Завучванне верша Г.Івановай “Я будую дом з пяску”. Канспект занятку па адукацыйнай галіне “Мастацкая літаратура” для дзяцей сярэдняй групы (4–5 гадоў)

- 16:40ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Фарміраваць уменне ўважліва слухаць вершаваны твор, адказваць на пытанні па яго змесце.

 

Іна ЛОБІК,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 11 г. Ваўкавыска”,
Гродзенская вобласць

 

Задачы:

– фарміраваць уменне ўважліва слухаць вершаваны твор, адказваць на пытанні па яго змесце; 
– развіваць уменне адрозніваць вершаваную і празаічную мову, здольнасць эмацыянальна ўспрымаць і запамінаць невялікі вершаваны твор, выкарыстоўваць пры выразным чытанні на памяць, паўзы, лагічныя націскі; 
– выконваць пэўныя рухі ў адпаведнасці са зместам вершаваных радкоў, перадаваць з дапамогай жэстаў эмацыянальны стан твора;
– выхоўваць цікавасць да мастацкага слова (паэзіі).

Матэрыялы і абсталяванне: канструктар “Лега”, пясок, будаўнічы матэрыял, магнітная дошка; малюнкі па тэме;

 

Ход занятку

Прывітанне “Добры дзень”

Дзеці з выхавальнікам становяцца ў круг.

Добры дзень мне! (Указаць рукамі на сябе)
Добры дзень табе! (Указаць рукамі на суседа)
Добры дзень вам і ўсім нашым сябрам! (Рукі разводзяць у бакі, указваючы на ўсіх навокал)

Вось так цудоўна мы прывіталіся! (Выхавальнік запрашае дзяцей падысці да раней абсталяванага месца, дзе знаходзяцца канструктар “Лега”, пясок, будаўнічы матэрыял).

Дзеці, паглядзіце, калі ласка, што вы бачыце? (Дзеці разглядаюць рэчы і называюць іх).

Як вы лічыце, што можна рабіць пры дапамозе гэтых прадметаў? (Гуляць, будаваць).

Гэтыя рэчы хлопчыка, які любіць будаваць. А вы любіце будаваць?

Ёсць верш пра тое, як хлопчык будуе дом. Гэты верш напісала Ганна Іванова. Верш называецца “Я будую дом з пяску”. Але перш чым мы пазнаёмімся з вершам, я растлумачу значэнне слова, якое ў ім сустракаецца. Гэта слова талака. Талака – гэта некалькі людзей, якія збіраюцца разам і робяць якую-небудзь работу. Разам рабіць работу лягчэй, хутчэй, весялей. Вы са мною згодныя?

Чалавек мог запрасіць на талаку сваіх суседзяў, сяброў, каб разам зрабіць вельмі важную работу (скасіць сена, сабраць ураджай, пабудаваць дом). Клікаць на талакугэта зваць на падмогу, каб зрабіць справу дружна, разам. Калі вы будуеце дом разам са сваімі сябрамі, то справа ідзе хутчэй.

Паклікаць на талаку, значыць што зрабіць? (Адказы дзяцей)

Практыкаванне “Знайдзі карцінку”

Дзеці, уважліва паглядзіце на дошку і знайдзіце карцінку, якая адпавядае слову талака. (Адно дзіця выбірае карцінку)

Растлумач свой выбар. Чаму менавіта гэта карцінка адпавядае слову талака?

А цяпер сядайце ўтульна і паслухайце ўважліва верш Ганны Івановай, які называецца “Я будую дом з пяску”.

Я будую дом з пяску!
Клічу ўсіх на талаку!
Будзем дружна працаваць,
Дом прасторны будаваць:
Высачэзны — вось такі!
На падмогу, сябрукі!

Вы паслухалі верш і мы з вамі паразмаўляем.

       Як называецца верш?
        Хто яго напісаў?
        Ці спадабаўся вам верш?
        Чаму?
        Як я яго прачытала – весела ці сумна?
        А што мне дапамагала чытаць верш?
        Якое новае слова вы пачулі ў вершы?
        Што яно азначае?
        Як вы думаеце, ці захочацца сябрам прыйсці на талаку? Чаму?
        Што будуе хлопчык? (Дом)
        З чаго ён будуе дом? (З пяску)

        Які дом будуе хлопчык. (Прасторны, высачэзны). Пакажыце.
        Паўтарыце, як кліча сваіх сябрукоў малы будаўнік на падмогу:    «На падмогу, сябрукі!». Пакажыце.

        Трэба так сказаць, каб усе пачулі. Скажы ты, (імя дзіцяці), а цяпер скажа (імя дзіцяці) і г. д.

Дзеці, я вам зараз прапаную пагуляць у гульню.

Гульня “Знайдзі падобныя словы”

Я прачытаю радкі з верша, а вам неабходна знайсці падобныя па гучанні словы ў канцы радкоў:

1 Я будую дом з пяску!
   Клічу ўсіх на талаку!
2 Будзем дружна працаваць,
   Дом прасторны будаваць:
3 Высачэзны — вось такі!

   На падмогу, сябрукі!

Якія вы малайцы! Знайшлі падобныя словы!

У вершах заўсёды ёсць падобныя па гучанні словы. Яны часцей за ўсё бываюць у канцы радкоў. Словы ў вершы, падобныя па гучанні, называюцца рыфмай. Рыфма заўсёды прысутнічае ў вершах. З яе дапамогай вершы атрымліваюцца прыгожымі і складнымі.

Малайцы, я бачу што вы ўважліва слухалі верш, і прапаную адпачыць.

Фізкультхвілінка “Роўным кругам”

Роўным кругам, у карагодзе,
Будзем мы сябры хадзіць.
Што нам (імя дзіцяці) пакажа,
Будзем дружна мы рабіць.

Вось мы і адпачылі. А зараз, сядайце, калі ласка. Я прачытаю верш яшчэ раз, а вы павінны яго запомніць, і самі будзеце яго расказваць. (Выхавальнік паўторна чытае верш дзецям)

Дапаможа нам расказаць верш чароўная палачка. Хто хоча ўзяць першым чароўную палачку і пачаць расказваць верш? (Трое дзяцей па чарзе, атрымліваючы чароўную палачку, расказваюць верш па частках.)

Хто запомніў і хоча выразна прачытаць увесь верш на памяць? (2–3 дзіцяці самастойна расказваюць верш на памяць).

А цяпер, дзеці, я запрашаю вас на талаку! Мы таксама будзем будаваць дом з дапамогай гэтага канструктара. Калі вам спадабалася сёння працаваць, вы паставіце сваю цаглінку па чарзе адну на другую, каб атрымаўся прыгожы дом. Але не проста паставіце, а скажаце нам усім, што вам больш за ўсё сёння спадабалася, што было цікава, лёгка, незвычайна, што больш за ўсё запомнілася.

А таму з вас, каму сёння было нецікава, нешта было незразумела, сваю цаглінку можна пакласці ў каробку і сказаць, што было цяжка і незразумела. Гэта будзе азначаць, што трэба больш старацца і ўсё абавязкова атрымаецца. Пачынаем будаваць дом. Я пакладу першую цаглінку, бо мне спадабалася растлумачваць вам новае слова талака. А цяпер вы па чарзе кладзіце свае цаглінкі.

Вось які прыгожы дом у нас атрымаўся. Але не хапае даху. Я пакладу апошнюю цаглінку. Мы сёння з вамі старанна папрацавалі. Мне вельмі спадабалася, як вы прыгожа размаўлялі на беларускай мове, вывучылі і расказалі новы верш. Вы сёння малайцы!

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий