Слова аб роднай прыродзе. Пазакласнае чытанне. План-канспект урока літаратурнага чытання ў 4-м класе

- 9:29I СТУПЕНЬ, Методичка, НАЧАЛЬНАЯ ШКОЛА, Начальная школа. Сценарии

Падрыхтоўчая работа: на выбар вучняў прачытаць твор пра птушак, якія жывуць у Беларусі, і намаляваць птушку. Настаўнік прапануе прыкладны спіс літаратуры, ці размяркоўвае апавяданні.

Таццяна АЛЕНЦЫНОВІЧ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Юрацішкаўская сярэдняя школа Іўеўскага раёна”,
Гродзенская вобласць

 

 

Тэма: “Слова аб роднай прыродзе”.

Мэты:

– стварыць умовы для самастойнага чытання кніг па тэме ўрока;

– спрыяць развіццю чытацкіх уменняў;

– садзейнічаць развіццю навыку чытання;

– садзейнічаць выхаванню беражлівага стаўлення да птушак, як да сяброў.

Абсталяванне: кнігі па тэме ўрока, спіс літаратуры на кожнага вучня, тэксты для чытання на ўроку, малюнкі птушак.

Падрыхтоўчая работа: на выбар вучняў прачытаць твор пра птушак, якія жывуць у Беларусі, і намаляваць птушку. Настаўнік прапануе прыкладны спіс літаратуры, ці размяркоўвае апавяданні (Дадатак 1).

Перад урокам настаўнік збірае малюнкі, разразае іх папалам. З другога боку адной паловы малюнка прымацоўвае пытанне да апавядання Якуба Піноўскага “Падкормлівайце птушак!”, на другой – адказ. Малюнкі з пытаннямі пакідае сабе, з адказамі – раздаюцца вучням у адвольным парадку (Дадатак 2).

 

Ход урока

І Арганізацыйны этап

Сёння ўсіх вітае пагожы дзянёк.
Ён нас запрашае на карысны ўрок.

– У чым карысць урокаў пазакласнага чытання?

– Чаго вы чакаеце ад сённяшняга ўрока?

 

ІІ Моўная размінка

Дзінь-дзінь-дзінь – звіняць ледзяшы!
Цінь-цінь-цінь – цінькаюць сінічкі!
Стук-стук-стук – стукае дзяцел!

Чытанне з воплескамі.

Чытанне шэптам.

Чытанне-“гудзенне”.

Чытанне з клічнай інтанацыяй.

 

ІІІ Актуалізацыя суб’ектыўнага вопыту навучэнцаў

– Давайце пазнаёмімся з выставай кніг, якія мы разам падрыхтавалі.

Падчас гутаркі звяртаецца ўвага на тое, якія птушкі сустрэліся ў творах з кароткім паведамленнем пра прачытаны твор.

 

ІV Паведамленне тэмы ўрока

Гульня “Перакладчык”

– Зараз мы з вамі пагуляем у гульню “Перакладчык”. Вам неабходна будзе разгадаць крыжаванку, перакладаючы словы з рускай мовы на беларускую. Калі ўсе словы будуць перакладзены, у крыжаванцы па вертыкалі атрымаецца запіс тэмы ўрока пазакласнага чытання.

1. Употреблять в пищу. пажываць)
2. Голубой. (Блакітны)
3. Собственный. (Уласны)
4. Жир. (Тлушч)
5. Каток. (Коўзанка)
6. Подсолнух. (Сланечнік)

 

– Прачытайце слова, якое атрымалася ў выдзеленым слупку. (Птушкі.)

– Так, і сёння на ўроку мы будзем весці размову пра птушак.

– Як вы думаеце, чым мы будзем займацца, якія мэты паставім на ўроку? (Чытаць пра птушак, адказваць на пытанні, размаўляць па-беларуску, пашыраць веды пра зімовых птушак, дзяліцца сваімі ведамі.)

 

Фізкультмінутка

Гульня “Так ці не?”

– Зараз крышачку адпачнём. Я буду задаваць вам пытанні. Калі адказ “так”, трэба сказаць “так” і адначасова круціць галавой налева-направа, паказваючы наадварот. Калі адказ “не”, трэба сказаць “не” і адначасова ківаць галавой уверх-уніз, паказваючы наадварот.

– Вы сёння снедалі?

– Сёння чацвёрты дзень тыдня?

– Зараз ідзе ўрок “Чалавек і свет”?

– Гэта ўрок пазакласнага чытання?

– Наступны месяц лістапад?

– Вы вучні трэцяга класа?

Настаўнік або загадзя падрыхтаваныя вучні чытаюць апавяданне Якуба Піноўскага ”Падкормлівайце птушак!”.

Падкормлівайце птушак!

Дзіўнае гэта наша надвор’е. Аднаго дня амаль цёпла, а на другі дзень можа быць ужо зіма. Можа, не ўсе памятаем, як у снежні мінулага года снег за адзін дзень і ноч услаў тоўстым покрывам зямлю. А мароз убяліў ствалы, сукі і галінкі дрэў скарыначкаю лёду. Для дзяцей дзень гэты пэўна ж быў днём радасці і забавы. Яны маглі нарэшце пагуляць у снежкі, пайсці з канькамі на коўзанку.

Але што ў гэты самы дзень рабілі, напрыклад, так званыя сінічкі вялікія? Усім вядомыя, пэўна, гэтыя малыя птушкі з жоўтым брушкам і чорным доўгім гальштукам, з чорным лобікам і белымі шчочкамі. Жывяцца яны насякомымі, якіх шукаюць сярод трэшчын кары дрэў, сярод апалага лісця. Ядуць таксама насенне. Зімовы дзень вельмі кароткі. Сінічка павінна шмат пазавіхацца, каб знайсці досыць корму. А спажыць ёй трэба на дзень гэтулькі, колькі важыць сама. Калі снег прыкрые зямлю, сінічка не можа пажывіцца сярод апалага лісця, бо цяжка ёй дабрацца да яго. А калі яшчэ і лёд аблепіць усю кару, то сінічкі не могуць нічога знайсці і галадаюць. Першыя два дні спажываюць уласныя запасы тлушчу, з-за чаго худнеюць, а калі не пацяплее – аслабелыя гінуць.

Гэтак жа даводзіцца і іншым сінічкам, як, напрыклад, сініцы блакітнай, а таксама чубатай, попаўзням.

Толькі дзятлы са сваімі моцнымі дзюбамі лягчэй даюць сабе рады з ледзяною скарынкаю на галінах і ствалах дрэў.

Ці можам нашым сінічкам памагчы? Вядома. І вельмі проста, толькі не трэба чакаць самай зімы. Сініцы, попаўзні, дзятлы вельмі любяць, апрача насякомых, насенне раслін, у якім шмат тлушчу, як, напрыклад, насенне сланечніку або льнянога семя.

Кармушку проста зрабіць самому. Яна павінна прыкрываць корм ад ветру і снегу, а таму вешаць яе трэба каля кустоў ці дрэў, але так, каб кот туды не дабраўся, нават калі кармушка знаходзіцца пад акном. Можна таксама павесіць ці пакласці за акном нясолены кавалачак сала. Сінічкі странна будуць выдзёўбваць тлушч.

Калі ж выязджаеце на зімовыя канікулы, нехта з дамаўнікоў павінен вас замяніць і абавязкова штодня класці корм у кармушку. Чаму гэта так важна? А таму, што да добрай кармушкі злятаюцца сінічкі больш за кіламетр. І, заспакоіўшы першы голад, яны лятуць, калі добрае надвор’е, шукаюць свой звыклы корм, гэта значыцца насякомых. Калі непагадзь, птушкі чакаюць ля кармушкі пажывы, трацячы каштоўныя гадзіны кароткага зімовага дня, – і не знаходзяць яе, тым хутчэй гінуць з голаду. З васьмі сінічак перазімоўвае толькі адна. Таму запомні: чым падкормліваць кепска, лепш не падкормліваць зусім.

А чаму хочам, каб больш сініц перажыло зіму, гэтага не трэба, бадай, тлумачыць. 

 

Гульня “Пытанне – адказ”

– На пачатку ўрока вы атрымалі паловы малюнкаў птушак, якіх намалявалі да твораў, прачытаных дома. Прапаную знайсці другую палову да вашага малюнка і пагуляць у гульню “Пытанне – адказ”. Я чытаю пытанне да апавядання Якуба Піноўскага “Падкормлівайце птушак!”, а вы чытаеце правільны адказ (Дадатак 2). Калі адказ правільны, паловы малюнка складаюцца і на дошцы вывешваецца выява птушкі.

 

V Падвядзенне вынікаў урока

Работа ў групах

1-я група: абмеркаваць, як зрабіць кармушку, якім кормам можна пачаставаць птушак зімой;

2-я група: абмеркаваць, што трэба помніць, калі зрабілі кармушку;

3-я група: абмеркаваць, якіх птушак можна сустрэць зімой, якую карысць яны прыносяць лясам, садам, палям.

 

VI Інфармаванне аб дамашнім заданні

Настаўнік прапаноўвае спіс літаратуры да наступнага ўрока пазакласнага чытання па тэме “Чалавек і яго род”:

1) Іван Навуменка “Жоржык”;

2) Алена Лось “Цудоўныя кветкі Цёткі Алены”;

3) Васіль Сумараў “Мой дом”;

4) Васіль Вітка “Дзень нараджэння”.

Знайсці і прачытаць творы ў адпаведнасці са спісам.

 

VII Рэфлексія

Чаму быў прысвечаны сённяшні ўрок?

Што новага вы дазналіся з апавядання “Падкормлівайце птушак!”?

Што было для вас найбольш цікавым?

Ад чаго вы стаміліся на ўроку?

 

 

Дадатак 1

1) “Сініца і снягір” Уладзімір Ягоўдзік (Снягір)

2) “Лесавічок” Рыгор Ігнаценка (Курапаткі)

3) “Птушыная ёлка” Зоська Верас (Верабей)

4) “Пісьмо птушак” Аляксей Пысін (Сініца)

5) “Лясная балбатуха” Рыгор Ігнаценка (Сарока)

6) “Ягады пад снегам” Рыгор Ігнаценка (Сойка)

7) “Маладая зіма” Рыгор Ігнаценка (Амялушка)  

8) “Сінічкі і вавёрачкі” Васіль Гурскі (Сінічка) 4 кл.

9) “Ганарлівая птушка” Рыгор Ігнаценка (Цецярук)

10) “Стракатая сойка” Клаўдзія Каліна (Зязюля, сойка)

11) “Развітальная песня” Васіль Гурскі (Шпак)

12) “Каралеўская дзічына” Рыгор Ігнаценка (Гусь)

13) “Буслы” Клаўдзія Каліна (Бусел) 4 кл.

14) “Ці ёсць зіма” Алег Буцень (Сарока)

15) “Цецярук і лісіца” Леў Талстой (Цецярук)

16) “Птушкі ў чэрвені” Віталь Вольскі (Шпак)

17) “Жавароначкі, прыляціце” Уладзімір Ягоўдзік (Жаўрук)

 

Дадатак 2

1. Чаму аўтар называе надвор’е дзіўным? (Аднаго дня амаль цёпла, а на другі дзень можа быць ужо зіма.)

2. Які зімовы пейзаж памятае і маляўніча апісвае аўтар? (Снег услаў тоўстым пакрывалам зямлю. А мароз убяліў ствалы, і сукі, і галінкі дрэў скарыначкаю лёду.)

3. Чаму аўтар лічыць дзень, калі прыйшла зіма, днём радасці? (Дзеці маглі нарэшце пагуляць у снежкі, пайсці з канькамі на коўзанку.)

4. Прачытайце апісанне сінічкі. (Усім вядомыя, пэўна, гэтыя малыя птушкі з жоўтымі брушкамі і чорным доўгім гальштукам, з чорным лобікам і белымі шчочкамі.)

5. Чым харчуюцца сінічкі? (Жывяцца яны насякомымі, якіх шукаюць сярод апалага лісця. Ядуць таксама насенне.)

6. Чаму зімой неабходна падкормліваць сініц і іншых птушак? (Зімовы дзень вельмі кароткі. Сінічка павінна шмат пазавіхацца, каб знайсці досыць корму. А спажыць ёй трэба на дзень гэтулькі, колькі важыць сама. Калі снег прыкрые зямлю, сінічка не можа пажывіцца сярод апалага лісця, бо цяжка дабрацца да яго.)

7. Ці можам сінічкам дапамагчы? (Вядома. І вельмі проста, толькі не трэба чакаць самой зімы. Трэба загадзя нарыхтаваць гронкі рабіны, насенне сланечніку, агуркоў або іншага семя.)

8. Якім кормам можна пачаставаць птушак? (Насенне сланечніку, льняное семя, нясолены кавалачак сала.)

9. Якой павінна быць кармушка? (Кармушка павінна прыкрываць корм ад ветру і снегу, а таму вешаць яе трэба каля кустоў ці дрэў, але каб кот туды не дабраўся.)

10. Якіх сінічак можна сустрэць? (Можна сустрэць звычайную вялікую сініцу, блакітную сініцу, чубатую сініцу.)

11. Хто аўтар апавядання “Падкормлівайце птушак!” (Якуб Піноўскі.)

12. Растлумачце сэнс выразу: “Чым падкормліваць кепска, лепш не падкормліваць зусім”. (Калі непагадзь, птушкі чакаюць ля кармушкі пажывы, на якой раней знаходзілі сабе ежу, – і, не знаходзячы яе, хутчэй загінуць з голаду.)

13. Якую карысць прыносяць сінічкі, дзятлы? (Яны знішчаюць шкодных насякомых, якіх шукаюць сярод трэшчын кары яблынь, груш і іншых дрэў.)

14. Колькі трэба з’есці сінічцы за дзень? (Спажыць сінічцы трэба за дзень гэтулькі, колькі важыць сама.)

15. Калі ты выязджаеш зімой на канікулах да бабулі, ці ў госці на некалькі дзён, як трэба паклапоціцца пра птушак? (Трэба абавязкова штодня класці корм у кармушку, таму дамоўцеся з суседзямі ці з сябрамі, каб вас замянілі.)

16. Калі ў першыя дні холаду сінічка не можа сабе знайсці ежу, што выратоўвае яе ў гэтыя дні? (Калі снег пакрые зямлю, сінічка не можа пажывіцца сярод апалага лісця і не можа знайсці сабе ежу, першыя два дні яна спажывае ўласныя запасы тлушчу.)

17. Колькі сінічак перазімуе, шукаючы корм у непагадзь зімы? (З васьмі сінічак – толькі адна.)

18. У якіх раслін насенне мае шмат тлушчу? (Льняное семя і сланечнік.)

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий