Выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму школьнікаў сродкамі краязнаўства на ўроках беларускай мовы і літаратуры

- 11:22II И III СТУПЕНИ, БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Ідэі, Методичка

Асноўная мэта моўнай адукацыі на сённяшнім этапе развіцця школы заключаецца ў тым, каб мова стала не столькі прадметам навучання, колькі дзейсным сродкам фарміравання асобы, які б дапамагаў вучням зразумець навакольны свет і прынцыпы ўзаемаадносін людзей у ім.

Вольга КРАСНІЦКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Макранская сярэдняя школа”
Быхаўскага раёна,
Магілёўская вобласць

 

 

 

 

Родная зямля, родныя мясціны, родная мова… Толькі пры адным успаміне пра іх душа напаўняецца любоўю і пяшчотай! Гэта тое невычэрпнае багацце, якое перадаецца нам з пакалення ў пакаленне. З першага матчынага слова, з матчынай песні пачынаецца не проста Радзіма, а нешта большае, што суправаджае нас усё жыццё. Гэта любоў да Бацькаўшчыны і да спадчыны, да сям’і і да традыцый народа, да прыроды роднага краю.

Праблемы ідэалагічнага выхавання падрастаючага пакалення сёння выходзяць на першы план адукацыйных устаноў. Як выхаваць свядомага грамадзяніна, патрыёта Рэспублікі Беларусь? Як мы, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, можам зрабіць гэта сродкамі прадмета?

Асноўная мэта моўнай адукацыі на сённяшнім этапе развіцця школы заключаецца ў тым, каб мова стала не столькі прадметам навучання, колькі дзейсным сродкам фарміравання асобы, які б дапамагаў вучням зразумець навакольны свет і прынцыпы ўзаемаадносін людзей у ім. Я лічу, што ў сучасных умовах навучанне і выхаванне грамадзяніна, які ведае гісторыю свайго краю, яго мінулае і сучаснае, з’яўляецца прыярытэтным.

У адукацыйным працэсе краязнаўства выступае ўніверсальным педагагічным сродкам, які дапамагае настаўнікам фарміраваць і развіваць пазнаваўчыя кампетэнцыі вучняў, іх матывацыйную сферу, актывізаваць іх вучэбную дзейнасць, выхоўваць рознабакова развітага чалавека, патрыёта сваёй радзімы. Вывучэнне роднага краю адкрывае шырокія магчымасці для самастойнай дзейнасці вучняў, для пошуку, даследавання, нават адкрыццяў. Нацыянальна-рэгіянальны кампанент выкладання беларускай мовы і літаратуры дае магчымасць шырока выкарыстоўваць мясцовы краязнаўчы матэрыял.

Імкнучыся павысіць узровень пісьменнасці дзяцей, развіваць у іх навыкі выразнага чытання, знаёміць з тэорыяй літаратуры, дапамагаючы спасцігаць змест і праблематыку твораў, неабходна абапірацца на краязнаўчы матэрыял, на сувязь беларускай мовы і літаратуры з геаграфіяй і гісторыяй нашай краіны. Для рэалізацыі гэтай мэты выкарыстоўваю прыём “Падарожжа ў прасторы і часе”. На ўроках беларускай мовы і літаратуры выкарыстоўваю гісторыка-геаграфічныя звесткі, што дазваляе не проста зацікавіць дзяцей унікальнымі фактамі, але і стварыць для іх спрыяльную развіццёвую прастору – абудзіць цікавасць да творчасці, навучыць адчуваць прыгажосць роднага слова.

Вялікае значэнне ў краязнаўстве мае тапаніміка, бо гэта навука непасрэдна звязана з жыццём дзіцяці і яго сям’і. Геаграфічныя назвы апавядаюць нам пра характар народа, яго гісторыю, яго схільнасці і асаблівасці побыту. Большасць назваў вёсак нашага краю лёгка тлумачыцца асаблівасцямі прыродна-геаграфічных умоў, паходжаннем ад імёнаў людзей, асаблівасцямі гістарычнага развіцця. Тапанімічны матэрыял можна прымяніць пры вывучэнні любой тэмы і на любым этапе ўрока.

У ходзе вывучэння фанетыкі, марфемікі, словаўтварэння прапаноўваю вучням для моўнага разбору словы-тапонімы і мікратапонімы Быхаўскага раёна з наступным сумесным тлумачэннем іх этымалогіі.

Напрыклад, назва пасёлка Гадылёва пайшла ад спалучэння двух слоў “гады” і “лёва”. Слова “лёва” на старарускай мове азначае ваду. У сівую даўніну гэта была азёрна-балоцістая мясцовасць, вельмі зручная для прабывання тут мноства паўзучых гадаў (змей), якія наводзілі жах на людзей і народ называў іх гадамі. Вёска Грудзінаўка называецца так, бо ў гэтых месцах раней было шмат курганоў. Народ называў іх грудамі. А вёска Камарычы раней уяўляла сабой пасяленне на беразе забалочанай рачулкі з хмарамі камароў на працягу ўсяго лета і г.д.

Для развіцця арфаграфічнай зоркасці вучняў на аснове краязнаўчага матэрыялу выкарыстоўваю прыём “Лаві памылку”. На дошцы робіцца запіс з назвамі населеных пунктаў Быхаўскага раёна: Ірдіца, Паленінавічы, Дедава, Нераж, Маскі, Людкоу, Сапежынка, Ліпаука, Студёнка, Ўхлясць. Вучням неабходна знайсці памылкі ў словах-назвах. Заданне выконваецца індывідуальна, затым памылкі абмяркоўваюцца ўсім класам.

Для актывізацыі пазнавальнай і практычнай дзейнасці на ўроках мовы выкарыстоўваю метад “Працягні ланцужок”. Так, пры вывучэнні ў 5-м класе тэмы “Правапіс у, ў” прапаноўваю вучням працягнуць ланцужок са словамі-тапонімамі на правапіс дадзеных літар. На ўрок рыхтую выяву з картай раёна, на якой пазначаны геаграфічныя аб’екты (назвы вёсак, рэчак). Задача вучняў – знайсці і працягнуць ланцужок са словамі на правапіс дадзенага правіла.

Пры вывучэнні раздзела “Словаўтварэнне” ў якасці прыкладаў прыводжу назвы вёсак Заброддзе, Забалотнае, Падклённе, Прыбар, Давыдавічы, Палянінавічы, Ліпаўка, Лісічнік. Вучні тлумачаць спосаб іх утварэння, этымалогію, робяць марфемны разбор.

Краязнаўчы матэрыял выкарыстоўваю пры вывучэнні тэмы “Агульныя і ўласныя назоўнікі”. Дзеці з захапленнем прыводзяць у якасці прыкладаў не толькі назвы вялікіх гарадоў і буйных рэк, але і мясцовыя назвы: рака Грэза, рака Макранка, вёска Гарадзец, вёска Лубянка, вуліца Маладзёжная і г.д. Як ні вёска – так свая гісторыя. Пры вывучэнні гэтай тэмы выкарыстоўваю прыём “Суаднясі назвы”, дзе вучням прапануецца суаднесці назвы гарадоў і рэк Магілёўшчыны (Мсціслаў, Быхаў, Горкі, Бабруйск, Крычаў – Дняпро, Проня, Віхра, Сож, Бярэзіна), а потым скласці адпаведныя сказы.

Пры замацаванні тэмы “Род і лік назоўнікаў” выкарыстоўваю прыём “Размяркуй словы”. Вучням трэба размеркаваць уласныя назвы па групах: назвы, якія ўяўляюць сабой назоўнікі мужчынскага роду, жаночага роду, множнага ліку і інш.: Красны Бераг (вёска), Лахва (рэчка), Кузькавічы (вёска), Ухлясць (рэчка), Рабочы (пасёлак), Ямнае (вёска), Макранка (рэчка), Падклённе (вёска).

З мэтай далучэння вучняў да нацыянальнай культуры беларускага народа, развіцця краязнаўства і захавання гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю ў краязнаўчым музеі школы створаны этнаграфічны куток. Экспазіцыі кутка фарміруюць у дзяцей эмацыянальна афарбаваныя адносіны да тых ці іншых падзей мінулага. На ўроку ў 5-м класе па тэме “Устарэлыя словы і неалагізмы” выкарыстоўваю экспазіцыі музея. Загадзя даю заданне: вызначыць лексічнае значэнне слоў кубелец, калаўрот, збан, андарак, верацяно і інш. Дзеці дакранаюцца да прылад працы і побыту нашых продкаў, адчуваюць цеплыню рук чалавека, які імі карыстаўся. Заўсёды кажу вучням: “Трымаеце гісторыю ў руках”. Дзеці не проста называюць устарэлыя словы, а складаюць з імі сказы. Такая праца садзейнічае паспяховаму засваенню тэарэтычных звестак, фарміраванню арфаграфічных, пунктуацыйных, стылістычных навыкаў і ўменняў вучняў, развіццю іх звязнага маўлення, творчых здольнасцей.

Правядзенне такіх урокаў дазваляе ў поўным аб’ёме выкарыстаць этнаграфічны і фальклорны матэрыял, узбагаціць мову вучняў, развіць інтэлект і памяць, рэалізаваць прынцып сувязі з жыццём, сфарміраваць уважлівасць, у больш поўнай ступені рэалізаваць выхаваўчыя мэты ўрока.

Для ўдасканалення арфаграфічных, пунктуацыйных, сінтаксічных і марфалагічных уменняў і навыкаў выкарыстоўваю заданні розных відаў. Напрыклад, пры выкананні заданняў аналітычнага характару па гатовым тэксце прапаную вучням папрацаваць з тэкстам пра вёску Баркалабава, знакамітую сваім Баркулабаўскім летапісам. Заданні могуць быць наступныя: вызначыць стылёвую прыналежнасць тэксту, асноўную думку выказвання; уставіць арфаграмы і пунктаграмы, выканаць граматычнае заданне да тэксту. Пры выкананні заданняў, якія патрабуюць стварэння новага тэксту на аснове краязнаўчага матэрыялу прапаную вучням падрыхтаваць вуснае паведамленне на пэўную тэму на аснове тэксту краязнаўчага характару або дапоўніць тэкст сваімі разважаннямі ці запісаць пачутую гісторыю, выконваючы пры гэтым нейкае граматычнае заданне. Напрыклад, прапаную вучням сабраць матэрыял пра сваіх родзічаў, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Вялікія магчымасці для выкарыстання краязнаўчага матэрыялу даюць урокі развіцця мовы. Так, на мясцовым матэрыяле праграмай 7-га класа прадугледжана напісанне сачынення-апісання вёскі (горада, мікрараёна) з мэтай перадачы сваіх адносін да родных мясцін, у 8-м класе вучні ствараюць сачыненне-апісанне помніка гісторыі (культуры) на мясцовым матэрыяле. Адным з асноўных напрамкаў патрыятычнага выхавання з’яўляецца шанаванне памяці пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. І вучні абавязкова ў сваіх сачыненнях узгадаюць помнік вызваліцелям горада Быхава, помнік піянеру-герою Марату Казлову, мемарыял воінскай славы “Лудчыцкая вышыня” і інш. Таксама прапаноўваю вучням тэксты краязнаўчага характару пры напісанні розных відаў пераказу, выкарыстоўваючы тэксты пра Быхаўскі замак, сінагогу.

З мэтай папярэджвання стомы ў вучняў на ўроках беларускай мовы і літаратуры выкарыстоўваю “краязнаўчыя” фізкультхвілінкі. Лічу, што з дапамогай гульні таксама можна навучаць і развіваць асобу. Напрыклад, гульня “Куды цябе запрасілі?” Групе вучняў (4–5 чалавек) раздаю карткі-запрашэнні. Прачытаўшы напісаныя на картах словы, вучням трэба вызначыць месца, куды іх запрашаюць сёння. Напрыклад, прачытаўшы і правільна вызначыўшы лексічнае значэнне слоў валакуша, граблі, каса, дзяружка, вучні здагадаюцца, што сёння іх запрасілі на луг.

На ўроку літаратуры галоўным аб’ектам з’яўляецца мастацкі твор, змест якога спрыяе выхаванню грамадзяніна, які ведае, што такое Радзіма, адчувае сваю адказнасць за мову, на якой гаворыць, клапоціцца пра інтарэсы Бацькаўшчыны. Набыткі краязнаўчай працы даюць магчымасць выкарыстоўваць разнастайныя формы працы: слоўнікавая работа пры вывучэнні твораў, знаёмства з мясцовым фальклорам, складанне радаводу, збор і афармленне песеннай спадчыны на мясцовым матэрыяле, складанне тэкстаў розных тыпаў і інш.

На ўроках беларускай літаратуры шырока краязнаўчы матэрыял выкарыстоўваю пры вывучэнні тэмы “Фальклор” у 5-м класе. На ўроку літаратуры вучні расказваюць легенды, звязаныя з узнікненнем назвы вёсак, у якіх яны жывуць. Цікавымі з’яўляюцца падабраныя пяцікласнікамі прыметы і павер’і, пра якія расказваюць ім бацькі, бабулі і дзядулі. На гэтым этапе пачынаю прымяняць тэхналогію даследчай дзейнасці вучняў, бо менавіта ў такой форме работы фарміруецца цікавасць, творчая асоба, навык самастойнай дзейнасці. Пры вывучэнні каляндарна-абрадавай паэзіі надаю асаблівую ўвагу песням пэўнага цыклу, напрыклад, калядным песням. Вучні атрымліваюць дадатковыя заданні: пазнаёміцца з дадатковай інфармацыяй пра свята, вызначыць мясцовыя асаблівасці святкавання, даведацца ў старэйшых, як святкавалі Каляды раней, якія песні спявалі. Пры арганізацыі такога віду дзейнасці выкарыстоўваю прыём “Інтэрв’ю”, калі вучні выступаюць у якасці карэспандэнтаў.

Адраджэнне нацыянальнай культуры – важны кірунак работы ў нашай навучальнай установе. Фальклор з’яўляецца скарбніцай духоўных каштоўнасцей народа, яго мастацкім летапісам, захавальнікам найбагацейшых нацыянальных традыцый, здольнасцей. Вучні школы сталі арганізатарамі і ўдзельнікамі пастановак фальклорна-этнаграфічных свят: “Добры вечар, шчодры вечар!”, “У госці да восені”, “Панарама зімовых свят” і інш. Яшчэ хлопчыкі і дзяўчынкі нашай школы з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі даследчага руху (конкурс даследчых работ “Спадчына Беларусі” рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, конкурс “Скарбы маёй сям’і” рэспубліканскай акцыі “Я гэты край Радзімаю заву” і інш.).

Вялікую цікавасць і задавальненне прыносіць дзецям стварэнне ўласнага радаводу. Вучні не толькі ўзгадваюць сваіх продкаў, расказваюць пра іх, расказваюць пра паходжанне прозвішча сям’і, але і ствараюць радаводныя дрэвы.

Пры вывучэнні нарыса У.Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі” заўсёды выкарыстоўваю экспазіцыі музея і такім чынам даю магчымасць сваім вучням дакрануцца да гісторыі. Вучні самі з задавальненнем прыносяць сурвэткі, ручнікі, якія вышывалі іх бабулі, ганчарныя вырабы, дзеляцца ўспамінамі пра сваіх родзічаў.

Пры вывучэнні літаратуры нельга не ўспомніць мясцовых паэтаў і пісьменнікаў. З асобай М.Ф.Макарцова – рэжысёра, збіральніка беларускага фальклору, сцэнарыста, пісьменніка, ураджэнца вёскі Уюн – вучні знаёмяцца ў 5-м класе, калі праходзяць фальклор. Прапаную вучням падрыхтаваць паведамленні пра свайго знакамітага земляка. Папрацаваўшы з дадатковай інфармацыяй, вучні вызначаюць, што М.Ф.Макарцоў набыў вялікую вядомасць як пастаноўшчык масавых свят і народных абрадаў, грандыёзных па маштабах і надзвычай яркіх, маляўнічых па відовішчнасці. У гэтым плане ў Рэспубліцы Беларусь, бадай, няма яму роўных. Дзеці прыгадваюць тэатралізаваныя дзеі “Тураўская легенда” і “Купалле” ў Тураве, “Купалле” ў Баркалабава, “Гуканне вясны” ў Жыткавічах, “Багрымаўскія святы” ў Крашыне, “Свята старажытнага Друцка” ў гэтым жа гарадку, відовішчы на вуліцах і плошчах Гомеля і інш. Яшчэ Мікола Макарцоў з’яўляецца збіральнікам тэатральнага фальклору, асабліва Гомельшчыны і Магілёўшчыны. Вынікам такой работы можа стаць складанне кластара. Далей, у старшых класах, вучні даведваюцца, што Мікола Макарцоў даў тэатральнае жыццё творам Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіслава Галубка, ставіў уласныя інсцэніроўкі.

Пры вывучэнні жыцця і творчасці пісьменнікаў выкарыстоўваю прыём “Кругі Вена”. Так, пры вывучэнні жыцця і творчасці У.Дубоўкі звяртаю ўвагу вучняў на перакладчыцкую дзейнасць пісьменніка з апорай на краязнаўчы матэрыял. У ходзе работы вучні павінны высветліць, што У.Дубоўка перакладаў на беларускую мову творы польскага і беларускага пісьменніка, ураджэнца Быхаўскай зямлі Яна Аношкі. Гэта і з’яўляецца тым агульным, што аб’ядноўвае творчасць гэтых двух пісьменнікаў. Або пры вывучэнні жыцця і творчасці Я.Коласа заўсёды ўзгадваю той факт, што кніга пісьменніка “На прасторах жыцця” была перакладзена на рускую мову празаікам, нарысістам, перакладчыкам, ураджэнцам вёскі Трасцівец І.М.Баранкевічам.

Асаблівую ўвагу надаю дзейнасці М.І.Мушынскага, беларускага літаратуразнаўцы, крытыка, члена-карэспандэнта нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, доктара філалагічных навук, ураджэнца вёскі Мокрае. Пры вывучэнні жыцця і творчасці Я.Коласа, М.Гарэцкага, М.Зарэцкага, К.Чорнага, М.Лынькова вучням узгадваю той факт, што М.І.Мушынскі з’яўляецца даследчыкам жыцця і творчасці пісьменнікаў. Жыццю і творчасці знакамітага земляка прысвечаны матэрыялы краязнаўчага музея школы.

Пры вывучэнні сучаснай беларускай паэзіі ў 11-м класе нельга не ўзгадаць жыццё і творчасць М.П.Пазнякова, паэта, празаіка, перакладчыка, мовазнаўцы, ураджэнца вёскі Заброддзе. Прапаную вучням зрабіць міні-праект па жыцці і творчасці пісьменніка.

Такая работа фарміруе ў вучняў гонар за тое месца, дзе яны нарадзіліся і выраслі.

Работа па выхаванні грамадзянскасці і патрыятызму школьнікаў сродкамі краязнаўства праводзіцца і ў пазаўрочнай дзейнасці. Вучні школы прымаюць актыўны ўдзел у экскурсіях, завочных падарожжах, наведваюць краязнаўчыя музеі, удзельнічаюць у разнастайных конкурсах і г.д. Лагічную завершанасць гэтай дзейнасці надае выкананне вучнямі разнастайных творчых заданняў, звязаных з развіццём маўлення: напісанне творчых прац у форме замалёўкі, нарыса, верша.

Любоў і павага да працы, да мовы, да народа, да яго культуры і гісторыі і ёсць аснова, фундамент, без якога нельга сфарміраваць актыўную грамадзянскую пазіцыю. Выкарыстанне краязнаўчых матэрыялаў на ўроках беларускай мовы і літаратуры, у пазакласнай дзейнасці па прадмеце якраз і з’яўляецца тым звяном паміж мінулым і будучым, што забяспечвае работу ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні нашых школьнікаў. Багатыя краязнаўчыя матэрыялы дапамагаюць прывіць навучэнцам цікавасць да моўнага і літаратурнага зместу прадмета, выхаваць у іх пачуццё любові да сваёй малой радзімы – Быхаўшчыны, гонар за яе вялікае гістарычнае мінулае, за таленавітых землякоў.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий