Дыдактычныя матэрыялы “Задачы – падарожжы па Беларусі”  

- 11:16Методичка, НАЧАЛЬНАЯ ШКОЛА, Начальная школа. Материалы к урокам

Малодшыя школьнікі, у сілу сваіх узроставых асаблівасцей, не заўсёды маюць магчымасць наведаць шмат экскурсійных аб’ектаў. У такім выпадку на дапамогу прыходзяць віртуальныя экскурсіі, арганізаваныя на вучэбных занятках.

Алена АКУДОВІЧ, Валянціна КРЫЦКАЯ,
Ала ПАЧЭБУТ, Таццяна ШАЛКЕВІЧ,
настаўнікі пачатковых класаў
ДУА “Поразаўская сярэдняя школа”
Свіслацкага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Экскурсійная дзейнасць валодае вялікім адукацыйным патэнцыялам. Навучанне і выхаванне з дапамогай вывучэння экскурсійных аб’ектаў актывізуе школьнікаў, мабілізуе і развівае іх здольнасці, стымулюе іх пазнавальную актыўнасць, садзейнічае выхаванню грамадзянска-патрыятычных якасцей навучэнцаў. Малодшыя школьнікі, у сілу сваіх узроставых асаблівасцей, не заўсёды маюць магчымасць наведаць шмат экскурсійных аб’ектаў. У такім выпадку на дапамогу прыходзяць віртуальныя экскурсіі, арганізаваныя на вучэбных занятках. Яны даюць магчымасць не толькі наведаць цікавыя музеі, гістарычныя помнікі і знакамітыя месцы Беларусі, але і замацаваць, пашырыць веды аб тых аб’ектах, на якіх дзеці пабывалі. Мэтай дзейнасці настаўніка з’яўляецца фарміраванне ў вучняў пачуцця патрыятызму, грамадзянскасці, павагі да гістарычнага мінулага.

 

Ідэя вопыту: паказаць, што аптымальна падабраныя матэматычныя задачы – падарожжы па Беларусі дазваляюць развіваць здольнасці да эмацыянальнага ўспрымання ідэй матэматыкі, разважання, доказаў, творчай дзейнасці.

Мэта: фарміраванне ў навучэнцаў павагі да культурна-гістарычнай спадчыны і традыцый беларускага народа, выхаванне патрыятызму.

Задачы:

– пазнаёміць навучэнцаў з цікавымі экскурсійнымі аб’ектамі Беларусі;
– развіваць матэматычныя здольнасці;
– выхоўваць цікавасць да вывучэння матэматыкі праз арганізацыю віртуальных экскурсій.

 

Задачы – падарожжы па Беларусі прызначаны для выкарыстання на ўроках матэматыкі ў 4-м класе пры вывучэнні раздзела “Складанне і адніманне”. У змест кожнага ўрока прапануецца ўключаць адну задачу-падарожжа, праводзячы знаёмства з экскурсійным аб’ектам, які ўпамінаецца ў яе змесце. Знаёмства з аб’ектам можа ўключаць паведамленне настаўніка ці падрыхтаванага вучня, якое суправаджаецца паказам слайдаў мультымедыйнай прэзентацыі ці кароткім відэаролікам. На апошнім уроку па тэме “Замацаванне” можна правесці віктарыну з мэтай абагульнення і замацавання ведаў аб наведаных экскурсійных аб’ектах.

 

Задачы – падарожжы па Беларусі

1. У Поразаўскім школьным гісторыка-краязнаўчым музеі “Млын часу” 624 экспанаты. Адну чацвёртую частку ўсіх экспанатаў падарылі жыхары пасёлка, 160 экспанатаў прынеслі былыя выпускнікі школы, а астатнія экспанаты сабралі вучні. Колькі экспанатаў сабралі вучні?

2. У Поразаўскай бібліятэцы – цэнтры краязнаўства адкрыты музейны пакой “Мастацтва гліны і агню”, дзе захоўваюцца чорныя збаны і міскі, зробленыя Іосіфам Шопікам – апошнім майстрам, які валодаў унікальнай тэхналогіяй ганчарнай справы. Падчас экскурсіі вучні даведаліся, што для таго каб зрабіць гліняны кубак (дыяметр – 7,6 см, вышыня – 13 см), неабходна ўзяць прыкладна 400 г гліны. Колькі неабходна падрыхтаваць гліны, каб 5 вучняў змаглі зрабіць па 3 кубкі?

3. У фондзе Свіслацкага гісторыка-краязнаўчага музея ёсць 6 асноўных калекцый, якія налічваюць 7840 экспанатаў. Калекцыя “Фотадакументы” налічвае 1439 прадметаў, калекцыя “Дакументы” – у 2 разы больш прадметаў, чым калекцыя “Фотадакументы”, а калекцыя “Нумізматыка” на 1396 прадметаў менш, чым калекцыя “Дакументы”. Колькі прадметаў з калекцый “Дакументы” і “Нумізматыка” прадстаўлена ўвазе наведвальнікаў музея?

4. Вучні 4-га класа вырашылі наведаць два музеі, якія знаходзяцца ў Свіслацкім раёне. Да Свіслацкага гісторыка-краязнаўчага музея яны праехалі 20 км, да музея лесу, які размяшчаецца на базе дзяржаўнай установы адукацыі “Дабравольская сярэдняя школа” праехалі яшчэ 10 км. Колькі ўсяго кіламетраў праехалі вучні, наведваючы музеі? Колькі бензіну неабходна, каб заправіць экскурсійны аўтобус, калі на 100 км расходуецца 25 літраў бензіну?

5. Экспанаты школьнага музея лесу размяшчаюцца ў двух залах. Даўжыня гэтых залаў аднолькавая – 12 м, шырыня першага – 7 м, гэта на 2 м менш, чым другога. Знайдзіце перыметр і плошчу памяшкання, дзе размясціўся музей?

6. Свіслацкі гісторыка-краязнаўчы музей сустрэў сваіх першых наведвальнікаў у 1979 годзе, а Слонімскі краязнаўчы музей імя І.І.Стаброўскага – у 1929 годзе. У фондавых калекцыях Слонімскага музея 29392 экспанаты, гэта на 16952 экспанаты больш, чым у фондавых калекцыях Свіслацкага музея. У якім стагоддзі музеі адчынілі дзверы сваім наведвальнікам? Колькі экспанатаў знаходзіцца ў Свіслацкім гісторыка-краязнаўчым музеі?

7. У дзяржаўнай установе адукацыі “Свіслацкая сярэдняя школа № 2 імя М.П.Масонава г. Свіслач” ёсць музей хлеба. Сярод экспанатаў экспазіцыі “Сялянскі быт” знаходзіцца цэп – прасцейшая драўляная прылада для малацьбы збожжа. Складаецца ён з гладка выструганай палкі – цапільна (даўжыня – 150 см, дыяметр – 3 см) і біча (даўжыня – 90 см, дыяметр – 4 см), рухома змацаваных паміж сабой. Якой агульнай даўжыні павінны быць палкі, каб гаспадар змог зрабіць цапы для сям’і з 4 дарослых чалавек?

8. Ваўкавыскі краязнаўчы музей быў заснаваны ў 1935 годзе. У 1953 годзе ён быў пераўтвораны ў ваенна-гістарычны музей імя П.І.Баграціёна. Колькі гадоў існаваў Ваўкавыскі краязнаўчы музей? На колькі гадоў больш існуе музей Баграціёна, чым краязнаўчы музей?

9. Установа культуры “Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі” заснаваны ў г. Гродна ў 1977 г. як Рэспубліканскі музей атэізму і гісторыі рэлігіі. Адкрыты для наведвальнікаў з 1985 г. З 2005 г. мае сучасную назву. Музей з’яўляецца адзіным у Рэспубліцы Беларусь музеем дадзенага профілю. Колькі гадоў прайшло з моманту заснавання музея да прысваення яму сучаснай назвы?

10. З гарадскога пасёлка Поразава выехалі два экскурсійныя аўтобусы ў Брэсцкую крэпасць і музей выратаваных мастацкіх каштоўнасцей г. Брэста. Першы аўтобус за 3 гадзіны праехаў 189 км, а другі за 2 гадзіны праехаў 164 км. Скорасць якога аўтобуса большая? На колькі кіламетраў за гадзіну большая?

11. За наведванне экспазіцыі “Музей абароны Брэсцкай крэпасці” дарослым неабходна заплаціць 8 рублёў, дзецям – 4 рублі. Паслуга экскурсавода для групы з 20–25 чалавек складае 25 рублёў. Ці хопіць 360 рублёў, каб наведалі экспазіцыю 25 дарослых і столькі ж дзяцей пры ўмове, што экскурсію для кожнай групы будзе праводзіць экскурсавод?

12. Адзіны ў Еўропе археалагічны музей сярэдневяковага ўсходнеславянскага горада “Бярэсце” быў адкрыты ў 1982 годзе. За 40 гадоў работы музея яго наведалі 3648000 чалавек з 37 краін свету. Колькі чалавек наведваюць музей за 1 месяц?

13. Падчас наведвання музея прыроды нацыянальнага парку “Белавежская пушча” вучні даведаліся, што ў Белавежскай пушчы налічваецца 1000 відаў раслін, 59 відаў млекакормячых і 250 відаў птушак. У колькі разоў відаў раслін больш, чым відаў птушак? На колькі менш відаў млекакормячых, чым відаў раслін?

14. Кошт кілаграма макулатуры складае 25 капеек. Колькі неабходна сабраць гэтай другаснай сыравіны, каб класам з 30 чалавек наведаць рэзідэнцыю беларускага Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы, калі кошт білета для дзяцей складае 10 рублёў?

15. Наведвальнікі Лідскага замка за 10 фотаздымкаў на свой фотаапарат заплацілі 2 рублі. Колькі рублёў наведвальнікі замка заплацяць за 35 фотаздымкаў, калі цана кожнага фотаздымка аднолькавая?

16. Лідскі замак мае форму няправільнага чатырохвугольніка з даўжынямі старон 93 м 50 см, 83 м 50 см, 80 м, 84 м. Знайдзіце перыметр Лідскага замка.

17. Кошт білета для наведвання экспазіцыі “Замкавы комплекс “Мір” складае 14 рублёў. Колькі неабходна мець грошай групе з 25 чалавек, каб наведаць гэты музей?

18. Навучэнцы пачатковых класаў адправіліся на экскурсію ў Нацыянальную бібліятэку, што ў горадзе Мінску і праехалі 320 кіламетраў са скорасцю 80 кіламетраў за гадзіну, а на адваротны шлях затрацілі на адну гадзіну больш. З якой скорасцю рухаўся экскурсійны аўтобус на зваротным шляху?

19. Узвядзенне новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі пачалося ў 2002 г. У 2006 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі. У першы тыдзень работы ўстановы праводзіліся бясплатныя экскурсіі для ўсіх жадаючых. За гэты час Нацыянальную бібліятэку наведалі 5110 чалавек. Колькі гадоў доўжылася ўзвядзенне новага будынка? Колькі чалавек за дзень наведвала бібліятэку за першы тыдзень работы?

20. Школьнікі адправіліся на экскурсію ў музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, што ў горадзе Мінску і праехалі 320 кіламетраў за 4 гадзіны. На адваротным шляху скорасць руху была на 16 кіламетраў за гадзіну меншая. А якой гадзіне дзеці вярнуліся дамоў, калі выехалі з горада Мінска ў 18 гадзін?

21. Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны – адзін з самых папулярных музеяў Беларусі. За год яго наведваюць 570000 чалавек. Колькі наведвальнікаў прымае музей за 1 месяц? Колькі наведвальнікаў прыме музей за 3 гады?

22. Наведаўшы мемарыяльны комплекс “Хатынь” школьнікі даведаліся, што за час акупацыі Беларусі нямецка-фашысцкімі захопнікамі было спалена 619 вёсак разам з жыхарамі. З іх 186 вёсак мы ўжо ніколі не знойдзем на карце Беларусі. На колькі больш вёсак, спаленых разам з жыхарамі, адрадзіліся пасля заканчэння вайны, чым тых, што не адрадзіліся?

23. Для наведвання мемарыяльнага комплексу Хатынь навучэнцы Поразаўскай сярэдняй школы праехалі 300 кіламетраў да горада Мінска і 60 кіламетраў ад Мінска да Хатыні са скорасцю 60 кіламетраў за гадзіну. А якой гадзіне патрэбна выехаць з пасёлка Поразава, калі пачатак экскурсіі ў 14 гадзін?

24. Ад падножжа Кургана Славы да манумента вядуць дзве бетонныя лесвіцы, кожная з якіх мае 241 прыступку. Колькі прыступак налічваюць дзве такія лесвіцы? Колькі прыступак было б у 15 такіх жа лесвіц?

25. Кожны месяц Курган Славы наведвае 4000 чалавек. Колькі чалавек наведае Курган Славы за 1 год?

26. Першы на Еўрапейскім кантыненце мемарыяльны комплекс “Дзецям – ахвярам вайны” быў адкрыты ў пасёлку Чырвоны Бераг, што на Гомельшчыне ў 2007 годзе. Праз колькі гадоў пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны быў адкрыты мемарыяльны комплекс? Колькі гадоў беларусы маюць магчымасць яго наведваць?

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий