Нам гэты мір завешчана берагчы. Тэматычны занятак (група інтэграванага навучання і выхавання 4–6 гадоў)

- 16:29ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Святлана ГРЭМЯКА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Турэцкая сярэдняя школа” Карэліцкага раёна,
Гродзенская вобласць

 

Праграмныя задачы:

4–5 гадоў:

– развіваць цікавасць да роднага краю, нацыянальнай культуры;
– фарміраваць уяўленні пра дзяржаўнае свята Дзень Перамогі;

5–6 гадоў:

– замацаваць уяўленні пра подзвіг беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны;
– выхоўваць павагу, гонар за беларускі народ;

Інтэграцыя – развіваць уменне прымаць удзел у калектыўнай гутарцы, самастойна разважаць, прымаць удзел у падрыхтоўцы да дзяржаўнага свята Дзень Перамогі.

Матэрыял: малюнкі па тэме, фатаграфіі помнікаў, мяч, запіс гімна, сімвалы “кветка Перамогі”, каляровыя алоўкі.

 

Ход занятку

 

Выхавальнік: Як заўжды, на пачатку дня пачнём наш занятак з праслухоўвання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь (запіс).

Паглядзіце дзеці ў акенца. Якое наша неба? (Блакітнае, чыстае, празрыстае)
Якое наша сонейка? (Цёплае, яркае, жоўтае, ласкавае.)

Як спяваюць птушкі? (Весела, звонка, гучна, радасна)

Лісцікі на дрэвах бліскацяць, травінкі пераліваюцца, кветкі напаўняюць водарам прастор. Цудоўная ў нас прырода!

Але так было не заўсёды. Быў час, калі наша неба пацямнела, сонейка патускнела, птушкі змоўклі. Гэта адбылося 22 чэрвеня 1941 года, калі на нашу беларускую зямлю напалі ворагі і пачалася Вялікая Айчынная вайна.

Сядайце на стульчыкі, а я вам прачытаю апавяданне Льва Касіля “Твае абаронцы” (чытанне апавядання).

Выхавальнік: Кожны год 9 мая мы адзначаем дзяржаўнае свята – Дзень Перамогі. Як мы адзначаем гэта свята? (Парад у Мінску, шэсце ветэранаў, кветкі і падарункі ветэранам вайны, канцэрты, кветкі прыносім да помнікаў, абеліскаў, святочны салют.) У гэтым годзе мы адзначаем 78-ю гадавіну Перамогі.

Выхавальнік паказвае здымкі ветэранаў

Каго вы бачыце тут? (Адказы дзяцей)
Што мы бачым на грудзях ветэранаў? (Ордэны, медалі)
За што яны іх атрымалі? (За тое, што біліся з ворагамі, абаранялі краіну, праявілі мужнасць.)

Кожны ордэн і медаль мае сваю назву. Вось, напрыклад: медаль “За адвагу”, медаль “За доблесную працу”, медаль “Залатая зорка”, Ордэн славы, Ордэн Перамогі, Ордэн Айчыннай вайны.

У час вайны змагаліся не толькі дарослыя, але і дзеці.

Выхавальнік паказвае фотаздымкі

Выхавальнік:

Валя Зенкіна, яна нарадзілася і жыла ў горадзе Брэсце. Калі пачалася вайна яе тата пайшоў на фронт і вельмі скора там загінуў. Валя не змагла быць дома і пачала дапамагаць перавязваць параненых салдат, збірала патроны і падносіла іх салдатам. Пералазіла да ворагаў і даведвалася пра іх зброю, тэхніку, а пасля расказвала нашым.

Якая была Валя? (Смелая, рашучая)

Барыс Царыкаў. Ён яшчэ вучыўся ў школе, калі пачалася вайна. Але адразу праявіў мужнасць. Ён узрываў чыгунку, па якой ішлі нямецкія цягнікі і везлі зброю. Барыс мог доўга-доўга ляжаць у снезе і чакаць варожы цягнік.

Які быў Барыс? (Адказы дзяцей)

Гэта толькі некалькі з дзяцей – герояў Вялікай Айчыннай вайны, іх было вельмі шмат.

 

Гульня з мячом “Якім павінен быць салдат?”

Выхавальнік: Як вы думаеце, якім павінен быць салдат? Давайце перадаваць мяч і называць якасці сапраўднага салдата (адважны, рашучы, моцны, дужы, смелы, добры, бясстрашны, разумны)

 

Гульня “Будзь уважлівы”

Яшчэ салдат павінен быць уважлівым. Слухайце мае каманды і хутка выконвайце (прысесці, падняць рукі ўгору, падскочыць, пляснуць у далоні, крок уперад, крок назад, падняць правую руку.) Малайцы!

 

Выхавальнік: Як людзі выказваюць сваю падзяку загінуўшым воінам у цяперашні час? (Складаюць вершы, апавяданні, песні, малююць карціны, узводзяць помнікі, абеліскі.)

 

Фатаграфіі (плошча Перамогі, стэла “Мінск – горад-герой”, мемарыяльны комплекс “Хатынь”, Курган Славы)

 

Выхавальнік: Можа хто з вас пазнаў гэтыя славутыя мясціны? У нашай краіне шмат помнікаў, прысвечаных подзвігу салдата.

Недалёка ад горада Мінска знаходзіцца мемарыяльны комплекс “Хатынь”, які ўзведзены ў памяць пра вёску, цалкам спаленую фашыстамі.

На Плошчы Перамогі ў гонар подзвігу беларускага народа гарыць Вечны агонь і ўзведзены абеліск.

Стэла “Мінск – горад-герой” была створана ў гонар прысваення Мінску звання горада-героя. Гэта ганаровае званне надаецца гораду за праяўленне яго жыхарамі мужнасці і гераізму.

Курган Славы – сусветна вядомы мемарыял, пры стварэнні якога тысячы людзей насыпалі жменя за жменяй зямлю, прывезеную з месцаў вялікіх баёў.

Я думаю, што вы можаце прапанаваць сваім бацькам адправіцца на экскурсію да гэтых памятных мясцін.

Які помнік ёсць у нашым аграгарадку? (Помнік салдатам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, там пахаваны і тыя салдаты, імёны якіх былі невядомымі.)

Як мы з вамі можам і павінны ўшаноўваць памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны? (Адказы дзяцей)

Выхавальнік: Мы з вамі павінны берагчы мір і спакой, які падарылі нам нашы продкі. Мы павінны заўсёды помніць пра подзвіг беларускага народа.

Прапаную вам сёння прыняць удзел у акцыі “Упрыгож акно кветкай Перамогі”, мы размалюем сімвал Перамогі і ўпрыгожым ім дома сваё акенца ў знак радасці Дня Перамогі. Гэта чырвона-зялёная стужка, якая перадае колеры дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і кветка яблыні, якая ўвасабляе радасць новага, шчаслівага жыцця.

Размалёўванне кветак Перамогі.

Выхавальнік: Дзякуй вам за працу, спадзяюся вам цікава было працаваць. Што спадабалася на занятку? Што хочаце расказаць сваім бацькам?

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий