Занятак накіраваны на фарміраванне грамадзянскасці і патрыятызму выхаванцаў рознаўзроставай групы.
Тарэса ВАЛКАНОЦКАЯ
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дзіцячы сад аг.Суботнікі” Іўеўскага раёна,
Гродзенская вобласць
Задачы для старшай падгрупы:
– фарміраваць уменне расказваць пра Дзяржаўны герб і Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, уменне расказваць пра малую радзіму, Рэспубліку Беларусь;
– замацаваць веданне прыродных сімвалаў нашай дзяржавы (васілёк, зубр, бусел);
– фарміраваць уяўленні пра значэнне і важнасць дзяржаўнага свята – Дзень Перамогі;
– развіваць зрокавую і слыхавую ўвагу, творчае ўяўленне, памяць,
мысленне, беларускае маўленне, уменне разгорнута адказваць на пытанні;
выхоўваць пачуццё патрыятызму і любові да сваёй Радзімы.
Задачы для сярэдняй падгрупы:
– фарміраваць уяўленні пра дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь (сцяг, герб, гімн), агульнарэспубліканскі святочны дзень – Дзень Перамогі;
– практыкаваць ва ўменні называць славутасці роднага населенага пункта;
– развіваць творчае ўяўленне, мысленне, памяць, увагу;
– выхоўваць эмацыянальна-пазітыўнае стаўленне да роднага населенага пункта, Рэспублікі Беларусь.
Абсталяванне: музычны цэнтр; аўдыязапісы – песня “Мой родны кут” (муз. І.Лучанка, словы Я.Коласа), беларуская народная гульня “Грушка”, гукавое паведамленне ад дзяўчынкі Феліцыі); дыдактычны дапаможнік “Мая Радзіма – гэта…”; дэманстрацыйны матэрыял з адлюстраваннем дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь; дэманстрацыйны матэрыял з адлюстраваннем прыродных сімвалаў Рэспублікі Беларусь; “чароўная” скарбонка; сілуэт сэрца па колькасці дзяцей, мяч.
Ход занятку
Арганізацыйны момант
Пад музычнае суправаджэнне дзеці заходзяць у групавы пакой.
Выхавальнік. Дзеці, давайце мы з вамі станем у круг і возьмемся за рукі. Мы з вамі вялікая і дружная сям’я, а дзіцячы сад – наш дом. І каб наша сям’я была моцнай, давайце паціснем ручкі і перададзім цяпло адно аднаму. Паціснулі? Адчулі цяпло? А цяпер, у знак таго, што мы з вамі вясёлыя і сябруем, давайце паглядзім адно аднаму ў вочкі і ўсміхнёмся.
Усе здаровы? (Адказ дзяцей.) А да занятку ўсе гатовы? (Адказ дзяцей.) Сёння ў нас з вамі незвычайны занятак. Да нас у групу завітала многа гасцей. Давайце з імі прывітаемся. (Добры дзень.)
Асноўны этап
Выхавальнік (звяртаецца да дзяцей). Добры дзень, мае маленькія беларусы! Чаму я вас так назвала? (Таму, што мы жывём у Рэспубліцы Беларусь)
(На тэлефон прыходзіць галасавое паведамленне-запіс)
Дзеці, нам на тэлефон паступіла галасавое паведамленне. Цікава, хто нам мог яго прыслаць? (Дзеці выказваюць свае здагадкі.) Давайце разам яго паслухаем. (Выхавальнік бярэ тэлефон, уключае паведамленне)
“Добры дзень, дарагія сябры! Мяне завуць Феліцыя. Я жыву з мамай і татам у Іспаніі. Сёння на занятку мы разглядалі карту і знайшлі краіну з такой цудоўнай назвай Беларусь. Але я пра яе нічога не ведаю. Мне вельмі хочацца як мага больш даведацца пра вашу краіну. Дапамажыце мне, калі ласка. Вельмі прашу вас напісаць ліст пра вашу краіну”.
Згодны дапамагчы дзяўчынцы Феліцыі? Для таго каб напісаць ліст, нам неабходна зрабіць невялікае падарожжа па гісторыі нашай краіны і сабраць усё самае неабходнае і цікавае. Зараз я ўключу мікрафон, і мы запішам усё, пра што будзем размаўляць, а затым адправім Феліцыі. Як называецца краіна, у якой мы жывём? (Рэспубліка Беларусь.)
Як вы разумееце слова “Радзіма”? (Адказы дзяцей.) Давайце паслухаем, што значыць Радзіма для (Імя дзяцей).
Дзеці чытаюць вершы
1 Бор адвечны, рэк разлівы,
Залатыя горы-нівы,
Неба вольнае над імі,-
Гэта ўсё мая Радзіма.
Дом наш, ласкаю сагрэты,
Продкаў мудрых запаветы,
Мова, спеўная надзіва, –
Гэта ўсё мая Радзіма.
2 У дуброве, каля рэчкі,
Віснуць сочныя парэчкі,
У пералеску, ля крыніцы,
Ззяюць спелыя суніцы.
Хараство, куды не глянеш,
Ад світання да змяркання.
І парэчкі – каля рэчкі,
І суніцы – ля крыніцы…
Без цябе жыць немагчыма,
Мая любая Радзіма!
Як называюць хлопчыкаў, якія жывуць у Беларусі? (Беларусы.) А дзяўчынак (Беларусачкі.) Хто кіруе нашай дзяржавай? (Прэзідэнт) Як завуць нашага прэзідэнта? (Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.) У якой вобласці мы з вамі жывём? (Гродзенскай.) А як называецца наш аграгарадок? (Суботнікі.)
Выхавальнік. Якія дзяржаўныя сімвалы нашай краіны вы ведаеце? (Сцяг, герб, гімн.)
Вось тут на стале размешчаны сцягі і гербы розных дзяржаў. Выберыце, калі ласка, герб і сцяг нашай дзяржавы і размясціце іх на дошку. (Выхавальнік звяртае ўвагу на сцяг.) Раскажыце, у якія колеры афарбаваны наш сцяг і што абазначае кожны колер? (Наш сцяг афарбаваны ў чырвона-зялёны колер. Чырвоны колер – сімвал сонца, абазначае сілу, мужнасць беларусаў. Зялёны –колер беларускай прыроды, сімвал міру, дабра, працавітасці. Белы колер – сімвал чысціні, мудрасці, прымірэння.)
Адкажыце, што размешчана на белым полі на нашым сцягу? (Гэта наш беларускі арнамент.) Беларусь – першая ў свеце краіна, якая выкарыстала нацыянальны арнамент у якасці элемента дзяржаўнага сцяга. А дзе яшчэ можна знайсці беларускі арнамент? (Адзенне, ручнікі, абрусы.)
Выхавальнік выстаўляе выяву герба.
Давайце раскажам пра беларускі герб. (У сярэдзіне герба размешчаны зямны шар, над якім узыходзіць сонца, у яго прамянях бачны контуры нашай краіны. Вакол зямлі размешчаны вянок з каласоў жыта, кветак канюшыны і ільну. Гэты вянок агорнуты сцягам Рэспублікі Беларусь.)
Залаты контур абазначае, што гэта наша зямля, якую нам трэба шанаваць і захоўваць. А зямны шар сімвалізуе жаданне жыць у міры і згодзе.
Дзеці, скажыце, што такое гімн? (Гэта ўрачыстая песня нашай дзяржавы. Яе трэба слухаць стоячы і можна падпавяць.)
А зараз давайце трошку адпачнём і пагуляем у беларускую народную гульню “Грушка”
Гульня “Грушка”
Дзеці бяруцца за рукі, утвараюць круг. У сярэдзіне яго становіцца хлопчык ці дзяўчынка. Гэта і будзе “грушка”. Дзеці ходзяць у карагодзе навокал “грушкі”, спяваюць песню. “Грушка” ў сярэдзіне круга павінна рабіць усё, пра што спяваецца ў песні: танцаваць, кружыцца. У канцы яна ловіць дзяцей, а каго зловіць – ставіць на сваё месца, і гульня працягваецца (пад музычнае суправаджэнне).
Выхавальнік. Мы з вамі назвалі афіцыйныя сімвалы нашай краіны.
(Выхавальнік звяртае ўвагу дзяцей на дошку, на якой размешчаны выява прыроды нашай краіны) Што вы бачыце на малюнку? (Прырода нашай краіны) Адгадайце, калі ласка, загадкі.
У чырвоных ботах
Па балоце ходзіць,
Жабак спрытна ловіць. (Бусел)
Выхавальнік размяшчае выяву на дошцы.
Нашу краіну часта называюць зямлёй пад белымі крыламі. Бусел з’яўляецца прыродным сімвалам нашай краіны. Яго распраўленыя крылы гавораць пра мір у нашай краіне, дабрыню і любоў.
Наступная загадка:
Па лясах блукае статак
Волатаў і немаўлятак.
Гэта пушчы спадары –
Белавежскія …(зубры)
Зубр – самы вядомы сімвал Беларусі. Гэта найстарэйшы жыхар нашай краіны. Паслухайце наступную загадку:
Цвіту ўсё лета я,
Жыву звычайна ў жыце.
Нашу хлапечае імя,
Як зваць мяне, скажыце? (Васілёк)
Правільна, васілёк. З гэтай кветачкай параўноўваюць нашых людзей, таму што васілёк – гэта сімвал духоўнасці, веры і чысціні. Такімі з’яўляюцца нашы людзі – беларусы.
Дыхальная гімнастыка
Дзеці, а вы адчулі як пахне васілёк? (Адказ дзяцей.) Не? Пакладзіце свае далонькі сабе на грудзі. Удыхніце павольна праз нос, стараючыся не падымаць плечкі. Затрымайце дыханне і, не спяшаючыся, выдыхніце праз рот, вымаўляючы “А-а-ах!”. Ну, што, адчулі? Давайце яшчэ раз паспрабуем.
Што мы з вамі размясцілі на дошку? (Прыродныя сімвалы нашай краіны.) А якія яшчэ вы ведаеце прыродныя сімвалы? (Сасна, лён, бульба.) Дзеці, а вы ведаеце, якія жывёлы жывуць у нашых лясах, якія расліны растуць на лугах? (Адказ дзяцей.) Паглядзіце, які сумны луг, які нежывы лес (выхавальнік звяртае ўвагу дзяцей на дошку). Давайце напоўнім луг яркімі фарбамі, а лес – гукамі жывёл. Старшыя дзеці выберуць і размесцяць на луг малюнкі з адлюстраваннем раслін, а малодшыя дзеці заселяць жывёламі наш беларускі лес.
Практычнае заданне “Расліны і жывёлы нашай краіны”
У вялікай краіне ў кожнага чалавека ёсць свая маленькая радзіма, гэта той горад або вёска, у якой ён нарадзіўся. А як называецца наша малая радзіма? (Суботнікі.) Ці добра вы ведаеце свае мясціны? (Так) Зараз мы гэта праверым.
Гульня “Ты мая часцінка”
Выхавальнік становіцца ў сярэдзіне круга і, кідаючы мяч кожнаму з дзяцей, гаворыць: “Я малая радзіма, ты мая часцінка. Ты што?” Дзеці павінны кінуць мяч выхавальніку і назваць пабудову, славутасць, адметную прымету вёскі і г.д.
Дзеці, бачыце, якая цудоўная наша малая радзіма. Мы можам смела ганарыцца, што мы беларусы!
Дзеці, якое дзяржаўнае свята мы з вамі хутка будзем адзначаць? (Дзень Перамогі.) Восемдзесят гадоў таму назад на нашу Радзіму напалі ворагі. Многа гора прынесла з сабой вайна. Ворагі тапталі нашыя землі, знішчалі людзей, падпальвалі дамы і вёскі. Дзякуючы подзвігу нашых беларусаў мы сёння з вамі жывём пад мірным небам у вольнай краіне. І толькі з расказаў ведаем, што такое вайна.
Заключны этап
Выхавальнік: У мяне ёсць вось такі чароўны куфэрак. А тут ляжаць сэрцы. Вазьміце, калі ласка, па аднаму. Скажыце, чаму вы любіце сваю Радзіму, і палажыце сваё сэрца.
Дзеці па чарзе расказваюць і кладуць сваё сэрца ў куфэрак.
Ну, вось мы і расказалі дзяўчынцы пра нашу прыгажуню Беларусь. Я думаю, што яна зацікавіць яе яшчэ больш, і Феліцыя прыедзе да нас з вамі ў наш дзіцячы сад. А для вас, паважаныя госці, нашы дзеці зараз зайграюць на беларускіх музычных інструментах.
Дзіцячы аркестр.