашу ёлачку.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий