Прапанаваны матэрыял можна выкарыстаць на падагульняючых уроках, пры правядзенні прадметнага тыдня, пры падрыхтоўцы да алімпіяды па прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”, прапанаваць вучням у якасці дамашняга задання, прымяніць падчас розных пазакласных мерапрыемстваў: віктарын, конкурсаў, турніраў.
Ірына ЦІМОХАВА,
беларускай мовы і літаратуры,
ДУА “Гімназія г. Быхава”,
Магілёўская вобласць
Заданне 1. “Лабірынт”. Адшукайце ў лабірынце 12 назваў беларускіх страў.
Адказ: бабка, халаднік, бліны, мачанка, медавуха, дранікі, зацірка, верашчака, клёцкі, жур, куцця, аладкі.
Заданне 2. “Цягнік”. Адгадайце словы па лексічным значэнні. Кожнае наступнае слова пачынаецца з апошняй літары папярэдняга.
1) Гэтую агародную расліну называюць другім хлебам беларусаў.
2) Кустовая пладова-ягадная расліна сямейства агрэставых.
3) Прылада ў выглядзе качалкі з патоўшчаным круглым канцом, якой таўкуць што-небудзь.
4) Пастух, які пасе авечы статак.
5) Павучальнае настаўленне.
6) Палац, вялікі памешчыцкі дом.
7) Чацвёрты месяц каляндарнага года.
8) Імя беларускага байкапісца.
9) Рабочы, майстар, які вырабляе тканіну на ткацкім станку.
10) Пасма валасоў, якая спадае на лоб або ўзнімаецца над ілбом (звычайна ў мужчыны).
Адказ: 1) бульба, 2) агрэст, 3) таўкач, 4) чабан, 5) наказ, 6) замак, 7) красавік, 8) Кандрат, 9) ткач, 10) чуб.
Заданне 3. “Шыфр”. Расшыфруйце крыптаграму пры дапамозе алфавіта.
Якуб Колас пісаў: “13, 10, 32, 12, 1,6 2, 1, 4, 1, 25, 25, 6 13, 31, 5, 9, 6, 11 15, 6 2, 28, 3, 1, 6 5, 1, 18, 1, 8, 30, 11, 27, 28, 14 9, 1 10, 24 18, 10, 5, 15, 21, 31 14, 10, 3, 21”
Адказ: “Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову”.
Заданне 4. “Фразеалагічнае сіта”. Выберыце правільнае слова ў дужках, якое ўваходзіць у склад фразеалагізма, запішыце яго:
з’есці (талерку кашы, пуд солі, ложку дзёгцю)__________________
вылятаць (з гнязда, з хаты, з выраю) ______________
(варон, ластавак, галак) лавіць __________________
жывуць як кошка з (мышамі, катом, сабакам)___________
купляць (парася, ката, сабаку) у мяшку_________________
як курыца (крылом, хвастом, лапай)____________________
Адказ: з’есці пуд солі, вылятаць з гнязда, варон лавіць, жывуць як кошка з сабакам, купляць ката ў мяшку, як курыца лапай.
Заданне 5. “Знайдзі пару”. Аднавіце прыказкі. Адказ запішыце ў выглядзе спалучэння літар і лічбаў.
А. Як маем… | 1. такі плод. |
Б. Якая гаспадыня… | 2. такі і лад. |
В. Які дагляд… | 3. то добра і нявестка. |
Г. Якія сані… | 4. то лепей памаўчы. |
Д. Які род… | 5. так ужываем. |
Е. Як добра свякроў… | 6. такія і самі. |
7. такі і парадак. |
А…, Б…, В…, Г…, Д…, Е… .
Адказ: А5, Б7, В2, Г6, Д1, Е3.
Заданне 6. “Перакладчык”. Перакладзіце на беларускую мову.
гвоздь –…
кирпич –…
цепь –…
носки –…
радуга –…
очки –…
серёжки –..
каблук –…
утюг –…
бусы –…
Адказ: цвік, цэгла, ланцуг, шкарпэткі, вясёлка, акуляры, завушніцы, абцас, прас, каралі.
Заданне 7. “Карэктар”. Устанавіце, назвы якіх месяцаў прапушчаны ў народных выслоўях. Назва кожнага месяца выкарыстоўваецца адзін раз.
1) Кожная хата ў …….. багата.
2) Віхры ды мяцелі ў …….. наляцелі.
3) …….. косіць і жне, доўга спаць не дае.
4) У …….. кладзі капусту ў кадзі.
5) …….. сухі – плюнь на баравікі.
6) …….. – году пачатак, зіме палавіна.
7) …….. сушыць, нічога з зямлі не рушыць.
8) …….. зіму пачынае, а год канчае.
9) Як настаў …….., дык туман кожны дзень.
10) …….. дрэвам сок пускае.
11) …….. зямлю беліць, а лес залоціць.
12) Мокра ў …….. – будуць пышныя караваі.
Адказ: 1) жнівень, 2) люты, 3) ліпень, 4) лістапад, 5) чэрвень, 6) студзень, 7) красавік, 8) снежань, 9) верасень, 10) сакавік, 11) кастрычнік, 12) май.
Заданне 8. “Чацвёрты лішні”. У кожным радзе адзначце “лішні” варыянт:
1) буякі, ажыны, кросны, журавіны;
2) півоня, касач, вяргіня, цвік;
3) кроп, яблык, бурак, салата;
4) серп, саха, кросны, вілы;
5) ложак, пінжак, андарак, сурдут.
Адказ: 1) кросны, 2) цвік, 3) яблык, 4) кросны, 5) ложак.
Заданне 9. “Маладыя істоты”. На малюнках прадстаўлены жывёлы і птушкі. Запішыце, як будуць называцца маладыя істоты гэтых прадстаўнікоў фаўны.
Малюнак |
Маладыя істоты |
1 |
|
2 |
|
3 |
|
4 |
|
5 |
|
6 |
|
7 |
|
8 |
|
9 |
|
10 |
|
Адказ: 1 Цяля. 2 Жарабя. 3 Парася. 4 Шчаня. 5 Качаня. 6 Ягня. 7 Кацяня. 8 Кураня. 9 Гусяня. 10 Мышаня.
Заданне 10. “Малюнак-загадка”. Адкажыце, як называецца гэта прыстасаванне.
Адказ: Калаўрот.