Спартыўнае свята, прысвечанае Дню Перамогі “9 Мая – Вялікі Дзень Перамогі!” для выхаванцаў старшых груп і іх бацькоў

- 17:30ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Вера ДЗЯДОЛКА,
кіраўнік фізічнага выхавання   
ДУА “Дубненскі дзіцячы сад”
Мастоўскага раёна,
Гродзенская вобласць

Задачы:

– удасканальваць функцыянальныя магчымасці дыхальнай і мышачнай сістэм;
– павышаць агульную працаздольнасць і вынослівасць арганізма ў працэсе павелічэння аб’ёму, інтэнсіўнасці і разнастайнасці фізічных нагрузак;
– умацоўваць мышачны гарсэт;
– замацоўваць і ўдасканальваць жыццёва важныя рухальныя ўменні і навыкі, элементы тэхнікі рухальных дзеянняў у гімнастычных, спартыўных практыкаваннях;
– выхоўваць мэтанакіраванасць, настойлівасць, пачуццё таварыства пры правядзенні эстафет, пачуццё гонару за сваю краіну, павагу да подзвігу народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Абсталяванне і матэрыялы: музычная калонка; эмблемы каманд; сцяжкі зялёнага і чырвонага колераў і сцяжкі па колькасці ўдзельнікаў свята; стойкі, дзве пары пагонаў, бінты (2 шт.); 2 абручы; мячыкі малым дыяметрам па колькасці ўдзельнікаў; 4 “купіны”; масажныя коўрыкі для выканання АРП; паветраныя шары; плакаты; памятныя прызы па колькасці дзяцей; аўдыязапісы (гімн Рэспублікі Беларусь, “Дзень Перамогі”, сл. У.Харытонава, муз. Д.Тухманава), “Свяшчэнная вайна” (сл. В.Лебедзева-Кумача, муз. А.Аляксандрава), “Нам патрэбна адна перамога” (сл. І муз. Б.Акуджавы), маршы).

 

Ход мерапрыемства

Пад песню «Дзень Перамогі» выхаванцы ўваходзяць на спартыўную пляцоўку, строяцца ў шарэнгу. Гучыць гімн Рэспублікі Беларусь.

Дзеці чытаюць верш Лёлі Багдановіч “Дзень Перамогі”

1 Дзень Перамогі – дзявятага мая.             
Сонейка свеціць. Птушкі спяваюць.                      
2 Вецер палошча палотны знамёнаў.                  
Мы не забудзем герояў імёны!                            
3 Тых, што жыццё аддалі і каханне,                       
Каб мы сустрэлі мірнае ранне.                            
4 Хай жа не зведаюць дзеці ніколі                              
Здзекаў фашыстаў, холаду, голаду!                          
5 Хай будзе чыстым блакітнае неба.                          
Войнаў не трэба! Ніколі не трэба!                      
6 Дзень Перамогі – слёзы і свята.                               
Вечная памяць героям-салдатам!                                           

Вядучы. Сёння мы сабраліся, каб разам з усёй краінай адзначыць свята Перамогі! 9 мая 1945 года скончылася Вялікая Айчынная вайна. Мы памятаем і ганарымся нашымі героямі, якія ваявалі, не шкадуючы жыцця, за Радзіму і перамаглі.

Гучыць музычная кампазіцыя «Свяшчэнная вайна»

Вядучы. 22 чэрвеня 1941 года фашысцкая Германія вераломна напала на нашу родную зямлю. Наш народ – ад малога да вялікага – стаў на абарону Радзімы. Вайна была страшнай і жорсткай, яна прынесла шмат гора і слёз, разруху і голад. Але мы вытрымалі і перамаглі!              

Мама выхаванца дашкольнай установы, запрошаная на свята, чытае верш Кірыла Азімкі Помні, братка”.

Помні, братка…              
Помні, братка!                         
Не забудзь ніколі,                       
Як спалілі дзеду хатку,                      
Як жылі ў няволі.                       
Як фашысты захапілі родную краіну:
Беларусь маю, Расію, Польшчу, Украіну.

Братка, помні…                       
Братка, помні!                        
Кожны трэці згінуў                        
У баі ці то ў палоне                        
За сваю Радзіму.                           
Помні і цані заўсёды нашу Перамогу,
Што жыццё нам захавала, дзякуючы Богу.
  
Дзякуй Богу…                         
Дзякуй Богу!                            
Дзякуй і салдатам,                                 
Йшлі ў далёкую дарогу                                
З рускім аўтаматам,                               
Паляцелі гучна кулі па фашысцкіх касках,
А фашысты ймчаць дадому : “Біттэ, калі ласка!”

Прэч дадому…                                                              
Прэч дадому!                                                        
Вось і вызваленне!                            
Не паставіць нас нікому,                                        
Смелых, на калені.                                   
З тых часоў гадоў мінула цэлых сем дзясяткаў…
Помні, братка.                               
Помні, братка.                                     
Помні, братка.                                             
Помні, братка.                                         

 

Вядучы. Смелымі і мужнымі былі салдаты Вялікай Айчыннай вайны. Каб быць моцнымі, ім дапамагала фізічная падрыхтоўка. Сёння ў гонар свята Перамогі мы правядзём сяброўскую сустрэчу-спаборніцтва. Удзельнічаць будуць дзве каманды. Першая каманда – гэта “Танкісты”, а другая каманда – гэта “Лётчыкі”.                    

Каманды, раўняйся! Смірна! Каманды “танкістаў” і “лётчыкаў” парадным крокам марш!

Каманды падыходзіць да месца старту пад музыку марша.

Вядучы. Членамі журы нашага спартыўнага свята будуць бацькі, педагогі і госці.                             

Увага! Увага! Пачынаюцца спаборніцтвы хуткіх, спрытных і ўмелых будучых салдат, абаронцаў нашай Радзімы і бацькоў!

Гульня-размінка

Удзельнікі гульні-размінкі ў калоне па адным выконваюць хадзьбу ў адпаведнасці са слоўнымі камандамі:

«Парад!» – хадзьба парадным крокам;                            
“Разведчыкі!” – хадзьба ў паўпрыседзе;                                 
“Засада!” – прысед з прыпынкам;                                         
“Наступленне!” – бег;                              
“Міннае поле!” – скачкі з купіны на купіну;                     
“Перамога!” – хадзьба з баявым клічам “Ура!”.

Эстафета “Хто хутчэй”                           

Пад музычнае суправаджэнне ўдзельнікі выконваюць бег у розных напрамках. Па сігнале каманда збіраецца да сцяжка свайго колеру і строіцца ў шарэнгу. Перамагае каманда, якая першая стала каля свайго камандзіра.

Праводзіцца комплекс агульнаразвіваючых практыкаванняў са сцяжкамі пад аўдыязапіс «Нам патрэбна адна перамога».                  

Эстафета “Партызанская сцежка”

Каманды стаяць у калонах. Першыя ігракі каманд кладуць адну “купіну” на зямлю і наступаюць на яе дзвюма нагамі, далей побач з першай кладуць другую “купіну” і пераходзяць на яе. Так перасоўваюцца да пазначанага месца, затым бяруць абедзве “купіны”, бегам вяртаюцца на старт і перадаюць іх наступнаму іграку. Выйграе каманда, якая першай скончыла эстафету.

Эстафета “Пагоны”                               

Каманды стаяць у калонах. Вядучы кладзе на плечы першаму ўдзельніку кожнай каманды пару пагонаў. Першы ўдзельнік прабягае дыстанцыю, вяртаецца і перадае іх наступнаму ўдзельніку эстафеты. Калі пагоны ўпалі (на любым этапе, нават зваротным), ігрок вяртаецца да старту, яму зноў кладуць на плечы пагоны, і ён зноў бяжыць дыстанцыю. Выйграе каманда, якая першай закончыць эстафету.                                 

Эстафета “Выратаванне параненага байца” (з удзелам бацькоў)

Каманды стаяць у калонах. Па два таты ад кожнай каманды на скрыжаваных руках пераносяць па адным удзельніку да пэўнага месца (адлегласць 4 м). Выйграе каманда, якая першай скончыць эстафету.

Эстафета “Медыцынская сястра” (з удзелам бацькоў)

Маці ад кожнай каманды павінна перабінтаваць руку дзіцяці, якое яна выбрала з каманды. Перамагае той, хто хутчэй і правільней выканае заданне.

Эстафета “Стралок”

Каманды стаяць у калонах. Усе ўдзельнікі па чарзе са стартавай лініі кідком мяча павінны патрапіць у абруч. Выйграе каманда, у якой больш пападанняў у абруч.

Эстафета “Ляцяць шары”

Каманды выстройваюцца ў шарэнгу па лініі. У кожнага ўдзельніка ў руках паветраны шарык. Па сігнале неабходна звязаць шарыкі сваёй каманды і запусціць у неба. Выйграе каманда, чые шары паднімуцца вышэй.

 

Дзеці чытаюць верш Ляшкевіч Марыны “Прысвячэнне ветэранам”


1 Дзень Перамогі… Дзявятае мая…

Ідуць на парад ветэраны.
Ім сонца ласкавае свеціць, вітае,
Каб крыху забылі пра раны.
2 Як годы вайны ім калечылі душы,
Як рана яны пасталелі,
Як пад складанага лёсу прымусам
Танулі, уміралі, гарэлі…
3 Як у небе замест салаўінае песні
Ірваліся кулі, гранаты…
І строем вялікім па пыльнай дарозе
Ішлі маладыя салдаты.
4 Ішлі… Разумелі… Ідуць за Айчыну,
За дзетак, за шчасце, за маці.
А хто не вярнуўся, з пашанай патрэбна
Даніну павагі аддаці.
5 Ідуць ветэраны – героі зямлі,
Герояў жывых так нямнога…
У іх зіхацяць на грудзях медалі,
А ў сэрцы заўжды Перамога!

Вядучы. Прыйшоў час падвесці вынік.

Журы падводзіць вынікі.

Вядучы. 9 Мая – асаблівы дзень у гісторыі нашай краіны. Гэта дзень пакланення перад подзвігам нашых дзядоў і прадзедаў. Гэта дзень вечнай памяці і падзякі пераможцам фашызму. Наш святы абавязак – заўсёды памятаць, якую высокую цану яны заплацілі за нашу свабоду, за наша права жыць і ствараць. Са святам 9 Мая! З Днём Перамогі! Шчасця, моцнага здароўя вам, невычэрпнага аптымізму і поспехаў ва ўсім. Няхай неба над нашай зямлёй будзе мірным, светлым і чыстым.

 

Гучыць марш “Развітанне славянкі”.

Удзельнікі спаборніцтваў, госці робяць круг пашаны і сыходзяць з пляцоўкі.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий