Якуб Колас. “Дзядзька-кухар” (урывак з паэмы “Новая зямля”). 7-ы клас  

- 10:07БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

Урок накіраваны на тое, каб дапамагчы вучням асэнсаваць ідэйны змест твора, правесці назіранні і выявіць прыёмы стварэння камічнага ў вершаваным апавяданні, вызначыць іх мастацкую ролю.

Таццяна СЕВЯРЫН,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Гімназія імя Я.Купалы г. Мазыра”,
Гомельская вобласць

 

 

 

 

 

 

Мэты:

– узбагаціць чытацкія веды сямікласнікаў пра паэзію Якуба Коласа, пашырыць іх уяўленні пра народныя вытокі яго творчасці;
– дапамагчы вучням асэнсаваць ідэйны змест твора, правесці назіранні і выявіць прыёмы стварэння камічнага ў вершаваным апавяданні, вызначыць іх мастацкую ролю;
– развіваць дыялагічнае і маналагічнае маўленне вучняў, уважлівасць на ўроку да мастацкага слова і адказаў аднакласнікаў;
– выхоўваць пачуццё гуманнасці і дабрыні.

Тып урока: вывучэнне новага матэрыялу. 

Тэхналогія калектыўнага асэнсавання (асобасна арыентаванае навучанне). 

Абсталяванне: вучэбны дапаможнік па беларускай літаратуры для 7-га класа (2017), раздрукоўкі з заданнямі і рэфлексійныя лісткі, партрэт Якуба Коласа і рэпрадукцыя карціны Л.Рана “Дзядзька Антось”.

 

Ход урока

1 Арганізацыйны момант

– Вітаю вас, дарагія вучні! Сёння на ўроку мы працягнем гутарку пра самых блізкіх і дарагіх людзей у жыцці кожнага з нас, вобразы якіх знайшлі адлюстраванне ў творчасці беларускіх пісьменнікаў. Прыгадайце, каму з родных людзей мы абавязаны жыццём і выхаваннем? (Прагназаваныя адказы вучняў: маці, бацьку, бабулям і дзядулям, цёткам і дзядзькам па бацькоўскай і матчынай лініях).

 

2 Праверка дамашняга задання

– Паслухаем некалькі кароткіх паведамленняў на тэму “Самы дарагі мой чалавек…” паводле верша Ніла Гілевіча “Маці”. (Адказы двух-трох вучняў).

 

3 Матывацыйны этап (падрыхтоўка да ўспрымання тэмы ўрока)

– Прадметам нашага ўрока з’яўляецца ўрывак з паэмы “Новая зямля” Якуба Коласа (зварот да партрэта). Але і сапраўднае імя гэтага аўтара ўжо знаёмае вам. Назавіце яго. (Адказ вучняў: Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч).

Таксама прапаную заданне на раздрукоўках: пазнаць раней вывучаныя творы Якуба Коласа і вызначыць, што іх аб’ядноўвае.

Урывак Назва твора
Бывала, толькі чуць разднее,
Чуць толькі ў лесе пасвятлее,
Глядзіш – на рэчку ён шыбуе
І лёд сякеркаю мацуе,
То падбяжыць і скаўзанецца,
І сам сабе ён засмяецца;
То спыніць крок, замрэ, застыне –
Такая радасць тут хлапчыне!
“На рэчцы”
Павее ветрык – шурхнуць травы:
Няма ў ім ласкі, ні забавы.
Не – то не шолах каласочкаў,
Не смех блакітных васілёчкаў
У межах росных збажыны,
Не – то не музыка вясны,
А ціхі жаль і нараканне,
З жыццём і сонцам развітанне.
“Дарэктар”

(Прагназаваны адказ вучняў: Урыўкі з паэмы “Новая зямля”, творы аб’ядноўвае замілаванасць, любоў і чуйнасць герояў да роднай прыроды, якая з’яўляецца іх домам; а таксама вершаваны памер твораў – чатырохстопны ямб і да т.п.)

– Паэма “Новая зямля” складаецца з 30 асобных вершаваных апавяданняў, заснаваных на аўтабіяграфічным матэрыяле, якія Якуб Колас аднойчы вырашыў аб’яднаць у паэму. Галоўным героем апавядання, з якім мы знаёмімся сёння, з’яўляецца дзядзька Антось. Чаму менавіта ён? На гэта пытанне дапамогуць адказаць успаміны аўтара і невялікае паведамленне падрыхтаванага вучня:

“Дзядзька Антось! З ім мы рыбу лавілі, хадзілі на паляванне, па сена ездзілі. Меў ён да дзяцей ласку і падыход, можа, праз тое, што застаўся бабылём. Любіў пасмяяцца, умеў пажартаваць і пакпіць. Ростам быў невысокі… Нос – як упор у гэбліку, а пад носам – добрыя пышныя вусы. Валасы каштанавыя, даўгія, хвалістыя, вочкі невялікія карыя. Працавіты чалавек!” (Якуб Колас)

Пасля гэтага – зварот настаўніка да рэпрадукцыі карціны беларускага мастака Л.Рана, які адлюстраваў партрэт дзядзькі Антося.

Дзядзька Антось сыграў важную ролю ў лёсе Якуба Коласа. Уласнае жыццё Антона Казіміравіча Міцкевіча не склалася. Дзяўчына, якая клялася яму ў вечным каханні, выйшла замуж за другога. Ён назаўсёды адмовіўся ад спробы знайсці асабістае шчасце і па просьбе брата Міхала (бацькі Якуба Коласа) пераехаў жыць да яго ў леснікову пасаду. Сям’я Міхала стала для яго сям’ёй. А пляменнікі – і яго дзецьмі.

 

4 Знаёмства і першасная праца з тэкстам вершаванага апавядання

Урывак з паэмы чытае настаўнік, перадаючы камізм няўдалага дзядзькава кухарства. Настаўніку дапамагаюць падрыхтаваныя вучні. Пасля варта правесці гутарку рэпрадуктыўнага характару:

– Ад чыйго імя вядзецца аповед: “Я помню дзень той. Вечарэла…”
– Якім вы ўяўляеце дзядзьку Антося?
– Як дзеці ставіліся да дзядзькі?
– Як характарызуюць Антося яго паводзіны з дзецьмі?
– Куды дзеці любілі хадзіць з дзядзькам? Чаму?
– Зачытайце ўрывак, у якім дзядзька характарызуецца як майстра на ўсе рукі. (с. 67–68 вучэбнага дапаможніка)
– Якую цікавую прапанову зрабіў дзядзька дзецям?
– Што атрымалася з дзядзькавага кухарства?   
– Якія радкі твора выклікалі ў вас усмешку?

Прыём, якім па-майстэрску карыстаецца аўтар, для таго каб выклікаць усмешку чытачоў, называецца камічнасцю (зварот да слоўніка літаратуразнаўчых тэрмінаў: с. 233 вучэбнага дапаможніка).

 

5 Складанне цытатнага плана, сціслы пераказ сюжэта

Для эканоміі часу на ўроку лічу мэтазгодным падаць цытатны план апавядання на дошцы ў дэфармаваным выглядзе (часткі пераблытаны). Варта ўзнавіць іх правільную паслядоўнасць і запісаць у літаратурныя сшыткі. Пасля прапаную вучням сцісла пераказаць сюжэт твора (адказ аднаго моцнага вучня). Астатнія вучні ўважліва слухаюць, пасля аналізуюць адказ, вызначаючы яго ўзровень.

Дэфармаваны цытатны план Упарадкаваныя часткі плана
□“І што за Ліпава такое”
□“Ён быў настаўнікам, суддзёю”
□“Эх, – цмокнуў дзядзька, – наямося”
□“І дзядзька майстар быў на штукі”
□“Калі хто часам з ім не зладзіць…”
□“Паскудства, брат, і не пытайся”
1. “Ён быў настаўнікам, суддзёю”
2. “Калі хто часам з ім не зладзіць…”
3. “І што за Ліпава такое”
4. “І дзядзька майстар быў на штукі”
5. “Эх, – цмокнуў дзядзька, – наямося”
6. “Паскудства, брат, і не пытайся”

 

6 Кантрольна-рэфлексійны этап

– Сёння на ўроку мы шмат працавалі, дарагія вучні. На якім з этапаў работы вам было цікава, на якім – карысна, а на якім – сумна і незразумела? Адзначце свае меркаванні ўмоўнымі значкамі на рэфлексійных лістках:

Праверка
дамашняга задання
Літаратурная загадка Звесткі пра аўтара
і літаратурнага героя
Знаёмства з вершаваным творам, гутака па ім Цытатны план,
сціслы пераказ
цікава
карысна
незразумела
цікава
карысна
незразумела
цікава
карысна
незразумела
цікава
карысна
незразумела
цікава
карысна
незразумела

 

На адваротным баку рэфлексійных лісткоў прапаную зрокавую віктарыну па пройдзеным матэрыяле:

1) Аўтарам паэтычных твораў “На рэчцы”, “Дарэктар”, “Дзядзька-кухар” з’яўляецца ___________________, сапраўднае прозвішча якога _________________________________________.

2) Творы “На рэчцы”, “Дарэктар”, “Дзядзька-кухар” – гэта ўрыўкі з паэмы ______________________.

3) У аснову паэмы пакладзена _________________________.

4) Галоўным героем раздзела “Дзядзька-кухар” з’яўляецца __________________________.

5) Дзеці любілі свайго дзядзьку за ______________________________.

6) Калі паказвае працэс прыгатавання дзядзькам клёцак, аўтар выкарыстоўвае прыём ____________________.

7) Штукар – гэта _____________________ (ваша разуменне значэння слова).

8) Вершаваны памер апавядання “Дзядзька-кухар”, як і ўсёй паэмы, – ________________________.

9) Аповед у творы “Дзядзька-кухар” вядзецца ад імя ______________.

Што тычыцца каментавання адзнак, то гэта лепш рабіць па ходзе ўрока. Рэфлексійныя лісткі з выкананымі зрокавымі віктарынамі дадуць магчымасць прааналізаваць дзейнасць і настаўніка, і вучняў на ўроку, а таксама павялічыць колькасць адзнак у класным журнале, бо на пачатку наступнага ўрока па тэме настаўнік абавязкова агучыць вынікі віктарыны.

 

7 Дамашняе заданне (запісана на дошцы)

Перачытаць урывак з паэмы. Падрыхтаваць аргументаваны адказ па тэме “Вобраз Антося ў творы Я.Коласа “Дзядзька-кухар”.

 

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

1 Жуковіч, М. В. Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі на ўроках беларускай мовы і літаратуры: дапам. для настаўнікаў устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / М.В.Жуковіч. – Мінск : Аверсэв, 2015. – 252 с. : іл. – (Майстэрня настаўніка).
2 Логінава, Т.У. Беларуская літаратура ў 7 класе: дапам. для настаўнікаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / Т.У.Логінава, Т.І.Мароз. – Мінск : Сэр-Віт, 2005. – 336 с. – (Майстэрня настаўніка).
3 Міхновіч, Н.А. Беларуская літаратура. 7 клас: рабочы сшытак / Н.А.Міхновіч. – 7-е выд. – Мінск : Аверсэв, 2022. – 127 с. : іл.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий