Вялікдзень. Сцэнарый інсцэніроўкі абраду для дзяцей 9–14 гадоў

- 14:42Воспитательная работа, Сценарии

Сцэнарый інсцэніроўкі абраду для дзяцей 9–14 гадоў.

Наталля ЯКУТА,
загадчык аддзела па асноўнай дзейнасці
ДУА “Слонімскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі”,
Гродзенская вобласць

 

Задачы:

– пашыраць уяўленні пра народныя святы і абрады, далучаць да багацця нацыянальнай культуры праз беларускія народныя гульні, песні, прыказкі, прымаўкі;
– развіваць творчыя здольнасці, ініцыятыву дзяцей;
– выхоўваць паважлівыя адносіны да сваёй спадчыны;
– выхоўваць пачуццё любові да роднага краю, цікавасць і павагу да культурных каштоўнасцей беларускага народа.

Узрост навучэнцаў: 9–14 гадоў.

Абсталяванне: тканыя радзюжкі, ручнікі, ікона, стол засланы абрусам, талеркі, збаны, кубкі, стравы, пірог, фарбаваныя яйкі, кошык, “раўчук” для катання яек.

Музычны матэрыял: народныя песні “А ўжо недалечка краснае яечка”, “Каліна-маліна, ягадзіца”, “А на дварэ ды стаіці дубок”, аўдыязапіс гучання царкоўных званоў.

 

Ход мерапрыемства

 

Сцэна ўпрыгожана пад стыль беларускай хаты. Стаіць столік, засланы абрусам. На стале стаяць розныя стравы, кошычак з фарбаванымі яйкамі.

Звіняць царкоўныя званы.

Бабуля і ўнучка спяваюць песню “А ўжо недалечка краснае яечка”.

Бабуля. Хрыстос Уваскрос, а маёй сям’і – здароўя, майму дому – багацця, майму полю – ураджаю! Амінь.

Унучка. Хрыстос Уваскрос, а мне – жаніха добрага! Амінь.

Бабуля (у руках трымае карзіну з асвячонымі яйкамі і пірагамі). Трэба на стол прыбіраць, ды гасцей сустракаць.

Унучка. Зараз, бабулечка, дапамагу!

Кладзе люстэрка і падыходзіць да бабулі.

Бабуля. Мусіць, пара ўжо памыцца святой вадзіцай. А ў вадзічку мы пакладзём яйка чырвонае, каб здаровымі ўсе былі, прыгожымі, “краснымі”. Памыем твар і ручкі.

Разам з унучкай мыюць твар і рукі, выціраюцца белым ручніком.

Пасля бабуля садзіцца, каля яе ўвіхаецца ўнучка.

Бабуля. А я пакуль прычашуся. Пасля вяртання з царквы, апасля ўсяночнай, расчэсвалі валасы з пажаданнем, каб было столькі ўнукаў, колькі валасоў на галаве.

Унучка. А табе ўсё ўнукаў мала. У цябе і так іх шмат.

Бабуля. Унукаў многа не бывае. Колькі б не было, хочацца, каб яшчэ болей было. (Смяецца, выглядае ў акно). О, дождж пачаўся! Будзе дождж ісці – будзе хлеб расці. Трэба за ікону яйка пакласці, каб берагло яно хату ад усяго дрэннага. (Кладзе яйка фарбаванае, асвячонае ў царкве).

Унучка. Чуеш, валачобнікі песні пяюць, ды ў госці да нас ідуць.

У хату ўваходзяць валачобнікі з песняй “Каліна-маліна, ягадзіца”.

Чырвонае кока ўжо недалёка,
Каліна-маліна, ягадзіца!
Цыбульку лупіце, яечкі хварбіце,
Каліна-маліна, ягадзіца!
Яечкі хварбіце і ўсім дзяліце,
Каліна-маліна, ягадзіца!

Валачобнікі. Хрыстос Уваскрос! (3 разы).

Бабуля і ўнучка (адказваюць разам): Сапраўды Уваскрос! (3 разы).

1-ы валачобнік. Дазвольце павіншаваць вас са святам, святам абуджэння прыроды, святам Сонца і надзей.

Усе разам. Святам Вялікадня!

2-і валачобнік. Жадаем цэлы год быць без хвароб!

3-і валачобнік. Грошай поўны кашалёк!

4-ы валачобнік. Хай усё ў вас вядзецца!

Усе разам. Шчасце-радасць не звядзецца!

Бабуля.

Сёння ў нашай хаце свята,
Запрашаем вас заўзята,
Чым багаты – тым і рады.
Тут і сала, і бліны,
Бульба з яйкамі відны.
Вабіць вока мёд духмяны,
Скрынка поўніцца смятанай,
Жытні хлеб, кісель аўсяны,
Малако ў збане гліняным.
Розны стравы тут сабраны!

Унучка. Дарагія госцейкі, запрашаем вас да нас, разам свята святкаваць, песні спяваць, ды ў гульні розныя пагуляць. Хутчэй разгавецца сядайце. А то, мабыць, сусед ужо даўно за сталом: то ўражай будзе лепшы чым у нас. Давайце мы хутчэй збяромся ўсе.

Валачобнікі праходзяць у хату і сядаюць за стол.

Унучка. Госцікі, адкажыце мне, калі ласка, што з’яўляецца галоўным прадметам на свяце Вялікдзень? (Адказы гасцей). Правільна, яйка. А хто з вас ведае, дзе ў яйка верх і дзе ніз? Пакажыце, калі ласка. (Дзеці паказваюць). Лічыцца, што вось гэта частка яйка (паказвае на “тупы” канец) нагадвае круглы купал неба, а ніжняя – замыкае свет падземны. Вось якое вялікае гэта наша звычайнае яйка!

Бабуля. Дзеткі мае, а вы ведаеце, што сёння трэба зрабіць сем добрых спраў? А ці ведаеце чаму?

2-і валачобнік. Я ведаю. Вось жа як яно было ў славян… Па абрадзе хрысціянскім белае яйка чырвоным стала пасля ўваскрэсення Хрыста. Марыя Магдаліна яйка белае прынесла рымскаму імператару Тыберыю з весткай пра ўваскрэсенне Богачалавека. Ён не паверыў, але на вачах яно стала пунсовым. З тых часоў яйкі фарбаваныя – сімвал Вялікадня. З яйка ўзнікае новае жыццё. Згуба Хрыстова – не дарэмная, яна прымушае людзей свае грахі загладзіць добрымі справамі.

Бабуля. Госцейкі, у хуткім будучым вы станеце гаспадынямі і гаспадарамі. Я хачу вас запытаць, хто з вас больш за ўсіх ведае страў, у якіх яйка з’яўляецца незамянімай часткай? (Госці адказваюць: яешня, пірагі, бліны, зацірка і г.д.)

Бабуля. Ай, якія малайцы, добра кухню беларускую ведаеце. Але ж зараз я пагляджу, ці добра вы ведаеце прымаўкі.

Унучка. Ну, дык слухайце, шаноўныя, а калі ведаеце – дапаўняйце мяне:

– Яйка курыцу не…(вучыць).
– Не чакай, каб певень яйка…(знёс).

– Ад дрэннага гругана дрэнныя…(яйкі).
– На ліцо яйцо, а ў сярэдзіне…(баўтун).
– Скажы адной курыцы, а яна – усёй…(вуліцы).
– Бывае, што і курыца пеўнем…(спявае).
– Хто куры краў, у таго і рукі…(трасуцца).

Бабуля. Малайцы, відаць дома аднымі прыказкамі ды прымаўкамі размаўляеце.

Унучка. Але да вас, даражэнькія госцікі, ёсць сюрпрыз. У маім чароўным кошычку, разам са звычайным, ляжыць “чароўнае яйка”. Хто яго выцягне, той будзе самым шчаслівым на працягу ўсяго года. (Усе па чарзе цягнуць яйкі.)

Унучка. Ну што, будзем біцца?

Валачобнік. Будзем, але раней дай паспрабаваць.

Унучка. Ой, вельмі ж тваё моцнае, пайду далей.

Валачобнік. Дык можа памяняемся яйкамі?

Унучка. Не, давай лепш сваімі. (Да аднаго валачобніка) А ў цябе не смалянка? (Да другога валачобніка) А ў цябе ці не ад цацаркі яйка?

Унучка. У вас аказалася звычайнае яйка. Цягніце смялей! У вас – таксама звычайнае. О, а ў вас – “чароўнае”. Вось самы вязучы чалавек года! Чароўнае яйка – ваша.

Песня “А на дварэ ды стаіці дубок”.

Бабуля. Нешта мы з вамі засядзеліся, у гульню пагуляць… Ведаеце, у старажытныя часы, каб зямелька хутчэй абуджалася ад зімовага сну, па ёй качалі яйкі. Толькі адна ўмова: яйка з горкі трэба каціць лёгка пускаючы і не кідаць! Ну, а цяпер пачынаем па чарзе.

Гульня “Катанне яйка”.

Бабуля. Якія ўсе малайцы, так добра гулялі, што і мне захацелася пагуляць.

1-ы валачобнік. Дзякуй, сябры, вам за цёплую гасціннасць. Цяпло так і льецца з вашых вачэй і ўсмешак. Цяпло, якое разам з сонейкам адагрэе зямельку і абудзіць у ёй жыццё і надзею. Дзякуй вам за гэтае свята, а нам пара ісці далей.

2-і валачобнік. Хай тут сонца ярка свеціць, каб усё ў вас расло.

3-і валачобнік. Каб зімой было што есці, што надзець і ў чым пайсці.

1-ы валачобнік. Сеяць што каб засталося, і вясною – хлеб пячы.

Усе разам.

Бывайце здаровы,
Дабро нажывайце,
А год прабяжыць –
Вы нас зноў тут чакайце.
Да пабачэння, сябры!

З валачобнай песняй валачобнікі адыходзяць.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий