Інтэрактыўная гульня «Па старонках беларускага фальклору» – гэта захапляльная і пазнавальная гульня, якая дазваляе дзецям пагрузіцца ў чароўны свет беларускіх казак і пазнаёміцца з разнастайным жывёльным светам праз цікавыя загадкі.
Дар’я САНЬКО,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дзіцячы сад № 10 г. Навагрудка”,
Гродзенская вобласць
Нашы дзеці – будучыня нашай краіны, і неабходна падрыхтаваць іх да таго, каб быць сапраўднымі грамадзянамі. Для гэтага важна пазнаёміць іх з гісторыях і культурай Беларусі, выхоўваць у іх любоў і павагу да роднага народа і мовы. Мы павінны вучыць дзяцей цаніць сваю нацыянальнасць, ведаць свае карані, традыцыі і культурнае багацце Беларусі.
Усё, што мы робім сёння, уплывае на будучыню нашых дзяцей. Гэта наша адказнасць – падрыхтаваць будучыню роднай Беларусі.
Беларускі нацыянальны фальклор – гэта незаменная культурная скарбніца традыцый, казак, легенд, забаўлянак, загадак, народных песень, танцаў, рукатворнага мастацтва, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне ў беларускім народзе. Ён з’яўляецца важнай часткай беларускай культуры і дзяржаўнай ідэнтычнасці.
Фальклор выконвае шмат функцый: пазнавальную, выхаваўчую, эстэтычную, забаўляльную, камунікатыўную, сацыяльную, таму што дзякуючы выкарыстанню фальклору, фармуецца пачуццё патрыятызму, пачуццё прыгожага, развіваецца духоўнасць. Фальклор развівае вусную гаворку дзіцяці, спрыяе пашырэнню беларускага слоўніка, уплывае на яго духоўнае развіццё, на яго фантазію, дапамагае фарміраванню шчырай зацікаўленасці дашкольнікаў беларускай мовай.
Мэта: далучэнне выхаванцаў да даступных ім твораў мастацкай літаратуры і фальклору.
Праграмныя задачы:
– фарміраваць уяўленні пра фальклорныя творы розных жанраў (казка, загадка) і тэматыкі;
– фарміраваць уменні адгадваць загадкі, пабудаваныя на апісанні і параўнанні; асэнсавана запамінаць загадкі;
– выкарыстоўваць разнастайныя інтанацыі, паўзы, лагічныя націскі ў адпаведнасці са зместам і характарам твора пры чытанні;
– паслядоўна пераказваць сумесна з дарослым сюжэт знаёмых казак, перадаваць характар персанажаў;
– адказваць на пытанні па змесце твора;
– развіваць здольнасць адрозніваць вершаваную і празаічную гаворку; разумець жанравыя асаблівасці казкі, загадкі;
– выхоўваць цікавасць да фальклорных твораў (казак, загадак), патрэбнасць слухаць іх.
Узрост, на які разлічана гульня: 4–7 гадоў.
Абсталяванне (матэрыял) – прэзентацыя
Апісанне гульні
Выхавальнік прадстаўляе правілы гульні, тлумачыць, што дзеці дашкольнага ўзросту адправяцца ў захапляльнае падарожжа па свеце беларускіх казак і загадак.
У інтэрактыўнай гульні прадстаўлена два раздзелы:“Казкі” і “Загадкі”
1 Казкі “Лёгкі хлеб”, “Зайкава хатка”
Дзеці дашкольнага ўзросту разам з выхавальнікам абмяркоўваюць галоўных герояў, сюжэт і мараль беларускіх казак.
2 Загадкі пра дзікіх і хатніх жывёл
Дзеці дашкольнага ўзросту па чарзе адгадваюць загадкі пра розных жывёл. Вядучы чытае загадку, а дзеці павінны адгадаць, пра якую жывёлу ідзе гаворка.
Інтэрактыўная гульня “Па старонках беларускага фальклору” – гэта захапляльная і пазнавальная гульня, якая дазваляе дзецям пагрузіцца ў чароўны свет беларускіх казак і пазнаёміцца з разнастайным жывёльным светам праз цікавыя загадкі.