Сваёй зямлёй я вельмі ганаруся. Канспект занятку па развіцці беларускага маўлення і культуры маўленчых зносін і выяўленчай дзейнасці ў старшай групе

- 16:54ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Алена ТАРАСАВА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА“Дзіцячы сад аг. Пагранічны” Бераставіцкага раёна,
Гродзенская вобласць

 

Тэма: Сваёй зямлёй я вельмі ганаруся.

Праграмныя задачы: 

– фарміраваць уяўленні дзяцей пра сябе, як частку беларускага грамадства і носьбіта яго культуры, пачуццё нацыянальнай самасвядомасці дашкольнікаў;
– замацаваць веды пра птушак, жывёл і расліны роднага краю;
– развіваць уменне ўпрыгожваць сурвэткі беларускім арнаментам, выхоўваць цікавасць да беларускай мовы, эстэтычныя пачуцці.

Абсталяванне: кошык з заданнямі, лялька Беларусачка, мальберт, карціны, алоўкі, ручнікі з паперы.

 

Ход занятку

Выхавальнік.

Адгукніся, вясна, мне зязюляй з-за рэчкі,
Дай яшчэ раз прыпасці да любай зямлі
І каштанаў сваіх незгасальныя свечкі

Над маёй адшумеўшай вясной запалі…. (А.Куляшоў)

На якой мове зараз прагучаў верш? (Адказы дзяцей)

Так, беларуская мова – гэта цудоўная мова нашых бабуль, матуль. Чаму наша мова называецца беларускай? У якой краіне мы з вамі жывём? (Адказы дзяцей) Так, а калі мы нарадзіліся і жывём у Беларусі, то хто мы? (Беларусы)

Хлопчык:

Беларусам я радзіўся,
Беларусам буду жыць,
Беларускую зямельку
Буду шчыра я любіць. (Алесь Мілюць)

Выхавальнік. Прыгожую назву мае наша Радзіма, светлае ў яе імя – Белая Русь, Беларусь. Гавораць, што такую назву яна атрымала ад мноства снегу, што выпадае зімой у нашай старонцы, ад перавагі белага колеру ў адзенні насельніцтва, ад таго, што людзі, якія тут жывуць, светлавокія, статныя, прыгожыя. Шмат на Беларусі розных гарадоў, вёсак, мястэчак. А ці ведаеце вы сталіцу нашай Беларусі? (Адказы дзяцей) А яшчэ якія гарады вы ведаеце? (Адказы дзяцей). Мы павінны любіць свой прыгожы край, сваю зямлю, лясы, жывёл, птушак, кветкі. Зараз дзеці раскажуць вершы пра прыгажосць нашай краіны.

 

1-е дзіця: 

Залацістыя прасторы
Незлічона ясных зор,
Рэкі, ціхія азёры,
Гаманлівы, шумны бор.

2-е дзіця: 

Ты нас ласкай атуліла,
І я ў шчасці гавару,
Як ты сэрцу майму міла
Дарагая Беларусь! (П.Броўка)

Выхавальнік. А якія прыказкі пра родныя мясціны вы ведаеце? (Адказы дзяцей)

Няма смачнейшай вадзіцы, чым з роднай крыніцы.
Добра працуеш – Радзіму мацуеш.
Бацькоў не цурайся, а ад Радзімы не адракайся.
Жыць – Радзіме служыць.

 

Фізкультхвілінка

Усяму вядомы свету наш руплівы край здавён (крочаць на месцы)
Тут на сонечных палетках спеюць бульба, жыта, лён (імітуюць збор ураджаю)

Тут умельцы вырабляюць слаўны трактар “Беларус” (імітуюць біццё молатам)
Тут ствараюцца БелАЗы – трохсоттонны весці груз (паказваюць матор)
Тут сыны лятуць у космас, песні матчыны пяюць (падымаюць рукі, імітуюць палёт)
Гэты край наш найдзівосны Беларуссю ўсе завуць (падскокваюць, пляскаюць у далоні)

Раздаецца стук у дзверы. Прыходзіць лялька Беларусачка.

Лялька: Добры дзень, дзеці. Ці пазналі вы мяне? Я беларусачка і вельмі люблю свой родны край. Добра ведаю жывёл, птушак і расліны маёй Радзімы. Хачу праверыць, ці ведаеце гэта вы. Вось я прынесла кошык, а ў ім заданні.

Заданне 1. Загадкі

Цвіту ўсё лета я, жыву звычайна ў жыце.
Нашу хлапечае імя. Як зваць мяне, скажыце? (Васілёк)
Верціцца, стракоча, увесь дзень клапоча. (Сарока)
Ні дрывасек, ні цесляр, а першы ў лесе ён работнік. (Дзяцел)
Зімою чырвоныя яблыкі на дрэве вісяць. (Снягір)
Летам носіць ён кажух, мае свой абход пчаліны,
Уплятае мёд за двух. І збірае ў рот масліны. (Мядзведзь)
Скача ён хутка і лоўка. Па лесе, па полі, як мячык.
Імчыць, уцякае ад воўка. Спуджаны шэранькі…(Зайчык)
І яшчэ адна загадка. У яе ў дрэве хатка,
Арэшкаў горка. Гаспадыня – …(Вавёрка)

 

Заданне 2. Гульня “Назаві дрэва па лісточку”

Выхавальнік паказвае лісточкі з розных дрэў, якія растуць у беларускіх лясах, а дзеці павінны назваць правільна дрэва.

Заданне 3. “Пазнай жывёл па апісанні”

Галодны, шэры, злы (воўк)
Хітрая, рыжая, пушыстая (ліса)

Касалапы, нязграбны, непаваротлівы (мядзведзь)
Рыжая, маленькая, імклівая (вавёрка)
Касы, даўгавухі, кароткі хвост (заяц)
Маленькі, шэры, калючы (вожык)

 

Выхавальнік. Малайцы, дзеці, усё вы ведаеце і з заданнямі справіліся.

Выхавальнік прапануе дзецям пагуляць у беларускую гульню “Журавель”.

 

Гульня “Журавель”.

Перад гульнёй пазначаецца “балота” і “масток”. Сярод удзельнікаў гульні выбіраецца журавель (хлопчык) ці жураўка (дзяўчынка). Дзеці па парах (пажадана, каб у пары былі хлопчык і дзяўчынка) становяцца паўмесяцам. Узяўшыся за рукі, яны падымаюць то правую, то левую нагу (імітуюць рухі жураўля). Журавель на некаторай адлегласці (3–4 м) важна ходзіць па “балоце”. Дзеці гавораць спакойна:

Як павадзіўся журавель
Да нашых канапель.
Такі-такі чубаты,
Такі-такі насаты!

Потым усе моцна прамаўляюць: “Хапай, журавель!”, і першая пара хутка бяжыць па масточку цераз “балота”. Журавель павінен дакрануцца рукой да дзяўчынкі, а калі жураўка – то да хлопчыка. Калі жураўлю пашанцуе, на яго месцы застаецца той, хто застаўся без пары. Гульня працягваецца.

 

Выхавальнік. А зараз усе разам раскажам, як мы любім нашу Радзіму.

Дзеці разам з выхавальнікам расказваюць верш.

Любім мы цябе, Радзіма,
Наш прыгожы, мілы край.
Ад душы жадаем уздыму –
Ты квітней і нас натхняй! (Ю.Ціхан)

 

Заданне “Упрыгожым беларускім арнаментам ручнік”

Выхавальнік. Ручнік белага колеру, а арнамент павінен быць чырвонага і чорнага колеру. Чырвонага колеру павінна быць больш, таму што ён азначае жыццё, радасць, вяселле. У старадаўнія часы людзі верылі, што чырвоны колер нібыта засцерагаў ад злых духаў і надаваў моц і дужасць рукам у працы, а чорны – гэта колер гора і смутку.

(Выхаванцы разглядаюць беларускі арнамент, крыжык, розныя лініі, зорачкі)

Гімнастыка для рук

На маёй руцэ пяць пальцаў,
Пяць хватальцаў, пяць дзяржальцаў.
Каб пісаць і маляваць,
Каб усё браць і каб даваць.
Іх не цяжка палічыць – 1, 2, 3, 4, 5.

 

Дзеці пад ціхую музыку малююць. Лялька Беларусачка глядзіць, як яны працуюць і хваліць дзяцей. Потым дзеці дораць ёй ручнікі.

 

Рэфлексія

Выхавальнік.

Дзеці, ці спадабаўся вам занятак?
Што болей за ўсе спадабалася?
Што не вельмі спадабалася?
Што было цікава выконваць, а што цяжка?

 

Дзеці развітваюцца з Беларусачкай.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий