Гадзіна разважанняў «Я – патрыёт»

- 17:48Воспитательная работа, Работа по военно-патриотическому воспитанию

Мерапрыемства разлічана на вучняў 2–3-га класа. Можа быць выкарыстана класнымі кіраўнікамі для правядзення мерапрыемстваў па грамадзянска-патрыятычным выхаванні.

 

Галіна КОЗЕЛ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Геранёнская сярэдняя школа” Іўеўскага раёну,
Гродзенская вобласць
kozel.galinka@mail.ru

 

 

Задачы: уключыць у сістэму ведаў паняцце «патрыёт»; фарміраваць веды аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь; выхоўваць патрыятызм, любоў і гонар да сваёй Радзімы. 

Абсталяванне: мультыборд, інтэрактыўны плакат, шыфроўка да слова «патрыёт», знакі – пытальнік і клічнік, вялікая літара «Я» (у колерах сцяга Рэспублікі Беларусь), аўдыязапіс гімна Рэспублікі Беларусь, вялікае сэрца з белай паперы і маленькія сардэчкі з чырвонай паперы.

 

Ход мерапрыемства

 1 Арганізацыйны момант

Прывітанне! Пачнём класную гадзіну з гульні. Калі вы са мной згодны, гаварыце “так”.

Я люблю цябе, Радзіма,
Мой прыгожы, мілы край. (Так)
Ад душы жадаю ўздыму –
Ты квітней і нас натхняй. (Так)
Можа, буду я далёка –
Не забуду родных слоў,
Спеў крынічкі, буслаў клёкат,
Шлях той, што вядзе дамоў. (Так)

2 Фармуляванне тэмы ўрока

Як вы думаеце, пра што мы будзем сёння гаварыць? (Пра нашу Радзіму)

Тэма нашай класнай гадзіны пачынаецца са слова Я. А вось другое слова вы даведаецеся, калі разгадаеце шыфроўку. (Шыфр – кожная лічба парадкавы нумар літары ў алфавіце).

17

1

20

18

28

7

20

п

а

т

р

ы

ё

т

 

І сёння мы адкажам на пытанні (пасля слова ПАТРЫЁТ на дошцы прымацоўваецца пытальнік):

– Хто такі патрыёт?
– Ці з’яўляемся мы патрыётамі?
– Ці трэба нам быць патрыётамі? Чаму?

3 Работа са слоўнікам

Можа, хто ведае, хто такі патрыёт?

Давайце праверым у слоўніку, ці правільна мы адказалі на гэта пытанне.

Патрыёт – той, хто любіць сваю Радзіму, свой народ і гатовы для іх на подзвігі.

4 Пабудова мадэлі чалавека-патрыёта

На першае пытанне мы адказалі. А для таго, каб адказаць на другое пытанне, нам трэба пабудаваць мадэль чалавека-патрыёта.

Выберыце выказванні, якія, на вашу думку, падыходзяць да слова ПАТРЫЁТ, і размяркуйце па групах.

Спасылка на інтэрактыўнае заданне: https://learningapps.org/display?v=p306nzhnv23

– Не любіць працаваць.
Ведае дзяржаўную сімволіку.
– Не слухаецца сваіх бацькоў.

Любіць тое месца, дзе нарадзіўся і вырас.
– Не хоча вучыцца.

Ганарыцца сваёй краінай.
– Не саступае месца старэйшым у аўтобусе.

Упрыгожвае Радзіму сваёй працай.
Ведае дзяржаўную мову.
– Разбурае птушыныя гнёзды.

Ведае гісторыю сваёй краіны, ганарыцца сваімі продкамі.
– Кідае смецце.

Зачытайце выказванні, якія характарызуюць чалавека-патрыёта.

5 Работа над мадэллю чалавека-патрыёта

Давайце прымераем на сябе мадэль ЧАЛАВЕКА-ПАТРЫЁТА і адкажам на другое пытанне: Я – ПАТРЫЁТ? Ці з’яўляемся мы патрыётамі?

Спасылка на інтэрактыўны плакат:

https://view.genial.ly/642c09aaf359060018977ccd/interactive-image-interaktives-bild

Ведае дзяржаўную сімволіку

У кожнай краіне ёсць свае сімвалы. Назавіце іх (герб, сцяг, гімн).

Герб – гэта малюнак, на якім адлюстраваны некаторыя асаблівасці народа, краіны. Кожная дэталь герба мае важнае значэнне і дае важныя звесткі пра нашу краіну і наш народ.

У вас на партах ляжаць малюнкі розных прадметаў. Выберыце тыя, якія ёсць на гербе Рэспублікі Беларусь, і растлумачце іх значэнне (Дадатак 1).

Сонца – асвятляе нашу краіну, сагравае яе, нясе цяпло, жыццё і радасць.

Зямны шар – мы жадаем міру ўсім краінам, хочам сябраваць і супрацоўнічаць з імі.

Каласы – сімвал урадлівасці зямлі-карміцелькі і працавітасці беларускага народа. Стагоддзямі нашы продкі апрацоўвалі зямлю, сеялі зерне, пяклі хлеб.

Канюшына – сімвал сувязі са светам жывёл. Беларусы засявалі салодкай канюшынай палі, каб пасвіць жывёлу.

Лён – сімвал працы, знак дабра і дабрабыту.

Зорка – сімвал чалавека і чалавецтва, знак мужнасці.

Герб нашай краіны адлюстроўвае грамадзянскае адзінства, працу, міралюбнасць.

Якіх элементаў няма на нашым гербе? (Валошкі, астра, беларускі арнамент.)

А дзе мы можам сустрэць такі арнамент? (На Дзяржаўным сцягу.)

Дзяржаўны сцяг мае тры колеры: чырвоны, зялёны і белы. Чырвоны колер служыць знакам Сонца, сімвалізуе кроўныя повязі, брацтва, барацьбу за справядлівую справу. Ён азначае высокае прызначэнне ў лёсе і перамогу. Зялёны колер – гэта колер Прыроды, нашай карміцелькі, нашай першамаці. Гэта колер палёў і лясоў, якія здаўна займалі асноўную частку тэрыторыі нашай краіны. Зялёны колер – колер дабра, росту, развіцця, дабрабыту і міру. Нарэшце, белы колер – гэта перш за ўсё колер свабоды.

Сцяг  Беларусі мае яшчэ адну важную, характэрную рысу – гэта арнамент. На Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь адлюстравана частка (фрагмент) найбольш старажытнага і тыповага арнаменту. Работа была выканана ў 1917 годзе і належыць простай сялянцы Матроне Маркевіч з вёскі Касцелішча Санненскага павета.

Што азначае гэты арнамент? Што ён сімвалізуе? Гэты ўзор называецца “ўзыходзячае сонца”. Вялікі ромб азначае засеянае поле, а крыж унутры яго сімвалізуе сонца. Гэта зварот да вышэйшых сілаў прыроды: «Узыдзі, сонца, сагрэй зямельку нашу, дай нам добры ўраджай». Будзе багаты ўраджай – будзе, што есці і чым засеяць поле ў наступным годзе. Парныя ромбы азначаюць жыта, а значыць, і працяг жыцця, працяг роду.

Можна сказаць, што сцяг Беларусі нясе ўсім пажаданне дабра, поспеху і росквіту.

Скажыце, а дзе мы можам размясціць малюнак арнаменту? (Упрыгожым нашу літару Я)

Дзяржаўны гімн – урачыстая песня, якая выкарыстоўваецца ў якасці музычнага сімвала краіны, галоўная песня нашай краіны. Гімн слухаюць і спяваюць ва ўрачыстых выпадках: на святах і парадах, дзень на тэлебачанні і радыё пачынаецца і заканчваецца выкананнем гімна.

Давайце ўспомнім правілы выканання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь (слухаюць ці выконваюць гімн стоячы).

Упішыце прапушчаныя словы ў тэкст гімна Беларусі і выканайце яго. (Дадатак 2)

Выкананне Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.

Ведае сваю дзяржаўную мову

А якая мова ў нас дзяржаўная? (Руская і беларуская.) Значыць, вы павінны добра ведаць абедзве мовы. Праверым гэта.

Гульня «Перакладчык»

Ваша задача перакласці словы з рускай мовы на беларускую.

Родина, язык, государство, флаг, друзья, Отечество, аист, родители, цветы, учитель, учебник.

Гульня «Збяры прыказкі»

Пра сваю любоў да роднай зямлі людзі складаюць песні, вершы, прыказкі. Прыказкі рассыпаліся, іх трэба сабраць.

Дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка.
Усякаму мілая свая старана.
Няма смачнейшай вадзіцы, як з роднай крыніцы.
Усюды добра, а дома лепей.
Усякай птушцы сваё гняздо міла.
У сваім краі, як у раі.

Ведае гісторыю сваёй краіны, ганарыцца сваімі продкамі

Кім мы можам ганарыцца? (На дошцы размешчаны партрэты знакамітых землякоў, дзеці расказваюць пра іх.)

Ганарыцца сваёй краінай

Чым мы можам ганарыцца? Што ёсць у нас такое цікавае?

Прыгожая, шмат лясоў, рэк і азёр, добрыя і таленавітыя людзі.

А што стварылі нашы людзі? Якія вы ведаеце знакамітыя мясціны?

(Дзеці расказваюць пра славутыя мясціны Беларусі.)

Любіць тое месца, дзе нарадзіўся і вырас, упрыгожвае Радзіму сваёй працай.

А якой працай вы можаце ўпрыгожыць нашу Радзіму? Сваю любоў да Радзімы кожны выказвае па-рознаму: школьнікі – стараннай вучобай, дарослыя – добрай працай.

Ці з’яўляемся мы патрыётамі? (Так, бо ўсе выказванні падыходзяць да нас.) І на другое пытанне мы адказалі.

І трэцяе пытанне. Ці трэба нам быць патрыётамі? Чаму? (Трэба быць патрыётам, каб зберагчы і памножыць тое, што ў нас ёсць.)

Як зберагчы і памножыць? (Ахоўваць прыроду, берагчы маёмасць школы, аграгарадка, краіны, добра вучыцца.)

Прапаную вам выказаць сваю любоў да роднай Беларусі. На партах ляжаць сардэчкі, напішыце на іх тое, што вы зможаце зрабіць для сваёй Радзімы. (Дзеці запаўняюць сардэчкі і прымацоўваюць іх на вялікае сэрца на дошцы белага колеру.)

6 Падвядзенне вынікаў

Прыйшоў час падвесці вынікі нашай работы. На якія пытанні мы сёння адказвалі:

– Хто такі патрыёт?

– Ці з’яўляемся мы патрыётамі?

– Ці трэба нам быць патрыётамі? Чаму?

На гэтыя пытанні мы адказалі, і таму знак у канцы сказа мы можам памяняць. (Ставіцца клічнік пасля слова патрыёт.)

Я – ПАТРЫЁТ!

Давайце цяпер прачытаем сказ.

Ёсць на свеце краіны вялікія і маленькія, але кожны чалавек, з’яўляючыся грамадзянінам той ці іншай краіны, ганарыцца сваёй Радзімай, любіць яе, імкнецца зрабіць усё магчымае, каб яна была яшчэ больш багатай і прыгожай.

Дадаткі: Дадаткі Я патрыёт

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий