Падрыхтоўка і правядзенне “перавернутага” ўрока хіміі ў 8-м класе

- 15:00Методичка, ХИМИЯ, Химия. Идеи

Тэма: “Непалярная і палярная кавалентная сувязь. Паняцце пра электраадмоўнасць. Лабараторны дослед № 4. Складанне мадэлей малекул з кавалентным тыпам хімічнай сувязі. Трэці ўрок у тэме “Хімічная сувязь”

Вольга АКСЁНАВА,
настаўнік хіміі і біялогіі
ДУА “ВПК Лелюкінскі дзіцячы сад – сярэдняя школа”
Іўеўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Актыўная дзейнасць навучэнцаў сёння – найважнейшае патрабаванне да навучання. Яна фарміруецца ў працэсе пазнавальнай дзейнасці і характарызуецца свядомымі і мэтанакіраванымі намаганнямі для паспяховага выканання задач, якія ўзнікаюць у працэсе навучання. Сродкаў актывізацыі вельмі шмат. Адна з вельмі цікавых мадэлей работы – правядзенне “перавернутых” урокаў.

Наша ўстанова адукацыі – невялікая сельская школа, якая размяшчаецца ў аграгарадку, але вельмі радуе тое, што і ў нас многа матываваных вучняў, якім падабаецца вывучаць хімію, і гэта ў іх атрымоўваецца. Каб рэалізаваць правядзенне “перавернутага” ўрока, патрэбны вучні, якія могуць дапамагчы настаўніку пры падрыхтоўцы і правядзенні ўрока.

Хачу прадэманстраваць ход падрыхтоўкі і правядзення “перавернутага” ўрока хіміі ў 8-м класе на тэму “Непалярная і палярная кавалентная сувязь. Паняцце пра электраадмоўнасць. Лабараторны дослед № 4. Складанне мадэлей малекул з кавалентным тыпам хімічнай сувязі. Трэці ўрок у тэме “Хімічная сувязь”.

Першы этап рэалізацыі вывучэння тэмы пачаўся для навучэнцаў дома. Быў дадзены доступ да электронных сродкаў (прэзентацыя з заданнем) пра кавалентную сувязь для тэарэтычнай падрыхтоўкі, дзеці выпісвалі ключавыя паняцці з параграфа, затым выконвалі трэніровачныя заданні ў Googl-форме з мэтай дамашняй самаправеркі сваіх ведаў і далейшай карэкцыі (усе матэрыялы размешчаны для дзяцей у групе “Біяхім Лелюкі”, дзе вядзецца дыстанцыйная работа з навучэнцамі).

Другі этап рэалізацыі мадэлі “перавернутага” ўрока адбываўся з удзелам настаўніка, непасрэдна на ўроку. На арганізацыйным этапе для стварэння добразычлівага настрою выкарыстоўвала дэвіз “Урок – гэта 2700 секунд, няхай карыснай стане кожная!”.

Матывацыйны этап дапамагаў вучням паставіць мэты іх работы на занятку. Мы падзяліліся на групы, моцныя вучні працавалі з вучнямі, веды якіх патрэбна ўдасканальваць. Але кожны з дзяцей павінен прагаварыць сваю мэту дзейнасці на ўроку.

Перад работай па адпрацоўцы новага матэрыялу настаўнікам было нагадана, што такое кавалентная непалярная і палярная кавалентныя сувязі, электраадмоўнасць праз прагляд відэа на мультыбордзе.

Затым кожны вучань групы павінен быў прымяніць атрыманыя дома веды на практыцы і выканаць наступныя праблемныя заданні:

1) Заданне з кампетэнтнасным падыходам: Хлор – ядавітае рэчыва (газ) жоўта-зялёнага колеру з рэзкім пахам. У час Першай сусветнай вайны яго прымянялі ў якасці атрутнага рэчыва. Хлор цяжэйшы за паветра, таму застаецца на зямлі і ў выглядзе газавага воблака пераносіцца на вялікія адлегласці. Дайце характарыстыку тыпу хімічнай сувязі ў малекуле хлору, запішыце электронную і графічную формулу, дакажыце, што хлор цяжэйшы за паветра.

2) Назавіце, дзе ў злучэннях палярная сувязь, дзе непалярная. Запішыце структурную і электронную будову. У злучэннях з палярнай сувяззю абазначце частковыя зарады атамаў: F2, CO, O2, SO2, N2, HBr, H2S.

3) Работа па складанні мадэлей малекул (работа з гатовымі мадэлямі атамаў і малекул). Выконванне лабараторнага доследу № 4. Вучні працуюць у лабараторных сшытках.

Затым дзеці мяняліся заданнямі і кожная група свае вынікі работы запісвала на дошцы.

Работа ў групах дае магчымасць адпрацаваць матэрыял падручніка або дадатковы матэрыял. Прымяненне практыкаванняў з кампетэнтнасна-арыентаваным зместам у вучэбным працэсе дазволіла павысіць зацікаўленасць у навучанні, самастойнасць, сфарміраванасць у вучняў кампетэнцыі.

На этапе першаснага замацавання матэрыялу кожная група прадстаўляла сваю работу (настаўнік каменціраваў, даваў зваротную сувязь). З выкарыстаннем адказаў вучняў дапаўнялася тое, што дзеці не сказалі.

На этапе кантролю ведаў зноў вярталіся да выканання дамашняга тэста. Задаволіла тое, што дзеці дома пры яго выкананні дапускалі 2–3 памылкі, а на ўроку справіліся без памылак.

На этапе рэфлексіі ўсяго занятку, для таго каб закончыць урок на пазітыўнай ноце, было выкарыстана практыкаванне “Камплімент”. Дзеці адказвалі на пытанні: “За што ты можаш пахваліць сябе? За што ты можаш пахваліць аднакласнікаў?” Далей вучні вярнуліся да дэвіза ўрока і адзначылі, што праца іх была карыснай.

Прымяненне мадэлі “Перавернуты клас” дазваляе мне і дзецям больш развіцца, быць актыўнымі, павысіць узровень падрыхтоўкі да ўрока. Аптымальнае спалучэнне метадаў работы з’яўляецца адной з вядучых задач на шляху да паспяховага засваення матэрыялу па хіміі.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий