Праектна-даследчая дзейнасць у працы патрыятычнага клуба “Ваверскія ястрабы”

- 13:01Стиль работы

Праектна-даследчая дзейнасць – гэта тэхналогія, якая вырашае даследчую задачу пад кіраўніцтвам спецыяліста, рэалізоўваючы метад пазнання. Вынікам працы сталі прадукты, створаныя аўтарамі праекту падчас рашэння пастаўленых праблем.

 

Святлана ІОДКА,
настаўнік матэматыкі,
кіраўнік патрыятычнага клуба “Ваверскія ястрабы”
ДУА “Ваверская сярэдняя школа Лідскага раёна”,
Гродзенская вобласць

 

Я ўжо шосты год з’яўляюся кіраўніком патрыятычнага клуба “Ваверскія ястрабы”, куды ўваходзяць 10 навучэнцаў IX–XІ класаў. Гэта вялікая дружная сям’я, якую аб’ядноўвае любоў да радзімы, імкненне быць лепшым, узаемадапамога, гатоўнасць прыйсці на дапамогу адно аднаму. Асноўная мэта – садзейнічанне патрыятычнаму выхаванню моладзі, фарміраванню ў яе грамадзянскіх адносін да Айчыны, актыўнай жыццёвай пазіцыі. Нас заўсёды вабіць незвычайнае і гераічнае. Члены патрыятычнага клуба стараюцца даведацца, разгледзець усё цудоўнае ў падзеях, звязаных з месцам, дзе яны жывуць і вучацца, з малой радзімай. Мы вывучаем славутасці раёна, гутарым з удзельнікамі розных гістарычных падзей, вывучаем архіўныя даныя, пашыраем і паглыбляем веды па гісторыі роднага краю.

Праектна-даследчая дзейнасць – гэта тэхналогія, якая вырашае даследчую задачу пад кіраўніцтвам спецыяліста, рэалізоўваючы метад пазнання. Вынікам працы сталі прадукты, створаныя аўтарамі праекту падчас рашэння пастаўленых праблем. Члены клуба ў выніку дзейнасці стварылі буклеты (“У пошуках забытага”, “Рэха вайны і памяць сэрца”, “Памяць сэрца”), брашуру “Сваіх герояў не забудзем імёны”, а таксама напісалі шэраг даследаванняў (“Перш за ўсё самалёты…”, “Пра вайну напісана не ўсё…”, “Гісторыя адной знаходкі” і г.д.); таксама мы пісалі артыкулы ў “Лідскую газету”.

Прынцыпы арганізацыі праектнай дзейнасці нашага клуба:

– праект павінен быць пасільным для выканання;
– ажыццяўляецца пад кіраўніцтвам з боку педагога;
– кожны член клуба павінен дакладна паказаць свой уклад у выкананне праекта;
– абавязковая прэзентацыя вынікаў работы па праекце.

У сваю чаргу, мая задача – стварыць умовы для паспяховага выканання праекта. Спачатку мы думаем, далей даследуем і потым рэалізоўваем. Праект – гэта задума, план. Даследаванне – працэс выпрацоўкі новых ведаў. Члены клуба пры ажыццяўленні шэрагу даследаванняў даведаліся пра 76-ы Гвардзейскі штурмавы авіяцыйны полк, пра тое, ці адбываліся ваенныя дзеянні на тэрыторыі вёскі Ваверка, знайшлі абсалютна новыя даныя пра вёску Дылева, сабралі матэрыял пра таленавітага чалавека Ваверкі. Змаглі знайсці той небагаты, але каштоўны матэрыял па гісторыі Мейраўскай васьмігадовай школы. У сельскай мясцовасці ёсць школы, якія ўжо закрытыя, а ў свой час былі васьмігадовымі (для нашага краю гэта таксама не выключэнне). Хлопцы і дзяўчаты збіралі матэрыял пра Мейраўскую школу і аформілі працу “Не круціце стракаты глобус, не знойдзеце вы на ім…”.

Уступіўшы на шлях краязнаўчай даследчай працы, члены клуба часам бываюць вельмі здзіўленыя тым, што іх суседзі, з дзяцінства ім вядомыя людзі, маюць дачыненне да гістарычных падзей. Прыкладам таму стаў праект “Дзіўны чалавек Ваверскай зямлі” пра Тэрэсу Іосіфаўну Ясюкайціс, жыхарку аграгарадка.

Мы збіраем экспанаты, пошукавыя матэрыялы, дакументы, якія расказваюць пра гісторыю вёскі і людзей, што тут пражываюць. Так, неаднаразова сустракаючыся з яшчэ адным жыхаром вёскі Ваверка, Уладзіславам Раманавічам Марціновічам, даведаліся шмат новага і цікавага, падмацаваўшы гэтую інфармацыю дакументамі. Асаблівую цікавасць у вучняў выклікаюць паведамленні, падрыхтаваныя на аснове апавяданняў сваякоў старэйшага пакалення з падборкай фатаграфій з сямейнага архіва. Дзеці даведваюцца пра лёсы не толькі тых, хто ваяваў на фронце ці ў партызанскіх атрадах, але і тых, хто перажыў усе жахі акупацыі роднай зямлі. Яны па-новаму пачынаюць разумець сваіх аднагодкаў з грозных саракавых гадоў, якія цяпер ужо сталі іх прабабкамі і прадзедамі.

Шмат яшчэ старонак у нашай гісторыі, шмат незвычайных выпадкаў і лёсаў, пра якія мы не ведаем, і вось таму члены клуба займаюцца пошукавай дзейнасцю. Мы склалі маршрут баявых дзеянняў Героя Савецкага Саюза Н.М.Малахава “Дарогамі апаленых гарадоў і сёлаў”, неаднаразова сустракаліся з жонкай героя Надзеяй Рыгораўнай, выступалі па Лідскім радыё, расказваючы пра героя, напісалі даследчую працу “Перш за ўсё самалёты”.

“Дарога да абеліска” – гэта сумесны праект клуба і Ваверскага сельскага савета. Мэта праекта – прыцягненне моладзі да догляду за воінскімі мемарыяламі, вывучэння іх гісторыі, увекавечвання памяці пра загінуўшых абаронцаў Айчыны.

Паказчыкам эфектыўнасці грамадзянска-патрыятычнага выхавання на аснове праектна-даследчай дзейнасці з’яўляецца фарміраванне і развіццё ў маладых людзей сацыяльнай актыўнасці, якая праяўляецца ў акцыях школы, у традыцыйных мерапрыемствах і творчых конкурсах. У школьнікаў адзначаюцца пачуцці салідарнасці, сяброўства, вернасці свайму народу і павага да традыцый. Выкарыстанне метадаў праектаў паказала сваю эфектыўнасць. Нашы навучэнцы займаюць прызавыя месцы ў школьных і раённых навукова-практычных канферэнцыях, прадметных алімпіядах, конкурсах чытальнікаў, мультымедыйных прэзентацый, сачыненняў.

Навучэнцы дзейнічаюць па прынцыпе “Ніхто акрамя нас. Калі не я, то хто ж?”

Мы прынялі ўдзел у шматлікіх конкурсах розных узроўняў, дзе атрымалі пераможныя месцы. У 2021/2022 навучальным годзе клуб “Ваверскія ястрабы” заняў 2-е месца ў раённым этапе і стаў удзельнікам абласнога злёту патрыятычных клубаў.

Наш інтэрнэт-праект “Первым делом самолеты” стаў лепшым праектам, прысвечаным Году гістарычнай памяці (1-е месца ў раёне). Члены клуба ўдзельнічалі ў стартап-пляцоўцы “Я – молод! Я – талантлив”. Падрыхтавалі і прадставілі стартап-праект “Захаваем спадчыну продкаў”, сталі фіналістамі і атрымалі падзяку, а таксама каштоўныя падарункі.

У выніку створаныя праекты ўтвараюць у сукупнасці нейкую сістэму, якая дазваляе яе ўдзельнікам пазнаць, убачыць, зразумець і палюбіць тое дзіўнае, што адрознівае наш край ад іншых.

Я не стаўлю сваёй мэтай перавыхаваць юнага грамадзяніна. На гэтым этапе для мяне важна падтрымліваць, скіроўваць і развіваць тое, што закладзена ў сям’і, школе. Так, вялікая справа – жаданне працаваць. Але аднаго жадання мала. Патрэбны ўменне і цярпенне. Бо не ўсё адразу атрымоўваецца. Патрэбны вопыт – свой асабісты і вопыт іншых. Мушу, нехта зацікавіцца і нашай справай.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий