Праблема маральнага выбару на вайне ў аповесці Васіля Быкава “Жураўліны крык “. Урок беларускай літаратуры ў 8-м класе

- 13:23II И III СТУПЕНИ, БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

Рэалізацыя выхаваўчага патэнцыялу на ўроках беларускай літаратуры.

Алена ПАКАЛА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 2 г.п. Рось”
Ваўкавыскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

Навучальная мэта: мяркуецца, што да заканчэння ўрока вучні будуць

– ведаць, што такое маральны выбар, які выбар робіць кожны з герояў аповесці, у чым прычына ўчынкаў, якая пазіцыя В.Быкава па праблеме;

– умець даваць характарыстыку героям, тлумачыць прычыны маральнага выбару, аўтарскую пазіцыю па праблеме.

Задачы асобаснага развіцця вучняў:

– садзейнічаць развіццю літаратурных, мастацкіх, сцэнічных здольнасцей вучняў;

– выхоўваць павагу да ветэранаў вайны, сумленнасць, любоў да Радзімы.

Тып урока: абагульненне і сістэматызацыя ведаў.

Тэхналогія: тэхналогія педагагічных майстэрняў з выкарыстаннем мультымедыя.

Эпіграф да ўрока: “Вайна – самае праклятае з усіх ліхаў, заведзеных жыццём на зямлі… Яна не павінна паўтарыцца” (Васіль Быкаў).

 

Ход урока

1 Слова настаўніка

– Дзень добры! Мы прамаўляем гэтыя словы па некалькі разоў на дзень, яны сталі звыклым вітаннем, а таму, напэўна, часам не задумваемся над іх сэнсам. А сэнс гэтых слоў – глыбокі. Дзеля таго, каб гэтыя словы гучалі штодня, людзі ў гады Вялікай Айчыннай вайны аддавалі свае жыцці. Дзеля светлага, мірнага дня для нас яны станавіліся пад варожыя кулі, засланялі сабою смерць, якая ішла на нашу Радзіму. І дзякуй ім і Богу, што ўжо 80 гадоў мы маем магчымасць казаць адзін аднаму “Дзень добры!” І зараз я хачу, каб вы праслухалі песню, якая дапаможа вам адчуць подых ваеннага часу і падумаць пра тых, хто загінуў на фронце. Гэту песню выконвае вядомы спявак Марк Бернэс. Яна напісана на словы Расула Гамзатава і называецца “Жураўлі”.

 

2 Індукцыя. Праслухоўванне песні ”Жураўлі”

– Аб чым вы думалі, што адчувалі, калі слухалі песню “Жураўлі”? (Зварот да эпіграфа).

 

3 Самаканструкцыя

– Сёння на ўроку мы паспрабуем у думках перанесціся ў той далёкі ваенны час і дапаможа нам у гэтым твор былога франтавіка, народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Жыццё яго спынілася ў 2003 годзе. Ваенная дарога Быкава пачалася ў 18-гадовым узросце і закончылася на Далёкім Усходзе, праз 10 год пасля Перамогі. Ды не мела яна доўгі час свайго заканчэння ў творчасці пісьменніка.

“Жорсткая бязлітасная памяць абавязвае нас, былых салдат, быць праўдзівымі і сумленнымі да канца свайго жыцця. Яна абавязвае нас расказваць сённяшняму пакаленню ўсю праўду пра вайну, якой бы страшнай і трагічнай ні была гэтая праўда. Гэта наш грамадзянскі і пісьменніцкі абавязак перад мёртвымі і жывымі”, – пісаў В.Быкаў.

 

4 Паведамленне тэмы. Мэтавызначэнне

– Вайна складалася з сотняў экстрэмальных, гэта значыць надзвычайных сітуацый, якія часта патрабавалі ад чалавека зрабіць выбар: як яму быць – застацца ў жывых, але пайсці наперакор сумленню ці загінуць, але выканаць загад? І сёння мы разгледзім з вамі гэту праблему на аснове літаратурнага твора – аповесці В.Быкава “Жураўліны крык”. Тэма нашага ўрока – “Праблема маральнага выбару на вайне ў аповесці В.Быкава “Жураўліны крык”.

– Сумесна з вамі вызначым мэту ўрока. Як вы думаеце, што вы павінны ведаць па сённяшняй тэме ў канцы ўрока? (Адказы вучняў)

– Што вы павінны будзеце ўмець? (Адказы вучняў)

Настаўнік дапаўняе адказы.

 

5 Актуалізацыя ведаў

– Назавіце імёны і прозвішчы шасцярых байцоў, якія з’яўляюцца галоўнымі героямі аповесці. (На дошку вучні вывешваюць лісты з імёнамі байцоў).

– У якім месцы знаходзяцца байцы? Для чаго яны пакінуты камандзірам батальёна?

– Ці можна назваць сітуацыю, у якой байцы апынуліся, экстрэмальнай і чаму?

 

6 Тлумачэнне новага матэрыялу

– Экстрэмальная сітуацыя ставіць чалавека ў такія ўмовы, у якіх ён павінен зрабіць маральны выбар. Маральны выбар – гэта выбар, які робіць чалавек, кіруючыся засвоенымі нормамі правіл паводзін. Засвоеныя ў мінулым нормы правіл паводзін накіроўваюць чалавека на адзін з двух шляхоў: захаваць сваё жыццё і стаць здраднікам або выканаць воінскі абавязак і гераічна загінуць.

“Каб асвятліць чалавека знутры, дакапацца да скрытых спружын і матываў яго паводзін і ўчынкаў, Васіль Быкаў звяртаецца да мінулага кожнага са сваіх персанажаў, аналізуючы вызначальныя, найбольш характэрныя моманты ў гэтым мінулым”.

 

7 Сацыяканструкцыя

– У вас ляжаць на сталах чыстыя лісты паперы. Зараз вы прааналізуеце мінулае жыццё герояў аповесці і паводзіны на вайне, каб паказаць, які шлях яны выбіраюць і чаму.

– Ліст раздзелены на чатыры часткі. У частцы № 1 вы малюеце прадмет, які сімвалізуе мінулае жыццё героя, раскрывае яго сутнасць. У частцы № 2 пішаце рысы характару героя з дапамогай назоўнікаў. У частцы № 3 пішаце з дапамогай дзеясловаў, што рабіў герой перад другім, апошнім боем. У частцы № 4 пішаце адно слова: які шлях выбраў баец – здрадніцтва або гераізм.

Вучні працуюць у групах і запаўняюць лісты-характарыстыкі герояў.

1-я група – старшына Карпенка
2-я група – Барыс Фішар
3-я група – Віцька Свіст
4-я група – Васіль Глечык
5-я група – Іван Пшанічны
6-я група – Алік Аўсееў

 

8 Афішаванне

Выступленні прадстаўнікоў груп.

 

Фізкультхвілінка

 

– Так, вайна прымушала людзей стаць перад суровым выбарам паміж жыццём і смерцю, абавязкам і страхам. Не ўсе вытрымлівалі гэтае выпрабаванне. Былі і такія, што спрабавалі абхітрыць і таварышаў, і самую смерць. Хто з герояў так сябе павёў?

– Каму з герояў аповесці вы хацелі б паставіць помнік воінскай славы і чаму?

– А хто з персанажаў такога помніка не заслугоўвае?

Пасля адказаў вучні здымаюць са стэнда аркушы паперы з імёнамі радавых Івана Пшанічнага і Аліка Аўсеева, а аркушы з імёнамі герояў прымацоўваюць да выявы помніка.

 

9 Разрыў

Вучаніца чытае на памяць урывак з аповесці (ад слоў “Глечык, зажмурыўшыся, усім нямытым, запэцканым слязьмі тварам…).

– Адзін за адным гінуць героі. У акопе застаецца самы малады, але страшэнна пастарэлы за адны суткі Глечык.

– Давайце паразважаем, чаму аўтар уводзіць у твор вобраз адлятаючых журавоў і звязвае яго менавіта з Глечыкам? (Трапная мастацкая паралель, створаная пісьменнікам у гэтым урыўку: Глечык – журавель – дапамагае адчуць незвычайную трагедыйнасць падзеі, глыбей перажыць асабістую трагедыю Глечыка і ў той жа час зразумець веліч гэтага юнака, для якога лёсавызначальнымі былі такія “ўладарныя паняцці, як прысяга і абавязак перад Радзімай”, “гнеў таварышаў”, “загад камбата, які належала выканаць”.)

– Дзякуючы праўдзіваму таленту Быкава чытач паспеў перажыць увесь бой і ўсе страты, адну за адной, адчуў бязлітаснасць і тугу смерці. Але чытач можа адысці ў свой, мірны час, да сваіх спраў, клопатаў, радасцей. Пакінуўшы на тым адзінокім пераездзе з абломкам шлагбаума байца – ледзь не хлопчыка. Пакінуўшы яго паміраць замест сябе, за сябе. Бо час незваротны. Але што ён не можа, не павінен, не мае права – гэта забыць!

 

10 Творчасць

Адбываецца своеасаблівая інсцэніроўка, паводле якой да прысутных Вучань-Памяць выклікае вобразы загінуўшых герояў – старшыну Карпенку, байцоў Фішара, Глечыка, Свіста. У маналогах, падрыхтаваных вучнямі, ім даводзіцца сказаць слова ад імя загінуўшага героя.

 

Вучань-Памяць.

Памяць жывая, і памяць прыходзіць
аб тых, хто мужна змагаўся.
Я выклікаю сваёй памяццю Вас,
паважаны старшына Карпенка.

Карпенка. Так, значыць, Пшанічны ўцёк. Недагледзеў нечага ў чалавеку. А паглядзіце, як Фішар абараняўся! Таксама не зразумеў поўнасцю я гэтага чалавека. Адно хачу сказаць: трэба давяраць чалавеку, верыць у яго. І старацца рабіць гэта як найхутчэй, пры жыцці. Веру ў Свіста. Сапраўдны баец, хоць і меў у жыцці памылкі.

Вучань-Памяць. Баец Фішар!

Фішар. Адчуваю сябе салдатам, бо выканаў свой абавязак да канца. І яшчэ зразумеў: і тыя геніі, што стваралі мастацтва вечнага – і Мікеланджэла, і Чэліні, і Верашчагін, і Грэкаў – у свой час браліся за шпагу ці вінтоўку і выступалі на ворагаў. Відаць, барацьба за права жыць была вышэй за мастацтва, і ёй, пэўна, суджана перажыць яго.

Вучань-Памяць. Баец Свіст!

Свіст. Эх, позна-позна, і так рана-рана! Не так жыў! Многа памылак зрабіў! Каб давялося зноў пачаць жыццё, увесь час змагаўся б з подласцю людской. Змагаўся б за чалавека.

Вучань-Памяць: Баец Глечык!

Глечык. Мама! Родная! Перад табою я заўжды ў даўгу. Неразумны быў, не зразумеў цябе. З дому ўцёк, з роднага дому! Ты прыехала мяне шукаць, прасіла вярнуцца, а галоўнае, – не крыўдаваць, але я маўчаў, не адказваў на пісьмы. Я ж ведаў, што ў пачатку вайны айчым пайшоў у войска. А ты з Настачкай засталася адна. Я знаў, што патрэбны там, у родным доме, але былая крыўда не давала забыцца на яе. Які ж неразумны быў! Не цаніў самага дарагога!

Вучань-Памяць чытае верш, прысвечаны загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны.

А зараз давайце ўшануем памяць тых, хто ахвяраваў сабой у імя іншых людзей і ў час вайны, і ў мірны час.

Хвіліна маўчання

 

11 Вызначэнне аўтарскай пазіцыі

– Што такое аўтарская пазіцыя?

– У канцы аповесці застаецца ў жывых самы малады з салдат – Васіль Глечык. Ён мог бы ўцячы, схавацца, але прымае рашэнне аднаму ўступіць у бой. Чаму?

– Гэта значыць, якая пазіцыя аўтара, В.Быкава, да праблемы маральнага выбару чалавека на вайне?

 

12 Падагульненне

– Як мы пераканаліся, шасцёра ўдзельнікаў вайны апынуліся ў надзвычай складаных трагічных абставінах, яны паўсталі перад выбарам: мужнасць ці здрада, жыццё ці смерць. І кожны з іх зрабіў свой маральны выбар. Больш за ўсё захапляе подзвіг чалавечага духу.

“Якім бы дарагім ні было жыццё кожнага, лёс Радзімы і чалавецтва непараўнальна важней”.

“Перамагаючы тугу і боль, нараджаецца гордасць за духоўную веліч савецкага чалавека, які не спыніўся ні перад чым, каб перагарадзіць дарогу фашызму”.

 

13 Выстаўленне і каменціраванне адзнак

 

14 Дамашняе заданне

Падрыхтавацца да напісання сачынення.

 

15 Рэфлексія. Метад “Адказ”

– Ці ўдалося вам пабываць на тым чыгуначным пераездзе сёмым, нябачным, удзельнікам падзей? (Адказы вучняў)

– У вас на партах ляжаць выявы Вечнага агню. Калі ласка, напішыце апорныя словы да твора Васіля Быкава і прымацуйце да помніка. (Малюнак на дошцы).

Гучыць “ Бухенвальдский набат” (словы А.Собалева, музыка В.Мурадэлі).

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий