Просім, госцейкі, у хату! Сцэнарый выхаваўчага мерапрыемства для навучэнцаў 5–7-х класаў

- 17:55Воспитательная работа, Сценарии

Нам у спадчыну дасталася багатая культурна-гістарычная спадчына – каштоўны здабытак беларускай нацыі. Важную ролю ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні адыгрывае арганізацыя работы па далучэнні школьнікаў да вывучэння гісторыі, культуры беларускага народа, абуджэння цікавасці да знаёмства з побытам, абрадамі і традыцыямі нашых продкаў.

 

Валянціна КВЕЦЕНЬ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Жырмунская сярэдняя школа” Воранаўскага раёна,
Гродзенская вобласць
kvetenbel@gmail.com

 

 

Мэта: фарміраванне ўяўленняў пра народныя традыцыі, звычаі і нацыянальную культуру беларусаў.

Задачы:

– садзейнічаць пашырэнню ведаў школьнікаў пра асаблівасці народнага абраду “Уваходзіны”;
– прадоўжыць знаёмства з прадметамі побыту беларусаў праз выкарыстанне экспанатаў школьнага краязнаўчага музея;
– фарміраваць уменне ўвасабляць ідэі эстэтычнага аздаблення хаты ў самастойнай творчай дзейнасці;
– выхоўваць каштоўнаснае стаўленне і глыбокую павагу да нацыянальных традыцый і звычаяў беларускага народа.

Узроставая група: вучні 5–7-х класаў.

Форма мерапрыемства: творчая майстэрня з элементамі тэатралізаванага дзеяння (народны абрад “Уваходзіны”).

Педагагічная тэхналогія: калектыўная творчая дзейнасць.

Абсталяванне: тэхнічныя сродкі – мультымедыйны праектар, экран; аўдыязапісы беларускага народнага танца “Лявоніха”, песні “Сёння ў нашай хаце свята” у выкананні ВІА “Песняры”; раздаткавы матэрыял – каляровыя стужкі, кветкі, фігуркі птушкі з тканіны, пацеркі, драўляныя палачкі; план работы над стварэннем вырабу; карткі з прыказкамі; гліняны посуд, прадметы побыту ў беларускай хаце (згодна з інсцэніроўкай).

 

Ход мерапрыемства

І Арганізацыйны момант. Стварэнне эмацыянальна-псіхалагічнага настрою вучняў.

Гучыць музыка “Сёння ў нашай хаце свята” ў выкананні беларускага вакальна-інструментальнага ансамбля “Песняры”.

Класны кіраўнік. І сапраўды, сёння ў нас свята.

Выходзяць Гаспадыня і Гаспадар.

Гаспадыня. Здаецца, толькі ўчора вяселле мы з табой спраўлялі, а вось, глядзі ты, і хату збудавалі. Проста не верыцца!

Гаспадар. І сапраўды.

Чуецца стук у дзверы.

Гаспадыня. А вось і госці!

Гаспадар. Просім у хату, госцейкі нашы!

Уваходзяць госці з падарункамі.

Першы госць. Паважаныя гаспадары. Мы дорым качаргу, каб выганяла з хаты тугу.

Другі госць. А вось табе, гаспадыня, чыгунок, каб у хаце ўсяго было ўпрок!

Трэці госць. (Дорыць маслабойку) А гэта, гаспадар, табе прылада! Каб масла біў як нада!

Чацвёрты госць. Вось табе, гаспадыня, сіта, каб поўны засек мукі было набіта.

А гэта галоўны наш падарунак (дораць ручнік)! Каб жылі разам, як у бога за абразам!

Гаспадар. Заходзьце ў хату, госцейкі дарагія!

Гаспадыня. Але асцярожна! Трэба правільна пераступіць парог. Як кажуць, каб не было непрыемнасцей ды няшчасцяў, нельга доўга стаяць у парозе. Таму хутчэй праходзьце!

Гаспадар. Сядайце, госці ў покуць, на лавы!

Тым часам Гаспадыня выцягвае з куфра ходнікі.

Гаспадыня. У гаспадарцы так: пакуль адна справа робіцца, другая ўжо набягае. Так і ў мяне. Вось ходнікі. Бабка Мар’я іх нядаўна саткала, ды я параўняць не паспела. Трэба іх выцягнуць. Адной не ўправіцца. Дапамажыце мне выраўняць іх!

Дастае прасла і качалку.

Класны кіраўнік. А ці ведаеце вы, чаму вось гэтыя тканыя палоскі тканіны, што клалі на падлогу, называлі ходнікамі? (Адказы дзяцей) Так, назва “ходнікі” паходзіць ад слова “хадзіць”. Іх клалі праз хату, каб было цяплей у ногі, каб не пэцкаць падлогу. Ды і каб было прыгажэй, безумоўна!

Раней, каб выраўняць бялізну накручвалі на качалку (паказвае). Качалку з накручанай бялізнай клалі на стол, бралі ў рукі вось гэтае прасла і качалі ім з бялізнай шмат разоў, пакуль яна не станавілася мяккай. Затым качалку бралі за ручку і выцягвалі з бялізны. Дапаможам Ганначцы, хлопцы, з гэтай работай справіцца?

Выходзьце сюды, паглядзім, хто з вас спрытнейшы!

Выходзяць два хлопчыкі.

ІІ Гульня “Хто ў хаце гаспадар?”

Гаспадар (звяртаецца да астатніх вучняў). І вам справа знойдзецца. Вось у гэтае акно любіць пазіраць мая Гануля, а я – во ў гэтае. Вокны мы падзялілі, а вось хто з нас у хаце верхаводзіць будзе, давайце вылічым.

Дзелімся, суседзі, на дзве групкі. Гэтая лічыць: “Ганна – раз, Ганна – два…” і г.д., а гэтая – “Сцяпан – раз, Сцяпан – два… “ і г.д. Лічыць будзем да тае пары, пакуль хлопцы ходнікі не выраўняюць.

За каго больш налічыце, таму і быць галоўным у нашай хаце. Вось так, Ганначка! Усім зразумела? Увага! Пачалі!

Праводзіцца конкурс. Па заканчэнні конкурсу класны кіраўнік звяртаецца да вучняў.

Класны кіраўнік. То хто ж будзе верхаводзіць у гэтай хаце?

Ганна. Хлопцы – малайцы! Пастараліся! Ходнічкі мае роўненькія! Сцяпан, дапамажы іх паслаць!

Рассцілаюць ходнікі.

ІІІ Гульня-загадка “Госцейкі ў хату!”

Гаспадыня. Суседачкі дарагія, покуль не ўсе яшчэ госці з’ехаліся, дапамажыце пачастункі сабраць.

Класны кіраўнік. Але, каб было ўсё ў парадку, стаўце, толькі адгадаўшы загадку!

На асобным стале стаяць гаршчок, 2 збаны, гляк, маслёнка, талерка з блінамі. Вучні, адгадаўшы загадку, ставяць на стол адпаведныя прадметы.

Загадкі

1 Гліняны посуд, у якім звычайна гатавалі кашу? (Гаршчок)
2 Гліняны аб’ёмны посуд (да 10 літраў), з маленькім донцам і вузенькай гарлавінкай. Яго з вадой бралі ў поле жанчыны на жніво, мужчыны, калі выходзілі на сенакос. (Гляк)
3 Гліняны посуд, у якім звычайна на стол ставілі малако ці квас? (Збан)
4 Назва хмельнага напою ў побыце беларусаў? (Квас)
5 Драўляная скрыначка для захоўвання масла? (Маслёнка)
6 Круглае, як сонца, гарыць пад ім донца; зарумянены бачок – шух на ручнічок? (Блін)

Гучыць музыка.

Сцяпан. Пакуль мы тут завіхаліся, у двор музыкі паспяшаліся!

Ганна. (Хвалюючыся, мітусіцца па хаце) Сцёпачка, пачастункі прыгатаваныя?

Сцяпан. Прыгатаваныя.

Ганна. Ходнікі ляжаць?

Сцяпан. Ляжаць

Ганна. (Зачапіўшыся за ходнікі.) А вось ходнікі – непрытаптаныя.

Сцяпан. Непрытаптаныя.

Ганна. Трэба прытаптаць! Госцейкі дарагія, у каго ногі чэшуцца, танцаваць просяцца, выходзьце, калі ласка, да мяне.

Класны кіраўнік. Але так станцаваць, ходнікі прытаптаць, каб яны не скруціліся, а вы з іх – не саступіліся.

Вучні паўтараюць рухі за пад музыку беларускага народнага танца “Лявоніха”.

Ганна.

Дзякуй вам, хлопцы, дзяўчаты!
Прыгажуня цяпер наша хата.
Хоць вы ходнікі крыху скруцілі,
Але да падлогі моцна прыбілі
Таму і пачастункі – заслужылі !

Вучні рассаджваюцца за сталамі. У гэты час Сцяпан выходзіць з хаты.

Ганна (любуецца хатай, абыходзячы пакой, звяртаецца да вучняў). Бачу, што пайшоў мой Сцяпан. А мне з вамі параіцца трэба.

Эх, хатка наша такая светлая, утульная!
Так хочацца, каб гора абмінала стараной.
І ніколі не страчаліся мы з цяжкаю бядой!

Класны кіраўнік. Дзеці, а давайце мы Ганначцы і Сцяпану падорым абярэг!

Па даўнім звычаі, калі выразаць птушачку і павесіць яе пад столлю, яна будзе аберагаць ваша жыллё, як птушка абараняе сваё гняздзечка. А ты, Ганначка, дапаможаш нам!

Ганна. Канешне-канешне, згодна!

Класны кіраўнік. Для гэтага ў вас на сталах прыгатаваны неабходныя дэталі: фігуркі птушак, рознакаляровыя стужкі, драўляныя палачкі, дэталі для аздаблення на ваш густ.

Звычайна выкананне любой важнай справы плануюць загадзя. Так і ў нас.

1) Спачатку апляціце драўляную палачку-аснову каляровымі стужкамі.
2) Упрыгожце фігурку птушкі на свой густ.
3) Прымацуйце фігурку птушкі да драўлянай асновы.
4) Упрыгожце драўляную аснову дэкаратыўным аздабленнем (лісточкамі, кветачкамі, стужкамі, пацеркамі і інш.).
5) Прымацуйце рознакаляровую стужку-падвеску.

Ганна. Ой, Сцяпан, прыйшоў! Далучайся да нас. Будзем разам майстраваць птушачку-абярэг для нашай хаткі.

Падчас працы Ганна і Сцяпан дапамагаюць вучням.

Сцяпан. Нешта госці нашы прытаміліся, мне ж хочацца, каб яны весяліліся!

 

ІV Гульня-віктарына “Прадметы хатняга побыту ў беларускай народнай традыцыі”

Класны кіраўнік. Памятаеце, мы з вамі праводзілі экскурсію ў наш школьны краязнаўчы музей і пазнаёміліся з асноўнымі традыцыямі абсталявання беларускай хаты, прадметамі побыту?

Давайце ўспомнім, як яны называюцца. Толькі ўмова: не крычаць – для адказу руку падымаць! Дамовіліся?

Пытанні

1) Крыніца цяпла, карміцелька, ахоўніца сямейнага ачага ў хаце? (Печ)
2) Месца ля печы, дзе стаяў неабходны пячны інвентар? (Качарэжнік)
3) Гаспадарчая прылада, якой варочалі вуглі або папраўлялі дровы ў печы? (Качарга)

4) Прылада, якой вымалі з печы гаршкі ці трымалі патэльню? (Чапяла)
5) Месца насупраць печы каля ўвахода ў хату? (“Бабін кут”)
6) Як па-іншаму называўся “бабін кут? (Мыцельнік)
7) Якія прадметы быту знаходзіліся ў мыцельніку? (Кадка з вадою і драўляным каўшом)
8) Своеасаблівая частка храма ў хаце, самае пачэснае месца па дыяганалі ад печы? (Покуць)
9) Чым гаспадыня ўпрыгожвала абразы ў покуці? (Тканымі ручнікамі, або набожнікамі)
10) Што гаспадыня трымалі за абразамі? Яно лічылася лекамі ад многіх хвароб? (Бутэлька з асвечанай вадой)
11) Месца, якое выкарыстоўвалі для захоўвання вопраткі да з’яўлення шафаў? (Куфар)

12) Нашы продкі гадавалі малых дзяцей у калысках, якія інакш называліся?.. (Люлькамі)
13) Гэты пакой выкарыстоўваўся для гаспадарчых мэт, тут ставілі вёдры, цэбры, маслабойкі і іншы гаспадарчы інвентар? (Сені)
14) Як называлася прыстасаванне, якое таксама стаяла ў сянях і па якіх гаспадары маглі залезці на гарышча, дзе віселі каўбасы? (Драбіна або лесвіца)
15) Шэраг прадуктаў захоўваўся і ў кладоўцы, якую інакш называлі?.. (Каморай)
16) Як называлася земляная або глінабітная падлога ў вясковай хаце? (Ток)
17) Дзе, згодна з народнымі традыцыямі, забаранялася будаваць хату? (На скрыжаванні дарог, на закінутых шляхах, на месцы папялішчаў)

Вучні працягваюць працаваць над вырабам абярэга для хаты.

V Падвядзенне вынікаў

Класны кіраўнік. Прыйшоў час завяршаць работу. Пакажыце, што ў вас атрымалася. Ці падабаюцца вам вашы вырабы?

Ганна.

Дзякуем вам!
Жадаем, каб жылі люба,
Каб доўга не спалі,
Дабра нажывалі.

Сцяпан.

Не абыходзьце нашага парога,
Калі будзе міма ваша дарога!

Класны кіраўнік. На развітанне прапаную заданне: завяршыце прыказкі па пачатку. А падказкай будзе ваша сэрца, ваша любоў да бацькоўскага дома.

1 У сваёй хаце і …. (качарга маці).
2 У сваёй хаце… (і вуглы дапамагаюць).
3 Свой дварочак, … (як вяночак).
4 Свая хатка, … (як родная матка).

Класны кіраўнік. Дзякуй за працу! Няхай у вашых дамах будзе шчасце, здароўе і лад!

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий