Развіццё даследчых уменняў і навыкаў вучняў праз выкарыстанне эфектыўных прыёмаў на ўроках беларускай літаратуры ў 5–8-х класах  

- 12:49БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Матэрыялы да ўрокаў, Методичка

Вучням часта цяжка выяўляць і фармуляваць праблему, аўтарскую пазіцыю, прыводзіць аргументы ў абарону свайго меркавання, рабіць вывады, лагічна і правільна афармляць свае думкі і разважанні. Узнікае неабходнасць арганізаваць сваю дзейнасць так, каб праз эфектыўныя прыёмы развіваць даследчыя ўменні і навыкі вучняў.

Галіна ЛЯВОН,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Радунская сярэдняя школа”
Воранаўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

Літаратурнае навучанне скіравана на выхаванне ўдумлівага дасведчанага чытача, які разбіраецца ў асноўных вартасцях мастацкіх твораў, умее ацэньваць іх змест на аснове параўнання і супастаўлення, паглыблення ў мастацка-эстэтычную атмасферу, на фарміраванне ўменняў аналізаваць мастацкія творы, інтэрпрэтаваць мастацкі тэкст, выхоўвае асобу з выразна выяўленымі творчымі схільнасцямі [3, С. 45]. Фарміраванне такой асобы залежыць ад развіцця даследчых уменняў і навыкаў.

Як паказвае практыка, большасць вучняў умеюць пераказваць твор або ўрывак з эпічнага твора, вылучаць эпізоды для характарыстыкі дзейных асоб, характарызаваць героя мастацкага твора па яго ўчынках, паводзінах, знаходзіць выяўленчыя сродкі мовы. Аднак вырашэнне імі даследчых задач: уменне выяўляць і фармуляваць праблему, аўтарскую пазіцыю, прыводзіць аргументы ў абарону свайго меркавання, рабіць вывады, лагічна і правільна афармляць свае думкі і разважанні – у вучняў выклікае цяжкасці.

Таму ўзнікла неабходнасць арганізаваць сваю дзейнасць так, каб праз эфектыўныя прыёмы развіваць даследчыя ўменні і навыкі вучняў.

Патрэбна адзначыць, што структураваны матэрыял па беларускай літаратуры, пададзены праз эфектыўныя даследчыя прыёмы з’яўляецца не толькі цікавай формай правядзення заняткаў, але і мае пэўныя вучэбныя мэты, такія як выкарыстанне даследчага прынцыпу ў выкладанні літаратуры, што забяспечвае стварэнне ўмоў для падрыхтоўкі вучня, які ўмее самастойна думаць, аргументаваць, даказваць сваю пазіцыю або падыход да вырашэння той ці іншай праблемы, які валодае прыёмамі разумовай дзейнасці, а таксама спрыяе развіццю крытычнага мыслення, вырашэнню праблемных сітуацый.

Пры арганізацыі даследчай працы на ўроку неабходна ўлічваць узрост навучэнцаў. Спачатку вучні набываюць прасцейшыя веды, уменні і навыкі, якія неабходныя для развіцця нестандартнага мыслення. На гэтым этапе ўвага дзяцей арыентуецца на ўменне выдзяляць галоўнае, ацэньваць і ставіць пытанні, развіваць навыкі рашэння праблемнай сітуацыі, крытычнае мысленне.

Дапамагчы вызначыць гіпотэзу і праблему, над якой будзе праводзіцца праца на ўроку, сфарміраваць першапачатковае пачуццё здзіўлення дапамагае прыём “Жамчужына думкі” (эпіграф). У якасці эпіграфаў выкарыстоўваюцца афарызмы, выказванні знакамітых людзей, радкі з твораў. Спачатку разам з навучэнцамі асэнсоўваем змест эпіграфа, праводзім яго літаратурны аналіз (успамінаем, з якога твора радкі, знаходзім, калі ёсць мастацкія сродкі, вызначаем праблему, над вырашэннем якой будзе працаваць, фармулюем гіпотэзу). У канцы ўрока абавязкова звяртаемся да эпіграфа, калі падводзім вынікі працы (Дадатак 1.1)

Сфарміраваць разумовую дзейнасць, развіць навык творчага мыслення, пабудзіць вучняў выказваць розныя пункты погляду на вырашэнне праблемы дапамагае прыём “Праблемнае пытанне”. Вучань сутыкаецца з чымсьці новым, незразумелым, неспадзяваным у працэсе даследавання. Прапаную такія пытанні, якія завастраюць увагу на супастаўленне вывучаемага матэрыялу і прымушаюць іх задумацца, а таксама развіваюць самастойнае мысленне і творчыя здольнасці, уменне аналізаваць і вырашаць нестандартныя праблемы, творча асэнсоўваць пройдзены або вывучаемы матэрыял. Напрыклад, пры вывучэнні ўрыўка з аповесці Я.Брыля “Сірочы хлеб” у 7-м класе шукаем адказ на праблемнае пытанне: чаму Данік так думаў, так дзейнічаў, так ненавідзеў панскае (Дадатак 1.2)

Любая даследчая дзейнасць накіравана на збор інфармацыі і яе аналіз. Зрабіць гэта на ўроку літаратуры будзе значна лягчэй, калі выкарыстоўваць прыём “Незакончаная табліца” для аналізу вершаванага і празаічнага твора. Яна дакладна вызначае пункты і кірунак дзейнасці, вучыць пацвярджаць свае разважанні фактамі, рабіць высновы і лагічна сістэматызаваць даследчую дзейнасць. Вучань дакладна бачыць, што ён павінен даследаваць, этапы дасягнення пастаўленай задачы і бачыць узровень выканання свайго задання. З дапамогай гэтай табліцы вучань назапашвае матэрыял, сістэматызуе яго і параўноўвае. У працэсе тлумачэння новага матэрыялу даецца заданне правесці даследаванне па зададзеных крытэрыях: дапоўніць тлумачэнне настаўніка або выправіць памылку ў тлумачэнні пэўнай інфармацыі. Прыём кіруе працэсам разумення, стымулюе інтэлектуальную дзейнасць, фарміруе навыкі самастойнага засваення інфармацыі, вучыць фармуляваць думкі ў сціслай форме (Дадатак 1.3)

Прыём “Кластар” дазваляе вучням сістэматызаваць інфармацыю. Выкарыстоўваецца на любым этапе ўрока для падвядзення вынікаў, індывідуальнай і групавой працы ў школе і дома. Запісваем тэму ў кола пасярэдзіне класнай дошкі, а вакол цэнтральнага кола – галоўныя падтэмы. Вучні ўзгадваюць факты, якія яны яшчэ не ведаюць. Гэтыя пытанні, вядома, і складаюць мэты іх даследавання. Так, на ўроку ў 5-м класе вучні складалі кластар па тэме “Прыказкі”. Яны даследавалі будову прыказак, іх ролю ў маўленні, у жыццёвых сітуацыях, вызначалі тэматычнае багацце прыказак і іх моўнае багацце (Дадатак 1.4)

Прыём “Крыжаванка” замацоўвае літаратурныя з’явы ў памяці, падтрымлівае цікавасць да вывучэння матэрыялу, развівае творчыя здольнасці вучняў. Разгадваючы крыжаванку, вучні даследуюць радкі ўрыўкаў з вершаў, адказваюць на прапанаваныя пытанні (Дадатак 1.5)

Прыём “Інтэлект-карта” дазваляе засвоіць, запомніць, успомніць значны аб’ём інфармацыі, падагуліць і сістэматызаваць вывучаны матэрыял. Фарміруе лагічнае ўяўленне аб вывучанай тэме, развівае аналітычныя і творчыя здольнасці вучняў. Напрыклад, на ўроку літаратуры ў 5-м класе па тэме М.Лынькоў “Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў” вучні даследавалі вобразы галоўных герояў, працуючы ў групах. Знаходзілі адказ на праблемнае пытанне: ці сапраўды ў творы М.Лынькова Мішка, Жук і Барадаты – сябры, калі ў сапраўдным жыцці яны сябрамі быць не могуць праз выкарыстанне інтэлект-карты (Дадатак 1.6)

Прыём “Буклет” замяняе канспектаванне і адначасова выконвае функцыю абагульнення набытых ведаў, развівае даследчыя ўменні вучняў, уменне прадстаўляць вынікі сваёй працы. Так, на ўроку літаратуры ў 6-м класе  складалі буклет па тэме “Міфы”, а ў 5-м класе – па тэме “Загадкі” (Дадатак 1.7)

Для актыўнага фарміравання даследчых навыкаў, развіцця хуткасці, логікі, нестандартнасці мыслення на ўроках выкарыстоўваю прыём “Ілюстрацыя”. Пры вывучэнні тэкстаў мастацкіх твораў разам з вучнямі звяртаемся да ілюстрацый, аналізуем матэрыял, знаходзім падабенствы і адрозненні, робім высновы, падбіраем загалоўкі, выкарыстоўваючы радкі з твораў (Дадатак 1.8)

Прыём “Пабудзем даследчыкамі” дазваляе актыўна выкарыстоўваць працу ў групах, якая заснавана на супрацоўніцтве. Дзеці вучацца ставіць даследчыя пытанні, фармуляваць праблемы, прапаноўваюць гіпотэзы, складаюць план работы, вядуць назіранні. Гэты прыём выкарыстоўваецца пры даследаванні вобразаў герояў твораў, іх узаемаадносін, пры параўнальным аналізе твораў, даследаванні сродкаў мастацкай выразнасці ў творах, кампазіцыі твораў, біяграфіі паэтаў і пісьменнікаў. Сумесная даследчая праца фарміруе ўменне выказваць свой пункт погляду адносна праблемы, якая вырашаецца (Дадатак 1.9)

Такім чынам, выкарыстанне даследчых прыёмаў на кожным уроку спрыяе фарміраванню аналітычнага мыслення вучняў, стварае спрыяльныя ўмовы для крэатыўнай самарэалізацыі асобы вучня, фарміруе разумовую дзейнасць, развівае навык творчага мыслення, пабуджае вучняў выказваць розныя пункты погляду на вырашэнне праблемы, садзейнічае развіццю даследчых уменняў і навыкаў, так неабходных у далейшых жыццёвых сітуацыях.

Прадстаўляю абагульненую табліцу прыёмаў для развіцця даследчых уменняў і навыкаў вучняў на розных этапах урока (Табліца 1).

 

Табліца 1 – Прыёмы для развіцця даследчых уменняў і навыкаў вучнях на розных этапах урока

Этап урока

Прыём

Мэта

Арганізацыйна-матывацыйны

“Жамчужына думкі”, “Праблемнае пытанне”, “Крыжаванка-разгадайка”, “Ведаю – Хачу даведацца – Даведаўся”.

Вызначэнне гіпотэзы і праблемы, фарміраванне пачуцця здзіўлення, разумовай дзейнасці, пабуджэнне вучняў выказаць розныя пункты погляду на вырашэнне праблемы.

Аперацыйна-пазнавальны

“Пабудзем даследчыкамі”, “Кластар”, “Карэктар”, “Незакончаная табліца”, “Інтэлект-карта”, “Ілюстрацыя”, “Лінгвістычны калейдаскоп”.

Фарміраванне даследчых ўменняў вучняў праз пастаноўку пытанняў, фармулёўку праблемы, пастаноўку гіпотэзы, складанне плана работы, вядзенне назіранняў. Дакладнае вызначэнне пунктаў і накірункаў дзейнасці, пацвярджэнне сваіх разважанняў фактамі, падагульненне і і лагічная сістэматызацыя даследчай дзейнасці.

Падагульненне і сістэматызацыя ведаў

“Кластар”, “Інтэлект-карта, “Буклет”, “Крыжаванка-разгадайка”.

Фарміраванне лагічнага ўяўлення аб вывучанай тэме, развіццё інтэлектуальных, даследчых і творчых здольнасцей вучняў. Прэзентаванне ўласнай практычнай дзейнасці.

Рэфлексійна-ацэначны

“Жамчужына думкі”, “Праблемнае пытанне”, “Ведаю – Хачу даведацца – Даведаўся”, ”Сінквейн”.

Падвядзенне вынікаў даследчай дзейнасці, пацвярджэнне гіпотэзы, стварэнне ўмоў для ацэнкі і самаацэнкі дзейнасці вучняў і ўсведамлення імі асобасных сэнсаў у вывучэнні тэмы.

 

 

Дадатак 1

1. Прыём “Жамчужына думкі” (эпіграф)

1

Казка пра жывёл “Музыкі”,
5-ы клас

“Чалавек без сябра, што ежа без солі” Прыказка

Што ж такое важнае дапамагло жывёлам выжыць у лесе?

2

Легенда “Пестунь”,
5-ы клас

“Ды жыве ў пластах гадоў
Славы нашай адгалосак –
Назвы нашых гарадоў,
Нашых вуліц, нашых вёсак”.

А.Вольскі

Як змест эпіграфа суадносіцца з назвай легенды?

 

2. Прыём “Праблемнае пытанне”

1

Беларускія народныя казкі, іх віды і жанравыя адметнасці,
5-ы клас

Што меў на ўвазе М.Танк, зазначаючы, “што ўсіх нас гадуюць казкі матчыны…” Ці згодны вы з яго меркаваннем?

2

М.Сурначоў “У стоптаным жыце”, 6-ы клас

Як вы лічыце, чаму “вайна – боль і памяць народа”?

3

Народныя песні, іх віды, 6-ы клас

Чаму на думку Р.Шырмы “Песня народа – гэта сапраўдная жывая чалавечая душа”?

4

Я.Брыль “Сірочы хлеб”, 7-ы клас

Чаму Данік так думаў, так дзейнічаў, так ненавідзеў панскае?

 

3. Прыём “Незакончаная табліца” (даследаванне па зададзеных крытэрыях)

Я. Купала “Курган”. Вобразы Гусляра і князя, 7-ы клас

Параўнальная характарыстыка Гусляра і князя

Крытэрыі

Гусляр

Князь

Сацыяльнае становішча

 

 

Знешні воблік

 

 

Жыццёвыя погляды

 

 

Рысы характару

 

 

Аўтарская ацэнка

 

 

 

Я.Купала “Курган”. Уступныя заняткі, 7-ы клас

Сродкі мастацкай выразнасці для стварэння вобразаў у паэме

Вобраз

Радкі з тэксту

Мастацкі сродак

Рака

На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай

Эпітэт

Курган

 

 

 

 

Ён стаіць – гэта памяць людская, паказ

Увасабленне
Параўнанне

Вецер

 

 

Сонца

 

Увасабленне
Параўнанне

Зоры

 

 

Хмары

Хмары неба ўсцілалі мо тысячу раз

Увасабленне

 

4. Прыём “Кластар”

– Характарыстыка літаратурнага героя
https://view.genial.ly/6360bb0e7f98450011c58038/interactive-content-klastarharaktarystykalitgeroya

– Характарыстыка дзядзькі Антося
https://view.genial.ly/635fb2f9d38030001a92485d/interactive-content-klastar-antos

– А. Федарэнка “Падслуханая казка”, 5-ы клас https://view.genial.ly/635fb68358f48300121a25d5/interactive-content-klastarmargarytka

 

5. Прыём “Крыжаванка-разгадайка”

– А.Васілевіч “Сябры” https://learningapps.org/watch?v=p147sxu1322

– Загадкі https://learningapps.org/watch?v=pnwb0zz8322

– Я.Брыль “Урокі пані Мар’і” https://learningapps.org/watch?v=pbibxgfzj23

 

6. Прыём “Інтэлект-карта”

– Міфічныя істоты  https://view.genial.ly/6360e9072400390018bacac7/interactive-content-mifichistory

– Міфы пра багоў https://view.genial.ly/6360e40690fb9f0018a3f7ff/interactive-content-bagi

– Фальклорныя творы https://view.genial.ly/6360d3a12400390018ba9d97/interactive-content-intelekt-karta

– М.Лынькоў “Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў”
https://view.genial.ly/61a8675192c1e70dc57c1f82/interactive-content-untitled-genially

 

7. Прыём “Буклет” (афармленне вынікаў даследавання)

Клас

Тэма ўрока

Змест буклета

6

Узнікненне вобразнага мастацкага слова. Міфы

1. Стварэнне міфаў.
2. Што такое міфы?
3. Людзі – часцінка прыроды.
4. Павер’і і легенды, звязаныя з прыродай.
5. Роля міфаў у жыцці продкаў.

5

Загадкі. Дасціпнасць і мудрасць беларускіх загадак

1. Загадка як жанр фальклору.
2. Прызначэнне загадак.
3. Літаратурныя загадкі.
4. Загадкі – жарты і загадкі – задачы.
5. Значэнне і роля загадак у жыцці чалавека.

 

8. Прыём “Ілюстрацыя” (І.Пташнікаў “Алені”, 6-ы клас)

Заданне: даследаваўшы змест апавядання, разгледзьце на форзацы вучэбнага дапаможніка рэпрадукцыю карціны Галіны Шапялевіч “У пушчы” і падрыхтуйце адказы на пытанні:

1) Якім паўстае свет прыроды на мастацкім палатне?
2) Што сугучнае ва ўспрыманні пушчы і яе жыхароў мастаком і пісьменнікам?
3) Звярніце ўвагу на будову карціны, яе вобразы, асобныя дэталі, фарбы, агульны настрой. Выкажыце сваё меркаванне.
4) Знайдзіце ў тэксце і зачытайце радкі, якія. На вашу думку, найбольш адпавядаюць сюжэту карціны.

 

9. Прыём “Пабудзем даследчыкамі” (групавая праца)

1

М.Багдановіч
“Слуцкія ткачыхі”,
8-ы клас

1 група – даследуе біяграфію паэта
2 група – даследуе гісторыю стварэння слуцкіх паясоў
3 група – даследуе кампазіцыю верша
4 група – даследуе мастацкія сродкі ў вершы

2

А.Дудараў “Вечар”.
Вобразы герояў твора,
8-ы клас

1 група – даследуе вобраз Мульціка
2 група – даследуе вобраз Гастрыта
3 група – даследуе вобраз Ганны
Вынікі працы змяшчаюць у табліцу “Лёс герояў п’есы”.

 

 

 

Спіс літаратуры

1 Адукацыйны стандарт вучэбнага прадмета – Беларуская мова // Роднае слова. – 2009. – № 8 – С. 101–111.
2 Алексеев, Н.Г. Критерии эффективности обучения учащихся исследовательской деятельности // Развитие исследовательской деятельности учащихся: Методический сборник. М., 2001. – С. 64–68.
3 Былінская, Л.С. Фарміраванне даследчых кампетэнцый вучняў / Л.С.Былінская // Роднае слова. – 2008. – № 2 – С. 78–82.
4 Вахтеров, В. Избранные педагогические сочинения. / В.Вахтеров. – Москва, “Педагогика”, 1987. – С. 400 // – Рэжым доступу: http://elib.gnpbu.ru/text/vahterov_izbrannye-pedagogicheskie_1987.
5 Гладкова, А.П. Формирование исследовательских умений младшего школьника во внеурочной деятельности. Рэжым доступу: https://vspu.ru/sites/default/files/disfiles/avtoreferat_gladkovoy_a.p.pdf
6 Дереклеева, Н.И. Научно – исследовательская работа в школе / Н.И.Дереклеева. – М. : Вербум, 2001. – С. 48.
7 Запрудский, Н.И. Педагогический опыт: обобщение и формы представления: пособие для учителя / Н.И.Запрудский. – Минск, 2014. – С. 256.
8 Ивашова, О.А. Развитие исследовательских умений у младших школьников: методический аспект / О.А.Ивашова. – СПб. : Культ – Информ – Пресс, 2008. – С. 385.
9 Сістэма работы “Радунскай гімназіі” па развіцці і падтрымцы інтэлектуальна – творчых здольнасцей вучняў на ўроку і ў пазаўрочнай дзейнасці: з вопыту работы / склад. С.Ю.Кампанеец – Радунь : ДУА “Радунская гімназія”, 2012 – С. 32.
10 Савенков, А.И. Учебные исследования в начальной школе // Нач. шк. – №12. – 2000. – С. 101– 108.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий