Мазгавы штурм, круглы стол, сінквейн, дзелавая гульня, дэбаты. Інтэрактыўнымі метадамі работы ў сучаснай установе адукацыі сёння не здзівіш нікога. А вось педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 2 Новалукомля Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці Таццяна Мілешка прыўнесла інтэрактыў у надзвычай традыцыйную на першы погляд дзейнасць — работу з бацькамі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
На сваім месцы
Таццяна Мілешка нарадзілася ў Новалукомлі, скончыла сярэднюю школу № 2, дзе працуе больш за 25 гадоў. Выбіраючы прафесійны шлях, вагалася паміж прафесіямі псіхолага і харэографа. У апошніх класах школы псіхалогія перамагла. У 1996 годзе Таццяна Леанідаўна з адзнакай скончыла БДПУ імя Максіма Танка і вярнулася на малую радзіму.
— Для мяне мая школа не проста ўстанова адукацыі. Тут можа быць складана і нават часам немагчыма, але тут заўсёды цікава, молада і інтэрактыўна, — пачынае свой аповед Таццяна Мілешка. — Акрамя гэтага, наша школа — своеасаблівы культурны цэнтр, куды з радасцю на мерапрыемствы прыходзяць гараджане. Установа адукацыі заўсёды з гатоўнасцю ўдзельнічае ў інавацыях. Не так даўно завяршыўся інавацыйны праект “Укараненне мадэлі развіцця псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў навучэнцаў”: педагогі школы паглядзелі на адукацыю з пункту гледжання бацькоўскіх запытаў. Зараз у школе ідуць 2 інавацыйныя праекты: “Укараненне мадэлі фарміравання культуры міжасобасных зносін як фактару стварэння бесканфліктнай прасторы ўстановы адукацыі” і сумесны з Рэспубліканскім цэнтрам псіхалагічнай дапамогі “Школа як тэрыторыя даверу”. Бяру ўдзел у абодвух інавацыйных праектах.
У невялікім горадзе, дзе Таццяна Леанідаўна жыве і працуе, усё навідавоку. Усе ведаюць адно аднаго, горад быццам становіцца адной вялікай сям’ёй. Аднак не ўсё бывае гладка, як здаецца на першы погляд.
— Мы працуем з рознымі катэгорыямі бацькоў, і зразумела, што больш увагі ўдзяляецца складаным катэгорыям. Я чакаю ад бацькоў прыняцця: дзіцяці такім, якое яно ёсць, узроставых ці сітуатыўных праблем і г.д. Чакаю прыняцця і жадання ўзаемадзейнічаць. Хочацца, каб не было насцярожанага стаўлення з боку бацькоў, калі іх запрашаюць да псіхолага.
Мазаіка дзяцінства
Шасцікласнік Сашка сустракае нас пад дзвярыма кабінета і хваліцца сваімі поспехамі. Яму цяжкавата даецца гісторыя, але Сашка разумее, што яе трэба выцягнуць хоць бы на 6. Ён разумны хлопчык, ён справіцца, падбадзёрвае педагог-псіхолаг і пасля расказвае мне, што ў дзіцяці вельмі балюча праходзіў працэс адаптацыі. У той перыяд Сашка кожны перапынак “дзяжурыў” пад дзвярыма школьнага псіхолага, пастаянна шукаў неабходнай падтрымкі. Сёння сітуацыя выглядае значна лепш: хлопчык бачыць праблему, разумее яе, шукае шлях да яе вырашэння і нават ідзе па гэтым шляху. Значыць, усё ў Сашкі атрымаецца.
Таццяна Мілешка прызнаецца, што з дзецьмі значна прасцей працаваць, чым з дарослымі, бо бацькі больш закрытыя і насцярожаныя. Хаця калі чалавек адчувае, што ты з ім размаўляеш на роўных, то ёсць вялікая верагоднасць, што, прыйшоўшы дадому пасля сустрэчы са школьным псіхолагам, мама ці тата не адыграюцца на дзіцяці. У яе практыцы былі сем’і, калі здавалася, што іх проста не “падняць”: залежнасці ў бацькоў, адабранне дзяцей з сям’і і г.д. Але ў выніку сумеснай работы ў сям’і ўсё наладжвалася. У любым з бацькоў важна бачыць асобу, чалавека, які можа даць уласнаму дзіцяці значна больш, чым псіхолаг з усімі спецыяльнымі ведамі.
Да неабходнасці інтэрактыўных форм работы з бацькамі Таццяна Леанідаўна прыйшла не адразу.
— Мы з калегамі адчулі неабходнасць у правядзенні здаровай сацыялізацыі дарослага чалавека, — успамінае яна. — Першы праект, які мы распрацавалі для школы, меў назву “Супрацьстаянне”, каб зменшыць негатыўны ўплыў соцыуму, бо было даволі шмат падлеткаў, якія знаходзіліся на ўліку ў міліцыі. Не выходзячы на сям’ю, ты з гэтым не справішся, бо пасля самых кранальных размоў дзіця вяртаецца дадому і трапляе ў звыклае асяроддзе. У школе з’явіўся дзіцяча-бацькоўскі клуб “Мазаіка”, калі па суботах бацькі з дзецьмі прыходзілі ў школу, каб абмеркаваць найбольш вострыя пытанні. Прычым мы імкнуліся не выдзяляць асобна сем’і, у якіх былі праблемы ў выхаванні, а запрашаць на пасяджэнні клуба разам з “катэгарыйнымі” абсалютна звычайныя сем’і. У “Мазаіцы” работа была пабудавана на гульнявых практыкаваннях, і гэта давала выдатны плён, мы бачылі гэта па рэфлексіі.
Пазітыўнае джакузі
Дзіцяча-бацькоўскі клуб перарос у дзіцяча-бацькоўскія практыкумы. Напрыклад, для сярэдняга звяна школы ў псіхолага распрацаваны практыкум “Матыватар”, каб узмацніць матывацыю дзяцей да вучобы і цікавасць да дзіцячай вучэбнай дзейнасці ў бацькоў. З матывацыйнай анкеты, якую запаўняюць вучні, становіцца крыху больш зразумелым неверагодны дзіцячы свет. Аказваецца, дзеці ходзяць у школу не толькі, каб вучыцца, а таму што “прымушае мама” (менавіта мама, ніколі іх не прымушае тата), таму што “падабаецца, як у школе кормяць”, і таму што “падабаюцца зносіны з сябрамі”.
— Я гавару бацькам, што іх падтрымка патрэбна дзецям заўсёды, нават калі здаецца, што дзіця добра спраўляецца само, — падкрэслівае Таццяна Мілешка. — У мяне ёсць для сумесных практыкумаў цудоўнае практыкаванне “Пазітыўнае джакузі”. Выконваць яго максімальна проста: удзельнікі выцягваюць са скрыначкі напісаныя на паперцы кампліменты, а галоўны ўдзельнік такой гульні, заплюшчыўшы вочы, праходзіць уздоўж двух радоў удзельнікаў практыкавання, якія гавораць яму кампліменты, напісаныя на паперцы. Гэта надзвычай дзейсна, бо, згадзіцеся, мы часцей сварымся на чалавека, чым гаворым яму прыемныя словы. Напрыклад, мне скардзяцца 11-класнікі: “Я загарнуў падручнік і на хвіліну заглянуў у смартфон, каб адпачыць ад бясконцай падрыхтоўкі да экзаменаў і ЦТ, а маці прыйшла з работы і пачала дакараць, што я сяджу ў тэлефоне, а не вучуся”. Я тлумачу падлеткам, што такім чынам бацькі выказваюць свой клопат і любоў. Бацькі быццам гавораць сыну ці дачцэ: “Мы не ведаем, чым табе дапамагчы ў гэты момант, а вельмі хочацца”.
Я адпрацавала ў школе больш за 25 гадоў і ведаю, што да апошняга буду на баку самага складанага дзіцяці, таму што калі штосьці ў ім “не так” з нашага дарослага пункту погляду, то дарослыя гэта і зрабілі. Трэба знайсці патрэбу, якая не задавальняецца, і паўзаемадзейнічаць з ёй.
Зараз у школе ёсць 4 сям’і, якія, на думку Таццяны Леанідаўны, патрабуюць пільнай педагагічнай увагі. Прычым яна заўважыла, што дзеці з гэтых сем’яў больш стасуюцца паміж сабой, а не з аднакласнікамі. Поспехам Таццяна Мілешка лічыць тое, што ёй удалося арганізаваць для гэтых дзяцей групавыя заняткі, куды, акрамя гэтых дзяцей, прыходзяць навучэнцы з педагагічнай групы. А задача ў групы простая: сацыялізаваць нестандартных дзяцей і даць ім узор для пераймання. Калі ўсё атрымліваецца, то гэта, прызнаецца Таццяна Мілешка, яе вельмі радуе, бо ёсць адчуванне рэалізаванасці ў прафесіі. Каб прадэманстраваць поспехі нестандартных вучняў іх бацькам, яна прапанавала дзецям на агульнашкольным бацькоўскім сходзе разыграць нумар па вершы Данііла Хармса “Ілгун”. Усё ў дзяцей атрымалася, і яны, якія на ўроках не ўмеюць і двух слоў звязаць, вывучылі верш і разыгралі яго на сцэне.
Тэрыторыя даверу і ўзаемаразумення
Алена Станіславаўна Мінчукова, намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце, пры нашай першай сустрэчы называе Таццяну Леанідаўну Мілешка душой школы. Гэты статус можна заслужыць толькі адданасцю любімай справе. І наогул, як гэта, быць душой школы?
— Я заўсёды на баку дзіцяці, — дзеліцца Таццяна Мілешка. — Бацькам я гавару, што мне ў школе працаваць лёгка па некалькіх прычынах. Па-першае, я лічу, што няма неразумных дзяцей, а кожнае з іх — унікальная асоба. Па-другое, упэўнена, што няма дрэнных дзяцей, а ёсць складаныя жыццёвыя сітуацыі і дрэнныя ўчынкі. І трэцяе, што я гавару: у класе неабходна супакоіць толькі аднаго чалавека — сябе. Мая роля ў школе — быць своеасаблівым буферам. У мяне ў кабінеце заўсёды ёсць вільготныя і звычайныя сурвэткі, сродкі гігіены, ніткі, бясколерны лак, сшыткі, ручкі, алоўкі, цукеркі — усё тое, што неабходна дзіцяці для вырашэння лакальнай праблемы. Часам дастаткова таго, што дзіця зайшло да мяне, выцерла нос, з’ела цукерку, памаўчала — і большага яму не трэба.
Таццяна Пятроўна Шкарадзёнак, дырэктар сярэдняй школы № 2 Новалукомля: Таццяна Леанідаўна Мілешка выконвае не толькі службовыя абавязкі педагога-псіхолага, але і вядзе педагагічную групу. (У бягучым навучальным годзе на базе 10-х і 11-х класаў установы адукацыі арганізавана работа груп педагагічнай і аграрнай накіраванасці. — Заўвага аўтара.) Дзякуючы гэтаму, ужо тры гады нашы выпускнікі ідуць па мэтавых накіраваннях на педагагічныя спецыяльнасці. Гэта яе заслуга, бо яна дазваляе дзецям адчуць сябе педагогамі, зразумець, што гэта іх прафесія.
Былі ў практыцы педагога-псіхолага складаныя выпадкі, калі ўдавалася дапамагчы бацькам і іх дзецям, хаця здавалася, што гэта амаль немагчыма. Таццяна Леанідаўна прыводзіць у прыклад сітуацыю з мясцовай маладой сям’ёй з 4 дзеткамі. Бацькі мелі праблемы з алкаголем, нідзе не працавалі. Сям’я прайшла праз адабранне дзяцей, пасля чаго бацькі шмат зрабілі, каб іх двое сыноў і дзве дачкі вярнуліся ў родны дом. Зараз усе дзеці з сям’і ўжо скончылі школу і кожнае з іх знайшло сябе ў жыцці. Педагог-псіхолаг упэўнена, што ў выпадку гэтай сям’і выдатна спрацавала згуртаваная школьная каманда.
— Педагогам я заўсёды гавару, што сем’і розныя, і мы не ведаем, ці выспалася дзіця перад урокамі і ці снедала яно перад школай, — дзеліцца Таццяна Мілешка. — Для сям’і, пра якую я расказваю, школа была выратавальнай саломінкай. Наша задача была не ў тым, каб гаварыць бацькам, што яны не спраўляюцца са сваёй місіяй, а знайсці рэсурс, каб дапамагчы. Напрыклад, вывучыць, чаму такая вялікая запазычанасць за кватэру, звязацца з ЖКГ і папрасіць растэрміноўку па плацяжах. Уладкаваць бацькоў на работу, дапамагчы ім справіцца з алкагольнай залежнасцю. Мы дзейнічалі маленькімі, канкрэтнымі, простымі крокамі, а не ўкладалі ў галовы бацькоў шмат псіхалагічных ведаў аб выхаванні. Мы бачылі патэнцыял сям’і, бо бацькі вельмі любілі сваіх дзетак. Я ніколі не забудуся адзін выпадак, які здарыўся, калі мы прыйшлі ў гэтую сям’ю. У кватэры антысанітарыя, у мамы немаўлятка на руках, і мы гаворым жанчыне, каб яна хоць посуд памыла. А адна з дачок, якой на той момант было ўсяго 3 гады, паглядзела на нас з непрыкрытай злосцю, падставіла табурэтку да ракавіны і пачала мыць посуд… Сям’я — гэта заўсёды інтымна, і калі мы штосьці можам зрабіць, то выключна з пазіцыі дапамогі.
Наталля КАСТЭНКА