Займальныя гульнi на ўроках беларускай мовы для вучняў пачатковых класаў

- 9:37I СТУПЕНЬ, Методичка, НАЧАЛЬНАЯ ШКОЛА, Начальная школа. Материалы к урокам

У матэрыяле прадстаўлены найбольш эфектыўныя гульнявыя прыёмы, якія можна выкарыстоўваць на ўроках беларускай мовы.

Алена ДАМАСЕВIЧ,
настаўнiк пачатковых класаў, настаўнiк-метадыст
ДУА “Гiмназiя iмя Я.Купалы” г. Мазыра,
Гомельская вобласць

 

 

 

 

Шасцігадовае дзіця, якое пераступіла парог школы, становіцца вучнем. Вядучай яго дзейнасцю з’яўляецца вучэбная. У працэсе яе дзіця павінна авалодаць, з аднаго боку, неабходным аб’ёмам ведаў, уменняў і навыкаў, а з другога – у яго павінны фарміравацца навыкі вучэбнай дзейнасці. Калі змена ажыццяўляецца рэзка, гэта адмоўна ўздзейнічае на псіхіку дзіцяці.

Праблема стварэння ўмоў, якія ўплываюць на развіццё пазнавальнага інтарэсу дзяцей малодшага школьнага ўзросту, займае адно з важнейшых месцаў у псіхолага-педагагічных даследаваннях. Гэта праблема актуальная і ў цяперашні час у сувязі з узмацненнем патрабаванняў, якія ставіць школа да гатоўнасці дзяцей да навучання.

Вядома, што пераходнай прыступкай паміж дашкольнікам і першакласнікам з’яўляецца гульня. Гульня – найбольш засвоеная дзейнасць малодшых школьнікаў. У ёй дзеці пазнаюць узоры для рашэння новых жыццёвых задач. Гульня дапамагае па-новаму паглядзець на звычайны ўрок, пабуджае ў школьнікаў інтарэс да вучэбнага прадмета, і таму працэс навучання становіцца больш эфектыўным.

Вельмі цяжка навучыць дзіцяці, калі ў яго няма цікавасці і інтарэсу да прадмета. І я задумалася, што трэба зрабіць, каб вучань з цікавасцю ставіўся да вывучэння роднай мовы, каб у яго з’явілася жаданне працаваць на ўроку. Гэта і паслужыла штуршком для творчага пошуку і звароту да гульнявых тэхналогій.

 

Мэта звароту да гульнявых тэхналогій пры навучанні чытанню – стварыць умовы для набыцця вучнямі практычных навыкаў, замацавання іх на ўзроўні маторыкі, пераходу ведаў у вопыт.

Для дасягнення гэтай мэты былі пастаўлены наступныя задачы:

– вызначыць найбольш значныя прыёмы і метады навучання чытанню, якія дазваляюць павысіць пазнавальны інтарэс вучняў да ўрокаў беларускай мовы;

– сістэматызаваць найбольш эфектыўныя дыдактычныя гульні на ўроках беларускай мовы, накіраваныя на фарміраванне пазнавальнага інтарэсу вучняў;

– вызначыць сістэму ўзаемадзеяння настаўніка і вучня пры выкарыстанні гульнявых тэхналогій;

– прадэманстраваць сістэму работы з выкарыстаннем гульнявых тэхналогій і паказаць найбольш значныя метады і прыёмы работы з вучнямі.

 

Вынікам гэтай працы з’яўляецца выданне дапаможніка для дзяцей “Мая чытанка”. (Мая чытанка/ А. Ул. Дамасевіч. – Мазыр : Содействие, 2014. – 88 с.)

У сваёй працы элементы гульнявых тэхналогій я прымяняю даўно. Але асобую ўвагу пачала надаваць гульні, калі заўважыла, што яе сістэматычнае выкарыстанне садзейнічае павышэнню якасці ведаў вучняў.

Са сваёй практыкі ведаю, што не ўсякая гульня карысная для фарміравання вучэбнай дзейнасці. На ўроках выкарыстоўваю тыя гульні, якія дапамагаюць вырашаць вучэбныя задачы – тлумачыць новы матэрыял, выпрацоўваць і замацоўваць атрыманыя веды, паўтараць вучэбны матэрыял і г.д. Толькі ў гэтым выпадку гульня будзе з’яўляцца навучальным элементам урока. Упэўнена, што гульню можна выкарыстоўваць на любых этапах урока.

Кожны настаўнік ведае, ад таго як засвоілі вучні пэўны матэрыял на падрыхтоўчым этапе залежыць у далейшым і якасць чытання, і разуменне вуснага маўлення, і ўменне гаварыць, і арфаграфічна правільна пісаць. Хачу адзначыць, што акрамя гульняў мы з дзецьмі выкарыстоўвалі шмат розных практыкаванняў, на развіццё маўленчага апарату, на пастаноўку артыкуляцыі гукаў. На мой погляд, пасля натхнёнай працы ў падрыхтоўчы перыяд у маіх дзяцей з’явіўся інтарэс да навучання чытанню, але былі і такія моманты: вучань паўтарае словы разам з іншымі вучнямі, а тым часам сам глядзіць у акно, тады прыходзілася хутка мяняць від дзейнасці, каб звярнуць увагу вучня на работу, якую выконваюць іншыя дзеці.  

Дзеці ўжо ведаюць, што найменшай адзінкай жывой мовы з’яўляюцца гукі. Вельмі важна, каб дзіця ў гэты перыяд навучылася ясна чуць, дакладна выдзяляць, выразна вымаўляць гукі. Акрамя гэтага вучні павінны трывала ведаць адпаведныя літары да гэтых гукаў, імгненна апазнаваць іх. Калі ж яны, не сказаць зусім не ведаюць, але вагаюцца, раздумваюць, сумняваюцца, якая гэта літара, позірк іх затарможваецца. Літары ў іх як бы адступаюць адна ад адной. І склад не можа ўспрыняцца цэласна, у адну фіксацыю вока.

У пачатку навучання я заўважыла, што некаторыя дзеці дрэнна запамінаюць графічны абрыс літар, не ўмеюць суадносіць гукі з адпаведнымі літарамі. У сувязі з гэтым я пачала прапаноўваць гульні, якія прымушаюць вучняў ўглядацца ў графічны абрыс літары, аналізаваць яе канфігурацыю, прыгадваць яе гукавыя эквіваленты. Такая работа спалучаецца з фанетычным аналізам, што садзейнічае злучэнню слыхавых, моўна-рухавых і зрокавых аналізатараў, дапамагае ўстанаўленню трывалай сувязі паміж гукавым вобразам і графічным яго адлюстраваннем, якія пачынаюць успрымацца вучнямі як цесна звязаныя, непадзельныя з’явы.

 

Назаві літары, якія бачыш на малюнку

Расфарбуй толькі літары

Расфарбуй літары, якія ёсць у словах “кот” і “слон”

Гульня “Хованкі”

 

Так пры вывучэнні раздзела “Гукі мовы. Літары” мэтазгодна выкарыстоўваць розныя сродкі запамінання, якія дазволяць вучням хутка завучыць правілы

Напрыклад, можна выкарыстаць такі прыём для трывалага запамінання глухіх зычных:

– Кот, хочаш паесці шчэц?

– Фі. (Калі апусціць усе галосныя, застануцца толькі глухія зычныя).

Шырока выкарыстоўваю гульнявыя прыёмы і пры вывучэнні такіх важных моўных паняццяў, як склад, гук, націск.

ка-са-ба – са-ба-ка              сі-а-на – …………..   
а-ка-пень – …………..              ро-да-га – ………..
зе-га-та – ………….                  ла-га-ва –  ………….
ля-ду-дзя – ……..                    ба-дзю – …………..
ра-ве-бей – …………               ва-ка-на – ……..
лі-ма-на – ………..                   лы-мя-по – …………

Пераставім у слове склады ці гукі – атрымаем новае слова. Гэта цікава і даросламу, не тое што дзіцяці. А словы ў словах? Адкінь ці дабаў гук або склад – зноў новае слова. Дзецям вельмі падабаецца “трансфармаваць” словы. Было “крот” – стала “рот”, было “Валя” – стала “хваля”. Пры падзеле слоў на склады можна правесці гульню “Адшукай слова”. Даецца падказка: адкіньце першыя склады. На дошцы напісаны словы, дзеці павінны адкінуць першы склад. Калі заданне выканана правільна, атрымаецца новае слова.

Мікола (кола), Барыс (рыс), Цімох (мох), Тамара (мара), Рыгорка (горка), Якуб (куб), Піліпка (ліпка). Такая гульня дазваляе вучням без памылак і цяжкасцей засвоіць падзел слоў на склады. Гэту гульню можна прымяніць для замацавання прыёму пераносу слоў. Змяняю заданне: адшукайце слова, якое складаецца з двух складоў, але яго нельга перанесці.

 

Гульня “Словы-хітруны

Прачытай словы. У кожным слове знайдзі іншае слова. Абвядзі ў кружок. Прачытай хутка новыя словы.

вядро              палетак        пасада           пляма         прамова
склад              сабака           салата           салома       тварог
токар               трывога        валакіта        верабей      газета
галалёд            глыток          дракон          балота        запалка
джэмпер          вежа             зарадка          зубр            звычай

Паспяховая праца на ўроках прадугледжвае веданне вучнямі беларускага алфавіта. Дзеці павінны ведаць, што кожная літара мае сваё пэўнае месца. Каб гэтыя веды добра запомніліся, я прапаную гульні.

 

Гульня “Вясёлая літара”

Літары ў назвах школьных прылад пераблыталіся. Трэба расставіць іх у правільным парадку і запісаць словы ў два слупкі.

к, а, с, т, ы, ш                       а, м, г, к, у
а, л, в, к, о, а                       е, н, л, а, п
г, н, і, а, к                            к, ч, у, р, а

У словах першага слупка падкрэсліць літары, якія абазначаюць зычныя гукі, а ў словах другога – літары, якія абазначаюць галосныя гукі.

 

Гульня “Адгадай слова”

Першая літара гэтага слова стаіць у алфавіце за літарай л, другая – перад літарай й, трэцяя – паміж літарамі п і с. Атрымалася слова мір.

Каб навучыць вучняў размяжоўваць мяккія і цвёрдыя зычныя, на ўроку праводзіцца гульня “Злаві гук” [3, с.46]. Прапаную вучням, калі яны чуюць у словах мяккі гук, пляскаць у далоні, цвёрды гук – паднімаць руку. Пры вывучэнні гэтай жа тэмы я раю выкарыстоўваць гульню “Назаві пару”. Настаўнік называе цвёрды гук, а дзеці павінны назваць мяккі і наадварот. У ролі настаўніка можа выступіць любы вучань. Гэта выклікае яшчэ большую зацікаўленасць на ўроку.

Гульня “Гукі-браткі”

Праводзім з мячом. Называю словы, падкрэсліваючы голасам пэўны зычны гук, і кідаю мяч вучню. Той вяртае мяч, замяніўшы выдзелены гук на супрацьлеглы яму па цвёрдасці – мяккасці:

Міла – мыла
Мішка – мышка
вугаль – вугал
рыс – рысь
стол – столь
квас – квась
Волга – Вольга [6, с.56]

 

Калі прыступаем да вывучэння тэмы “Звонкія і глухія зычныя гукі”, прапаную вучням адправіцца ў чарадзейную краіну гукаў і літар. Тут дзяцей сустракае каралева Мова, якая можа рабіць цуды і пераўтварэнні. І цяпер яна хоча навучыць гэтаму сваіх дапытлівых гасцей. Але каб трапіць у гэту краіну, вучні павінны сказаць гаспадыні пароль – алфавіт.

Затым каралева прапануе паўтарыць за ёю “магічныя гукі” – мяккія і цвёрдыя зычныя. Такі прыём дазваляе навучыць правільна вымаўляць мяккія і цвёрдыя зычныя, адрозніваць іх на слых. Затым яна просіць прайсці яшчэ адно выпрабаванне – знайсці пару зычнаму гуку (на лістку напісаны ўсе звонкія зычныя гукі, а насупраць кожнага звонкага гука вучні павінны дапісаць парны глухі гук. Затым адзін вучань вымаўляе звонкі зычны, а другі – парны глухі гук.

Калі вучні пройдуць такое “выпрабаванне”, гаспадыня краіны дзякуе вучням за добрую працу на ўроку.

 

Пры вывучэнні парных звонкіх і глухіх зычных можна правесці гульню “Сапсаваны тэлефон” [6, c.43]. Паказваю дзецям цацачны тэлефон і паведамляю, што ён сапсаваўся. Замест гукаў [з] і [з’] перадае гук [с] і [с’]. Затым гавару словы ў тэлефонную трубку, а вучні хорам аднаўляюць іх:

Каса – каза, сала – зала, сойка – Зойка, гусак – гузак, ясі – язі, росны – розны, сорак – зорак.

 

Гульня “Трэцяе лішняе”

Для замацавання вывучанага матэрыялу хачу прапанаваць гульню “Трэцяе лішняе”. Напрыклад, тэма “Правапіс слоў з раздзяляльнымі знакамі”.

На дошцы напісаны словы. Прапаную прачытаць гэтыя словы і знайсці сярод іх лішняе: канькі, Ілья, Міхась; лье, мільярд, каменьчык; пер’е, вераб’і, льецца. Свой выбар дзеці павінны аргументаваць.

 

Я часта выкарыстоўваю прыём прысутнасці на ўроках казачных герояў і жывёл, якія прыходзяць на ўрок з заданнямі для вучняў.

З дапамогай любімых дзецьмі казачных персанажаў, якія “прыходзяць” на ўрокі, можна ў гульнявой форме арганізаваць вучэбную дзейнасць вучняў на любым этапе ўрока.

Дзеці з задавальненнем вывучаюць новы матэрыял з Чыпаліна, дапамагаюць свайму новаму аднакласніку Бураціна засвоіць тэму ўрока, разам з Нязнайкам малыя шукаюць памылкі ў словах. Вучні вельмі стараюцца, імкнуцца, каб госці адзначылі іх добрую працу.

Гульнявыя сітуацыі з казачнымі героямі ствараюць на ўроку атмасферу прыўзнятасці, патрабуюць ад дзяцей адказнасці за справу, якую ім даручылі.

Дазволяць хутчэй авалодаць матэрыялам і такія гульні, як “Перакладчык”, “Рэшата”.

 

Гульня “Рэшата”

На дошцы запісаны словы, у якіх неабходна ўставіць літару у ці ў. Словы з літарай у, устаўленай замест кропак, запішыце ў левы слупок, а з літарай ў – у правы. Хто “прасее” словы хутчэй і без памылак, той і пераможа.

 

Яшчэ адна прыступка – сказ. Працаваць над гэтай тэмай школьнікі пачалі ўжо ў першым класе. Цяпер трэба паглыбіць веды аб сказе. І тут зноў на дапамогу можна паклікаць гульню. Я прапаную прымяніць наступныя гульні: “Словы рассыпаліся”, “Слова згубілася”, “Сапсаваны тэлеграф”, “Убранне для сказа”.

 

Гульня “Словы рассыпаліся”

Прапануецца набор слоў. Вучні павінны скласці сказ і запісаць яго. Напрыклад: у, закружыліся, першыя, паветры, сняжынкі. – У паветры закружыліся першыя сняжынкі.

Гульня “Сапсаваны тэлеграф”. На пошце зламаўся тэлеграф. Ён выдае толькі асобныя словы. Трэба дапамагчы тэлеграфістам аднавіць сказы.

Напрыклад: заўсёды, справы, давайце, добрыя, рабіць.

Вучні дапамагаюць тэлеграфістам і абгрунтоўваюць знак прыпынку ў канцы сказа.

 

Гульня “Слова згубілася”

На картках або на дошцы запісаны сказы, у якіх “згубілася” слова. Вучні павінны з шэрагу прапанаваных слоў знайсці патрэбнае. Гэту гульню мэтазгодна праводзіць пры вывучэнні тэмы “Слова, якое абазначае, пра каго або пра што гаворыцца ў сказе”, “Слова, якое абазначае, што гаворыцца аб прадмеце гутаркі”.

Горка

Узяў Міця ______. Ён ідзе на ______ . Там шмат _______ . Хлопчык ______ катацца. _________ зімой!

 

Гульня “Убранне для сказа”

Прапануецца “распрануць” сказ – адкінуць слова, без якога ён можа абысціся. Падбіраюцца сказы такім чынам, каб у іх можна было адкінуць першае, апошняе або другое слова.

Раптам пайшоў снег.

Карова есць сена.

Расцвітаюць прыгожыя кветкі.

Кожны раз высвятляецца, якое слова адкінута, без якіх двух (самых галоўных) слоў сказ не можа існаваць. Пасля гэтага можна папрасіць дзяцей зноў “апрануць” іх або “пераапрануць”. Звяртаецца ўвага вучняў на тое, што “апрануты” сказ больш поўна выказвае думку, ён цікавейшы і прыгажэйшы.

Гульня “Убранне для сказа” дапамагае школьнікам асэнсаваць сувязь слоў у сказе.

 

У цэнтр увагі навучання мове ставіцца слова, яго лексічнае і граматычнае значэнне. Гукавая форма слова, яго лексічнае і граматычнае значэнне ўзаемазвязаны. Вучні павінны ўсвядоміць, што не кожны гукавы комплекс з’яўляецца словам, а толькі той, які пры ўспрыманні на слых суадносіцца з пэўным прадметам або з’явай, што пры выкарыстанні слоў у сказе неабходна граматычная форма.

Лексічная работа ў першым класе накіравана перш за ўсё на выхаванне ў вучняў увагі, любові і цікавасці да слова, яго значэння, на развіццё ўмення свядома падыходзіць да выбару слоў для пабудовы асабістых выказванняў.

Пры вывучэнні лексікі я прапаную выкарыстоўваць розныя гульні і падарожжы.

 

Гульня “Хто такі ці што такое?”

Увядзенню ў слоўнік вучняў прыметнікавай лексікі будзе спрыяць дыдактычныя гульня “Хто такі ці што такое?”. Настаўнік называе прыкмету: вясёлы. Дзеці задумваюцца: аб кім ці аб чым можна так сказаць? Затым даюць свае адказы. Напрыклад: вясёлы настрой, вясёлая песня, вясёлае дзіця.

Калі вучні навучыліся без памылак выконваць такія заданні, можна пераходзіць да падбору прыкмет да прадметаў. Прапануецца гульня “Які, якая, якое, якія?”, калі настаўнік называе прадмет, а дзеці ставяць да слова пытанне і называюць прыкмету.

 

Гульня “Што з чаго – якое”?

Сцяна з каменю (якая?) – каменная            
пярсцёнак з золата (які?) ………..
Дом з цэглы (які?) ……………… (…)             
суп з малака (які?) ………….
Пенал з пластмасы (які?) …………             
стол з дрэва (які?) …………..
Самалёт з паперы (Які?) ………………         
варэнне з абрыкосаў (якое?) ………
Капялюш з саломы (які?) ………..                  
сурвэтка з паперы (якая?) ………
Коўдра з ваты  ………………..                        
каробка з кардону ………………
Сумка са скуры ………………..                        
хустка з пуху ……………………
Суп з гыбоў …………………                          
сок з морквы ……………
Фартух з сітцу ……………….                         
цукерка з шакаладу ………..
Піца з грыбамі …………………                       
боты з гумы ………………

 

Гульня “Хто ці што?”

Пры вывучэнні дзеясловаў раю правесці гульню “Хто ці што?”. Называю дзеянне і кідаю мяч вучню. Той падбірае слова-прадмет, называе яго і вяртае мяч настаўніку.

 

Гульня “Дадай слова”

Блукае (хто?) …  .                   Дзякаваць (каму?) … .
Будуецца (што?)……….                   Змазала (чым?)………….
Бяжыць (хто?)………..            кідаюць (што?)………….
Іграў на (чым?)………            купляюць (што?)……….
Вырасцілі (што?)……..           ласаваўся (чым?)………..
Дзень (які?)………….             Кветкі (якія?)  ………….

 

Гульня “Знайдзі лішняе слова”

Гэта гульнядазваляе трывала замацаваць вывучаны матэрыял.

Вучням раздаюцца карткі, на якіх запісаны словы, яны павінны выкрасліць лішняе. Напрыклад: зелянее, блішчыць, ляціць, ластаўка; ідзе, лье, грыміць, моцны; паліваюць, збіраюць, мыюць, дошка.

 

Вось прыйшоў час калі мае вучні пачалі чытаць невялічкія тэксты. Для набыцця імі тэхнікі чытання спярша сама чытаю ўвесь тэкст, затым разам з дзецьмі чытаем па сказах (пры патрэбе разбіраем структуру некаторых слоў). Вучні павінны засвоіць: чытаць – гэта гаварыць па напісаным, гаварыць натуральна, выразна, з інтанацыяй і ні ў якім разе не расцягваць словы па складах. І ў гэтым нам вельмі добра дапамагае гульня “Знайдзі слова…”

Пасля сумеснага прачытання тэксту даю заданне: знайдзіце слова “камар”, “конік”, “муха”.

Каб адшукаць пэўнае слова сярод іншых слоў у сказе, вучні вымушаны самастойна прачытаць не толькі гэтае слова, але і іншыя словы. Дружна сагнуўшы галовы да кніжкі, урыўкамі паглядаючы на суседа, шукаюць зададзенае слова, хто ж першы знойдзе яго і прачытае. А той, хто першы знайшоў слова, атрымлівае фішку. Так на працягу ўсёй гульні.

 

Гульня “Хто першы правільна адкажа”

Карыстаючыся тэкстам пагуляем у гульню:

– Прачытайце словы, якія пачынаюцца з літары п, (н, р); са складу та, (жы, ба).

– Прачытайце словы, якія надрукаваны з вялікай літары.

– Прачытайце першае слова ў першым сказе.

– Прачытай сказы, якія адносяцца да малюнка і г.д.

 

У ходзе ўрока таксама выкарыстоўваю гульні, якія забяспечваюць шматразовае чытанне новага матэрыялу ў розных спалучэннях з дапамогай гульнявых і пазнавальных задач, напрыклад, гульню “Слова ў слове”.

Гульнявыя тэхналогіі таксама выкарыстоўваю і ў пазакласнай рабоце. Гэта конкурсы кемлівых, віктарыны, гульні-падарожжы, урокі-спаборніцтвы.

Такім чынам, можна зазначыць, што гульнявыя тэхналогіі дапамагаюць уключаць у актыўную пазнавальную дзейнасць кожнага вучня, з’яўляюцца эфектыўным сродкам арганізацыі вучэбнай дзейнасці. Пры выкарыстанні гульнявых тэхналогій адначасова рашаюцца і выхаваўчыя задачы. Дзеці вучацца працаваць калектыўна, паважаць адзін аднаго, даводзіць пачатую справу да канца.

Пры сістэматычным выкарыстанні гульнявых тэхналогій на ўроках беларускай мовы можна адзначыць наступныя вынікі:

– у вучняў фарміруюцца такія якасці, як цікаўнасць, дапытлівасць, кемлівасць, цярпенне, настойлівасць, адказнасць;

– выпрацоўваецца ўменне здабываць веды і прымяняць іх на практыцы;

– ствараецца станоўчы маральна-псіхалагічны клімат у класе для развіцця асобы вучняў;

– павышаецца ўзровень развіцця камунікатыўных навыкаў вучняў;

– павышаецца матывацыя да вывучэння беларускай мовы.

На мой погляд, выкарыстанне гульнявых тэхналогій дазваляе зрабіць урокі беларускай мовы цікавымі і карыснымі, яркімі і запамінальнымі, а значыць, садзейнічае павышэнню якасці ведаў вучняў па вывучаемым прадмеце.

 

Далей прадстаўлены найбольш эфектыўныя гульнявыя прыёмы, якія можна выкарыстоўваць на ўроках беларускай мовы.

 

Гульня “Тэлеграф”

Абсталяванне: фуражка тэлеграфіста, малаточак.

Апісанне гульні. Тэлеграфіст (яго ролю спачатку выконвае настаўнік) стукае аб стол       адзін, два або тры разы і просіць здагадацца, якое слова ён перадаў па тэлеграфе. Дзеці называюць адна-, двух-, трохскладовыя словы. Каб абмежаваць напрамак пошуку слоў, перад пачаткам гульні настаўнік называе тэму для тэлеграм: “Жывёлы”, “Гародніна” і г.д.

Варыянт. Дзеці называюць словы, а тэлеграфіст адстуквае малаточкам іх складовы састаў – адпраўляе тэлеграмы.

 

Гульня “Паштальён”

Абсталяванне: канверты з наклеенымі на іх прадметнымі малюнкамі, паштоўкамі; фуражка і сумка паштальёна.

Апісанне гульні. Паштальён праходзіць па радах – “вуліцах” і разносіць пісьмы з паштоўкамі. Атрымаць пісьмо зможа той, хто правільна прагаворыць па складах назву прадмета на малюнку, што прыклеены на канверце.

Варыянт. Для атрымання пісьма неабходна назваць націскны склад у назве малюнка.

 

Гульня “Цягнік”

Абсталяванне: кардонавы цягнік з вагончыкамі, да якіх прымацаваны кішэні; прадметныя малюнкі.

Апісанне гульні. Выкліканы да дошкі вучань вызначае колькасць складоў у назве жывёлы на малюнку і саджае яе ў вагон, трымаючыся наступнага парадку: у першы вагон трэба пасадзіць жывёл, назва якіх утварае адзін склад, у другі вагон – тых, у назве якіх два склады, у трэці – жывёл з трохскладовымі назвамі. Кантралёры хорам вымаўляюць назвы жывёл па складах і такім чынам правяраюць, ці свае месцы займаюць пасажыры.

Варыянт. Парадак пасадкі ў вагоны мяняецца: у першы вагон садзяцца жывёлы з першым націскным складам у назве, у другі – з другім націскным складам, у трэці – з націскам на трэцім складзе.

 

Гульня “Незвычайныя кветкі”

Абсталяванне: карты з контурамі шасціпялёсткавых кветак, наборы пялёсткаў з малюнкамі жывёл, птушак, раслін і г.д.

Апісанне гульні. Дзеці атрымліваюць па адной карце з контурамі кветкі і канверт з наборам пялёсткаў. Неабходна падабраць для кветкі пялёсткі такім чынам, каб на іх знаходзіліся прадметы, назвы якіх маюць азначаную колькасць складоў (адзін, два або тры).

Варыянт. На пялёстках кветкі павінны быць прадметы, у назвах якіх націскным з’яўляецца азначаны склад (першы, другі або трэці).

 

Гульня “Вучым ляльку размаўляць”

Абсталяванне: лялька, прадметныя малюнкі.

Апісанне гульні. Настаўнік знаёміць дзяцей з гульнявой сітуацыяй: “Наша лялька зусім малая і размаўляе, як маленькія дзеці – называе толькі пачатак слова, першы склад. Давайце навучым яе гаварыць правільна, будзе дагаворваць за яе астатнія часткі слоў”. Настаўнік з лялькай паказвае прадметны малюнак і вымаўляе першы склад яго назвы. Дзеці хорам заканчваюць слова.

Варыянт. Гульня праводзіцца без прадметных малюнкаў. Вучні павінны самастойна прыдумаць канец слова. Па выкліку настаўніка хто-небудзь дагаворвае астатнюю частку слова, а потым паўтарае ўсё слова цалкам.

 

Гульня “Хто лепш слухае”

Апісанне гульні. Настаўнік называе слова, дзеці падымаюць рукі (пляскаюць у далоні), калі ў слове ёсць азначаны гук. Вучні, якія памыліліся, плацяць фанты. Потым, каб выкупіць фант, дзіця павінна выканаць фанетычнае заданне: падлічыць колькасць складоў у слове, вызначыць націскны склад, назваць першы (апошні) гук, паслядоўна пералічыць усе гукі слова. Заданні падбіраюць вучні класа.

 

Гульня “Кожнаму прадмету сваё месца”

Абсталяванне: прадметныя малюнкі, скрынка.

Апісанне гульні. Прадметныя малюнкі раскладзены на стале. Вучні па аднаму выходзяць да стала, бяруць малюнак, называюць прадмет, адлюстраваны на ім, адзначаюць, ці чуецца новы гук у слове. Калі ёсць новы гук у слове, прадметны малюнак выстаўляюць на наборнае палатно, калі няма кладуць у скрынку.

 

Гульня “Магазін цацак”

Абсталяванне: цацкі або прадметныя малюнкі.

Апісанне гульні. На “вітрыне магазіна” – наборным палатне – выстаўляюцца цацкі (прадметныя малюнкі). Купіць можна тую з іх, у назве якой чуецца новы гук. Пакупнік падыходзіць да вітрыны, вымаўляе назву цацкі, фарсіруючы новы гук. Калі ўсё зроблена дакладна, прадавец (раней выбраны вучань) падае цацку пакупніку. Яна застаецца ў яго да канца дня.

 

Гульня “Гук ці склад”

Апісанне гульні. Настаўнік уразбіўку называе розныя гукі і прамыя адкрытыя склады. Вучні падымаюць адну руку, калі чуюць асобны гук, і абедзве рукі, сашчапіўшы далоні, калі чуюць склад.

 

Гульня “Дапаможам паштальёну ”

Абсталяванне: канверты з наклеенымі на іх прадметнымі малюнкамі, сумка і фуражка паштальёна (з гульні “Паштальён”).

Апісанне гульні. Настаўнік паведамляе гульнявую сітуацыю: “На пошце заўсёды праводзіцца сарціроўка пісем – размеркаванне іх па раёнах і вуліцах. Давайце дапаможам паштальёну даставіць пісьмы на вуліцу Галосных і вуліцу Зычных”. Дзеці па выкліку настаўніка бяруць канверты з сумкі паштальёна, падыходзяць да двух наборных палотнаў і выстаўляюць на першым палатне канверты з малюнкамі прадметаў, назвы якіх пачынаюцца з галосных гукаў, на другім – канверты з малюнкамі, у назвах якіх першы гук – зычны.

 

Гульня “Назаві больш гукаў”

Абсталяванне: мяч.

Апісанне гульні. Выкліканы вучань падкідвае мяч, ловіць яго пасля ўдару аб падлогу і на працягу гэтага часу вымаўляе розныя гукі. Перамагае той, хто паспее назваць большую колькасць гукаў.

Варыянт. Можа ўскладніць гульню, прапанаваўшы называць толькі галосныя або толькі зычныя гукі.

 

Гульня “Каму што падорым”

Абсталяванне: дзве лялькі, прадметныя малюнкі.

Апісанне гульні. Настаўнік паведамляе: “Да нас у госці прыйшлі Люся і Лара. У дзяўчынак сёння дзень нараджэння. Мы іх павіншуем і падорым малюнкі, памятаючы аб тым, што Лары падабаюцца прадметы, назвы якіх пачынаюцца з цвёрдых зычных гукаў, а Люся аддае перавагу прадметам, у назвах якіх першы гук – мяккі зычны”. Выкліканы да дошкі вучань выбірае адпаведны малюнак, ставіць яго каля лялькі і гаворыць пры гэтым: “Лара, віншую цябе з днём нараджэння!”

 

Гульня “Паўлітарынка”

Абсталяванне: шырма памерам з лісток сшытка, карткі літар з класнай касы.

Апісанне гульні. Настаўнік хавае картку з літарай за шырму, затым высоўвае частку карткі такім чынам, каб была бачна палова літары (верхняя, ніжняя, правая, левая). Дзеці называюць літару.

 

Гульня “Звяжы рукавічкі”

Абсталяванне: папяровыя рукавічкі (кожная пара рукавічак аднолькавага колеру з аднайменнымі літарамі).

Апісанне гульні. На дошцы ўроскідку прымацаваны рукавічкі. Дзеці па выкліку настаўніка выходзяць да дошкі, знаходзяць пару рукавічак з аднолькавымі літарамі, злучаюць іх крэйдай (“звязваюць”) і гавораць: “Я звязаў рукавічкі з літарай эн”.

Варыянт 1. Выкарыстоўваюцца рукавічкі, на адной з якіх вялікая літара, на другой – маленькая.

Варыянт 2. Выкарыстоўваюцца рукавічкі, на адной з якіх друкаваная літара, на другой – пісьмовая.

 

Гульня “Як з адной літары зрабіць другую?”

Апісанне гульні. На дошцы напісаны друкаваныя літары. Вясёлы Аловак прапануе падумаць, як з адной літары зрабіць якую-небудзь іншую. Дзеці па выкліку настаўніка падыходзяць да дошкі, дарысоўваюць неабходныя элементы і тлумачаць: “З літары гэ я зрабіў літару пэ (Г – П, Б; Р – В, Ф; К –Ж ; Ь – Б, В; Н – Ю; С – Ю і г.д.)

 

Гульня “Тэатр літар”

Апісанне гульні. Настаўнік загадзя рыхтуе некалькі вучняў, якія будуць паказваць літары з дапамогай свайго цела.

Напрыклад: А – два вучні, стоячы тварам да класа, нахіляюць тулава адзін да аднаго, рукі са знешняга боку апускаюць уздоўж тулава, а рукі з унутранага боку згінаюць у локцевым суставе і кладуць іх адна на другую.

М – два вучні становяцца бокам да класа, а тварам адзін да аднаго, апускаюць рукі і сашчэпліваюць іх унізе.

Н – два вучні, стоячы бокам да класа, згінаюць рукі ў локцевых суставах і кладуць іх адна на другую.

Астатнія вучні павінны пазнаваць і “прачытаць” літары.

 

Гульня “Адгадайце літару”

Апісанне гульні. Настаўнік выстаўляе на наборным палатне 4-5 картак з вывучанымі літарамі. Па яго сігналу дзеці хорам называюць літары. Потым да дошкі падыходзяць два вучні. Адзін з іх “піша” ў паветры так, каб бачылі ўсе дзеці, адну з літар, выстаўленых на наборным палатне. Другі павінен здагадацца, якая літара была “надрукавана”, і назваць яе. Правільнасць яго адказу клас пацвярджае апладысментамі. Вучні мяняюцца ролямі, потым выходзіць другая пара.

Варыянт. Выкліканы вучань “піша” ў паветры друкаваную літару, астатнія знаходзяць у касах і паказваюць картку з адпаведнай літарай.

 

Гульня “Пішу-друкую”

Апісанне гульні. Да дошкі выходзяць два вучні: адзін з іх піша, а другі “друкуе” літару, названую настаўнікам. Усе астатнія знаходзяць друкаваную літару ў касах. Калі дзеці каля дошкі добра выканаюць заданне, то атрымліваюць права выбраць наступную пару ўдзельнікаў гульні і даць ёй заданне. Калі нехта з пары памыляецца, наступную пару і заданне падбірае настаўнік.

 

Гульня “Вучым Бураціна”

Абсталяванне: складовыя карткі.

Апісанне гульні. Настаўнік паведамляе гульнявую сітуацыю: “Бураціна будаваў словы са складоў. Паглядзіце, што ў яго атрымалася (на наборным палатне словы: кі-ра, са-ка, но-кі і г.д.) Дапамажыце яму выправіць памылкі”. Вучні па выкліку выходзяць да дошкі, выпраўляюць памылкі, чытаюць утвораныя словы (ракі, каса, кіно і г.д.)

Варыянт. Гульня праводзіцца ў выглядзе спаборніцтва “хто хутчэй выправіць памылкі Бураціна?”. Дзеці складаюць словы. Перамагае той, хто зробіць гэта раней за іншых.

 

Гульня “Кот-ласун”

Абсталяванне: кот (кардонны сілуэт або мяккая цацка).

Апісанне гульні. На наборным палатне словы: сокі, стук, краты, град, клён і г.д. настаўнік паведамляе гульнявую сітуацыю: “Кот-ласун любіць злізваць літары. У нашых словах ён будзе злізваць іх такім чынам, каб атрымаліся новыя словы. Якія літары зліжа кот-ласун?” Выкліканы вучань прыкрывае патрэбную літару і чытае новае слова: сок, тук, каты, рад, лён і г.д.

 

Гульня “Дапамажы жывёлам”

Абсталяванне: малюнкі жывёл.

Апісанне гульні. На дошцы прымацаваны малюнкі жывёл і ўперамешку напісаны іх назвы. Неабходна злучыць крэйдай малюнак жывёлы з яе назвай. Выкліканы вучань выконвае заданне з адным малюнкам. Астатнія дзеці хорам чытаюць словы.

 

 

Спіс літаратуры

1 Игровая деятельность в процессе обучения учащихся 1 класса: метод. рекомендации для учителей / под ред. М.Б.Антиповой. – Мінск : Пачатковая школа, 2005.
2 Максимук Н.Н. Учёба и игра? Да! / Н.Н.Максимук // Пачатковая школа – 2010 – № 7.
3 Паўлоўская, В.І. Мова: цікава і займальна / В.І.Паўлоўская. – Мінск : Народная асвета, 1989.
4 Паўлоўскі, І.І. Беларуская мова ў 2 класе: вучэб.-метад. дапам. для настаўнікаў устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / І.І.Паўлоўскі, Л.Ф.Леўкіна, Н.І.Мінкевіч. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2013.
5 Старжынская, Н.С. Сябруем і гуляем разам / Н.С.Старжынская – Мн. : Нар. асвета, 1994.
6 Сторажава, Н.А. Мова мая і твая: Вучу дзяцей па-беларуску / Н.А.Сторажава – Мінск : Выдавец А.Ванін, 1993.
7 Сухомлинский, В.А. О воспитании /В.А.Сухомлинский. – Москва : Политическая литература, 1982.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий