Забаўка “Падарожжа ў мінулае” для дзяцей 5-6 гадоў

- 17:20ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Забаўка накіравана на тое, каб паглыбіць веды дзяцей пра родную мову, побыт і жыццё нашых продкаў, праз гульні, народны фальклор і рэчы далёкай даўніны. Аўтар падчас мерапрыемства выкарыстоўвае вобраз цёткі Ганны, каб дапамагчы маленькім выхаванцам зразумець незразумелае.

 

Наталля СІНІЦЫНА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дзіцячы сад № 7 г. Мазыра”,
Гомельская вобласць

 

 

Мэта: спрыянне разуменню роднай мовы, а таксама наладжванню маўленчых зносін праз знаёмства з беларускім фальклорам, праз адгадванне загадак, праз адказы на пытанні і ў сумесных гульнях і гутарках.

Матэрыял і абсталяванне: прадметы беларускага побыту (посуд, дзежка, торбачка, чапяла, качарга, чыгун, патэльня, ручнікі), макет печы, мультымедыйная ўстаноўка.

Папярэдняя работа: азнаямленне з прыказкамі, вершамі, загадкамі.

 

Ход забаўкі

 

Выхавальнік: Прывітанне, мае дарагія дзетачкі! Мяне завуць цётка Ганна і я запрашаю вас у падарожжа да мінулага, да надзвычайнага свету роднай мовы, літаратуры і фальклору. Вы згодныя? (Адказы дзяцей). Вельмі добра! Паглядзіце, як шмат вакол нас розных рэчаў (дзеці праходзяць да музычнай залы, дзе іх чакае выстава “Беларуская хатка”). Можа, ведаеце, як некаторыя з іх называюцца? (Выхаванцы разглядаюць прыгатаваныя экспанаты, называюць тыя, якія ведаюць, цікавяцца незнаёмымі).

А вось адгадаеце мае загадкі і даведаецеся яшчэ шмат чаго цікавага. Вы згодныя паказаць сваю кемлівасць?

Дзіўная рэч –
Хто першы на ўспаміне?
Ну, вядома … (Печ)!

Выхавальнік: Малайцы, здагадаліся! Паслухайце, з глыбокай даўніны печ у хаце займала важнае, пачэснае месца. Яна абагравала хату, у ёй гатавалі ежу, на ёй адпачывалі, спалі, лячыліся. Пячная карысная гліна лячыла не горш за мёд і маліну. З печчу звязана мноства народных звычаяў, абрадаў і прымет.

Наступная загадка:

Як жа гэта называюць –
Дзяўчыны ля яго сядаюць
І тканіну вырабляюць? (Кросны)

Выхавальнік: Давайце, усе разам разгледзім кросны, на што яны падобныя і як працуюць. (Выхаванцы разам з цёткай Ганнай разглядаюць кросны, знаёмяцца з іх часткамі, уяўляюць, як працуюць на гэтай цікавай і старадаўняй рэчы). Паслухайце верш і паспрабуйце здагадацца, пра што ў ім гаворыцца.

Абрусы, ручнікі
I посцілкі – надзіва.
Любоў, жыццё, вякі
I ўся мая радзіма…

Не буду варажыць
Аб густах і жаданнях.
Я знаю: скарб ляжыць
У… (куфрах) старадаўніх.

Выхавальнік: Паглядзіце вось на гэты куфар і раскажыце, што вы бачыце, пафантазіруйце, што можна туды пакласці і куды яго паставіць? (Адказы дзяцей).

Малайцы! А вось тут патэльня, качарга, збан, лапці і іншыя прадметы. Паспрабуйце самі скласці пра іх загадкі.

Я бачу, вы крышачку стаміліся, тады адпачнём і пагуляем у гульню-імітацыю“Нітачка”.

Дзеці выконваюць рухі адпаведна з тэкстам:

Жыла-была на Беларусі льняная Нітачка (становяцца ў рад, трымаюцца за рукі). Была яна вельмі доўгая, яркая і прыгожая. Аднойчы Нітачка пайшла пагуляць (ідуць). Раптам падзьмуў моцны вецер і панёс Нітачку далёка ад хаты (бягуць у ланцужку, трымаючыся за рукі). Зачапілася Нітачка за галінку дрэва і парвалася (стаяць, разняўшы рукі). Ішла ткачыха, убачыла Нітачку, завязала яе вузлом (бяруцца за рукі), зматала ў клубочак (цётка Ганна разам з дзяцьмі закручвае ланцужок у “клубок”) і панесла дадому (ідуць па крузе), а з нітачкі вышыла ўзор. (Дзеці пераплятаюць рукі, “вышываюць узор”).

Выхавальнік: Спадабалася гульня? Малайцы! А зараз сядайце вось сюды, паглядзім, якія бываюць ручнікі. (Дзеці разглядваюць на экране мультымедыйнай устаноўкі святочныя, паўсядзённыя, ручнікі для маладых, для падарожнікаў, а цётка Ганна распавядае, чым яны адрозніваюцца і чым падобныя).

Вось і надышоў час нашага развітання, падарожжа завяршылася.

Падарожнічалі, як маглі, весяліліся, як умелі.
А што кепска – то не мы!

Скажыце, калі ласка: вам спадабалася? Што менавіта запомнілася? (Адказы дзяцей). Мне таксама вы дужа спадабаліся! Да пабачэння, з нецярпеннем буду чакаць новых сустрэч з вамі!

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий