Кросплатформенны дадатак “Азбука Свіслаччыны”

- 14:41Проекты

У матэрыяле прадстаўлены праект “Азбука Свіслаччыны” – кросплатформенны дадатак, створаны з дапамогай платформы Xamarin і моў праграмавання С# і XAML сродкамі Microsoft Visual Studio 2022. Накіраваны на вывучэнне роднай мовы і асаблівасцей свайго краю.

Ірына ГРУНТОВІЧ,
настаўнік інфарматыкі і матэматыкі
ДУА “Сярэдняя школа № 2 імя М.П.Масонава г. Свіслачы”,
Гродзенская вобласць

 

Сучасныя дарослыя і дзеці карыстаюцца мабільным тэлефонам і камп’ютарам. Таму быў створаны кросплатформенны дадатак “Азбука Свіслаччыны” для вывучэння свайго краю на беларускай мове з выкарыстаннем магчымасцей платформы Xamarin. Гэта дазволіла пабудаваць сучасны адукацыйны дадатак, якое можна ўстанавіць на камп’ютар з аперацыйнай сістэмай Windows і на мабільны тэлефон (планшэт) з аперацыйнай сістэмай Android. Распрацоўка дадатку “Азбука Свіслаччыны” з выкарыстаннем платформы Xamarin і моў праграмавання высокага ўзроўню С# і XAML вялася сродкамі Microsoft Visual Studio 2022.  

Распрацоўка і стварэнне праекта “Азбука Свіслаччыны” накіравана на вывучэнне роднай мовы і асаблівасцей свайго краю.

Працэс работы над праектам пачынаўся з падбору аб’ектаў і славутасцей Свіслаччыны на кожную літару алфавіта. Потым падбіралі неабходны тэкставы матэрыял і адаптавалі яго для лепшага ўспрымання вучнямі, фотаздымкі. Паколькі для Й, Ў, Ы, Ь не знайшлося слоў, то запісалі правілы іх ужывання. У працэсе падбору матэрыялу на некаторыя літары беларускага алфавіта было знойдзена некалькі розных слоў і адпаведных тэкстаў і фотаздымкаў. Таму было вырашана дабавіць раздзел “Цікава ведаць” і размясціць гэтую інфармацыю там.

Камп’ютарная праграма з’яўляецца складанай сістэмай, што ўключае ў сябе некалькі асобных падсістэм, якія распрацоўваюцца незалежна, а затым інтэгруюцца ў адзіную праграмную архітэктуру. Дадзены праект можна разбіць на наступныя падсістэмы:

– арганізацыя вываду тэксту і фотаздымкаў;

– распрацоўка асобнай праграмы для стварэння коду крыжаванкі;

– распрацоўка кода для арганізацыі тэстаў і праверка правільнасці адказаў, якія ўводзяцца карыстальнікам.

Усе падсістэмы цалкам рэалізаваны і паспяхова інтэграваны ў адзіную сістэму, якая дазваляе запусціць праграму “Азбука Свіслаччыны”.

У выніку распрацоўкі атрымана камп’ютарная праграма –кросплатформенны дадатак “Азбука Свіслаччыны”. Матэрыял праекта садзейнічае вывучэнню свайго роднага краю, прыродных і гістарычных аб’ектаў, цікавых мясцін і падзей. Уся інфармацыя прадстаўлена на беларускай мове, што спрыяе яе вывучэнню і шырокаму прымяненню.

Створаны дадатак змяшчае некалькі старонак. Ёсць галоўная старонка, ад якой вы можаце перайсці да ўсіх іншых старонак з інфармацыяй ці заданнямі.

Першая старонка – “Алфавіт”. Адкрыўшы яе, мы бачым усе літары алфавіту, націснуўшы на якія адкрываем старонку з інфармацыяй і фотаздымкам аб’екта. У канцы тэксту запісана некалькі пытанняў для самаправеркі засваення зместу.

Другая старонка змяшчае цікавыя інтэрактыўныя заданні, з дапамогай якіх можна праверыць і замацаваць веды, атрыманыя пры вывучэнні інфармацыі пра Свіслацкі раён, правапіс ужывання слоў на беларускай мове. Створана некалькі крыжаванак.

Старонка “Тэсты” ўтрымлівае некалькі тэстаў з рознымі тыпамі пытанняў. Тэматыка тэстаў розная: праверка правільнасці напісання беларускіх слоў, пераклад з рускай мовы, веданне звестак пра прыродныя і гістарычныя аб’екты Свіслацкага раёна.

Яшчэ адна старонка называецца “Цікава ведаць”. Тут мы вырашылі размясціць інфармацыю пра цікавыя аб’екты Свіслаччыны, якія не ўключаны ў пералік на старонцы “Алфавіт”. Невялікі малюнак ці фотаздымак аб’екта і яго назва, а далей мы пераходзім на старонку з фотаздымкамі аб’екта і яго апісаннем.

Створаны камп’ютарны дадатак “Азбука Свіслаччыны” адрозніваецца арыгінальным дызайнам, зразумелым інтэрфейсам і працэсам працы. Цікава будзе таксама пагартаць старонкі друкаванай кнігі “Азбука Свіслаччыны”, прачытаць тэкст на беларускай мове і абмеркаваць яго з вучнямі ў класе, з бацькамі.

“Азбука Свіслаччыны” будзе карысна ўсім зацікаўленым у правядзенні мерапрыемстваў па патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, а таксама тым, хто любіць і паважае родную мову і родны край.

 

Дадатак “Азбука Свіслаччыны” для Windows можна спампаваць па спасылцы ці QR-кодзе:

https://drive.google.com/file/d/1tjSUcA_JoASUKdZpUQTmHHH8bT_rpTux/view?usp=sharing

Дадатак “Азбука Свіслаччыны” для Android можна спампаваць па спасылцы ці QR-кодзе:

https://drive.google.com/file/d/11v38TfAQt2NjiqKzWgvqnKOYaL6jTf_T/view?usp=sharing

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий